2009 16/02
Alaksiej Lapicki, Žodzina

Alaksiej Lapicki, Žodzina

На колькі адпавядае дзейсная Канстытуцыя Беларусі агульнапрызнаным прынцыпам міжнароднага права, пра якія так часта ўзгадваюць на афіцыйным узроўні?

Як імплемэнтаваныя ў Беларускае Заканадаўства і судавытворчую практыку імпэратыўныя нормы міжнароднага права, адлюстраваныя ў Міжнародных дамовах, па якіх краіна нясе адпаведныя высокія абавязальніцтвы?

Даўно прыйшоў час адкрыта паставіць падобныя прынцыпова важныя пытаньні перад адказнымі дзяржаўнымі чыноўнікамі і грамадзтвам.

Ад праўдзівых адказаў на іх і адпаведных тэрміновых высноваў залежыць як рост аўтарытэту краіны ў сьвеце, гэтак і тое, як хутка яна сама здолее цалкам асэнсаваць сябе роўнай у дэмакратычнай эўрапейскай прасторы.

А пакуль, у грамадзтве на гэты конт можна вылучыць, як мінімум, дзьве супрацьлеглыя пазыцыі. Адні лічаць, што Беларускі Асноўны Закон – проста дасканалы.
Іншыя сьцьвярджаюць цалкам адваротнае.

Ёсьць, канешне, і іншыя прамежкавыя меркаваньні. Але адказаць на пастаўленае пытаньне здольны звычайны параўнальны аналіз палажэньняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах ад 1966г., Міжнароднай дамовы, якую Беларусь абавязана дабрасумленна і безумоўна выконваць.
З гэтай крыніцаю асноўных нормаў міжнароднага права ў галіне правоў чалавека ў Беларускай Канстытуцыі наўпрост зьвязаны другі разьдзел пад назваю “Асоба, грамадзтва, дзяржава”. У ім прапісаныя асноўныя грамазка-палітычныя й сацыяльна-эканамічныя правы грамадзянаў, умовы і крытэры іх абмежаваньня, адпаведныя абавязкі й гарантыі дзяржавы …

Уяўляецца вельмі важным, што Міжнарожны Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах як міжнародная дамова імпэратыўнага характару мае наўпростае дзеяньне і павінен выконвацца кожнай краінай-удзельніцай на сваёй нацыянальнай тэрыторыі.
Рэгуляваць выкананьне вызначаных міжнародных нормаў права ў нацыянальнай праўнай прасторы мусяць нацыянальныя законы.

А Канстытуцыя як базавы падмурак гэтае сыстэмы павінна без аніякіх скажэньняў, дакладна й зразумела адлюстроўваць сутнасьць агульнапрызнаных міжнародных нормаў права, абавязковых для выкананьня дзяржаваю і кожным ейным суб’ектам.

АБАВЯЗКОВАСЬЦЬ ДЛЯ БЕЛАРУСІ МІЖНАРОДНЫХ НОРМАЎ ПРАВА

Дадзеная абавязковасьць выкананьня Міжнародных дамоваў любой краінай-удзельніцай адлюстраваная ў такой важнай крыніцы міжнароднага права як Венская Канвэнцыя, падпісантам якой таксама зьяўляецца й Рэспубліка Беларусь.
Дарэчы, менавіта таму, у нутраным Заканадаўстве краіны існуе Закон “Аб праве міжнародных дамоваў”. Ягоныя палажэньні цалкам адпавядаюць дадзенай Канвэнцыі і скіраваныя на тыя ж самыя мэты.

Так, Венская Канвэнцыя дакладна вызначае, што “прынцып свабоднай згоды і дабрасумленнасьці й норма pacta sunt servanda” (абавязковасьць выкананьня дамоўных палажэньняў) “атрымалі агульнае прызнаньне краінаў-удзельніцаў”. Сам тэрмін, “удзельнік” у Канвэнцыі літаральна азначае “дзяржаву, якая пагадзілася на абавязковасьць для яе дамовы і для якой дамова знаходзіцца ў сіле”.

Усё гэта азначае, што Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь і ейныя нутраныя законы, якія рэгулююць узаемадачыненьні паміж суб’ектамі права ў краіне, не павінныя мець аніякіх сэнсоўных неадпаведнасьцяў з палажэньнямі дадзеных міжнародных дамоваў.

ПРАВА НА СВАБОДУ ДУМКІ, СУМЛЕНЬНЯ І РЭЛІГІІ … Ў МІЖНАРОДНЫМ ПАКЦЕ І Ў КАНСТЫТУЦЫІ РБ. АКТУАЛЬНАСЬЦЬ ПЫТАНЬНЯ ІМПЛЕМЭНТАЦЫІ …

Паглядзім, як гэта адпавядае рэальнасьці? Як Рэспубліка Беларусь выконвае ўласныя абавязкі па імплемэнтацыі міжнародных нормаў права ў нацыянальныя законы і судавытворчую практыку, напрыклад, па пытаньнях грамадзянскіх правоў і свабодаў – права на свабоду думкі, сумленьня й рэлігіі, свабоду перакананьняў і безперашкодны распаўсюд уласных меркаваньняў, у прыватнасьці …?

Не закранаючы вельмі балючага і аб’ёмнага пытаньня судавытворчасьці і практычнага выкарыстаньня (ці не выкарыстаньня) нормаў міжнароднага й канстытуцыйнага права ў беларускіх судах, зьвернем увагу на тое, на колькі дакладна й зразумела прапісаныя гэтыя нормы ў Беларускім Асноўным Законе, на колькі яны адпавядаюць міжнародным першакрыніцам?
Для высьвятленьня гэтага зьвернем увагу, напрыклад, на арт. 18 Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і адпаведныя Канстытуцыйныя палажэньні, адлюстраваныя ў арт. 31 і арт. 33 Асноўнага закону Рэспублікі Беларусь.

Адначасна, паспрабуем аб’ектыўна разабрацца й высьветліць, чыя пазыцыя бліжэйшая да істыны? Тых – хто сьцьвярдлжае пра дасканаласьць Каснтытуцыі Рэспублікі Беларусь? Альбо тых – хто перакананы, што ў Асноўным Законе краіны маюцца разыходжаньні зь міжнароднымі нормамі права й цалкам недапушчальныя абмежаваньні асноўных грамадзянскіх правоў і свабодаў?
Сапраўды, права на свабоду думкі, сумленьня і рэлігіі, выкладзенае ў арт. 18 Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах (далей МПГПП альбо Міжнародны Пакт) тычыцца права на “свабоду мець альбо прымаць рэлігію ці перакананьні па ўласным выбары ды свабоду вызнаваць сваю рэлігію й перакананьні як адзінаасобна, гэтак і супольна зь іншымі, публічным альбо прыватным чынам …”. Дадаткова ў артыкуле 19 МПГПП вызначаецца права на “свабоднае выказваньне свайго меркаваньня”. “Гэтае права ўлучае свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усялякага роду інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці сродкамі друку ці мастацкіх формаў выказваньня, ці іншымі спосабамі на свой выбар.”

Пры гэтым, у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дадзенае палажэньне фактычна падзяляецца на дзьве часткі:
1) права на свабоду рэлігіі (веравызнаньня), выкладзенае ў арт. 31 і
2) права на “свабоду поглядаў, перакананьняў і іхнае свабоднае выказваньне”, выкладзенае ў арт. 33 Асноўнага Закону.

А права на свабоду рэлігіі ў Канстытуцыі выкладзена ў адпаведнасьці з падобнай часткаю артыкула 18 Міжнароднага Пакту.

Аднак, вельмі важны для дэмакратызацыі грамадзтва арт. 33 Канстытуцыі, якім фактычна прапісанае права на свабоду слова (свабоднае выказваньне меркаваньняў) – выкладзены ў відавочна скарочаным выглядзе. Па сэнсу ён не цалкам адпавядае міжнароднай норме, зь якой гэтае права, фактычна, было адасоблена вылучана.

Так, у параўнаньні з правам на свабоду рэлігіі (арт. 31 Канстытуцыі), права на свабоду меркаваньняў і поглядаў (арт. 33 Канстытуцыі) губляе прапісаную ў Міжнародным Пакце свабоду “мець альбо прымаць … перакананьні па ўласным выбары і свабоду вызнаваць … перакананьні як аднаасобна, гэтак і супольна зь іншымі, публічным альбо прыватным чынам …”, альбо як прапісана ў арт. 31 Канстытуцыі РБ “выказваць і распаўсюджваць перакананьні” (натуральна, у дадзеным выпадку – не зьвязаныя зь рэлігіяй).

І, у выніку, атрымліваецца так, што артыкулам 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь “кожнаму гарантуецца свабода меркаваньняў, перакананьняў і іхнае свабоднае выказваньне.”

Але пры гэтым, тут цалкам зьнікла значная для дадзенага права магчымасьць “вызнаваць перакананьні як аднаасобна, гэтак і супольна зь іншымі, публічным альбо прыватным чынам” (!?) А таксама – фармулёўка, у якой дакладна прадстаўляюцца больш шырокія магчымасьці “выказваць i распаўсюджваць перакананьнi” “асабiста альбо супольна зь iншымi”.

Такім чынам, дадзеная ў арт. 31 магчымасьць “выказваць і распаўсюджваць” рэлігійныя перакананьні, для “свабоды слова” ў арт. 33 выглядае, чамусьці, зусім сьціпла й зводзіцца да магчымасьці проста “свабодна выказваць” уласныя меркаваньні … (!?)

Гэткая розьніца ў фармулёўках у дачыненьні да роўных па статусу асноўных грамадзянскіх правоў (права на свабоду рэлігіі і права на свабоду перакананьняў) пры вызначэньні ступеняў свабоды і шырыні іх публічнага выкарыстаньня, не садзейнічае аднаабразнаму прачытаньню і выкарыстаньню дадзеных нормаў права на практыцы.
І сапраўды відавочна, што тут узьнікае недапушчальная для Закона верагоднасьць зусім адвольнага тлумачэньня сэнсу фармулёўкі – “свабоднае выказваньне”. Можна выказвацца “свабодным шэптам”, зусім моўчкі, выразна пазіраючы вачыма альбо сьціскаючы да болі кулакі у кішэнях …

А можна свабодна распаўсюджваць уласныя меркаваньні, “распаўсюджваць усялякага роду інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова альбо сродкамі друку ці мастацкіх формаў выказваньня, ці іншымі спосабамі па ўласным выбары”, як гэта ўжо прапісана ў МПГПП. Таму, улічваючы ўсім зразумелы на сёньня беларускі кантэкст, тут, цалкам верагодна, маецца сур’ёзнае розначытаньне зь міжнародным стандартам права.

Такім чынам, можна канстатаваць, што нават пры параўнаньні двух артыкулаў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (арт. 31 і арт. 33), якія тычацца адной міжнароднай нормы, прапісанай у арт. 18 МПГПП – можна ўбачыць відавочны адыход ад аднаабразнасьці напісаньня адной і той жа юрыдычнай фармулёўкі. Але, для праўных дакумэнтаў узроўню Закона, тым больш Асноўнага Закону Беларусі, гэта ня можа лічыцца прыймальным.

І ўрэшце, самым важным бачыцца тое, што пасьля падзелу адной міжнароднай нормы права на дзьве пазначаныя вышэй часткі, у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь “права на свабоду поглядаў, перакананьняў i iх свабоднае выказваньне”, раптам, згубіла свой статус імпэратыўнай нормы jus cogens, у дачыненьні да якой не дапускаліся адступленьні, нават, пры ўвядзеньні надзвычайнага становішча ў краіне (!?).
Гэта вынікае з артыкулу 63 Асноўнага Закону, у якім утрымліваецца пералік тых правоў (арт. 24, арт.25 (3), арт. 26, 31 Канстытуцыі), якія нельга абмяжоўваць у самых надзвычайных абставінах.

Як бачым, артыкул 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у гэтым пераліку – проста адсутнічае.

Ён – зьнік! І разам зь ім згубіўся высокі статус права на “свабоду слова”!? Такім чынам, “права на свабоду думак, перакананьняў і іхнае свабоднае выказваньне”, зыходзячы з Беларускай Канстытуцыі, абмяжоўваецца ў звычайным, агульным парадку, які прадугледжаны артыкулам 23.

І вынікае так, што дзеяньне гэтага значнага для кожнага чалавека права ў Беларускіх умовах можна проста часова спыніць (адмяніць), матывуючы гэта нейкімі надзвычанымі абставінамі!?

Але, гэта цалкам супярэчыць міжнародным дамовам і агульна прызнаным прынцыпам міжнароднага права!?

І сапраўды, у Міжнародным Пакце разглядаемы намі артыкул 18, які рэгулюе “права на свабоду перакананьняў” (а таксама “права на свабоду рэлігіі”) – цалкам адносіцца да неабмяжоўваемай у падобных абставінах катэгорыі нормаў права.

Кампэтэнтную падтрымку прыведзенаму заключэньню можна занайсьці і ў адпаведных дакумэнтах ААН.

Напрыклад, у “Заўвагах агульнага парадку, прынятых Камітэтам па правах чалавека ААН у адпаведнасьці з п.4 арт. 40 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах ад 19 траўня 1989 году”, зробленых ва ўводзінах да дакумэнту CCPR/C/21/Rev.1, прысутнічае наўпростае пацьверджаньне правільнасьці прыведзенага вышэй меркаваньня.

Так, у гэтым афіцыйным дакумэнце Камітэту па правах чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, наўпрост адрасаваным дзяржавам-удзельніцам з мэтаю “садзеяньня ў далейшым выкарыстаньні імі Пакту”, адносна арт. 18 Міжнароднага Пакту адзначаецца літаральна наступнае:
“… Права на свабоду думкі, сумленьня і рэлігіі (улучае свабоду перакананьняў), прадугледжанае ў пункце 1 артыкулу 18, ёсьць даволі шырокім і глыбокім; яно ахоплівае свабоду думкі па ўсіх пытаньнях, а таксама погляды чалавека і адданасьць рэлігіі альбо перакананьням, вызнаваемым як адзінаасобна, гэтак і супольна зь іншымі. Камітэт зьвяртае ўвагу дзяржаваў-удзельніцаў на тое, што свабода думкі і свабода сумленьня абараняюцца ў гэткай жа ступені, як і свабода рэлігіі і перакананьняў. Аб асноватворным характары гэтых свабодаў сьведчыць і той факт, што ў адпаведнасьці з пунктам 2 артыкула 4 Пакту нават у пэрыяд надзвычайнага становішча не дапускаецца ніякіх адхіленьняў ад гэтае нормы.”

ВЫСНОВЫ.
БЕЛАРУСЬ ЯК МІЖНАРОДНЫ СУБ’ЕКТ ПРАВА І ВЕРАГОДНЫЯ НАСТУПСТВЫ.

Такім чынам, можна зрабіць выснову аб тым, што дзейсная Беларуская Канстытуцыя ў гэтай частцы неадпавядае палажэньням Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. А права на «свабоду слова і … сумленьня » (свабоднае выказваньне і распаўсюд меркаваньняў … перакананьняў) у палажэньнях Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (33; 63) неправамерна губляе неабходную для нормы права аднаабразнасьць і канкрэтнасьць, пазбаўляецца статусу jus cogens і ў парушэньне арт. 4 (2) і арт.5** Міжнароднага Пакту атрымлівае цалкам неабгрунтаваныя і недапушчальныя дадатковыя абмежаваньні.

У сувязі з гэтым, трэба прызнаць, што зробленыя высновы, фактычна раўназначныя таму, што Беларусь не выконвае ўласныя абавязальніцтвы па поўнай і безумоўнай імплемэнтацыі ў нутранае заканадаўства міжнародных нормаў права адносна грамадзянскіх і палітычных правоў. І гэта ўжо становіцца бачным, нават, на ўзроўні базавага, Канстытуцыйнага прапісаньня юрыдычных фармулёвак, для якіх вызначаны зразумелы і дакладны агульнапрызнаны міжародны стандарт.

А гэта, нажаль, аўтаматычна сьведчыць пра тое, што Беларусь дзейнічае насуперак сваіх міжнародных абавязкаў – не сьпяшаецца прыводзіць нутранае заканадаўства і праваахоўна-судовую практыку ў адпаведнасьць з палажэньнямі прынятых для абавязковага выкананьня міжнародных дамоваў, Міжнароднага Пакту аб грамдзянскіх і палітычных правах і Венскай Канвэнцыі.

То бок, у дадзеным выпадку мае месца парушэньне адзначанага намі прынцыпу pacta sunt servanda Венскай канвэнцыі аб абавязковасьці для краінаў-удзельніцаў палажэньняў падпісаных імі міжнародных дамоваў.

Пасьля прыведзенай аргумэнтацыі, відавочна, падобная сур’ёзная і непрыемная выснова не выглядае нейкай суб’ектыўнай ацэнкаю, а наўпрост вынікае з таго фактычнага матэрыялу, які прадстаўляецца тут у выглядзе палажэньняў дзейсных міжнародных дакумэнтаў і Беларускай Канстытуцыі …

Падаецца, што дадзеная сытуацыя можа быць падставаю, каб казаць пра сыстэмнасьць гэткіх парушэньняў. Канстытуцыя – не просты часовы Ўказ альбо Дэкрэт … Гэта падмурак усяго Заканадаўства. Памылкі альбо недарэчнасьці на гэткім высокім узроўні скрайне дыструктыўна дзейнічаюць на ўзровень нутраных Законаў і саму практыку судавытворчасьці, значна абмяжоўвае магчымасьці ў рэалізацыі грамадзянамі Беларусі вызначаных і зацьверджаных Міжнародным Пактам правоў і свабодаў.

Але сыстэматычныя парушэньні міжнародных абавязальніцтваў у галіне Правоў Чалавека зьяўляюцца ўжо падставаю для ініцыяцыі абсалютна ганебных для любой краіны-ўдзельніцы Міжнароднай дамовы разьбіральніцтваў у Радзе па правах чалавека ААН з усімі вынікаючымі з гэтага скрайне непрыемнымі, негатыўнымі (для краіны-парушальніцы) палітычнымі й эканамічнымі наступствамі.

І гэта – выпрацаваны кансэнсусам краінаў, сябраў ААН, міжнародны мэханізм узаемадзеянья, які пакліканы захаваць прадказальныя і партнэрскія адносіны паміж усімі суб’ектамі міжнароднага права, пакліканы захоўваць мір і прадухіляць любыя праявы агрэсыі паміж імі.

Пры гэтым, варта падкрэсьліць – кожны з грамадзянаў у галіне грамадзянскіх правоў і свабодаў ёсьць асобным, паўнавартасным суб’ектам міжнароднага права. Ягоныя ўзаемадачыненьні з уласнай краінаю таксама знаходзяцца ў рэчышчы і пад аховаю агульнапрызнаных міжнародных стандартаў, адлюстраваных у выпрацаваным і падпісаным краінамі-ўдзельніцамі Міжнародным Пакце.

Як было бачна вышэй, у нашым выпадку, прадметам увагі быў не пошук нейкай сыстэматычнасьці ў парушэньнях і, безумоўна, не агульны аналіз Канстытуцыі РБ, але разгляд выключна акрэсьленай міжнароднай нормы права і ейнага адлюстраваньня ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

У выніку, як падаецца, зробленыя максымальна аб’ектыўныя высновы.

ДАДАТКОВАЕ СУР’ЁЗНАЕ ПЫТАНЬНЕ ДА КАНСТЫТУЦЫІ.
ЦІ АДПАВЯДАЕ СТУПЕНЬ АБМЕЖАВАНЬНЯЎ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА Ў КАНСТЫТУЦЫІ РБ МІЖНАРОДНАМУ СТАНДАРТУ?

Нельга не адзначыць, яшчэ адну вельмі сур’ёзную акалічнасьць у кантэксьце разглядаемай у арт. 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь нормы права.
Так, пры параўнаньні Міжнароднага Пакту і Канстытуцыі было даволі проста заўважыць, што “свабода слова” альбо права на “свабоду перакананьняў” тут, страціўшы свой пачатковы статус нормы jus cogens, атрымала звычайны, больш жорсткі характар абмежаваньняў, рэгулюемы палажэньнем артыкулу 23 Асноўнага Закону.
Аднак пры гэтым, у апошнім, аказваецца, адсутнічае гэткі вызначаны міжнародным правам крытэр для абмежаваньня грамадзянскіх правоў і свабодаў, як “неабходнасьць у дэмакратычным грамадзтве”.

Так, уводзімае дзяржаваю абмежаваньне мусіць мець законныя мэты і быць сувымеральным, абсалютна абгрунтаваным з пункту гледжаньня ягонай “неабходнасьці ў дэмакратычным грамадзтве”.

Натуральна, гэта адразу звужае шкалу верагодных непажаданых для разьвіцьця дэмакратычных правоў і свабодаў абмежаваньняў.

І гэта ёсьць міжнародным стандартам – прызнаным у якасьці абавязковай нормы для ўсіх краінаў-удзельніцаў высокага праўнага пагадненьня, Міжнароднага Пакту.

І ТУТ ВЫСНОВА НЕСУЦЯШАЛЬНАЯ, А ПЭРСПЭКТЫВЫ … !?

У дадзеным кантэксьце прыходзіцца зрабіць даволі сумную выснову і дадаткова да адзначанага канстатаваць наяўнасьць у палажэньнях дзейснай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь недапушчальна распашыраных рамак абмежаваньня для ўсіх прапісаных у Міжнародным Пакце грамадзянскіх і палітычных правоў.

Абсалютна зразумела, што памер абмежаваньня грамадзянскіх правоў і свабодаў без уліку дадзенага крытэру – значна большы за той, які вызначаны міжнародным правам і дамоваю, падпісанай Рэспублікай Беларусь.

І гэта ёсьць – відавочным адхіленьнем ад міжнароднага стандарту ў Беларускім Асноўным Законе.

Уяўляецца, што ва ўмовах зрухаў, напрыклад, да аўтарытарнага праўленьня – памер абмежаваньняў грамадзянскіх і палітычных правоў у грамадзтве, фактычна, пачынае набіжацца да бязконцасьці …

То бок, у падобных умовах зьнікае самы істотны стрымліваючы праўны фактар, які абараняе кожнага грамадзяніна ад парушэньня ягоных правоў і свабодаў. А “кіраваць балем” у судах – пачынае не агульнапрыняты прынцып міжнароднага права і адпавядаючая яму норма, адлюстраваная ў законе, але “ідэалягічная мэтазгоднасьць”.
Яна вельмі зручна сябе адчувае ва ўмовах адсутнасьці зразумелага і аднаабразнага з міжнароднымі нормамі права закону. Ейная спадарожніца – абсалютная намэнклятурная безадказнасьць.

І сапраўды, у падобных умовах асноўныя правы і свабоды чалавека пастаянна ігнаруюцца і ў масавым парадку парушаюцца без аніякіх праўных наступстваў для высокапастаўленых правапарушальнікаў. Праўны мэханізм пачынае “буксаваць” на абсалютна роўным месцы. Сыстэма пачынае працаваць выключна на самазахаваньне. І тут ужо – не да Міжнароднага й Канстытуцыйнага права, не да грамадзянскіх правоў і свабодаў.

Для самазахаваньня – усе спосабы дазволены …

А пэрспэктывы – несуцяшальныя. Праўнае бязьмежжа нараджае супрацьстаяньне і напружанасьць у грамадзтве, дэградацыю нораваў, рост рызыкі, непрадказальнасьці і небясьпекі, падзеньне рэйтынгаў краіны і агульнага жыцьцёвага ўзроўню грамадзянаў …

КАНКРЭТНЫЯ ПРАПАНОВЫ НЕАБХОДНЫХ КАНСТЫТУЦЫЙНЫХ ПРАВАК.

У сувязі з гэтым, улічваючы ўсе прыведзеныя меркаваньні і зробленыя высновы, аўтар лічыць для сябе неабходным зьвярнуць увагу Канстытуцыйнага Суда і Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь на дадзеныя грубыя адхіленьні Канстытуцыйных палажэньняў ад нормаў Міжнароднага права й прапануе ўнесьці адпаведныя сэнсоўныя праўкі ў Асноўны Закон Беларусі.

А менавіта, у выпадку захаваньня ў далейшым існуючага ў Канстытуцыі РБ падзелу нормы права, вызначанай артыкулам 18 Міжнароднага Пакту, на свабоду веравызнаньня (арт. 31 Канстытуцыі РБ) і права на свабоду перакананьняў (арт. 33 Канстытуцыі РБ), узьнікае неабходнасьць унясеньня праўкі ў артыкул 63 Асноўнага Закону Беларусі, дзе прыведзены пералік артыкулаў, якія не падлягаюць абмежаваньням у надзвычайных сытуацыях.

Тут (у арт. 63 Канстытуцыі) абсалютна неабходным бачыцца дадаць у пералік артыкулаў яшчэ і арт. 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Акрамя таго, у артыкуле 23 Канстытуцыі, дзе прыводзяцца законныя крытэры абмежаваньня правоў і свабодаў, неабходна ўвесьці існуючую ў Міжнароднай дамове норму, якая патрабуе, каб уводзімае дзяржаваю абмежаваньне грамадзянскага альбо палітычнага права таксама было цалкам «неабходным у дэмакратычным грамадзтве».

І ўрэшце, бачыцца неабходным зрабіць аднаабразнымі фармулёўкі ў артыкулах 33 і 31, якія тычацца права “свабодна выказваць” альбо “меркаваньні і перакананьні” (у арт. 33), альбо “перакананьні, зьвязаныя з адносінамі да рэлігіі”. Гэтае права мусіць прадугледжваць “свабоду распаўсюджваць” адпаведную “інфармацыю і ідэі вусна, пісьмова ці праз сродкі друку, а таксама праз мастацкія формы выказваньня ці іншымі спосабамі на ўласны выбар”.

Напрыканцы, трэба дадаць, што прэцыдэнтнае міжнароднае права, выпрацавала цалкам дзейсны і аднаабразна ўжываемы ў розных сытуацыях мэханізм ацэнкі законнасьці, дапушчальнасьці і сувымеральнасьці тых абмежаваньняў, якія правамерна могуць накладацца пры рэалізацыі ў грамадзтве тых ці іншых грамадзянскіх правоў і свабодаў.

І прынцып «неабходнасьці ў дэмакратычным грамадзтве», фактычна, зьяўляецца вызначальным.

Гэта яшчэ раз падкрэсьлівае, што любыя адхіленьні ад прынятых за аснову міжнародных крытэраў ацэнкі ступені дапушчальнасьці абмежаваньняў грамадзянскіх правоў і свабодаў, якія істотна звужаюць сфэру іх выкарыстаньня – лічацца недапушчальнымі.

Такім чынам, адзначаныя неадпаведнасьці ёсьць наўпростым парушэньнем арт. 5 (1) Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах у дзейснай Канстытуцыі РБ.
У гэтай норме права адзначаецца, што ніводны суб’ект права не можа прымаць дзеяньні, “скіраваныя на зьнішчэньне любых правоў ці свабодаў, прызнаных у сапраўдным Пакце, ці на абмежаваньне іх у большым памеры, чым прадугледжваецца ў сапраўдным Пакце.”

ЗАКЛЮЧНАЕ ПАДСУМАВАНЬНЕ.
НЕАБХОДНАСЬЦЬ ІНІЦЫАЦЫІ КАНСТЫТУЦЫЙНАЕ СКАРГІ.

У сувязі з усім адзначаным, падаецца, многія апанэнты, якія па рознаму ацэньвалі палажэньні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, худчэй пагадзяцца з прапановаю прывесьці Асноўны Закон РБ у поўную і абсалютна неабходную адпаведнасьць з міжнароднымі нормамі права.

Аўтар упэўнены, што агучаныя ім прапановы па ўнясеньні правак у палажэньні дзейснай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь бязспрэчна неабходныя і заклікае адказных дзяржаўных асобаў, суб’ектаў права з адпаведнымі паўнамоцтвамі, прафэсіяналаў права й праваабаронцаў зьвярнуць увагу на адзначаныя пытаньні й публічна выказваць свае меркаваньні па акрэсьленай у артыкуле праблеме.

Безумоўна, Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь – не дасканалая і ў будучым нас, худчэй за ўсё, чакае Канстытуцыйная рэформа.

Беларусь мусіць ісьці шляхам разьвіццья, а значыцца і шляхам пакрокавых і асэнсаваных дэмакратычных пераменаў. У гэтым – зацікаўленасьць кожнага з нас як грамадзянаў і патрыётаў сваёй Бацькаўшчыны, нашая вера ў велізарны стваральны патэнцыял свайго народу.

У любым выпадку, карыстаючыся правам грамадзянскай ініцыятывы й дадзенай міжнародным і канстытуцыйным правам магчымасьці як паўнавартасны суб’ект міжнародных адносінаў у галіне правоў чалавека, аўтар будзе ініцыяваць разгляд дадзенага пытаньня у Канстытуцыйным Судзе і Парлямэнце Рэспублікі Беларусь з мэтаю прывядзеньня Асноўнага Закону Беларусі ў поўную адпаведнасьць з нормамі міжнароднага права, адзначанымі ў Міжнародным Пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах.

ДАБРАСУМЛЕННАСЬЦЬ І ПРАДКАЗАЛЬНАСЬЦЬ – ПАД ПЫТАНЬНЕМ!
А ПЕРАГЛЯД АДЗНАЧАНЫХ ПАЛАЖЭНЬНЯЎ КАНСТЫТУЦЫІ …?

Ад волі і прафэсійнай годнасьці прадстаўнікоў Канстытуцыйнага Суда РБ, Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Беларусі, іншых суб’ектаў права, маючых права на канстытуцыйны зварот, ад іхняга жаданьня бачыць Беларусь у супольнасьці цывілізаваных (праўных і дэмакратычных) краінаў сьвету залежыць, як хутка адбудзецца перагляд адзначаных артыкулаў Канстытуцыі РБ і прывядзеньне іх у поўную адпаведнасьць зь міжнароднымі стандартамі, вызначанымі ў міжнародных дамовах.

У наўпростай залежнасьці ад гэтага імкненьня трымаць уласнае слова і выконваць міжнародныя дамоўленасьці знаходзіцца сёньня аўтарытэт Беларусі, ейныя кантакты і інвэстыцыйныя пэрспэктывы.

Асэнсаваньне гэтай відавочнай, актуальнай сёньня для краіны неабходнасьці – здольнае паскорыць перагляд адзначаных у артыкуле палажэньняў Канстытуцыі Беларусь. Гэта, безумоўна, будзе спрыяць росту ейнага аўтарытэту і інвэстыцыйнай прывабнасьці.

Моцнай і квітнеючай незалежная Беларусь можа стаць толькі ў супольнасьці цывілізаваных і надзейных міжнародных партнэраў, у сяброўстве з суседнімі краінамі і ва ўмовах грамадзянскага міру і згоды.

Дабрасумленнасьць і прадказальнасьць – залатыя якасьці не толькі ў міжнародным партнэрстве. Але гэтыя якасьці – адлюстраваньне самапавагі, праўнай культуры і сумленных адносінаў дзяржавы да ўласных грамадзянаў.

Там, дзе працуюць зразумелыя кожнаму й прадказальныя законы, пакліканыя эфэктыўна рэгуляваць прынятыя нормы права, дзе Канстытуцыя – не дэклярацыя аб намерах, але Асноўны Закон імпэратыўнага дзеяньня, а ейныя палажэньні цалкам адпавядаюць міжнародным дамовам і стандартам – там нараджаецца праўная й дэмакратычная супольнасьць сапраўды свабодных і годных людзей, якія здольныя ствараць мірную і счаслівую гісторыю для ўласных нашчадкаў.

05.09.2007г.
Аляксей Лапіцкі,
Жодзіна.
________________________________________________________________________________________________ См. Даклад Камітэту па правах чалавека, Афіцыйныя справаздачы Генэральнай Асамблеі, трыццаць шостая сэсія, Дапаўненьне № 40 (А/36/40), дадатак VII.

Матэрыялы, выкарыстаныя для напісаньня артыкулу:
1) Канстытуцыя РБ;
2) Міжнародны Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах;
3) Венская Канвэнцыя;
4) Заўвагі агульнага характару Камітэту па правах чалавека ААН.

Цэтлікі: , ,

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>