2014 07/07

Як паведамлялася раней, жодзінскія ўлады сёлета пасьля пампэзнага сьвяткаваньня 03 ліпеня з запрошаным на канцэрт Саладухам ды Песьнярамі, грандыёзнымі фэйерверкамі, раптам, упершыню зусім адмовіліся праводзіць сьвяткаваньне народнага абраду Купальле.

Тыя грамадзяне, што пабывалі ля ракі, у месцы звычайнага правядзеньня масавага агульнагарадзкога мерапрыемства 06 ліпеня, сапраўды, на свае вочы пераканаліся й былі непрыемна зьдзіўленыя такой дастаткова дзіўнай навіною пра адмену (а фактычна забарону) традыцыйнага сьвяткаваньня.

У гэты дзень на рацэ Пліса людзі купаліся, як звычайна, ніхто ім не замінаў. Варта заўважыць, што вада ў рацэ насупраць пляжа, у які была ўкладзена ўнушальная сума грошай, уразіла непрыдатнасьцю для купаньня – яна была “брудная”, бо парасла водарасьлямі й знаходзіцца ў ёй было непрыемна… Нават каля буйкоў не было й мэтра чыстай вадзяной гладзі.

Аднак, ня гледзячы на створаныя гарвыканкамам абставіны й абсалютна непрыдатныя ўмовы для паўнавартаснага летняга адпачынку, здарылася й прыемнае. Некалькі неабыякавых жодзінцаў усё ж зрабілі сабе й астатнім грамадзянам маленькае сьвята, нагадаўшы прысутным пра Купальле. Гэта адбылося насуперак усялякім там забаронам – былі кветкі, разнастайныя вяночкі, трава папараць …, шчасьлівыя дзеці, таямнічыя дзявочыя вочы ды ўсьмешкі (гл. фота)

Спадарыня Людміла, закаханая ў Беларусь, ейную прыроду, традыцыі, па звычцы прыйшла да рачулкі ў народным строі, стала на сваё звычайнае месца ля ратавальнай станцыі на гарадзкім пляжы й пачала сплятаць вянкі, а потым раздаваць іх мінакам ды адпачываючым. Гэта цалкам зьмяніла настрой і ажывіла атмасфэру, дазволіла людзям усьміхнуцца адно аднаму, паразмаўляць, абмяняцца думкамі й узгадаць пра адвечную народную традыцыю.

Некаторыя жодзінцы, камэнтуючы сытуацыю, выказвалі расчараваньне й здагадкі аб тым, што хутчэй за ўсё мясцовыя ўлады вырашылі сэканоміць як раз менавіта на Купальлі. Яны казалі: “Хай бы на салюты ды на парады трэцяга ліпеня, а таксама Саладуху ў Жодзіне грошы ня трацілі, а Купальле правялі як патрэбна!”

Пасьля 21-00, калі шмат хто зьбіраўся ўжо да дому зьявіліся й міліцыянты … – верагодна, каб народ папярэджваць ды разганяць, калі нейкія спробы “несанкцыянаваных сьвяткаваньняў” ля рэчкі ўсё ж будуць адбывацца.

Сытуацыю пракамэнтаваў жодзінскі праваабаронца, Аляксей Лапіцкі:

– Дзейснае заканадаўства ды існуючая практыка забараняе любыя масавые мерапрыемствы беларусам без дазволу мясцовых уладаў. Для правядзеньня любога мерапрыемства (мірнага сходу) патрабуецца падаць заяўку за 15 дзён і атрымаць дазвол. Акрамя таго, перад падачай заяўкі ўлады абсалютна безпадстаўна патрабуюць ад грамадзянаў заключыць платныя дамовы з гарадзкімі службамі міліцыі, мэдыкаў і камунальнікаў для аказаньня спэцыльных паслугаў дадзеных установаў падчас плянуемага мерапрыемства. І гэты невыканальны практычна парадак, у тым ліку супярэчны арт.23 і арт. 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь ды міжнародным стандартам права (аот. 21 МПГіПП) патрабуецца ад любога заяўніка (зь любым сацыяльным статусам і ўзроўнем забесьпячэньня) і пры любых умовах, нават, калі аніякіх спэцыльных мераў, акрамя звычайных, ад падобных установаў пры правядзеньні мерапрыемства не патрабуецца (!). Пры гэтым, за парушэньне дадзенага парадку ўжываюцца адміністратыўныя санкцыі ў выглядзе пакараньня штрафамі ды пазбаўленьнем волі да 15 сутак арганізатараў ды актыўных удзельнікаў любога несанкцыянаванага мерапрыемства.

Такім чынам, раптоўнай адменаю Купальля, якое заўсёды ладзілася цэнтралізавана па рашэньні гарвыканкаму, кіраўніцтва гораду фактычна паставіла гараджанаў, якія пажадалі б належным чынам адсьвяткаваць Купальле самастойна, пад пагрозу адміністратыўнага перасьледу.










Алесь ЛЕТА,
паводле licviny.info
Беларускі Праўны Партал,
www.prava-by.info

Фота: А.Лапіцкага

Цэтлікі: , , ,

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>