2008 20/03

Прэс Панарама №6 (17) 11.2007Аляксей ЛапіцкіУ сувязі з перасьледам прадстаўнікоў рэлігійнай меншасьці ў Жодзіне (Менская вобласьць) за рэалізацыю ўласных правоў і свабодаў, прапісаных у Статуце арганізацыі, Законе “Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях”, у Канстытуцыі РБ (арт. 31, арт. 33, арт. 63) і Пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах (арт.18 і арт. 19, арт. 4),
мы як праваабронцы адкрыта заяўляем, што цалкам падтрымліваем сьвятароў і вернікаў Рэлігійнай Грамады Хрысьціянаў Веры Эвангельскай (“Царква Сьвятой Тройцы”) у іхным змаганьні за ўласныя Канстытуцыйныя правы і свабоды.

Разам з усімі тымі, каму неабыякавы стан з правамі і свабодамі ў Беларусі, з правамі на свабоду думкі, сумленьня і веравызнаньня, мусім зьвярнуцца да нацыянальных і міжнародных праваабаронча-маніторынгавых арганізацыяў, інстытуцыяў, у тым ліку гэткіх аўтарытэтных як Офіс Камісара па Правах Чалавека Савету Эўропы, да сакратарыяту і парлямэнтараў ПАСЭ, прадстаўніцтва ААН, арганізацыі АБСЭ, амбасадараў замежных краінаў у Беларусі …, усіх тых, хто імкнецца аб’ектыўна, прафэсійна адсочваць сытуацыю з правамі чалавека і рэалізацыяй міжнародна зацьверджаных стандартаў права праз іхную імплемэнтацыю ў беларускае заканадаўства, судавытворчую практыку – праз выкананьне на практыцы ўзятых на сябе дамоўных абавязальніцтваў на ўласнай нацыянальнай тэрыторыі,
просім зьвярнуць увагу на даволі паказальны судовы працэс у Жодзіне і на той дыскрымінацыйны стан, у якім апынулася сёньня (у разглядаемым выпадку) зарэгістраваная арганізацыя, што прадстаўляе рэлігійную меншасьць у Беларусі.

Можна канстатаваць, што дадзены суб’ект права знаходзіцца сёньня ў відавочна дыскрымінацыйных умовах і падвяргаецца ідэалягічна-адміністратыўнаму перасьледу з боку Жодзінскіх уладаў.
Зарэгістраваная ў 2004 годзе арганізацыя дагэтуль не атрымала афіцыйнага дазволу на магчымасьць выкарыстаньня ўзнаўляемага пасьля пажару ўласнага культавага будынку ў вызначаных ейным Статутам мэтах – для адпраўленьня рэлігійных культаў, абрадаў, набажэнстваў у традыцыйных для дадзенай хрысьціянскай супольнасьці формах.
Акрамя таго, Рэлігійная Грамада Хрысьціянаў Веры Эвангельскай “Царква Сьвятой Тройцы” паўстала перад фактам наўпростага ўмяшальніцтва з боку ідэалягічнага адзьдзелу Жодзінскага гарвыканкаму ў нутраныя справы Царквы адносна сутнасьці, фармату і спосабаў правядзеньня набажэнстваў, сходаў вернікаў і прыхільнікаў дадзенага веравызнаньня ў спэцыяльна вылучаным і арэндаваным памяшканьні ў загадзя абумоўлены для набажэнстваў час …

Так, зарэгістраваная хрысьціанска-рэлігійная мэншасьць у Жодзіне ўжо сёньня фактычна пазбаўляецца права гарантаванага Канстытуцыяй РБ (арт. 31, арт. 33, арт 63) і Міжнародным Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах (арт. 18, арт.19, арт. 4) на “адпраўленьне культу, выкананьне рэлігійных і рытуальных абрадаў і вучэньняў” …

Памяшканьне для набажэнстваў, гарвыканкам у Жодзіне згодзен прадстаўляць у арэнду Царкве толькі ў тым выпадку, калі ягоны ідэалягічны адзьдзел будзе наўпрост дыктаваць сьвятарам у якой форме і фармаце праводзіць ейныя служэньні … (згодна з трактоўкаю выканкаму –“чытаньні Бібліі”).

Атрымліваецца так, што сёньня пад тэрмін “іншыя мерапрыемствы” (маецца на ўвазе – масавыя, што павінны замаўляцца ў адпаведным парадку за 15 дзён у выканкаме) і пад адпаведнае рэпрэсыўнае ўзьдзеяньне Закону “Аб масавых мерапрыемствах у РБ” такім чынам можна перакваліфікаваць фактычна любое мерапрыемства, якое не падабаецца ідэалягічнаму адзьдзелу і не адпавядае поглядам кіраўніцтва “вэртыкалі”.

Такім чынам, з падачы любога ўзроўню ідэоляга любыя грамадзянскія і палітычныя правы (права на свабоду сумленьня й веравызнаньня, свабода слова, асацыяцыяў, мірных сходаў і распаўсюду інфармацыі …) могуць неправамерна ўціскацца й перасьледвацца (уціскаюцца і перасьледуюцца сёньня), а значыцца й адвольна пераглядацца, зыходзячы з наяўнай ідэалягічнай каньюнктуры альбо надуманых ці фармальных нагодаў.

Беларускія ж суды, нажаль, афіцыйна канстатуючыя ўласную незалежнасьць, тым не менш, згодныя абапірацца толькі на прадстаўляемыя ім з выканкамаў “правільна-ідэалягічныя” аргумэнты й спраўна працуюць на папаўненьне мясцовых бюджэтаў коштам нерэалізаваных ці парушаемых (у масавым парадку па краіне) грамадзянскіх правоў і свабодаў.

Ступень “аб’ектыўнасьці” альбо “правамернасьці” судовае пастановы ў падобных выпадках вызначаецца, звычайна, толькі памерам прысуджанага штрафу. Чым менш памер штрафу, тым большая ступень “спачуваньня да грамадзка-палітычнае ахвяры” і надварот … На большае, пакуль, беларускія суды як правіла не адважваюцца.

Такі адбор, “сэлекцыя” на этапе станаўленьня грамадзкай супольнасьці ў Беларусі, можа перасьледваць толькі адну мэту – “вырасьціць” цалкам падкантрольныя квазіграмадзкія структуры альбо “правільныя” суб’екты “адміністрацыйна-каманднага падпарадкаваньня”, а не канстатуемыя (пры неабходнасьці) паўнавартасныя інстытуты грамадзянскай, праўнай і дэмакратычнай супольнасьці.

Але гэтая мэта – мэта падлогу, падмены дэмакратычных каштоўнасьцяў – неправамерная і злачынная ў самой сваёй сутнасьці. Акрамя таго, яна мае ўсе прыкметы дзяржаўнае здрады ў дачыненьні да нашае агульнае дэмакратычнае будучыні, да нашага дзяржаўнага Канстытуцыйнага ладу і прынцыпаў пабудовы праўнай дэмакратычнай краіны, што прапісаныя ў дзейсным беларускім Асноўным Законе.

Нягледзячы на гэта, рэалізуемая “ідэалягічная дактрына” прадугледжвае ў якасьці асноўнай задачы – ціхае паступовае замяшчэньня на “бутафорскія” усіх асноўных суб’ектаў грамадзянскай супольнасьці для рэалізацыі постсавецкае ідэі-мары – пабудовы “аўтарытарна, аднапартыйна ці кланава кіруемае дэмакратыі” у цэнтры цяперашняе цывілізаванае Эўропы.

Спадзяваньне на тое, што ветлівая, зачакаўшаяся “спадканьня” зь Беларусьсю Эўропа не заўважыць падмены й адчыніць свае дзьверы з ганаровымі й прадстаўнічымі трыбунамі для новых “пропаведнікаў правільнай дэмакратыі”, хочацца спадзявацца, – зусім марныя.
Ўжо вельмі відавочна “бліскучыя вочы” і “вострыя зубы” –
у дадзенага, зусім неказачнага “пэрсанажу”, каб прыняць яго “ў такім выглядзе” за свайго ў любым апірышчы свабоды, права й дэмакратыі …

Безумоўна адно – Беларусь мусіць мець шанец быць разам у дэмакратычнай сямьі народаў Эўропы толькі рэальна прызнаючы й рэалізуючы на практыцы каштоўнасьці дэмакратыі. І ў першую чаргу – каштоўнасьці гэткіх асноватворных правоў і свабодаў, як свабода думкі й сумленьня, веравызнаньня, асацыяцыяў, мірных сходаў і распаўсюду інфармацыі …

Аляксей Лапіцкі,
Сьвятлана Лапіцкая

Цэтлікі: ,

One thought on “ЗВАРОТ ДА ГРАМАДЗКАСЬЦІ, ПРАВААБАРОНЧАЙ, ПАЛІТЫЧНАЙ І МІЖНАРОДНАЙ СУПОЛЬНАСЬЦІ (Беларусь, Жодзіна)”

  1. wow gold says:

    This is great! Now I want to see your ways for us readers to become more involved! Expect an email later today.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>