2013 04/12

На беларускамоўную скаргу з нагоды размяшчэньня кіроўцамі расейскіх сьцяжкоў на лабавым шкле аўтобусаў намесьнік генэральнага дырэктара “Магілёўаблаўтатранс” Скварцоў адказаў па-расейску.

Распавядае намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў:
“Я заўважыў, што ў горадзе шмат дзяржаўных аўтобусаў езьдзіць з расейскімі сьцяжкамі на лабавым шкле і напісаў скаргу ў “Магілёўаблаўтатранс”. Напісаў па-беларуску. Прыйшоў адказ, паводле якога ўсім вадзіцелям як аўтобусаў, гэтак і грузавых аўтамабіляў загадана прыбраць гэтыя сьцяжкі, а тыя, хто не выканае распараджэньне, будуць прыцягнутыя да адказнасьці. Аднак, чамусьці адказалі мне на расейскай мове”.

Правааабаронца Барыс Бухэль адзначае, што ў дадзеным выпадку адбылося парушэньне ч.1 арт.18 закону “Аб звароце грамадзянаў і юрыдычных асобаў”.

“У законе сказана, што пісьмовыя адказы на пісьмовыя звароты даюцца на мове звароту. Калі ня так, то гэта ёсьць парушэньнем заканадаўства. Таксама парушаны закон “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь”, дзе паводле арт. 4 кіраўнікі, іншыя работнікі дзяржаўных ворганаў і іншых арганізацыяў павінны валодаць беларускай і расейскай мовай у аб’ёме, дастатковым для выкананьня сваіх службовых абавязкаў. А ў ч.3 арт.5 пазначана, што адказ на зварот афармляецца на мове звароту. Калі ж чыноўнік, які даваў адказ, не валодае беларускай мовай, то гэта азначае, што ён не выконвае свае службовыя абавязкі. Калі ж ён прынцыпова адмаўляецца выкарыстоўваць беларускую мову, то гэта праява дыскрымінацыі”
, – адзначае Барыс Бухэль.

Ігар Барысаў адзначае, што мае намер абскардзіць парушэньні заканадаўства, якія былі дапушчаныя “Магілёўаблаўтатрансам” пры выкладаньні пісьмовага адказу, у вышэйстаячыя дзяржаўныя ворганы й пракуратуру. Калі ж адказы з гэтых арганізацыяў не задаволяць сацыял-дэмакратата, то ён мае намер зьвярнуцца ў суд.

Паводле www.mova.prava-by.info,
Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА,
Беларускі Праўны Партал,
by.prava-by.info

Фота А.Лапіцкага

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>