2013 31/05

Нагадаем, Андрэй Аляшкевіч распаўсюджваў у 2008 годзе ўлёткі пра сустрэчу былога кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча з гараджанамі. Актывіста затрымала міліцыя, а суд Савецкага раёну Гомеля аштрафаваў яго за незаконную арганізацыю масавага мерапрыемства на паўтысячы даляраў.

Каб адстаяць свае правы, Андрэй Аляшкевіч зьвярнуўся ў “Цэнтар стратэгічнае цяжбы”. Правабаронца Леанід Судаленка дапамог мясцоваму актывісту прайсьці ўсе судовыя інстанцыі ў Беларусі, пачынаючы ад раённага суда й заканчваючы Вярхоўным Судом. Аднак нават вышэйшая інстанцыя не адмяніла прысуд. Таму гамяльчук вырашыў зьвярнуцца ў Камітэт па правах чалавека пры ААН.

Расказвае праваабаронца Леанід Судаленка, які дапамагаў ахвяры бараніць правы ў краіне ды за ейнымі межамі:

“Паводле беларускага заканадаўства забараняецца распаўсюджваць інфармацыю пра масавыя мерапрыемствы, якія не санкцыянаваныя ўладай, ці на якія яшчэ дазвол уладаў не атрыманы. На жаль, унутры краіны абараніць правы Аляшкевіча не атрымалася. Мы зьвярнуліся са скаргай у Камітэт па правах чалавека ААН і 28 сакавіка бягучага году па скарзе было прынятае рашэньне, што гэтым перасьледам дзяржава парушыла права грамадзяніна Аляшкевіча на свабоду распаўсюду інфармацыі”.

Камітэт па правах чалавека ААН таксама рэкамэндаваў дзяржаве выплаціць усе панесеныя Аляшкевічам матэрыяльныя выдаткі. Беларускія ўлады таксама павінны цягам 90 дзён апублікаваць гэтае рашэньне ў дзяржаўных СМІ і давесьці да Камітэта ААН інфармацыю пра выкананьне рэкамэндацыяў. Аднак самым галоўным дасягненьнем Андрэя Аляшкевіча можна лічыць тое, што міжнародныя экспэрты рэкамэндавалі ўраду Беларусі зьмяніць нормы нацыянальнага заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і прывесьці іх у адпаведнасьць зь міжнародным Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, які Беларусь у свой час падпісала.

ДАКУМЭНТЫ Ў ДАДАТКАХ (на рас. мове):

1) Індывідуальнае паведамленьне (скарга) Аляшкевіча ў КПЧ ААН (рас.)

2) Меркаваньні КПЧ ААН (рашэньне) па справе “Аляшкевіч супраць Беларусі” (рас.)

Паводле gomelspring.org,
Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА,
Беларускі Праўны Партал,
by.prava-by.info

2 thoughts on “Гамяльчук дамогся адмены штрафу праз ААН (далучаны дакумэнты, рас.)”

  1. Так, зьмена нормаў дзейснага заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, якія супярэчуць нормам Канстытуцыі і Міжнароднага пакту ды ў трактоўках прадстаўнікоў уладаў і залежных ад іх судзьдзяў скарыстоўваюцца для абмежаваньня права грамадзянаў на мірныя сходы ў большых, чым дазволена МПГіПП памерах, прагучала ўжо і ў мінулых рашэньнях КПЧ ААН па Беларусі. Напрыклад – справа “Гоўша ды іншыя супраць Беларусі” – http://by.prava-by.info/archives/9517#more-9517. Застаецца толькі спадзявацца, што прадстаўнікамі дзейснай “вэртыкалі ўлады” і судзьдзямі праўныя аргумэнты экспэртаў будуць нейкім чароўным чынам пачутыя, міжнародныя стандарты права ў галіне правоў чалавека асэнсаваныя й зразумелыя, а рашэньні КПЧ ААН, нарэшце, пачнуць прымацца да безумоўнага выкананьня… Так хацелася б верыць у казку пра тое, што ўжо існуючая ўлада пачне выконваць абавязкі па міжнародных дамовах у галіне грамадзянскіх правоў і свабодаў і прасоўваць Беларусь у бок цывілізаванай прававой краіны. Аднак, … пакуль вось ніяк!

  2. Леонид Судаленко says:

    На жаль чакаць, калі вулічны хуліган сам выправіцца не даводзіцца. Ён заўважае вакол сябе толькі сілу, тых, хто мацней яго, толькі іх голас ён пачуе, ды перастане здзеквацца з слабейшых. Дзеля таго, каб моцныя далі хулігану аплявуху нам патрэбна сёння працаваць!

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>