2013 03/06

Камітэт па правах чалавека ААН прыняў рашэньне па скарзе берасьцейскай актывісткі руху “За Свабоду” Жаны Коўш. У рашэньні гаворыцца пра выяўленыя парушэньні права на свабоду ды асабістую недатыкальнасьць у адносінах да прадстаўніцы грамадзкага аб’яднаньня падчас ейнага затрыманьня.

Як паведаміў праваабаронца Раман Кісьляк, які прадстаўляе інтарэсы актывісткі, Жана Коўш зьвярнулася ў Камітэт па правах чалавека ААН яшчэ ў 2008-м годзе са скаргай на тое, што яе двойчы затрымлівалі ў Берасьці па падазрэньні ў зьдзяйсьненьні крымінальных злачынстваў (кожная з гэтых справаў пасьля была спыненая) і зьмяшчалі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. У першым выпадку Ж.Коўш знаходзілася там у чаканьні суда 61 гадзіну, у другім – 72. Актывістка лічыць, што ўтрыманьне пад вартай звыш 48 гадзінаў без дастаўленьня да судзьдзі зьяўляецца парушэньнем ейнага права на свабоду й асабістую недатыкальнасьць згодна зь Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.

“Камітэт ААН у абодвух выпадках прызнаў парушэньні Пакту, – патлумачыў Раман Кісляк. – Пры гэтым важна адзначыць, што да гэтага часу ніхто не ставіў перад гэтым міжнародным ворганам пытаньне аб парушэньні Пакту пры больш кароткім, чым 72 гадзіны, тэрміне ўтрыманьня пад вартай без дастаўкі да судзьдзі. Камітэт у справе Жаны Коўш вызначае новы стандарт ААН: 61 гадзіна без дастаўленьня да судзьдзі затрыманага таксама зьяўляецца парушэньнем Пакту”.

Праваабаронца лічыць, што высновы Камітэту па справе Жаны Коўш непазбежна прывядуць да перагляду заканадаўства аб затрыманьні й заключэньні пад варту як у Беларусі, гэтак і ў іншых дзяржавах-удзельніцах Пакту, якія пакуль яшчэ не ўвялі 48-гадзінны максымальны тэрмін для дастаўленьня да судзьдзі затрыманага. “Уключэньне такой нормы ў заканадаўства стане гарантыяй ад неабгрунтавана працяглых затрыманьнях грамадзянаў”, – заявіў Кісьляк.

Паводле licviny.info,
Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА,
Беларускі Праўны Партал

Цэтлікі: , ,

One thought on “Прэцэдэнтнае рашэньне КПЧ ААН адносна грамадзянкі Беларусі Жаны Коўш”

  1. Калі над судзьдзямі стаяць ідэолягі зь “адзінай і непарушнай вэртыкалі”, а стрыжнем ідэалёгіі ёсьць супраціў ворагам і “пятай калёне” у выглядзе “несыстэмнай апазыцыі” (як ясна патлумачыў ўчора тэлегледачам 1-шы канал БТ), тады любы крок у бок ад гэтай напраўляючай расцэнваецца як варожая здрада з усімі вынікаючымі з гэтага наступствамі.

    Вось гэта і ёсьць для іх рэальная альтэрнатыва Канстытуцыі і Міжнароднаму Пакту ў той “правільнай сыстэме” … “град” …, якую ўсе гэтыя годы старанна выбудоўваюць на тэрыторыі постсавецага лягеру былыя-цяперашнія палітрукі й партыйцы … У іхнай так званай дзяржаўнай мадэлі і адпаведнай “сытэме” няма месца ІІ-му разьдзелу Канстытуцыі, няма ні МПГіПП і абавязкаў па ім, ні КПЧ ААН…, бо ў іхным разуменьні не існуе легітымнай грамадзянскай супольнасьці зь ейнымі правамі, свабодамі, як не існуе і незалежнай, сапраўды праўнай краіны…

    Мы шукаем міру і адказаў на праўныя пытаньні згодна з нармальнымі агульна прызнанымі стандартамі права, а яны ня могуць так, бо яны … – ваююць (!). А там дзе вайна – там пануюць зусім іншыя падыходы да міжнародных прынцыпаў, канстытуцыйнага права і навогул закону.

    Вось у чым, нажаль, асноўная тут праблема!

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>