2014 27/08

Заяўку на акцыю ў адміністрацыю Кастрычніцкага раёну падаваў “лекар-праўдаруб” Ігар Пастноў. Ён выканаў усе патрабаваньні, рэглямэнтаваныя рашэньнем гарвыканкаму “Аб масавых мерапрыемствах у г.Віцебску”, але дазволу так і не атрымаў.

У лісьце з Кастрычніцкай раённай адміністрацыі напісана, што патрабаваньні рашэньня гарвыканкаму №881 заяўнік выканаў не ў поўным аб’ёме. Паводле Ігара Пастнова, ён зрабіў усё, што ад яго патрабавалася. Падаў заяўку на акцыю, але сутыкнуўся з даўняй праблемай арганізатараў масавых масавых мерапрыемстваў – неадпаведнасьцю патрабаваньняў выканкаму рэальнай сытуацыі.

“Заяўнік мусіць прадставіць раённай адміністрацыі дамовы на абслугоўваньне пікету супрацоўнікамі ЖКГ, гарадзкой паліклінікай і міліцыяй. Я зьвярнуўся ва ўсе гэтыя структуры па дамовы, але станоўчы адказ атрымаў толькі ад камунальнікаў: прадпрыемства “Зеленгас”, якое займаецца ўборкай гарадзкой тэрыторыі, заключыла са мной дамову. З паліклінікі мне адказалі дзіўна – што не займаюцца арганізацыяй масавых мерапрыемстваў, хаця я й не прасіў іх нічога арганізоўваць. Мне параілі зьвярнуцца ў раённую адміністрацыю – маўляў, акцыямі займаюцца яны. Накіравалі зноў туды, куды я і мусіў прадставіць дамову. Зь міліцыі адказалі яшчэ больш дзіўна: напісалі, што аховай правапарадку ў любой якасьці займаюцца без усялякіх дамоваў, бо гэта прафэсійны абавязак міліцыянтаў. Такім чынам, з паліклінікай і міліцыяй, якія згаданыя ў рашэньні выканкаму як другі бок, зь якім трэба заключыць дамову, супрацоўніцтва не атрымалася. Але – не па маёй віне, я зрабіў усё, што прапісана ў рашэньні аб арганізацыі масавых мерапрыемстваў”, – распавёў Ігар Пастноў.

Ён зьбіраўся 30 жніўня альбо ў бліжэйшы пасбля гэтай даты выходны дзень правесьці аднаасобную акцыю – выйсьці з пякатам “Спасибо Батьке за нашу счастливую жизнь!”. Апрача гэтага, на плякаце ён хацеў разьмясьціць фотаздымак свайго разьлікловага квітка з сумай заробку, а таксама фотаздымкі палатаў у віцебскіх шпіталях.

Гэтая ідэя, відавочна, не магла быць упадабанай раённай адміністрацыяй. Але забаранілі акцыю не па ідэалягічных, а па фармальных прычынах. Па тых самых, што ў апошнія некалькі гадоў пэрыядычна пералічваюцца ў забаронах іншым віцебскім актывістам, – на падставе адсутнасьці дамоваў з мэдыкамі, міліцыяй і камунальнікамі.

Давесьці чыноўнікам, што рашэньне выканкаму невыканальнае, бо дамовы з актывістамі заключаць ня хочуць менавіта згаданыя службы, не ўдаецца ні праз суды, ні падчас сустрэчаў з прадстаўнікамі ўлады, ні іншым чынам. Прыкладам, два месяцы таму некалькі дзясяткаў жыхароў абласнога цэнтру падпісаліся пад калектыўным лістом у Савет Міністраў з просьбай паспрыяць зьмяненню рашэньня Віцебскага гарвыканкаму №881 “Аб масавых мерапрыемствах у г.Віцебску” ды ініцыяваць зварот у Канстытуцыйны суд дзеля праверкі адпаведнасьці гэтага дакумэнту Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Але Савмін адмовіў без аніякіх тлумачэньняў. Абласному каардынатару Руху “За Свабоду” Хрыстафору Жаляпаву, які атрымаў адмову як ініцыятар збору подпісаў, прыйшоў і яшчэ адзін ліст – з Міністэрства юстыцыі. Там гаворыцца, што мясцовыя ўлады могуць самі ўсталёўваць парадак звароту па дазволы на вулічныя акцыі. Таму ў розных рэгіёнах прадугледжаны ўладамі парадак адрозніваецца, і няблага было б унесьці нейкія зьмены й больш дакладныя фармулёўкі ў закон аб масавых мерапрыемствах. Але нічога не сказана, ці будзе міністэрства ініцыяваць гэтыя зьмены. А пакуль віцябляне ўжо пяты год не могуць рэалізаваць свае правы на публічнае выказваньне меркаваньняў і свабоду мірных сходаў.

Паводле spring96.org
Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА,
Беларускі Праўны Партал,
www.prava-by.info

Цэтлікі: , , ,

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>