Не забірай жыцьцё!
2013 24/06

Юры Чавусаў, Менск

Юрыст і палітоляг Юры Чавусаў пракамэнтаваў “Нашай Ніве” прынятыя праўкі ў законы аб партыях і грамадзкіх арганізацыях.

Палата прадстаўнікоў у першым чытаньні прыняла праўкі ў законы аб дзейнасьці грамадзкіх аб’яднаньняў (ГА) і палітычных партыяў. Дзяржаўныя СМІ падаюць дадзеныя зьмены як лібэралізацыю і спрашчэньне заканадаўства. Якія рэальныя зьмены гэта прынясе, расказаў юрыст і палітоляг Юры Чавусаў.

«Наша Ніва»: Ці істотна паўплываюць новыя праўкі на цяперашні стан рэчаў?

Юры Чавусаў: Падчас падрыхтоўкі законапраэкту ўлетку 2012 грамадзкія аб’яднаньні ды палітычныя партыі зрабілі велізарную працу па вылучэньні прапановаў. Аднак прыняты законапраэкт далёкі ад чаканьняў.

У ім ёсьць пазытыўныя моманты. Па-першае, спрасьцілі парадак стварэньня рэспубліканскіх грамадзкіх аб’яднаньняў. Раней для гэтага трэба было 50 чалавек: па 10 ад чатырох абласьцей і 10 ад Менску. Цяпер абавязковую мінімальную квоту прыбіраюць.

Таксама ўдакладнілі парадак рэгістрацыі адзьдзяленьняў міжнародных аб’яднаньняў, бо раней з гэтым узьнікалі бюракратычныя праблемы. Ёсьць і палёгкі для мясцовых аб’яднаньняў.

Цікавы момант: у законапраэкце прапісаны мэханізм трансфармацыі ГА ў палітычную партыю. Адразу відаць, што пісалі дадзенае палажэньне адмыслова пад «Белую Русь», хоць улады ў выніку не ўхвалілі зьмену. Бо сёньняшняе заканадаўства ніяк не абмяжоўвае такіх зьменаў.

«НН»: Што трэба зьмяніць для сапраўднай лібэралізацыі заканадаўства?

ЮЧ: У беларускіх ГА застаецца тры асноўныя праблемы, без вырашэньня якіх дэмакратызацыя заканадаўства немагчымая. Па-першае, цяжкасьць рэгістрацыі. У нас штогод рэгіструецца каля 100 арганізацыяў, а гэта вельмі мала. Для рэгістрацыі ГА дагэтуль патрэбны юрыдычны адрас, трэба здымаць офіс, у той час як бізнэс можна зарэгістраваць у кватэры.

Па-другое, існаваньне крымінальнага пакараньня за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Мы аказаліся ў кампаніі Бахрэйна, Уганды, Алжыра — у гэтых краінах існуе падобная адказнасьць. Нават у краінах постсавецкай прасторы за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі вам максымум выпішуць штраф.

Па-трэцяе, фінансавыя ўмовы. Цяпер крыніцамі існаваньня любой грамадзкай арганізацыі зьяўляюцца ахвяраваньні ды сяброўскія ўнёскі. Аднак, напрыклад, юрыдычныя асобы могуць пералічваць грошы толькі на мэты, зацьверджаныя заканадаўствам. Праваабарончая дзейнасьць ці гендарная роўнасьць у гэты сьпіс не ўваходзяць. Сыстэмы дзяржаўнага фінансаваньня ГА няма, а замежная дапамога ўскладненая неабходнасьцю яе рэгістраваць.

Крыніца “Наша Ніва”

Паводле Асамблеі НДА Беларусі

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>