Не забірай жыцьцё!
2013 06/06

Валянцін Стэфановіч падчас выступу

4 чэрвеня намесьнік кіраўніка Праваабарончага цэнтру “Вяснa” браў удзел у інтэрактыўным дыялёгу вакол справаздачы Спэцыяльнага дакладчыку ААН па пытаньні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.

У сваім выступе Валянцін Стэфановіч сказаў наступнае:

“Я зьяўляюся намесьнікам старшыні ПЦ «Вясна», якім кірую з моманту арышту нашага старшыні, асуджанага да 4,5 гадоў зьняволеньня ў калёніі строгага рэжыму.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» і Міжнародная Фэдэрацыя за правы чалавека вітаюць даклад Спэцыяльнага дакладчыка ААН па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Сытуацыя з правамі чалавека застаецца стабільна дрэннай: рэалізацыя грамадзянскіх і палітычных правоў носіць абмежаваны характар, па-ранейшаму знаходзяцца ў турмах палітычныя зьняволеныя, у тым ліку кандыдат на выбарах у прэзыдэнты 2010 году Статкевіч, старшыня ПЦ «Вясна» і віцэ-прэзыдэнт FIDH Бяляцкі ды лідар «Маладога фронту» Дашкевіч.

У краіне працягваюць выносіцца і выконвацца сьмяротныя прысуды. Дзейнасьць незарэгістраваных НДА і атрыманьне фінансавай замежнай дапамогі крыміналізаваныя, насуперак сакавіцкай рэзалюцыі Рады па правах чалавека ААН.

Беларусь ігнаруе рашэньні Камітэту па правах чалавека, Працоўнай групы па адвольных затрыманьнях ды інш. Беларускі МЗС афіцыйна заяўляў, што рашэньні КПЧ па індывідуальных скаргах не абавязковыя для выкананьня. Ні адно з рашэньняў КПЧ па індывідуальных скаргах не было выканана.

У адказ на вынесенае рашэньне Працоўнай групы па адвольных затрыманьнях ААН па справе Алеся Бяляцкага, які знаходзіцца ў зьняволеньні са жніўня 2011 году, беларуская дэлегацыя ў сакавіку афіцыйна заявіла пра спыненьне супрацоўніцтва з гэтым мэханізмам ААН.

Нават сьмяротныя прысуды прыводзяцца ў выкананьне, хоць індывідуальныя звароты па гэтых справах былі зарэгістраваныя ў КПЧ і па іх былі распачатыя тэрміновыя працэдуры, пра што беларускім ўладам было належным чынам паведамлена.

Мы заклікаем беларускія ўлады запрасіць у краіну тэматычных дакладчыкаў ААН, у тым ліку дакладчыкаў па катаваньнях, абароне праваабаронцаў, незалежнасьці судовай сыстэмы ды адвакатуры, свабодзе асацыяцыяў і Працоўную групу па адвольных затрыманьнях. Мы таксама заклікаем дапусьціць у краіну Спэцыяльнага дакладчыка ААН па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, як ён неаднаразова прасіў, каб ён мог атрымаць інфармацыю пра становішча ў краіне як ад незалежных НДА, гэтак і ад дзяржаўных ворганаў.

Мы нагадваем, што ўсе Спэцыяльныя працэдуры зьяўляюцца дапаможнымі ворганамі ААН і іх рашэньні зьяўляюцца рашэньнямі ААН. Беларусь як дзяржава-сябра ААН мае абавязак супрацоўнічаць з усімі ворганамі ды мэханізмамі ААН (як гэта прадугледжана артыкулам 56 Статуту ААН), а таксама зьвязана дамовамі, якія Беларусь ратыфікавала”.

Справаздача спэцыяльнага дакладчыка ААН па сытуацыі ў Беларусі прадстаўлена 4 чэрвеня ў межах 23-й Сэсыі Рады па правах чалавека ААН, якая праходзіць у Жэнэве з 27 траўня па 14 чэрвеня.

Нагадаем, што падчас падрыхтоўкі справаздачы спэцдакладчык Міклаш Харашці ня змог наведаць краіну, паколькі беларускія ўлады адмовіліся ад супрацоўніцтва. Для вывучэньня сытуацыі ў Беларусі ён быў вымушаны сустракацца з прадстаўнікамі беларускіх апазыцыйных партыяў, грамадзкіх арганізацыяў, праваабаронцамі ды журналістамі за межамі краіны.

Паводле
spring96.org
,
Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА,
Беларускі Праўны Партал,
by.prava-by.info

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>