Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў, што беларускія ўлады парушылі правы намесьніка старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Васіля Палякова на правядзеньне мірнага сходу, забараніўшы ў верасьні 2008 году правесьці ў Гомелі масавае мерапрыемства з мэтаю агітацыі грамадзянаў не прымаць удзел у парлямэнцкіх выбарах, якія праходзілі ў краіне 28 верасьня 2008 году.
Адпаведнае рашэньне, якое было прынятае 17 ліпеня бягучага году, палітык атрымаў днямі па пошце.
У Камітэт ААН Васіль Палякоў паскардзіўся пасьля таго, як не знайшоў абароны сваіх правоў унутры краіны. Гомельскі гарвыканкам у 2008 годзе забараніў яму правесьці ў абласным цэнтры агітацыйны пікет, чыноўнікі тады запатрабавалі аплаціць паслугі міліцыі, камунальнікаў ды хуткай дапамогі.
У сваім рашэньні Камітэт па правах чалавека нагадаў, што калі дзяржава накладае абмежаваньне на свабоду мірнага сходу, тады ёй варта садзейнічаць у ажыцьцяўленьні права, а не шукаць непатрэбныя альбо неадпаведныя абмежаваньні. А паколькі Урад Беларусі палічыў, што толькі забаронай мірнага сходу можна забясьпечыць грамадзкі парадак і бясьпеку, ахову маральнасьці й здароўя насельніцтва ці абарону правоў і свабодаў іншых асобаў, то парушыў права заяўніка на свабоду правядзеньня мірнага сходу паводле артыкулу 21 Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.
На падставе рашэньня Камітэту ААН Урад Беларусі мусіць забясьпечыць ахвяры парушэньня “эфэктыўны сродак праўнай абароны, уключна з поўным пакрыцьцём выдаткаў і належнай кампэнсацыяй”, а таксама абавязаны “не дапускаць падобных парушэньняў у будучыні”. Акрамя таго, беларусія ўлады абавязаныя “зьмяніць нацыянальны Закон аб масавых мерапрыемствах і практыку ягонага прымяненьня такім чынам, каб забясьпечыць кожнаму права на свабоду правядзеньня мірных сходаў”.
Прынятае рашэньне Урад Беларусі павінен апублікаваць, у тым ліку й на беларускай мове, у афіцыйных СМІ і выканаць яго цягам 180 дзён, паведамляе сайт «Гомельскай вясны».
ДАДАТКІ:
Рашэньне КПЧ ААН “Палякоў супраць Беларусі” (Poliakov v. Belarus CCPR/C/111/D/2030/2011, анг. – PDF), таксама гл. рэзюмэ на сайце ААН – тут
Рашэньне КПЧ ААН “Палякоў супраць Беларусі” (Poliakov v. Belarus CCPR/C/111/D/2030/2011, рас. – PDF) – гл. першакрыніцу на сайце ААН – тут.
Паводле spring96.org
Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА,
Беларускі Праўны Партал,
www.prava-by.info
На фота – Васіль Палякоў, Гомель
Фота: А.Лапіцкага
Цэтлікі: рашэньні КПЧ ААН, свабода мірных сходаў, Справа "Палякоў супраць Беларусі"
Кожнае новае рашэньне КПЧ ААН – важная падзея для актуалізацыі праблемаў з фактычным поўным абмежаваньнем канстытуцыйных правоў і свабодаў, з поўным ігнараваньнем прынцыпу pacta sunt servanda адносна міжнародных дамоваў ды ганебнай агульнай сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.
У матэрыяле http://prava-by.info/archives/12121#respond далучаны дакумэнт – Рашэньне КПЧ ААН па справе “Палякоў супраць Беларусі” (пакуль на ангельскай мове).
Цікавым у рашэньні ёсьць тое, што ў ім Камітэт выказаўся вельмі ясна наконт неправамернасьці “мясцовых парадкаў”, якімі патрабуецца (акрамя пісьмовых гарантыяў і абавязальніцтваў арганізатараў па законе) далучаць да заявак на мірныя сходы яшчэ й дамовы з 3-ма адміністрацыйнымі ўстановамі. Такія цяжкія (чытай – невыканальныя) ўмовы могуць зрабіць само канстытуцыйнае права, гарантаванае дзяржавай кожнаму, проста ілюзорным… Сэнс – такі.
Гэта пачыталі ў судзе ў маім перакладзе, але выканкам быў супраць далучэньня такіх высноваў КПЧ ААН… Хадайніцтва ж аб запыце ў МЗС перакладу для далучэньня і ўліку па справе не было адразу адкінутае судом… – пра адмову па ім было “дыпляматычна” (без тлумачэньняў) у далейшым заяўлена напрыканцы апошняга дня працэсу, адразу перад спрэчкамі, якія адбываліся ўжо як пакута … ды ў пустым судовым будынку, пасьля сканчэньня асноўнага працоўнага часу – з 18-00 да 19-30 (!).
Пасьля гэтай “лакмусавай паперкі” – вынік, як заўсёды, аказаўся прадказальным…
Дзіўнае (калі не сказаць мацней) вызначэньне суду, які знайшоў такі працэсуальныя хады, каб не наказваць за неправамерныя дзеяньні чыноўнікаў… (кали ж такое бывала?!) Пра гэта падрабязна ёсьць тут – агляд судовага працэсу ў Жодзіне з дакумэнтамі: http://by.prava-by.info/archives/12280