2013 01/08

Гарадзкія ўлады адмовіліся разглядаць заяўку на пікетаваньне ў падтрымку Алеся Бяляцкага, замоўленае на 4 жніўня з 18-00 да 19-00 ля галоўнай канцэртнай пляцоўкі Гарадзкога парку культуры і адпачынку ў Жодзіне.

Адзін з заяўнікоў і адказны за правядзеньне мірнай акцыі ў Жодзіне праваабаронца Аляксей Лапіцкі адзначае, што “такім чынам кіраўніцтва мясцовае ўлады гораду цалкам мэтанакіравана і наўмысна працягвае робіць непераадольныя штучныя перашкоды ў рэалізацыі грамадзянамі сваіх канстытуцыйных правоў і свабодаў. У гэтым ужо зумі відавочна праглядаецца перавышэньне прадстаўнікамі ўлады ўласных службовых паўнамоцтваў і наяўнасьць пастаяннага імкненьня любымі сродкамі дыскрымінаваць актывістаў грамадзянскай супольнасьці, абмежаваць іхнае права на мірныя сходы, выказваньне меркаваньняў, удзел у жыцьці грамадзтва.”

29 ліпеня заяўнікі пікетаваньня ў падтрымку пазбаўленага волі праваабаронцы Алеся Бяляцкага зусім нечакана, пры атрыманьні на Галоўпаштамце карэспандэнцыі з ГТМА (гарадзкая лякарня), таксама атрымалі і заказное адпраўленьне з Жодзінскага гарвыканкаму. Абодва заказных ліста былі зарэгістраваныя на пошце 26.07, але дагэтуль так і не трапілі да адрасата.

Намесьнік галоўнага лекара ГТМА У.П.Цыолта у адказе на запыт праваабаронцаў пра заключэньне дамовы, патрабуемай п.5 рашэньня №1020 Жодзінскага гарвыканкаму, прадставіў разгорнутую калькуляцыю падліку выдаткаў для аказаньня “дадатковых мэдычных паслугаў” пры правядзеньні замоўленага пікетаваньня (колькасьцю 1-2 чал., максымум – да 10), дзе нават улічаны прыбытак мэдыкаў у 32 560,1 рублёў (!?), а агульная сума, выстаўленая для аплаты такім вось чынам падлічаных выдаткаў склала аж 370 тыс. беларускіх рублёў (!?).

У адказе ж з Жодзінскага выканкаму, тым часам, які падпісаў першы намесьнік па ідэалёгіі Ю.А.Шары 25.07.2013, адзначаецца, што “…заява аб правядзеньні масавага мерапрыемства (пікетаваньня) у г.Жодзіна 4 жніўня 2013 году з 18.00 да 19.30 ня можа быць разгледжана…” Прычынаю пры гэтым называецца тое, што пададзеныя дакумэнты “не адпавядаюць патрабаваньням п.5″ вышэй узгадваемага рашэньня за №1020, у якім маецца прадпісаньне прыкладаць да заяўкі на правядзеньне масавага мерапрыемства копіі дамоваў з ЖКГ, міліцыяй і мэдыкамі.

У сувязі з гэтым, Аляксей Лапіцкі адразу падаў у Жодзінскі выканкам заяву з прапановаю ўлічыць атрыманыя адказы з ЖКГ, ГАЎС і ГТМА як доказы невыканальнасьці патрабаваньняў, высоўваемых мясцовымі ўладамі да заяўнікоў мірных сходаў у Жодзіне, належным чынам разглядзець пададзеную на пікет заяўку і прыняць станоўчае рашэньне аб дазволе пікетаваньня 04 жніўня з 18-00 да 19-30 ля галоўнай канцэртнай пляцоўкі Гарадзкога парку культуры і адпачынку жодзінцаў.

Аляксей Лапіцкі:
– Гэта відавочная чарговая мэтанакіраванай забароны мірнага сходу жодзінцаў, якая зроблена ва ўмовах, калі заяўнікі атрымалі фактычныя рэчавыя доказы таго, што высунутыя патрабаваньні выканкаму ёсьць звычайнымі мэтанакіраванымі перашкодамі ў рэалізацыі грамадзянамі іхных неад’емных правоў і свабодаў, гарантаваных Канстытуцыяй і Міжнародным Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГіПП).


Кар.:
– Адначасна, фактычна атрымліваецца так, што выканкам таксама пазбавіў і кіраўніцтва Жодзінскай лякарні нават мараў пра заплянаваныя ім даходы ў памеры 370 тыс. руб. з чыстым прыбыткам 32 560,1 BYR ад правядзеньня замоўленага праваабаронцамі пікетаваньня ў Жодзіне?

Аляксей Лапіцкі:
– Верагодна, што так! (сьмяецца)
Акрамя таго, прадстаўляецца цікавым заўважыць, што на свае запыты аб заключэньні патрабуемых выканкамам дамоваў мы як заяўнікі атрымалі афіцыйныя адказы з ЖКГ (І.Дрозд), ГАЎС (А.Чынкін) і гарадзкой лякарні (У.Цыолта), у якіх:
– камунальнікі (таксама са спасылкаю на п.5 рашэньня выканкаму №1020) адзначылі сваю “неправамоцнасьць падрыхтоўкі праектаў дамоваў на ўборку тэрыторыі пасьля правядзеньня на ёй масавага мерапрыемства …”;
– міліцыя сваю адмову па заключэньні дамовы з заяўнікамі пікетаваньня матывавала спасылкай на артыкулы 4 і 5 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” і “выключную кампэтэнцыю Жодзінскага гарадзкога выканаўчага камітэту” “прымаць рашэньні па сутнасьці” падобных зваротаў па заключэньні дамоваў;
– мэдыкі (як бачна вышэй) замест дамовы (у якой павінны ўдзельнічаць дамоўныя бакі) прад’явілі дзіўную калькуляцыю і сумы верагодных (зь іхнага боку) выдаткаў… (ды й прыбытку таксама)).

“Гэта ўсё разам паказвае на відавочна неправамерны, незаконны і незразумелы для названых дзяржаўных суб’ектаў права парадак заключэньня патрабуемых выканкамам дамоваў з грамадзянамі як заяўнікамі масавых мерапрыемстваў, асноўныя канстытуцыйныя правы і свабоды якіх у межах плянуемых імі мерапрыемстваў павінны быць у абавязковым парадку гарантаваныя дзяржавай (выканаўчым камітэтам ды іншымі каардынуемымі ім, падсправаздачнымі яму дзяржустановамі)”, – удакладніў праваабаронца.

Такім чынам, ня гледзячы на практычную невыканальнасьць патрабаваньняў, прад’яўляемых уладамі заяўнікам масавых мерапрыемстваў у Жодзіне пунктам 5 рашэньня №1020 Жодзінскага выканкаму ад 27.06.2013г., а таксама неадпаведнасьць дадзеных патрабаваньняў закону аб масавых мерапрыемствах і дзейснаму заканадаўству, міжнародным абавязальніцтвам краіны, гарвыканкам у Жодзіне чарговы раз не дазволіў правядзеньне пікетаваньня ў падтрымку незаконна асуджанага да 4,5 год зьняволеньня, вядомага праваабаронцы Алеся Бяляцкага.

Па факту атрыманьня нематываванай адмовы, пакуль дазваляў час, заяўнікі ў Жодзіне зрабілі апошнюю сваю спробу абгрунтавана пераканаць кіраўніцтва выканкаму пераглядзець свае падыходы ды ў выніку ўсё ж дазволіць правядзеньне 04 жніўня 2013г. пікету салідарнасьці.

ДАДАТКІ:
1) Адказ з выканкаму ад 25.07.2013

2) Дадатковая заява ў выканкам ад 29.07.2013.


3) Калькуляцыя выдаткаў і прыбыткаў з прапанаванай для аплаты заяўнікамі сумай, далучаная да афіцыйнага адказу на запыт аб заключэньні дамовы


Беларускі Праўны Партал,
by.prava-by.info

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>