2014 26/03

На 25 сакавіка 2014 году ў Менску назіралася даволі шмат новых, зусім незнаёмых твараў. Заўважалася й тое, што некаторыя новыя людзі вырашылі ўпершыню выйшлі з нацыянальнай сымболікай Беларусі ці Ўкраіны, прынялі актыўны ўдзел у масавых акцыях па сьвяткаваньні традыцыйнага ўжо для Менску ДНЯ ВОЛІ.

І гэта ўсё заўважалася ды ўзьнімала настрой прысутным.

Па розных падліках ад 2,5 да 5 тысячаў гармадзянаў выйшлі на вуліцы Менску 25 сакавіка, каб адсьвяткаваць Дзень Волі й падтрымаць лёзунгі дэмантрантаў, скіраваныя супраць расейскай вайсковай інтэрвенцыі ва Ўкраіну, выказаць салідарнасьць з палітвязьнямі Беларусі ды братнім украінскім народам, які змагаецца за каштоўнасьці свабоды й незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці й дзяржаўнага сувэрэнітэту сваёй краіны.

На вуліцах беларускай сталіцы можна было бачыць шмат моладзі, людзей рознага веку, стылёва апранутых маладых жанчынаў з нацыянальнай сымболікай, бацькоў зь дзецьмі, а таксама вядомых у Беларусі асабаў. Адметным зьявілася тое, што сярод сымболікі, якая скарыстоўвалася маніфэстантамі, сярод бела-чырвана-белых беларускіх нацынальных і жоўта-блакітных украінскіх выкарыстоўваліся й афіцыйныя сьцягі Беларусі. Таксама прысутнічала сымболіка некаторых партыяў і нефармальных аб’яднаньняў, была заўважана й моладзь з чорна-белымі сьцягамі – на чорным полі белая выява герба “Калюмны”, якая ў старажытнасьці разам з гэрбам “Пагоня” служыла дзяржаўным сымбалем у беларускай (літвінскай) айчыне, Вялікім Княстве Літоўскім (ВКЛ), актыўна скарыстоўвалася падчас вядомай Грунвальдскай бітвы.

Адчувалася салідарнасьць і аўтамабілістаў, і жыхароў прылеглых да маршруту шэсьця жылых дамоў. Людзі выходзілі на гаўбцы сваіх кватэраў ды віталі дэманстрантаў, фатаграфавалі іх праз адчыняемыя вокны. Аўтамабілісты сыгналілі, некаторыя праз вакно сьвяточна ўзьнімалі сьвяточныя белыя і чырвоныя шарыкі.

У гэты дзень увагу назіральнікаў прыцягнула вялікая колькасьць правакатараў, якія запускаліся ў натоўп і сваімі паводзінамі й выглядам відавочна імкнуліся правакаваць канфлікты, а таксама ствараць для кагосьці патрэбную, цалкам супярэчную настроям і лёзунгам Дня Волі адмоўную карцінку.

Прыцягнула ўвагу й так званая сытэмай “бясьпекі”, арганізаваная праваахоўнымі структрамі ў Менску падчас пропуску дэманстрантаў на плошчу Бангалёр. З улікам масавасьці плянуемага мерапрыемства сыстэма пропуску на пляцоўку не вытрымлівае крытыкі. Людзей прапускалі праз тры рамкі агароджанай па пэрымэтру плошчы, фіксвалі пры гэтым на відэакамэры, цэнзуравана дазвалялі альбо не дазвалялі пранос плякатаў. Усё гэта рабілася вельмі марудна й прыдзірліва, таму мітынг на ачэпленым з усіх бакоў пляцы мог бы й зусім не адбыцца.

Вельмі паказальным ёсьць тое, што пры ўсім гэтым, улады зусім не ўключылі асьвятленьне спэцыяльна адведзенай для мерапрыемстваў пляцоўкі. У належны час вакол плошчы не загарэлася аніводнага асьвятляльнага ліхтара, аніводнага спэцыяльна ўсталяванага на жалезабэтонных слупах ля пляцоўкі пражэктара.

Усё гэта абсалютна не стасуецца з мэтамі ані бясьпекі, калі такія былі абраныя за прыярытэтныя, ані з мэтамі спрыяньня ў рэалізацыі права грамадзянаў на безперашкоднае правядзеньне мірнага, тым больш сьвяточнага, сходу.

У гэтай сытуацыі арганізатары вырашылі правесьці хуткацечны мітынг наўпрост ля аднаго з прапускных пунктаў, ля якога сабралася асноўная маса ўдзельнікаў. Для гэтага тых, хто ўжо прайшоў і на пляцоўку да сцэны, вярнулі назад да тых людзей, якія засталіся дя ўваходу. Такім чынам, арганізатары былі вымушаныя правесьці сьвяточны мітынг ў скарочаным варыянце ды ў абразьлівых, нязручных умовах, без належнай трыбуны й гукаўзмацненьня, навогул без якога небудзь асьвятленьня месца правядзеньня сходу (гл. фота).

Пасьля такога хуткацечнага мітынгу частка моладзі не разыйшлася й засталася ў парку. Людзі затрымаліваліся вакол музыкаў непадалёк ад плошчы на адзінай асьветленай алеі пад ліхтарамі. Удзельнікі сьвяткаваньняў “Дня Волі – 2014″ у Менску, у асноўным маладыя людзі, гралі на гітары…, сьпявалі песьні з рэпертуару беларускіх і ўкраінскіх гуртоў: NRM (“Тры чарапахі”…), Лапіса Трубяцкога (“Ня быць скотам”) ды вядомага ўкраінскага гурта Акіян Эльзы … Аднак, праз хвілін 10 супрацоўнікі АМАПу праз мэгафон пачалі патрабаваць людзей разыйсьціся. Яны матывавалі гэта тым, што час заяўленага мітынгу ўжо вычарпаны. Відавочна было, што любыя іншыя (адрозныя ад заяўленых і дазволеных уладамі) грамадзянскія ініцыятывы й мерапрыемствы – такія, як абсалютна натуральныя чалавечыя кантакты, камунікацыі паміж грамадзянамі, аднадумцамі, беларускамоўныя сьпевы на сьвежым вясновым паветры ў парку й г.д. – аніякім чынам не ўпісваюцца у тую сыстэму цалкам кантралюемай і навязваемай грамадзтву татальнай бясьпекі, якая патрабуе папярэдняга дазволу ад праўладных ідэолягаў. У адваротным выпадку рэлізацыя любой падобнай натуральнай свабоды выклікае неадэкватную рэакцыю праваахоўных структураў і наступныя адміністратыўныя пакараньні й санкцыі.

Пра верагодныя, ужо плянуемыя міліцыянтамі затрымньні можна было здагадацца – па гучнай рацыйнай сцвязі прагучала каманда не выпускаць нікога, хто знаходзіцца зараз у парку. Відавочна меліся наўвазе канкрэтныя, ужо пазначаныя для затрыманьня асобы.

Так і атрымалася, міліцыя й на гэты раз не спыніла сваю заганную неправамерную практыку паляваньня на актывістаў з адвольнымі затрыманьнямі актывістаў па палітычных матывах.

Па зьвестках назіральнікаў ад БГК і ПЦ “Вясна” у гэты дзень былі затрыманыя актывісты “ЕўраБеларусі” Леанід Кулакоў, Улад Бародка, Алена Лазарчык і Сяргей Мацкойць, а таксама актывісты “Маладога фронту” Зміцер Дрозд і Станіслаў Рачкель, якіх позна ўвечары ўсё ж адпусьцілі без складаньня пратаколаў. За непаўнагадовым Вікратам Кашкевічам прыехалі ягоныя бацькі. На затрыманых Максіма Вінярскага й Аляксандра Блізнюка былі складзеныя пратаколы аб адміністратыўным правапарушэньні, пасьля ночы ў СІЗА на наступны дзень асуджаны Максім Вінярскі атрымаў 15 сутак арышту па арт.17,1 і 23.4 КоАП РБ (дробнае хуліганства і непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню ці патрабаваньню службовай асобы дзяржаўнага воргану пры выкананьні ёй службовых паўнамоцтваў). Судзьдзя – Алена Някрасава. Сьведкамі на судзе выступалі начальнік падразьдзяленьня АМАП Тарасаў, які падчас акцыі на Дзень Волі працаваў у цывільным, і міліцыянт Рэўт.

Як паведамляе charter97, каардынатара «Еўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага затрымалі ўчора каля 20.30 у двары дома па адрасе вул. Багдановіча, 178 ужо пасьля акцыі. Падчас шэсьця актывіст нёс чорную расьцяжку з надпісам «Сьмерць крамлёўскім акупантам».

Дагэтуль невядомы лёс затрыманага Аляксея Маркоўскага. Праваабаронцы спрабуюць высьветліць ягонае месцазнаходжаньне. Аляксей Маркоўскі быў адпушчаны ўчора без скаладаньня пратаколу.

А.Блізнюку прысудзілі 5 сутак арышту (арт.17.1, 23.4 КаАП РБ). Абвінавачаны нёс у руках украінскі сьцяг, крычаў “За Украіну!”.

Арганізацыі-ўзельніцы маніторынгу лічаць дадзеныя затрыманьні адвольнымі й не зьвязанымі са зьдзяйсьненьнем затрыманымі асобамі якіх-небудзь правапарушэньняў.
































Аляксей Лапіцкі для
Беларускага Праўнага Парталу,
by.prava-by.info
Фота – аўтара.

Цэтлікі: , , , , ,

2 thoughts on “ДЗЕНЬ ВОЛІ – 2014 (Менск, назіраньні, фота)”

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>