2014 20/11

Новая скарга, дасланая ў Жодзінскі гарадзкі суд Аляксеем Лапіцкім і Сьвятланай Лапіцкай 17.11.2014 году.

Дадзеная дадатковая скарга па справе аб забароне пікетаваньня 04 жніўня 2014 году у Жодзіне, як і пачатковая, тычыцца неправамерных дзеяньняў кіраўніцтва Жодзінскага выканкаму, ГАЎС, Гарадзкой лякарні, АЖКГ, Галоўпаштампту …, а таксама ўжо і іншых верагодных правапарушальнікаў, з-за дзеяньняў (бязьдзеяньня) якіх заяўнікі не здолелі рэалізаваць сваё Канстытуцыйнае права на мірныя сходы і свабоду выказваньня меркаванья.

Гэта адбылося з-за таго, што заяўнікі плянуемага пікетаваньня ў выніку атрымалі забарону мясцовых уладаў на прыцягненьне грамадзкай увагі да праблемы наяўнасьці палітзьняволеных у Беларусі ды асуджанага на 6 год пазбаўленьня волі экскандыдата ў Прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь Мікалая Статкевіча, а таксама на выказваньне пратэсту супраць вайсковай расейскай агрэсіі ва Ўкраіне шляхам пікетаваньня.

У выніку не былі атрыманыя сваечасовыя адказы, у тым ліку на звароты ўжо ў межах дасудовага абскарджваньня (і на мове звароту), неабходны дазвол на правядзеньне пікетаваньня, пісьмовы адказ з выканкаму на заяву пікетваньня, а таксама патрабуемыя мясцовымі ўладамі дамовы (у тым ліку на ўмовах заяўнікоў).

Як адзначае адзін з удзельінкаў судовага працэсу, які быў спынены 17.09.2014г. пасьля прыватнага вызначэньня судзьдзі Т.Трапашкі, праваабаронца Аляксей Лапіцкі, “пасьля прыватнага вызначэньня Жодзінскага суду аб спыненьні разгляду справы аб забароне пікетавньня 04 жніўня 2014 году з-за непраходжаньня працэдуры дасудовага абскарджваньня дзеяньняў (бязьдзеяньня) службовых асобаў (!?), а таксама адмове гэтым жа вызначэньнем разгляду пытаньня аб неправамернасьці патрабваньняў Жодзінскага выканкаму аб заключэньні платных дамоваў перад падачай заяўкі на пікетаваньне (Рэд: гл. дакумэнты ў матэрыяле) – на нашым шляху сёньня зьявіліся яшчэ й іншыя правапарушальнікі.

У месячны тэрмін і на сёньняшні дзень на нашыя звароты ад 07.10.2014 ды 16-17.10.2014 не адказалі Жодзінскі выканкам, Менаблвыканкам і Упраўленьне ЖКГ Менаблвыканкаму. Такім чынам, вал з парушэньняў толькі павялічваецца й прапанаваная судом абсурдная дасудовая працэдура ў нашых умовах відавочна дае збоі – яна толькі ўскладняе разьбіральніцтва ды стварае перашкоды для выяўленьня і судовага пакараньня вінаватых у парушэньні нашых грамадзянскіх правоў і свабодаў.

Пры гэтым, на прыватнае вызначэньне суду, як і на выніковае рашэньне Жодзінскага суду (якія выносіліся разам 17.09.2014г.) – намі раней сваечасова былі пададзены папярэднія скаргі, прыватная і касацыйная адпаведна. Запусьціць паўнавартасную працэдуру абскарджваньня ў Менскім абласным судзе ў такіх умовах практычна немагчыма з-за таго, што ў матэрыялах справы дагэтуль адсутнічаюць пратаколы, неабходныя для ўнясеньня заўвагаў і падрыхтоўкі канчатковых скаргаў: касацыйнай – на вынесенае судом адмоўнае рашэньне судзьдзі Тацяны Трапашкі, прыватнай – на адпаведнае прыватнае ейнае вызначэньне аб спыненьні разгляду справы.”

Пазытыўныя здабыткі падчас дасудовага абскарджваньня (па адміністрацыйнай лініі)

Акрамя страчанага часу й затрачаных намаганьняў у часе дадзенага адскарджваньня па праваабронцы атрымалі дастаткова цікавы й карысны для правамернага вырашэньня іхнае справы адказ з МУС Рэспублікі Беларусь, а менавіта ад намесьніка начальніка “УУС Менаблвыканкаму” А.В.Астрэйкі (гл.дадатак).

Менскае абласное начальства не заўважыла правапарушэньняў з боку Жодзінскага ГАЎС, якое не адказала заяўнікам сваечасова на заяву-афэрту аб заключэньні патрабуемай выканкамам дамовы, і толькі пасьля забароны пікетаваньня адмовілася заключаць прапанаваную дамову са спасылкай на ўжо вынесеную выканкамам забарону на мерапрыемства.

Аднак, пры гэтым, “УУС Менаблвыканкаму” вельмі ясна й недвухсэнсоўна акрэсьліла сваю пазыцыю наконт патрабаваньняў Жодзінскага выканкаму заключаць любыя патрабуемыя ім дамовы да моманту дазволу мерапрыемства і вынясеньня адпаведнага рашэньня самім выканкамам.

Так, у адказе з Упраўленьня Нутраных Справаў Менаблвыканкаму ад 30.10.2014 за №6/Л-28, (гл. дадаткі) адзначаецца, што «згодна з арт. 12 Закону Рэспублікі Беларусь ад 30 сьнежня 1997г. «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспублікі Беларусь» (далей – Закон) ворганы нутраных справаў упаўнаважаныя прымаць неабходныя меры па спыненьні масавага мерапрыемства, калі не пададзена заяўка альбо прынята рашэньне аб забароне правядзеньня масавага мерапрыемства».
Таму, яны «да моманту пакуль ня будзе прынятае рашэньне аб дазволе правядзеньня масавага мерапрыемства павінны прымаць меры па ягоным спыненьні, а не забясьпечваць грамадзкі парадак, пры правядзеньні масавага мерапрыемства».
Акрамя таго, «Паводле арт. 6 Закону рашэньне кіраўніка мясцовага воргану ўлады альбо ягонага намесьніка прымаецца ў тым ліку з улікам аплаты паслугаў па ахове грамадзкага парадку. Парадак аплаты паслугаў вызначаецца рашэньнем мясцовага вогану ўлады, на тырыторыі якога плянуецца правядзеньне мерапрыемства.
Мясцовы ворган улады, прымаючы рашэньне аб дазволе правядзеньня масавага мерапрыемства, павінен вызначыць за кошт якіх сродкаў будуць аказаныя паслугі па ахове грамадзкага парадку (за кошт арганізатара альбо бюджэту) і якім чынам (заключэньне дамовы аб аказаньні паслугаў альбо інш.) яны будуць аплачаныя.»


Такім чынам,
Упраўленьня Нутраных Справаў Менаблвыканкаму не знайшло парушэньняў заканадаўства ў дзеяньнях Жодзінскага ГАЎС, тым больш яно пацьвердзіла пазыцыю кіраўніцтва Жодзіснкага ГАЎС, якая неаднаразова з 2011 году па 2013 год прадстаўлялася Жодзінскаму суду ў адказах і сьведкавых паказаньнях начальніка Жодзінскага ГАЎС Андрэя Чынкіна ды начальніка МГП Жодзінскага ГАЎС Сяргея Сяўца адпаведна, а таксама даводзілася да суду заяўнікамі. Дадзеная пазыцыя грунтуецца на абавязках МУС дзейнічаць у межах існуючай нарматыўна-праўнай базы, не парушаць законы, скіраваныя на ахову грамадзянскіх правоў і на канстытуцыйны правапарадак.

ВЫСНОВА: ГАЎС не заключаў і не заключае аніякіх дамоваў з заяўнікамі такіх мерапрыемстваў, якія ў арт. 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь прапісаныя як «сходы, мітынгі, шэсьці, дэманстрацыі», тым больш да моманту прыняцьця выканаўчым ворганам рашэньня адносна заяўкі на іхнае правядзеньне. Адпаведна арт. 6 Закону выканаўчы ворган у сваім рашэньні аб дазволе мерапрыемства вызначае дадаткова ўсе неабходныя пытаньні адносна верагодных аплатаў і вызначае парадак зьдзяйсьненьня такіх аплатаў, калі такія патрабуюцца для кожнага канкрэтнага выпадка.

Як адзначае Аляксей Лапікі ў судовай скарзе “з гэтага вынікае, што ўсе патрабаваньні выканкаму, якія выстаўляліся й працягваюць выстаўляцца заяўнікам мірных сходаў апошнія гады, асабліва пасьля спэцыяльна прынятага Рашэньня №1020 ад 27.07.2012г. «Аб парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў у горадзе Жодзіне» супярэчаць практыцы і нарматыўна-праўнай базе як мінімум аднаго з суб’ектаў патрабуемых дамоваў, у сувязі з чым заключэньне дадзеных дамоваў да вынясеньня рашэньня выканкаму аб дазволе заяўляемага мерапрыемства зьяўляецца невыканальным на практыцы, і падобная перадумова належнага разгляду заяўкі й дазволу мерапрыемства ня можа лічыцца хоць у нейкай ступені законнай і правамернай.”

З такімі зноў адкрыўшыміся абставінамі, думаецца, пры нармальным разглядзе ў Касацыйнай інстанцыі, ды і ў судзе першай інстанцыі, справа павінна вырашыцца адназначна на карысьць праваабаронцаў, Аляксея Лапіцкага і Сьвятланы Лапіцкай.

Нагадаем, што апошнія як раз і патрабуюць прызнаньня судом невыканальнымі тых патрабаваньняў выканкаму аб заключэньні дамоваў пры падачы заяўкі на правядзеньне мірных сходаў, якія разглядаюцца як дастатковыя матывы для сыстэматычных неправамерных забаронаў заяўляемых грамадзянамі мерапрыемстваў у Жодзіне: “сходаў, мітынгаў, шэсьцяў, дэманстрацыяў, пікетаваньняў”, правядзеньне якіх гарантаванае дзяржаваю, што і адзначаецца ў арт. 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь:
“Артыкул 35. Свабода сходаў, мiтынгаў, вулiчных шэсцяў, дэманстрацый i пiкетаваньня, якiя не парушаюць правапарадак i правы iншых грамадзянаў Рэспублiкi Беларусь, гарантуецца дзяржаваю. Парадак правядзеньня ўказаных мерапрыемстваў вызначаецца законам.”

ДАДАТКІ (дакумэнты):

ЗВАРОТЫ-СКАРГІ І АДКАЗЫ НА ІХ (абскарджваньне па адміністрацыйнай лініі)

1) Скарга ў Жодзінскі суд на неправамерныя дзеяньні (бязьдзеяньне) службовых асобаў (дасланая 17.11.2014 паштовым адпраўленьнем, бел.);
2) Скарга ва Ўпраўленьне Нутраных Справаў Менаблвыканкаму ад 07.10.2014г. – адказ гл. ніжэй …
3) Адказ ад 30.10.2014 за №6/Л-28 з “УУС Менаблвыканкаму” з пацьверджаньнем правільнасьці пазыцыі Жодзінскага ГАЎС і заяўнікоў (бел.):Адказ ад 30.10.2014 за №6/Л-28 з "УУС Менаблвыканкаму" з пацьверджаньнем правільнасьці пазыцыі Жодзінскага ГАЎС і заяўнікоў (бел.)

Іншыя звароты і адказы па адміністрацыйнай лініі:

ЗАЯВЫ-СКАРГІ – АДКАЗЫ (бел.м.):

4) ва Ўпраўленьне ЖКГ Менаблвыканкаму ад 07-16.10.2014г. – адказу не паступіла (дапоўнена 04.12.2014г. – адказ паступіў несваечасова, з 2-тыднёвым спазьненьнем – Адказ Дзяржаўнага прадпрыемства “Жылёва-камунальная гаспадарка Менскай вобласьці” Менаблвыканкаму, атрыманы 01.12.2014г. поштай.)
5) у Жодзінскі выканкам 08.10.2014г. – адказу не паступіла;
6) у Менаблвыканкам 08.10.2014г. – адказу не паступала;

7) ва Ўпраўленьне Аховы Здароўя Менаблвыканкаму ад 17.10.2014г. (файл-zip) – атрыманы Адказ ад 28.10.2014 за №01-25/22-635 з Упраўленьня Аховы Здароўя Менаблвыканкаму (бел.);
8) у Міністэрства сувязі й інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь РУП паштовай сувязі «Белпошта» ад 17.10.2014г. – атрыманы Адказ ад 31.10.2014 за №01-07-09/Л-1152/720 зь Міністэрства сувязі й інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь РУП паштовай сувязі «Белпошта» (бел., файл-zip)

Алесь ЛЕТА,
Беларускі Праўны Партал,
www.prava-by.info

Матэрыялы спэцыяльна для
Беларускага Праўнага Парталу
прадстаўленыя Аляксеем Лапікім.

Fota: Alaksiej Łapicki,
Lićviny-INFA

Цэтлікі: , , , , ,

4 thoughts on “Праваабаронцы ў Жодзіне зьвярнуліся ў суд для даразгляду спыненай справы пры новых абставінах (фота, дакумэнты)”

  1. Важны дакумэнт, які паказвае, што пазыцыя МУС зусім адрозьніваецца ад той, якая навязваецца ідэалягічнымі адзьдзеламі выканкамаў па ўсёй краіне й дзейнічае, як галоўная перашкода ў рэалізацыі канстытуцыйнага права на мірныя сходы ды свабоду выказваньня меркаваньня…

    “УУС Менаблвыканкаму” вельмі ясна й недвухсэнсоўна акрэсьліла сваю пазыцыю наконт патрабаваньняў Жодзінскага выканкаму заключаць любыя патрабуемыя ім дамовы да моманту дазволу мерапрыемства і вынясеньня адпаведнага рашэньня самім выканкамам.

    Упраўленьне Нутраных Справаў Менаблвыканкаму … пацьвердзіла пазыцю кіраўніцтва Жодзіснкага ГАЎС, якая неаднаразова з 2011 году па 2013 год прадстаўлялася Жодзінскаму суду ў пісьмовых адказах начальніка ГАЎС Андрэя Чынкіна і сьведкавых паказаньнях начальніка МГП Жодзінскага ГАЎС, Сяргея Сяўца, а таксама даводзілася да суду заяўнікамі. Дадзеная пазыцыя грунтуецца на абавязках МУС дзейнічаць у межах існуючай нарматыўна-праўнай базы, не парушаць законы, скіраваныя на ахову грамадзянскіх правоў і падтрыманьне канстытуцыйнага правапарадку.

    З гэтага ватра рабіць высновы… і ў першую чаргу судзьдзям, якія, падтрымліваючы супярэчлівую “ватную лухту” ідэалягічных адзьдзелаў выканкамаў, выглядаюць неяк зусім блякла на фоне вось падобных куды ўжо больш ясных і абаснаваных адказаў.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>