2014 04/11

У Менску 2 лістападу прайшла традыцыйная акцыя да Дня памяці продкаў – «Дзяды – 2014», якая ўлучае шэсьце й мітынг. Мерапрыемства было арганізаванае Кансэрватыўна-хрысціянскай партыяй БНФ.

Яго фармат, зацьверджаны Мінгарвыканкамам, улучаў у сябе збор удзельнікаў каля будынку Менскага гадзіньнікавага заводу, шэсьце ў Курапаты па маршруце: пр-т Незалежнасьці – вул. Каліноўскага – вул. Сівых – вул. Карбышава – вул. Гамарніку – вул. Мірашнічэнкі – Менская кальцавая дарога ды мітынг у Курапатах. Заяўленыя часовыя рамкі – з 10-30 па 17-00.

Назіральнікамі ад Праваабарончага цэнтру “Вясна” і РПГА “Беларускі Гэльсынскі Камітэт” зьдзяйсьняўся маніторынг ходы масавага мерапрыемства. Група назіральнікаў складалася з 13 чалавек, пазначаных бэйджамі ды камізэлькамі сіняга колеру. У ходзе маніторынгу запаўняліся ўніфікаваныя карты назіраньня. Задачамі маніторынгу зьяўляліся:
– фіксацыя важных элемэнтаў шэсьця й мітынгу, якія ў сваёй сукупнасьці дазваляюць ахарактарызаваць масавае мерапрыемства як мірнае альбо нямірнае;
– зафіксаваць ўмяшаньне ў ажыцьцяўленьне права на свабоду мірных сходаў з боку трэціх асобаў;
– даць ацэнку дзеяньням ўпаўнаважаных ворганаў па падтрыманьні бясьпекі падчас масавага мерапрыемства;
– выпрацаваць рэкамэндацыі для прадстаўнікоў дзяржаўных ворганаў, а таксама арганізатараў мерапрыемства.

Агульныя высновы

Сабраныя дадзеныя дазваляюць ацэньваць мерапрыемства як тое, што носіць мірны характар[1] цягам усяго сходу.
Можна пазытыўна адзначыць дзеяньні супрацоўнікаў ДПС па забеспячэньні руху калёны праз перакрыжаваньні па маршруце шэсьця. Таксама мы вітаем прысутнасьць адмыслова пазначаных супрацоўнікаў інфармацыйнай службы міліцыі.
Разам з тым, захоўваюцца праблемы ў працы міліцыі па забесьпячэньні грамадзкага парадку падчас масавага мерапрыемства. Мелі месца ўмяшаньні ў свабоду мірных сходаў, а менавіта безпадстаўныя затрыманьні ўдзельнікаў, якія варта ацэньваць як неправамерныя й адвольныя.

Па-ранейшаму занепакоенасьць выклікае немагчымасьць ідэнтыфікаваць супрацоўнікаў праваахоўных ворганаў як такіх з-за адсутнасьці форменнай вопраткі, а таксама ідэнтыфікацыйных картак на супрацоўніках ў форме.

Тут жа адзначым і немагчымасьць ідэнтыфікацыі службовых аўтамабіляў, якія выкарыстоўваліся праваахоўнымі ворганамі, а таксама адсутнасьць машыны хуткай дапамогі па маршруце масавага мерапрыемства.

Пры такіх абставінах маюцца сумненьні ў магчымасьці міліцыі адэкватна выконваць ускладзеную на іх функцыю абароны грамадзкага парадку, паколькі ўдзельнікі ў выпадку неабходнасьці ня будуць ведаць, да каго зьвярнуцца па дапамогу. Акрамя таго, немагчымасьць ідэнтыфікацыі міліцыянтаў стварае пагрозу злоўжываньняў зь іхнага боку.

Да таго ж варта адзначыць, што рэгуляваньне парадку правядзеньня масавых сходаў у Беларусі, замацаванае Законам “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” ад 30 сьнежня 1997 году (у рэдакцыі ад 08.11.2011), супярэчыць міжнародным стандартам. У сумесным заключэньні Венэцыянскай камісіі і БДІПЧ/АБСЭ (CDL-AD (2012) 006) адзначана: “Закон аб масавых мерапрыемствах характарызуецца падрабязным празмерным рэгуляваннем працэдурных аспэктаў правядзеньня сходаў. Закон стварае складаную працэдуру захаваньня жорсткай і працаёмкай працэдуры атрыманьня дазволу, у той жа час пакідаючы большую свабоду дзеяньняў адміністрацыйным ворганам для прымяненьня Закону. Гэтая працэдура не адлюстроўвае пазытыўнае абавязальніцтва дзяржавы забясьпечваць і заахвочваць ажыцьцяўленьне права на свабоду мірных сходаў і на свабоду выказваньня меркаваньняў”. Акрамя таго, Камітэт па Правах Чалавека ААН неаднаразова адзначаў парушэньні права на свабоду мірных сходаў з боку Беларусі (арт.21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах).

Ход сходу

Часовыя рамкі, фармат і маршрут акцыі адпавядалі заяўленым. Ацэначная колькасьць удзельнікаў у розныя пэрыяды мерапрыемствы складала ад 240 да 400 чалавек.

Умовы працы назіральнікаў. Адзначаныя перашкоды ў працы назіральнікаў: міліцыянт без тлумачэньня прычынаў і не прадставіўшысь спрабаваў вывесьці назіральніка з пераходу станцыі мэтро «Парк Чалюскінцаў». Падчас спробы затрыманьня ўдзельніка акцыі міліцыянты перашкаджалі фатаграфаваць. Камунікацыя з прадстаўнікамі праваахоўных ворганаў насіла супярэчлівы характар​​. Адзначана, што яны ішлі на кантакт з назіральнікамі й прад’яўлялі службовыя пасьведчаньні, але звычайна не прадстаўлялі канкрэтную статыстычную і сэнсавую інфармацыю.

Умовы працы назіральнікаў. Адзначаныя перашкоды ў працы назіральнікаў: міліцыянт без тлумачэньня прычынаў і не прадставіўшысь спрабаваў вывесьці назіральніка з пераходу станцыі мэтро «Парк Чалюскінцаў». Падчас спробы затрыманьня ўдзельніка акцыі міліцыянты перашкаджалі фатаграфаваць. Камунікацыя з прадстаўнікамі праваахоўных ворганаў насіла супярэчлівы характар​​. Адзначана, што яны ішлі на кантакт з назіральнікамі і прад’яўлялі службовыя пасведчаньні, але звычайна не прадстаўлялі канкрэтную статыстычную й сэнсавую інфармацыю.

Умовы працы СМІ — перашкоды не зафіксаваныя.

Дзеяньні арганізатараў

Арганізатары пазначаныя бэйджамі. Меліся прадстаўнікі дружыны, пазначаныя бел-чырвона-белай павязкай на рукаве альбо камізэлькай аранжавага колеру. Паводле інфармацыі арганізатараў, было каля 20 дружыннікаў, якія выконвалі функцыі назіраньня за ходам шэсьця, арганізацыі пераходу калёны праз праезную частку, ўзаемадзеяньня з супрацоўнікамі ДПС.

Дзеяньні ўдзельнікаў

Выпадкаў гвалтоўных дзеяньняў з боку ўдзельнікаў мерапрыемства не зафіксавана. Удзельнікі выконвалі патрабаваньні арганізатараў і супрацоўнікаў праваахоўных ворганаў. Удзельнікі выкарыстоўвалі наступныя лёзунгі: «Жыве Беларусь», «Путин – х…о», «Слава Украіне – героям слава», «Путин – плохой», «Вера, партыя, дзяржава», «Слава змагарам», «Слава нацыі – сьмерць ворагам», «Разам і назаўжды”, «Верым, можам, пераможам», сьпявалі песьні.
Выкарыстоўваліся плякаты й транспаранты з наступнымі тэкстамі: “Дзяды”, “Ушануем память продкау”, “Абаронім Беларусь ад расейскага імпэрыялізму», “Дзяды – память бальшавіцкім ахвярам”, “Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя – БНФ”, “Ушануем ахвяраў Курапатаў», «Маці Літвы, маліся за нас» (на латыні). Прысутнічалі бела-чырвона-белыя сьцягі, сьцягі Украіны, сымболіка БХД, БНФ, Маладога Фронту, Маладой Беларусі.

Кароткі зьмест выступаў на мітынгу: чытаньне ліста Зянона Пазняка пра тое, як шанаваць памяць ахвяраў Курапатаў; гісторыя адкрыцьця Курапатаў; заклікі да шанаваньня беларускай мовы; тэзісы пра небясьпеку расейскага імпэрыялізму; агрэсія супраць Украіны; русыфікацыя культуры, тэзіс «моладзь, якая размаўляе па-расейску – падтрымлівае акупацыю”; пра абавязкі кожнага бараніць краіну; пра непатрэбнасьць расейскіх вайсковых базаў.

Арганізацыя працы праваахоўных ворганаў

Ацэначная колькасьць супрацоўнікаў праваахоўных ворганаў: людзі ў форме з надпісам «міліцыя» – да 10 чалавек, людзі ў форме з надпісам «АМАП» – 4 чалавекі, супрацоўнікі ДАІ – да 10 чалавек, супраўнікі ў цывільным (з навушнікамі, мікрафонамі, рацыямі, якія суправаджалі калёну ўдзельнікаў) – да 40 чалавек. Ідэнтыфікаваць міліцыянтаў немагчыма з-за адсутнасьці бэйджаў.

Адзначаны намаганьні супрацоўнікаў ДПС па забесьпячэньні безперашкоднага руху калёны па маршруце шэсьця. Так, на адным з участкаў часова прыбралі металічны забор, каб людзі маглі прайсьці па праезнай частцы, на некаторых перакрыжаваньнях перакрывалі рух аўтатранспарту, каб даць прайсьці калёне.

Тым ня менш, у іншых выпадках дарогу не перакрывалі, і калёна аказвалася раздзеленай.
Падчас усяго мерапрыемства за калёнаю ехалі аўтамабілі, якія па меркаваньнях адносяцца да праваахоўных ворганаў, але могуць быць ідэнтыфікаваныя як такія толькі па наяўнасьці відэакамэраў, па міліцыянтах, якія выходзяць зь іх і заходзяць у іх, ды інш. Гэты транспарт ня меў ані спэцыяльных намерных знакаў, ані спэцыяльнае расфарбоўкі ці прабліскавых маячкоў, таксама заехаў на паркавую зону да ўваходу да мэмарыялу Курапаты.

Затрыманьні

Былі зафіксаваны некалькі затрыманьняў.
1) Першае адбылося на станцыі мэтро «Усход», калі двое ўдзельнікаў масавага мерапрыемства сыходзілі з шэсьця й былі затрыманыя супрацоўнікамі міліцыі у мэтро «для праверкі на наяўнасьць незарэгістраванай сымболікі», але пасьля размовы маладых людзей адпусьцілі.
2) Падчас шэсьця каля вул. Мірашнічэнкі, 14 адбыўся яшчэ адзін выпадак: хлопец пачаў крычаць: “дзе сапраўдныя сьцягі, чырвона-зялёныя?”, арганізатары зьвярнуліся да міліцыянтаў і папрасілі яго адвесьці. Разам зь міліцыяй гэты малады чалавек прайшоў у машыну без апазнавальных знакаў.

3) Пасьля сканчэньня мітынгу на выхадзе з Курапатаў была спроба людзей у цывільным затрымаць жанчыну й маладога хлопца, якія несьлі да гэтага укараінскія сьцягі. Назіральнікі адзначылі слоўную агрэсію ў адрас гэтых людзей з боку асобаў у цывільным, а таксама прымяненьне гвалту, сілавая спроба пасадзіць жанчыну ў мікрааўтобус без спэцыяльнай расфарбоўкі. Фатографа ад назіральнікаў, які здымаў затрыманьне, міліцыянты адціснулі. Усю гэтую сцэну назіралі два супрацоўніка міліцыі ў форме й не прадпрыймалі спробаў да ўмяшальніцтва.
4) Пасьля сканчэньня мітынгу ў раёне Камароўскага рынку быў затрыманы ўдзельнік акцыі Аляксей Дварэцкі. Ён быў дастаўлены ў РУУС Савецкага раёну, дзе супрацоўнікі міліцыі правакавалі затрыманага да агрэсіі, пагражалі, аднак адпусьцілі праз 2 гадзіны з канфіскаваньнем сьцягоў, улётак і стужак без складаньня пратаколаў выманьня.

Арганізацыя мэдычнае дапамогі

Машына хуткай мэдычнай дапамогі не суправаджала калёну ўдзельнікаў мерапрыемства.

Рэкамэндацыі

Супрацоўнікам праваахоўных ворганаў.
– Спыніць сыстэматычную практыку адвольных затрыманьняў удзельнікаў мірных сходаў.
– Пры руху калёны праз перакрыжаваньні супрацоўнікам ДПС прыпыняць рух транспарту на час, неабходны для праходу ўсёй калёны ўдзельнікаў масавага мерапрыемства.
– Няўхільна выконваць патрабаваньні артыкулу 5 Закону Рэспублікі Беларусь «Аб  ворганах нутреных справаў», згодна зь якой «дзейнасьць ворганаў нутраных справаў зьяўляецца адкрытай», і ажыцяўляць ахову грамадзкага парадку падчас масавых мерапрыемстваў у форменай вопратцы, а таксама быць абазначанымі ідэнтыфікацыйнымі карткамі (бэйджамі). Службовыя аўтамабілі таксама павінны быць абазначаныя адпаведным чынам.
– Арганізаваць суправаджэньне абазначанай мэдычнай дапамогі.

Суб’ектам, якім належыць права заканадаўчай ініцыятывы:
– ініцыяваць зьмены ў заканадаўства з мэтай прывядзеньня ў адпаведнасьць зь міжнароднымі стандартамі ў галіне мірных сходаў.

[1] Згодна з “Кіруючымі прынцыпамі АБСЭ па свабоде сходаў сходаў” сход неабходна кваліфікаваць як мірны, калі ягоныя арганізатары маюць мірныя намеры (http://www.osce.org/ru/odihr/24524?download=true)

Паводле spring96.org і Lićviny-INFA
Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА,
Беларускі Праўны Партал,
www.prava-by.infa

На галоўным фота – удзельніца грамадзкага маніторынгу, Юля Калодкіна
Фота: А.Лапіцкі, Lićviny-INFA

Цэтлікі: , , , , ,

2 thoughts on “Справаздача па маніторынгу мерапрыемства «Дзяды — 2014» (новыя фоты з акцыі)”

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>