2009 24/02

Члены дэлегацыі Эўрапарлямэнту выступілі з заявай па выніках сваёй азнаямляльнай місіі ў Беларусь 20 лютага.

Дэлегацыя самай буйной фракцыі Эўрапарлямэнту – “Эўрапейская Партыя Народаў – Эўрапейскія дэмакраты” – наведала 20 лютага Менск, каб ацаніць апошнія палітычныя падзеі ў Беларусі ў кантэксьце дыялёгу Беларусь-ЭЗ. Асаблівая ўвага надавалася сытуацыі з правамі чалавека і свабодай прэсы.

Эўрапарлямэнтары сустрэліся з прадстаўнікамі Міністэрства замежных спраў Беларусі, дыпляматычных місіяў краінаў Эўразьвязу а таксама беларускай грамадзкай супольнасьці і дэмакратычнай апазыцыі.

Сябры дэлегацыі – Крыстафэр Бізьлі (Вялікабрытанія), Лайма Андрыкене (Літва) і Яцэк Пратасевіч (Польшча) адзначылі пазытыўныя крокі, зробленыя беларускімі уладамі, накшталт вызваленьня палітвязьняў, вяртаньня ў продаж дзьвюх незалежных газэтаў, рэгістрацыі руху “За Свабоду”, а таксама непрызнаньне Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі.

Тым ня менш, Крыстафер Бізлі заявіў: “Мы выказваем занепакоенасьць тым, што нягледзячы на нядаўнія пазытыўныя крокі, было заўважана што правы чалавека ўсё яшчэ парушаюцца ў Беларусі, і палітычна матываваны ціск на дэмакратычных актывістаў, незалежныя газэты і вернікаў працягваецца”.

Лайма Андрыкене працягнула: “Эўразьвяз зацікаўлены ў незалежнай, бясьпечнай і стабільнай Беларусі. “Эўрапейскі тыдзень” у Беларусі – гэта былі ня толькі візыты прадстаўніка ЭЗ Хавіера Саляны ды дэлегацыі Эўрапарлямэнту. Гэта быў тыдзень рэпрэсіяў супраць дэмакратычных дэманстрацыяў 14 і 16 лютага. Гэта дае нам ясьнейшую карціну працэсаў, якія адбываюцца ў Беларусі. Эўразьвяз заўсёды займаў цьвёрдую пазыцыю ў абароне правоў чалавека і законнасьці – гэта фундамэнтальныя эўрапейскія каштоўнасьці”

Яцэк Пратасевіч падкрэсьліў, што “Эўразьвяз мае жаданьне дапамагаць суседзям у цяжкія часы, аднак ініцыятыва ня можа сыходзіць аднабакова ад Эўразьвязу. Дапамажыце нам знайсьці абгрунтаваньне каб дапамагаць вам”, – ён таксама дадаў: “Адкрыты дыялёг паміж Беларусьсю і Эўразьвязам будзе працягвацца пры ўмове, што больш ня будзе ніякіх рэпрэсіяў супраць дэмакратычных актывістаў, ізаляцыі маладых актывістаў шляхам выключэньня іх з ВНУ і абмежаваньня волі”.

Дэлегацыя падасьць справаздачу Эўрапарлямэнту, Радзе міністраў і Эўрапейскай камісіі. Рэзалюцыя па Беларусі будзе прынятая Эўрапарлямэнтам на пачатку красавіка.

Крыніца: Вясна

Цэтлікі: , ,

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>