2014 11/08

Парыж-Жэнэва, 6 жніўня 2014

Абсэрваторыя па абароне праваабаронцаў, сумесная праграма Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека (FIDH) і Сусьветнай арганізацыі супраць катаваньняў (OMCT), асуджае нядаўнія акты перасьледу й арышты выбітных праваабаронцаў Расула Джафарава, Лэйлы Юнус і Арыфа Юнуса ды заклікае ўлады пакласьці канец працяглым рэпрэсіям супраць арганізацыяў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці.

2 жніўня 2014 году, сп. Расул Джафараў, які займаецца абаронай правоў палітвязьняў з 2006 году і ёсьць актыўным удзельнікам “Сьпявай для дэмакратыі” і “Мастацтва за дэмакратыю”, кампаніі, якая выкарыстоўвае ўсе формы мастацкага выказваньня дзеля заахвочваньня дэмакратыі й правам чалавека ў Азербайджане, быў выкліканы ў адзьдзел па рассьледваньні цяжкіх злачынстваў Генэральнай пракуратуры, па абвінавачваньнях ва “ўхіленьні ад выплаты падаткаў”, “незаконным прадпрымальніцтве” і “злоўжываньні ўладаю” (у адпаведнасьці з артыкуламі 213, 192 і 308.2 Крымінальнага Кодэксу адпаведна).

У той жа дзень сп. Джафараў быў дастаўлены ў Насімінскі раённым суд, які вынес пастанову аб ягоным зьмяшчэньні пад варту на тры месяцы ў межах рассьледваньня высунутых супраць яго абвінавачваньняў. 25 ліпеня 2014 году яму было забаронена пакідаць краіну пасьля таго, як ён прадставіў даклад аб палітычных зьняволеных у Азэрбайджане ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) у Стразбуры ў чэрвені 2014 году. Раніцай 29 ліпеня 2014 году памежнікі перашкодзілі яму пакінуць краіну ў пункце пропуску Беюк Кясік.

30 ліпеня 2014 году супрацоўнікі пракуратуры арыштавалі спн. Лэйлу Юнус, дырэктарку Інстытуту міру й дэмакратыі (ІМД) і сябра Генэральнае Асамблеі OMCT, якая была абвінавачаная ў «здрадзе» (артыкул 274 Крымінальнага Кодэксу), “махлярстве ў буйным памеры” (Артыкул (178.3.2), “падробцы дакумэнтаў” (артыкул 320), “ухіленьні ад выплаты падаткаў” (артыкул 213), і “незаконным прадпрымальніцтва” (артыкул 192), і прысуджаная да трох месяцаў дасудовага затрыманьня. Ейны муж, сп. Арыф Юнус, старшыня адзьдзелу канфлікталёгіі ІМД, сутыкаецца з падобнымі абвінавачваньнямі ў «здрадзе» і «махлярстве». Сьпярша яму было забаронена пакідаць краіну, але ён ня быў зьняволены з-за стану здароўя. Аднак, 5 жніўня 2014 суд урэшце вынес пастанову аб ягоным затрыманьні ды ўзяцьці пад варту на тры месяцы.

Абсэрваторыя вельмі занепакоеная тым, што набор абвінавачваньняў супраць сп. Джафарава і частка абвінавачваньняў супраць спн. Юнус падобныя на тыя, што былі вылучаныя супраць сп. Анара Мамэдлі, старшыні Цэнтру па назіраньні за выбарамі й дэмакратычных даследаваньнях (EMDSC), і сп. Башыра Сулейманлы, выканаўчага дырэктара EMDS. 26 траўня 2014 году абодва былі асуджаныя за “ўхіленьне ад выплаты падаткаў”, “незаконнае прадпрымальніцтва” і “злоўжываньне паўнамоцтвамі”, адпаведна на 5,5 гадоў і 3,5 гады пазбаўленьня волі.

Акрамя таго, 17 сьнежня 2013 году парлямэнт прыняў шэраг паправак у закон аб НДА, грантах і падаткаабкладаньні, скіраваны на сур’ёзнае абмежаваньне працы НДА. Гэтыя папраўкі прадугледжваюць, што незарэгістраваныя НДА ня могуць атрымліваць гранты. Акрамя таго, паводле іх усе гранты й падгранты павінны рэгістравацца, і атрыманьне сродкаў па грантах магчымае толькі пасьля атрыманьня задакумэнтаванага пагадненьня аб гранце, выдадзенага Міністэрствам юстыцыі. Паколькі праца па незарэгістраваных грантах зьяўляецца адміністратыўным правапарушэньнем, суды могуць разглядаць такія сродкі як прыбытак фізічных асобаў і перасьледваць іх атрымальнікаў за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у рамках крымінальнага заканадаўства. 17 сакавіка Цэнтральны банк зьмяніў свае правілы банкаўскіх пераводаў, забараніўшы атрыманьне незарэгістраваных грантаў. У красавіку банкаўскія рахункі дзясяткаў НДА былі заблякаваныя.

3 лютага 2014 году прэзыдэнт Азэрбайджану падпісаў новыя папраўкі ў закон аб НДА, які ў цяперашні час дае ўладам дадатковыя паўнамоцтвы для часовага прыпыненьня дзейнасьці й поўнай забароны нацыянальных і замежных НДА ў Азэрбайджане і ўводзіць новыя злачынствы, якія караюцца штрафамі, што былі павялічаныя да 2 500 – 3 000 AZN (каля 2 600 – 3 100 эўра) для НДА і 1 000 – 2 000 AZN (каля 1 000 – 2 100 эўра) для дырэктароў нацыянальных і замежных НДА. Папраўкі таксама ўводзяць дадатковыя адміністрацыйныя патрабаваньні й павелічэньне праверак.

Пазьней была ўзбуджана крымінальная справа супраць больш як дзесяці НДА, якія атрымвалі замежныя гранты, уключаючы Клюб па правах чалавека, ачольваны сп. Джафаравым з 2010 па 2014 гады. 6 жніўня Апэляцыйны суд адхіліў скаргі некаторых з гэтых НДА.

Абсэрваторыя рашуча асуджае адвольныя затрыманьні й судовы перасьлед спн. Лэйлы Юнус, а таксама сп-оў Расула Джафарава, Анара Мамедлі, Башыра Сулейманлы ды Арыфа Юнуса, што зьяўляецца пакараньнем за іхную праваабарончую дзейнасьць, і выказвае глыбокую заклапочанасьць лёсам іхных калегаў, якія яшчэ на волі, але знаходзяцца пад сьледствам. Абсэрваторыя таксама асуджае ўтрыманьне пад вартаю сп. Хілала Мамедава, абаронцы правоў этнічнай меншасьці талышоў.

Абсэрваторыя таксама занепакоеная працяглай практыкай атрыманьня заяваў аб «ляяльнасьці» ад арыштаваных актывістаў НДА. 31 сакавіка 2014 году і 13 траўня 2014 году сп. Хасан Хусэйнлі, кіраўнік НДА “Асьветніцкі цэнтар “Інтэлектуальны грамадзянін””, і сп. Эміль Мамэдаў, кіраўнік грамадзкай арганізацыі “Заахвочваньне дэмакратыі”, былі арыштаваныя па нявысьветленых абвінавачваньнях. 14 ліпеня 2014 году сп. Хусэйнлі быў прысуджаны да пяці гадоў і 11 месяцаў зьняволеньня за так званае “незаконнае захоўваньне зброі” і “хуліганства”, у той час як сп. Мамэдаў утрымліваецца пад вартаю па сфабрыкаваным абвінавачваньні ў “вымагальніцтве грошай”. Абодва актывісты НДА неаднаразова заяўлялі пра сваю невінаватасьць, і абвінавачваньні супраць іх разглядаюцца многімі мясцовымі праваабаронцамі як палітычна матываваныя. 6 жніўня 2014 г., абодва яны накіравалі з турмы лісты да прэзыдэнта Азэрбайджану Ільхама Аліева. У лістах, яны адмаўляюць, што былі арыштаваныя па палітычных матывах і выказваюць падтрымку прэзыдэнту Ільхаму Аліеву і арміі Азэрбайджану. Абсерваторыя занепакоеная абставінамі й прычынамі таго, чаму яны падпісалі лісты, і выказвае моцныя апасеньні, што яны маглі падвяргацца ціску ў зьняволеньні.

Усе гэтыя выпадкі зьяўляюцца часткай кампаніі перасьледу й запалохваньня з боку ўладаў, скіраванай на пакараньне актывістаў грамадзянскай супольнасьці, якія выступаюць супраць парушэньняў правоў чалавека, учыненых уладамі Азэрбайджану. Такія рэпрэсіі, разам з нарастаючым звужэньнем прасторы для грамадзянскай супольнасьці, сур’ёзна падрываюць бягучае старшынства Азэрбайджана ў Камітэце міністраў Рады Эўропы.

Абсэрваторыя заклікае ўлады Азэрбайджану неадкладна й безумоўна вызваліць сп-ню Лэйлу Юнус і сп-роў Расула Джафарава, Анара Мамэдлі, Башыра Сулейманлы, Арыфа Юнуса ды Хілала Мамэдава, а таксама ўсіх іншых затрыманых праваабаронцаў, паколькі іхнае затрыманьне зьяўляецца адвольным і скіраванае на пакараньне за дзейнасьць у галіне правоў чалавека, а таксама пакласьці канец любым актам перасьледу супраць іх і ўсіх праваабаронцаў у Азэрбайджане ды забясьпечыць пры любых абставінах іхную дзейнасьць без перашкодаў, пагрозы рэпрэсіяў альбо запалохваньня.

Абсэрваторыя таксама заклікае ўлады Азэрбайджану прывесьці нацыянальнае заканадаўства аб НДА ў адпаведнасьць з палажэньнямі Дэклярацыі ААН аб праваабаронцах, прынятай Генэральнай Асамблеяй ААН 9 сьнежня 1998 г., а таксама з міжнароднымі й рэгіянальнымі дакумэнтамі, уключаючы Эўрапейскую канвэнцыю па правах чалавека.

 

Цэтлікі: , , ,

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>