2013 01/07

МЕНСК. 1 ліпеня 2013 г.

1 ліпеня 2013 году Андрэй Гайдукоў асуджаны па частцы 1 артыкула 14 і артыкуле 356-1 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (замах на ўсталяваньне супрацоўніцтва з спэцыяльнай службай, ворганам бясьпекі альбо разьведвальным ворганам замежнай дзяржавы) і прысуджаны да 1,5 гадоў пазбаўленьня волі.

Крымінальны перасьлед Андрэя Гайдукова быў расчпачаты ў пачатку лістапада 2012 году, калі ён быў затрыманы супрацоўнікамі Камітэту дзяржаўнай бясьпекі й зьмешчаны ў сьледчы ізалятар КДБ. 13 лістападу 2012 году Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі распаўсюджаная інфармацыя аб спыненьні супрацьпраўнай дзейнасьці грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, які займаўся па заданьні замежнай выведкі зборам і перадачай інфармацыі палітычнага і эканамічнага характару. У дачыненьні да затрыманага ўзбуджаная крымінальная справа па ч.1 арт.356 Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь (здрада дзяржаве ў форме правядзеньня агентурнай дзейнасьці). Ужо ў ходзе судовага разбору абвінавачваньні перакваліфікаваныя на частку 1 артыкула 14 і артыкул 356-1 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

Праваабарончы цэнтар “Вясна” і РПГА “Беларускі Гэльсынскі Камітэт” канстатуюць, што папярэдняе рассьледваньне й судовае разьбіральніцтва былі цалкам закрытымі і непразрыстымі, нягледзячы на ​​павышаную цікавасьць да гэтай справы з боку грамадзкасьці й сродкаў масавай інфармацыі. Пры гэтым кампэтэнтнымі ворганамі не было дадзена ніякага абгрунтаваньня неабходнасьці разгляду справы ў закрытым судовым пасяджэньні. З улікам таго, што Гайдукову спачатку інкрымінавалася зьдзяйсьненьне больш цяжкага злачынства (арт. 356 КК – Здрада дзяржаве), а ў далейшым яго дзеяньні былі перакваліфікаваныя на менш цяжкае злачынства, можна выказаць здагадку, што неабходнасьць у разглядзе дадзенай справы ў закрытым судовым разглядзе была выкліканая жаданьнем схаваць ад грамадзкасьці незаконныя мэтады рассьледваньня й правакаваньне абвінавачанага да зьдзяйсьненьня больш цяжкага злачынства. Такая кваліфікацыя зробленага судом паказвае, што КДБ увёў у зман грамадзкасьць у той час, як супрацоўнікамі КДБ не было выяўлена факту ўстанаўленьня грамадзянінам Рэспублікі Беларусь супрацьпраўнага супрацоўніцтва з ворганамі замежнай дзяржавы. Пры ўстаноўленых абставінах супрацоўнікі КДБ працягвалі схіляць Гайдукова да зьдзяйсьненьня больш цяжкага злачынства, гэта значыцца, зьдзейсьнілі правакацыю.

У ходзе рассьледваньня парушалася права А.Гайдукова на абарону, адвольна абмяжоўваліся ягоныя сустрэчы з адвакатам. Кантакты з роднымі былі абмежаваныя нерэгулярнай, жорстка цэнзураванай перапіскаю. Мерай узьдзеяньня на адваката-абаронцу А.Гайдукова, сталася папярэджаньне аб крымінальнай адказнасьці за разгалошваньне дадзеных папярэдняга рассьледваньня. Дадзеная мера, якая празьмерна шырока ўжываецца на практыцы, сур’ёзна абмяжоўвае магчымасьці адваката адстойваць інтарэсы свайго падабароннага.

А.Гайдукоў асуджаны за зьдзяйсьненьне злачынства, прадугледжанага артыкулам 356-1 Крымінальнага кодэксу, якая прадугледжвае адказнасьць за ўсталяваньне супрацоўніцтва на канфідэнцыйнай аснове з спэцыяльнай службай, ворганам бясьпекі альбо разьведвальным ворганам замежнай дзяржавы пры адсутнасьці прыкметаў здрады дзяржаве. Гэта дзеяньне было крыміналізаванае ў лістападзе 2011 годзе.

Беларускія праваабаронцы ўжо тады паказвалі на недапушчальнасьць выкарыстаньня ў крымінальным законе некарэктных азначэньняў, у тым ліку такіх , якія дапускаюць адвольнае альбо пашыральнае іхнае тлумачэньне.

Напрыканцы мая 2013 году з заявы старшыні Камітэту дзяржаўнай бясьпекі В.Вакульчыка стала вядомым, што крымінальная справа па абвінавачваньні А.Гайдукова накіраваная ў суд, дзе была разгледжаная ў закрытым судовым пасяджэньні; прад’яўленае абвінавачваньне не зьмянялася. Такая празьмерная актыўнасьць кіраўніка КДБ, а не пракуратуры, якая падтрымлівае абвінавачваньне ў судзе, у асьвятленьні дэталяў і пэрспэктываў судовага разбору сьведчыла аб магчымым уплыве Камітэта дзяржаўнай бясьпекі на высновы ды працэсуальныя рашэньні суда.

Характар ​​абвінавачваньня з улікам грамадзкай значнасьці справы не пакідае сумневаў у тым, што разгляд яе ў судзе павінен быў прайсьці з захаваньнем прынцыпу галоснасьці, паколькі перадумоваў для ягоных абмежаваньняў, прадугледжаных законам, не існавала.

Варта адзначыць, што дзеяньне, за ўчыненьне якога асуджаны Гайдукоў, адносіцца да катэгорыі злачынстваў, якія не ўяўляюць вялікай грамадзкай небясьпекі. Да асобы, абвінавачанай ў ягоным зьдзяйсьненьні, нельга ўжыць меру стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту. Згодна з пунктам 1 пастановы Пленуму Вярхоўнага Суду Рэспублікі Беларусь «Аб прызначэньні судамі пакараньня ў выглядзе пазбаўленьня волі» пазбаўленьне волі ў якасьці пакараньня можа прызначацца толькі ў прадугледжаных законам выпадках, за зьдзяйсьненьне злачынстваў, якія ўяўляюць значную грамадзкую небясьпеку, калі суд з улікам характару зьдзейсьненага злачынства ды асобы вінаватага прыйдзе да высновы, што ягоная ізаляцыя забясьпечыць абарону грамадзтва ад злачынных замахаў і будзе спрыяць мэтам крымінальнай адказнасьці. Аналіз наяўных дадзеных не дазваляе зрабіць выснову пра тое, што прызначанае судом пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі зьяўляецца апраўданым. На наш погляд, факт прызнаньня судом Гайдукова вінаватым у замаху на зьдзяйсьненьне злачынства, якое адносіцца да катэгорыі не ўяўляючых вялікай грамадзкай небясьпекі, раней не судзімага, не дазваляў суду ўжыць да яго рэальнае пазбаўленьне волі. Такім чынам, заключэньне пад варту і асуджэньне да пазбаўленьня волі зьяўляецца адвольным.

Ацэньваючы ў сукупнасьці названыя абставіны, характар ​​прад’яўленага абвінавачваньня, дапушчаныя падчас папярэдняга рассьледваньня працэсуальныя парушэньні, а таксама закрыты рэжым разгляду справы ў судзе, зыходзячы з наяўнай у праваабаронцаў інфармацыі аб дзеяньнях Гайдукова, якія паслужылі фармальнай падставай для ягонага затрыманьня, Праваабарончы цэнтар “Вясна” і РПГА “Беларускі Гэльсынскі Камітэт” прыходзяць да наступнай высновы:

асуджэнне А. Гайдукова зьяўляецца неабгрунтаваным і палітычна матываваным, паколькі яно ў значнай ступені мела на мэце павышэньне ролі й значнасьці КДБ у дзяржаве непрымальнымі ў дэмакратычным грамадзтве мэтадамі, а пазбаўленьне свабоды было ўжыта ў парушэньне права на справядлівае судовае разьбіральніцтва, іншых правоў і свабодаў, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, працягласьць пазбаўленьня волі відавочна непрапарцыйная (неадэкватная) правапарушэньню, у якім асоба была прызнаная вінаватай;

РПГА «Беларускі Гэльсынскі Камітэт” і Праваабарончы Цэнтар “Вясна” патрабуюць неадкладнага вызваленьня А. Гайдукова, адмены незаконна вынесенага прысуду ды ягонага перагляду пры захаваньні права на справядлівае судовае разьбіральніцтва.

Паводле spring96.org

Цэтлікі: , ,

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>