Не забірай жыцьцё!
2014 13/09

Новыя хады ў працэсе імплемэнтацыі міжнародных стандартаў права на мірныя сходы ў нацыянальнае заканадаўства і практыку варта шукаць у кірунку актуалізацыі нутраных мэханізмаў удасканальваньня заканадаўства. Такім мэханізмам у цяперашні час можа стаць індывідуальны зварот у Кантытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у мэтах выпраўленьня прабелаў, аднаўленьня праўнай вызначанасьці ды ліквідацыі адпаведных калізіяў (гл. прапанаваны мэдат юрыста БГК Гары Паганяйлы).

Бо пакрысе намаганьнямі беларускіх праваабаронцаў выяўляецца бязглуздасьць і неправамернасьць сыстэмы забаронаў, якая прывяла да фактычнага мараторыя з боку ўладаў на выкарыстаньне грамадзянамі Беларусі сваіх неад’емных канcтытуцыйных правоў і свабодаў, права на мірныя сходы, выказваньне меркаваньняў, пошук і распаўсюд інфармацыі, права быць абраным і абіраць на свабодных і дэмакратычных выбарах … А як называецца грамадзтва, у якім гэта ўсё адсутнічае?! І ці зьяўляюцца насамрэч грамадзянамі ўсе тыя, у каго асноўныя грамадзянскія правы й свабоды практычна адабраныя?

Пытаньні, канешне, рытарычныя. Але яны дазваляюць задумацца пра стан з піравамі чалавека ў краіне, якая зьяўляецца сябрам ААН і знаходзіцца ў самым сэрцы адданай эўрапейскім каштоўнасьцям Эўропы.

Мясцовыя парадкі, безумоўна, трэба адмяняць.

Яны прыдуманыя не для садзеяньня ў рэалізацыі права, а зусім наадварот.

Дасягнуць дадзенай задачы можна толькі, даказаўшы іхную праўную неабгрунтаванасьць у дачыненьні да такой практычна не акрэсьленай у Законе катэгорыі масавых мерапрыемстваў, як “мірныя сходы”.

Відавочна, прыйшоў час каб, карыстаючыся новымі магчымасьцямі індывідуальнага звароту ў КС Рэспублікі Беларусь, паставіць перад Канстытуцыйным судом пытаньні адсутнасьці належнай “праўнай вызначанасьці” ў Законе і адпаведных падзаконных актах для таго, каб ясна й недвухсэнсоўна імплемэнтаваць у нацыянальнае заканадаўства патрабаваньні канстытуцыйных імпэратыўных нормаў права, датычных рэалізацыі права на свабоду мірных сходаў грамадзянаў. Дадзеная праблема наўпрост закранутая ў п.п. 103, 104 … закючэньня Венэцыянскай камісіі (гл. дадатак) адносна неабходнасьці прывядзеньня да міжнародных і канстытуцыйных стандартаў беларускага спэцыялізаванага Закону “Аб масавых мерапрыемствах”.

І мне падаецца, што тут вельмі важна ўсім заяўнікам і суб’ектам абароны правоў на свабоду мірных сходаў улічваць наступныя дзьве важныя рэчы.

“Мясцовыя парадкі”, якія абавязваюць заяўнікоў “мірных сходаў” далучаць да сваіх заявак платныя дамовы на паслугі з бюджэтнымі ўстановамі ігнаруюць, як мінімум тое, што:

1) заяўнікі “мірных сходаў”, звычайныя грамадзяне, актывісты непрыбытковых арганізацыяў, могуць і абавязаныя атрымліваць адпаведныя паслугі на агульных умовах (безаплатна ці безкаштоўна), але сваімі патрабаваньнямі ўлады прымушаюць іх адмовіцца ад часткі сваіх неад’емных канстытуцыйных правоў і заключаць платныя дамовы, якія правамерныя толькі для заяўнікоў “іншых масавых мерапрыемстваў” (прабытковых – спартовых, культурна-масавых, відовішчных…)(!);

2) гэтыя дамовы па аказаньні “дадатковых спэцыяльных паслугаў” дадзеныя ўстановы адпаведна ўласнай практыкі ды актуальнай для іхнай дзейнасьці праўнай дакумэнтацыі маюць права заключаць толькі на камэрцыйных умовах і па камэрцыйных расцэнках.

Адсюль вынікае, што патрабуемыя ўладамі ад арганізатараў дамовы з арганізацыйных і праўных момантаў зусім непрыдатныя для арганізацыі правядзеньня замаўляемых “мірных сходаў” (пікетаў, мітынгаў…, тым больш колькасьцю ўдзельнікаў да 1000 чал.), але дастаткова актуальныя менавіта для падрыхтоўкі правядзеньня ці арганізацыі “іншых масавых мерапрыемстваў” (ярмарак, спартовых і відовішчных, культурна-масавых гарадзкіх мерапрыемстваў прыбытковага характару…).

Як раз гэтыя супярэчнасьці выяўляюцца пры спробах заяўнікоў “мірных сходаў” паказальна заключыць платныя дамовы з арганізацыямі, якія па сваіх функцыянальных абавязках абавязаныя прадстаўляць такія паслугі (не спэцыяльныя й не дадатковыя) на агульных пачатках, зусім без аніякіх дамоваў, без нелягічных, неабаснаваных і відавочна надуманых выдаткаў, а таксама – адпаведных плацяжоў.

Дадзеныя патрабаваньні ўладаў выходзяць за межы іхнай кампэтэнцыі нават вызначанай дзейсным Законам Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах” па вызначэньні “парадку аплаты” за выдаткі напрацягу 10 дзён пасьля правядзеньня мерапрыемства.

Падобныя патрабаваньні ўладаў супярэчаць “парадку падачы заяўкі” на правядзеньне масавых мерапрыемстваў, вызначанаму п.5 таго ж Закону, які мае вычарпальны пералік дакумэнтаў неабходных і дастатковых для падачы адпаведнай заяўкі.

Такім чынам, патрабаваньне ўладаў прыкладаць да заявак на “мірныя сходы” ў выканкамы копіі ўжо заключаных (фактычна платных, камэрцыйных дамоваў) супярэчыць закону ды імпэратыўным нормам права (Канстытуцыі, МПГіПП…) і зьяўляецца прымусам заключаць “камэрцыйныя дамовы далучэньня”, пры падпісаньні якіх грамазяне вымушаныя адмаўляцца ад часткі сваіх неад’емных грамадзянскіх правоў і свабодаў, а таксама тых “дзяржаўных гарантыяў” і “пазытыўных абавязкаў дзяржавы” па рэалізацыі права на “мірныя сходы”, якія наўпрост вынікаюць з сутнасьці арт. 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

ДАДАТКІ:

Заключэньне No: FOA‐BEL/201/2012 Эўрапейскай камісіі за дэмакратыю праз права (ВЕНЭЦЫЯНСКАЯ КАМІСІЯ)… па Законе “Аб масавых мерапрыемствах Рэспублікі Беларусь”, прынята на 90‐м плянарным паседжаньні (Венэцыя, 16‐17 сакавіка 2012) – рас.

Аляксей Лапіцкі
спэцыяльна для рэдакцыі
Беларускага Праўнага Парталу,
www.prava-by.info

На фота – Аляксей Лапіцкі, у Менску (2014г.)

Фота: А.Лапіцкага пры дапамозе С.Лапіцкай

 

 

 

Цэтлікі: , , , , , , , ,

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>