Вы жадаеце ведаць, што такое правы студэнтаў і чаму гэта важна? Разабрацца, хто такі сапраўдны студэнт? Падзяліцца сваімі студэнцкімі праблемамі і зразумець, як іх можна вырашыць? Прыходзьце 28 верасьня на сэмінар «Правы студэнтаў простай мовай» у Менску!
“Будзьце рэалістамі, патрабуйце немагчымага” (лёзунгі траўня 1968-га года ўва Францыі).
У праграме сэмінара: тэорыя й філязофія правоў чалавека, правы студэнтаў, дыскусіі пра сапраўднага студэнта, ягоныя/ейная якасьці, ролю ды месца ва ўнівэрсытэце, а таксама дзеяньні й мэханізмы абароны правоў студэнтаў.
Заяўкі прымаюцца да 25 верасьня ўлучна. Сьпяшайцеся – колькасьць месцаў абмежаваная!
Пра што сэмінар?
У першай частцы сэмінары мы пагутарым пра гісторыю ды ідэі, на якіх грунтуюцца Правы чалавека і Правы студэнтаў, а таксама якім чынам можна іх абараняць.
Другая частка сэмінара цалкам прысьвечаная Правам студэнтаў, мэханізмам іхнае абароны й дыскусіі пра сапраўднага студэнта.
Акрамя гэтага мы паразважаем аб студэнцкай супольнасьці ды ўнівэрсытэце: якімі яны павінны быць і што мы можам зрабіць для гэтага. Паспрабуем разабрацца, якія асноўныя праблемы ёсьць у студэнтаў і як іх можна вырашыць.
Вядучыя сэмінара – маладыя беларускія праваабаронцы й актывісты студэнцкіх арганізацыяў.
Каго мы чакаем?
Да ўдзелу ў праграме запрашаюцца студэнты беларускіх ВНУ і моладзь.
Дзе й калі адбудзецца?
Сэмінар пройдзе ў Менску 28 верасьня 2013 (субота) папярэдне з 11.00 да 17.00. Дакладнае месца правядзеньня будзе паведамлена адабраным удзельнікам.
Анлайн-заяўку можна запоўніць тут да 25 верасьня улучна.
Увага! Запаўняючы анкету, вы пагаджаецеся з правілам поўнага ўдзелу ў сэмінары.
Таксама зьвярніце ўвагу, што мы ня маем магчымасьці кампэнсаваць праезд для іншагародніх удзельнікаў.
Дадатковыя магчымасьці для ўдзельнікаў
Для тых, хто пасьпяхова пройдзе дадзены сэмінар, прадугледжана паглыбленае навучаньне правам чалавека і правам студэнтаў, а таксама іншыя прапановы ў галіне адукацыі, стажыроўкі і ўдзел у дзейнасьці беларускіх, міжнародных праваабарончых і моладзевых арганізацыяў.
Даведка
Сэмінар «Правы студэнтаў простай мовай» ладзяцца прафсаюзнай групай «Студэнцкая Рада» і камандай адукацыйнай праграмы «Правы чалавека «на пальцах».
Паводле studrada.org,
Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА,
Беларускі Праўны Партал