2014 14/11

Amnesty International глыбока занепакоеная тым, што асуджанаму да сьмерці Эдуарду Лыкаву ў Беларусі пагражае непазбежнае пакараньне ьсмерцю.

ПРОСЬБА АБ ТЭРМІНОВЫХ ДЗЕЯНЬНЯХ
11 лістападу 2014

Amnesty International глыбока занепакоеная тым, што асуджанаму да сьмерці Эдуарду Лыкаву ў Беларусі пагражае непазбежнае пакараньне сьмерцю.

Эдуард Лыкаў быў прызнаны вінаватым і прысуджаны да сьмяротнага пакараньня 26 лістападу 2011 году Менскім абласным судом за пяць забойстваў, учыненых у 2002, 2004 і 2011 гадах. Ён быў затрыманы ў верасьні 2011 году пасьля пятага забойства ў вёсцы Ждановічы, непадалёку ад Менску. Інфармацыя аб пакараньні яго сьмерцю была агучаная толькі 20 сьнежня 2011 году. Паводле афіцыйных крыніцаў, ён быў бяздомным і ўжо адбыў некалькі тэрмінаў турэмнага зьняволення за крадзяжы, хуліганства і нявыплату алімэнтаў.

Пасьля нядаўняга паведамленьня аб выкананьні сьмяротнага прысуда ў дачыненьні да Аляксандра Грунова ў пачатку лістападу, мясцовыя праваабаронцы паведамілі Amnesty International аб узрастаньні рызыкі, што Эдуард Лыкаў таксама будзе пакараны сьмерцю, паколькі прысуды часта выконваюцца адзін за адным без папярэдняга паведамленьня.

Пасьля 24 месяцаў, на працягу якіх не выконваліся сьмяротныя прысуды, у 2014 годзе ў Беларусі ўжо былі пакараныя сьмерцю трое зьняволеных. Як мяркуюць Рыгор Юзэпчук і Павал Селюн былі расстраляныя сёлета ў красавіку.

Калі ласка, напішыце неадкладна на беларускай, расейсуай або сваёй роднай мове, заклік да ўлады:

– неадкладна замяніць сьмяротны прысуд Эдуарду Лыкаву на тэрмін зьняволеньня;

– неадкладна аб’явіць афіцыйны мараторый на выкананьне ўсіх сьмяротных прысудаў з мэтай адмены сьмяротнага пакараньня ў Беларусі;

– забясьпечыць грамадзкі доступ да поўнай бягучай інфармацыі аб ужываньні сьмяротнага пакараньня ў Беларусі, а таксама поўны доступ сям’і ды адвакатаў да зьняволеных і зьвестак аб іхных справах.

Калі ласка, адпраўце зварот да 23 сьнежня 2014 г.:

Прэзыдэнту Аляксандру Лукашэнку
Вул. Карла Маркса, 38
220016, Менск, Беларусь
Факс: +375 17226 10
+375 17 222 38 72
E-mail: contact@president.gov.by
Зварот: Паважаны Прэзыдэнт

Генэральнаму пракурору
Аляксандру Канюку
Вул. Інтэрнацыянальная, 22
220050, Менск, Беларусь
Факс: +375 17226 42 52 (выразна скажыце “факс” калі пачуеце голас у слухаўцы)
E-mail: info@prokuratura.gov.by
Зварот: Паважаны генэральны пракурор

Таксама накіруйце копіі ліста ў дыпламатычныя прадстаўніцтвы ў вашай краіне. Калі ласка, праверце інфармацыю ў мясцовым прадстаўніцтве пры высылцы звароту пазьней за пазначаную дату.

Дадатковыя зьвесткі

Пасьля 24 месяцаў, на працягу якіх не выконваліся сьмяротныя прысуды, Беларусь ужо пакарала сьмерцю трох зьняволеных у 2014 годзе. Пры гэтым, Беларусь застаецца адзінай краінаю, што практыкуе сьмяротную кару, ва ўсёй Эўропе й Цэнтральнай Азіі, і ігнаруе ня толькі свае абавязкі ў галіне правоў чалавека, але й ясную рэгіянальную й глябальную тэндэнцыю да адмены сьмяротнага пакараньня. Amnesty International зноў заклікае Беларусь увесьці неадкладны мараторый на сьмяротнае пакараньне ды замяніць усе існуючыя сьмяротныя прысуды ў якасьці першага кроку да яго поўнай адмены.

У Беларусі сьмяротныя прысуды выконваюцца ў строгай сакрэтнасьці без належнага апавяшчэньня вязьняў, іхных сем’яў ды іх законных прадстаўнікоў. Асуджаных вязьняў не папярэджваюць пра хуткае выкананьне прысуду: замест таго, вязьня выводзяць з камэры, кажуць, што ягонае хадайніцтва аба памілаваньні было адхіленае, а потым ставяць на калені й страляюць у патыліцу. Іхным сем’ям паведамляюць аб выкананьні прысуду праз некалькі дзён або нават тыдняў пасьля забойства.

Крымінальна-выканаўчы кодэкс дазваляе ўладам ня толькі адмаўляць у выдачы целаў пакараных іхным сем’ям, але нават не паведамляць ім пра месца пахаваньня. У кастрычніку 2013 году, Адмысловы дакладчык ААН па становішчы правоў чалавека ў Беларусі заявіў: “Тое, як сьмяротнае пакараньне ажыцьцяўляецца ў Беларусі, ёсьць бесчалавечным абыходжаньнем”.

One thought on “Беларусь павінна спыніць непазбежнае пакараньне сьмерцю”

  1. Ales˙ says:

    Але страляюць яны, як і стралялі …((
    Крыху суцяшае, што няма праф-спаборніцтваў ды “сацыялістычных пяцігадовых плянаў” у турэмнікаў, сьледчых ды пракурораў … Няўжо нельга спыніцца, спыніць карную машыну? Каты застануцца без працы ці згубяць прафпрыдатнасьць без сьмяротнага пакараньня…?!

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>