Не забірай жыцьцё!
2013 06/06
Леанід Судаленка ў Эўрапейскім судзе па правах чалавека, Страсбур

Леанід Судаленка ў Эўрапейскім судзе па правах чалавека, Страсбур

4 чэрвеня суд Цэнтральнага раёну Гомеля ў асобе судзьдзі Марыны Домненка разгледзеў грамадзянскую справу праваабаронцы Леаніда Судаленкі.

Нагадаем, праваабаронца падаў зыск да казначэйства аб кампэнсацыі маральнае шкоды, якую ацэньвае заробкам дэпутата парлямэнту за чатыры гады паўнамоцтваў. Падставай да такога патрабаваньня паслужыла адмова беларускіх ўладаў выканаць рашэньне Камітэту па правах чалавека ААН, у якім устаноўлены факты парушэньня правоў грамадзяніна з боку дзяржавы.

Падчас выбараў дэпутатаў парлямэнту ў 2004 годзе праваабаронца сабраў неабходную колькасьць подпісаў выбарнікаў, тым ня менш, выбарчыя камісыі адмовіліся рэгістраваць ягоную кандыдатуру. І ў акруговай, і ў Цэнтральнай выбарчай камісыі палічылі, што юрыст няправільна ўказаў месца працы. Камітэт ААН вырашыў, што правы грамадзяніна былі парушаныя дзяржавай, і беларускія ўлады павінны кампэнсаваць шкоду Леаніду Судаленку.

У якасьці суадказчыку па грамадзянскай справе суд прызначыў Цэнтральную выбарчую камісыю. Але прадстаўнікі ЦВК не пажадалі выступаць у судзе ў якасьці суадказчыка, прыслалі паведамленьне па факсе з просьбай разглядаць справу ў іхную адсутнасьць.

Прадстаўніком Міністэрства фінансаў у судзе быў Сяргей Захарчанка, які працуе ў казначэйстве. Выказваючы сваю пазыцыю аб тым, прызнае Міністэрства фінансаў зыск ці не, ён заявіў, што паводле Бюджэтнага кодэксу Міністэрства фінансаў плаціць кампэнсацыі маральнай шкоды толькі тым грамадзянам, у дачыненьні да якіх былі вынесеныя незаконныя прысуды па крымінальных справах. А па грамадзянскіх справах як быццам бы ў Бюджэтным кодэксе няма такога абавязку ў Міністэрства фінансаў, і таму прадстаўнік прасіў у зыску Леаніду Судаленку адмовіць.

«Мяне, як грамадзяніна, не хвалююць й не цікавяць тыя нормы нацыянальнага заканадаўства, па якіх мне адмаўляюць у зыску. У мяне на руках рашэньне міжнароднай арганізацыі, якую прызнае нашая краіна – Камітэта па правах чалавека ААН, дзе чорным па белым запісана, што РБ павінна мне сплаціць кампэнсацыю, і мяне не цікавіць, які менавіта дзяржаўны ворган будзе яе сплочваць. Паводле Грамадзянскага кодэксу, такім дзяржаўным ворганам зьяўляецца Міністэрства фінансаў. А калі ў Міністэрства фінансаў няма мэханізмаў, каб выплаціць, то яны павінны крычаць ва ўвесь голас да дэпутатаў, каб тыя хутчэй прынялі зьмены ў Бюджэтны кодэкс, каб былі выпрацаваны такія мэханізмы выплаты маральнае шкоды»
, – адзначыў сваю пазыцыю праваабаронца.

Па ягоных словах, сёньняшняе судовае паседжаньне паказала, што «Канстытуцыю ў нашай краіне судзьдзі выконваць не збіраюцца, чалавек у судзейскай мантыі гэта пацьвердзіў, выдаўшы мне на рукі рашэньне аб адмове ў задавальненьні маіх патрабаваньняў». Праваабаронца пачакае, пакуль суд выдасьць яму матывіровачную частку рашэньня, і будзе яго абскарджваць.

«Я не пачуў ад чалавека ў судзейскай мантыі ніводнага аргумэнту – на якой падставе мне адмоўлена ў зыску, я кажу пра Канстытуцыю, а прадстаўнік Міністэрства фінансаў кажа мне пра Бюджэтны кодэкс, у якім не прапісаны мэханізм, гэта проста зьдзек са здаровага сэнсу, інакш гэта не назавеш», – падсумаваў Леанід Судаленка.

Паводле licviny.info

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>