Не забірай жыцьцё!
2014 26/11

Чарговы адміністратыўны працэс па справе намесьніка старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Юрася Беленькага адбудзецца 28 лістападу ў судзе Ленінскага раёну Менску.

Пачатак у 11:30. Судзьдзя – Надзея Навіцкая.

Апазыцыйны актывіст зьяўляецца адным з арганізатараў шэсьця ў Лошыцкі Яр у Менску – да месца растрэлаў ахвяраў бальшавіцкага тэрору, што адбылося 9 лістапада 2014 году. На яго складзены пратакол па артыкуле 23.34 КаАП РБ (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавага мерапрыемства) – за неаплату паслугаў міліцыі па ахове грамадзкага парадку падчас акцыі.

Нагадаем, што 17 лістападу па гэтым жа артыкуле судзьдзя суду Першамайскага раёну Менску Анастасія Папко аштрафавала Юрася Беленькага на тры мільёны рублёў (20 базавых велічыняў) за акцыю Дзяды, якую актывісты КХП БНФ ладзілі ў сталіцы 2 лістападу.

Назіраецца новая практыка перасьледу за выказваньне меркаваньняў і мірныя сходы

Мерапрыемства дазваляецца. Яно праводзіцца легальна й без правапарушэньняў. Але арганізатары ў далейшым нечакана выклікаюцца ў суд і атрымліваюць адміністратыўныя пакараньні, адміністратыўныя судзімасьці й нясуць выдаткі праз штрафныя санкцыі.

Так канстытуцыйнае права, якое сёньня сыстэматычна парушаецца забаронамі на правядзеньне мірных сходаў у Беларусі, па якіх КПЧ ААН выносіць адпаведныя абавязковыя для выкананьня рашэньні, пачынае быццам бы рэалізоўвацца, але з наступным за гэтым для арганізатараў пакараньнем – стратамі матэрыяльнымі, маральнымі, праўнымі ды навогул фізычнымі.

Праваабаронца Аляксей Лапіцкі, які прысутнічаў на першым шэсьці ў Курапаты, выказаў сваю пазыцыю адносна новай практыкі назіраемага пасьля “Дзядоў” адміністратыўнага перасьледу арганізатараў мерапрыемстваў.

- Сапраўды, дадзеная практыка не вытрымлівае аніякай крытыкі й відавочна зьяўляецца неправамернай. Рэалізацыя канстытуцыйнага права на мірныя сходы й выказваньне меркаваньня навогул не павінна ставіцца ва ўмовы неабходнасьці выкупу грамадзянамі дадзенага іхнага права ў дзяржавы. Гэта – абсалютны нонсэнс.

Мерапрыемства, праведзенае ў адпаведнасьці з арт. 35 Канстытуцыі, тым больш санкцыянаванае ўладамі адпаведна Закону, зьяўляецца гарантаваным дзяржаваю. Гэта азначае, што яно рэалізуецца пры наяўнасьці адпаведных ейных “пазытыўных абавязкаў” перад грамадзянамі па садзеяньні ў рэалізацыі імі дадзенага канстытуцыйнага права. Гэты “пазытыўны абавязак” вымагае ад дзяржаўных службаў (міліцыі, мэдыкаў…) належнай па законе аховы правапарадку й мэдычнага суправаджэньня мерапрыемства. Гэтыя функцыянальныя службовыя абавязкі цалкам уваходзяць у шэраг штодзённых службовых прафэсійных дзеяньняў супрацоўнікаў адзначаных дзяржустановаў, якія фінансуюцца зь дзяржаўнага бюджэту.

Артыкулы 19 і 21 Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГіПП) патрабуюць ад усіх Краінаў-Удзельніцаў гэтай міжнароднай дамовы прытрымлівацца адзначаных у ёй агульнапрызнаных стандартаў права на мірныя сходы й свабоду выказваньня меркаваньня. Рэалізацыя дадзеных правоў і свабодаў ня можа быць пастаўленая ў залежнасьць ад любога ідэалягічнага альбо адміністрацыйнага інтарэса. Грамадзяне як суб’екты міжнароднага права ў галіне правоў чалавека, дзякуючы МПГіПП, ня могуць перасьледвацца за рэалізацыю ўласнага неад’емнага права са спасылкаю на любыя падобныя інтарэсы ці нормы нацыянальных законаў, а таксама падзаконных нарматыўна-праўных актаў, калі апошнія супярэчаць зафіксаванау ў МПГіПП стандарту права.

Думаецца, для любога адукаванага чалавека зразумела, што грамадзяне не павінны знаходзіцца ў такіх умовах, пры якіх “пазытыўныя абавязкі дзяржавы”, зафіксаваныя ў арт. 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь як “дзяржаўныя гарантыі” на рэалізацыю грамадзянамі права на правядзеньне “сходаў, мітынгаў, шэсьцяў, дэмантрацыяў, пікетаваньняў” – ставяцца ў залежнасьць ад аплаты гэтымі грамадзянамі працы дзяржслужбаў (міліцыі, мэдыкаў …). Альбо, як у нашым выпадку, да арганізатараў, якія ў поўнай адпаведнасьці зь дзейсным спэцыялізаваным Законам рэалізуюць сваё права, – ужываюцца адміністрацыйныя меры пакараньня, тым больш на падставе цалкам надуманых матываў, такіх як неаплата імі нейкіх, нават невядомых ім самім, грашовых выплатаў за быццам бы аказаныя супрацоўнікамі міліцыі “дадатковыя й спэцыяльныя платныя паслугі” па ахове праведзенага гарантаванага Канстытуцыяй краіны мірнага сходу.

Назіраемая сёньня ды ствараемая такім чынам літаральна на нашых вачах новая дыскрымінацыйная й цалкам антыканстытуцыйная практыка – прыклад таго, як кіруючыя адміністрацыі дзейснага ў Беларусі аўтарытарна-каманднага ды фактычна адзінапартыйнага палітычнага рэжыму цалкам ігнаруюць нормы Канстытуцыі й міжнародныя стандарты права, а разам зь імі ўласныя абавязкі па выкананьні міжнародных дамоваў. Асабліва гэта назіраецца ў дачыненьні да грамадзка-палітычных правоў і свабодаў. Бачна, што яны разглядаюцца ідэалягічным кіраўніцтвам выканаўчых камітэтаў у якасьці ўласнай непасрэднай небясьпекі. Такім чынам у грамадзка-палітычным полі ды на далёкіх да яго падыходах ліквідуецца любая грамадзянская ініцыятыва альбо актыўнасьць, а разам зь ёй вынішчаецца і любая публічная інфармацыйная альтэрнатыва. Такім чынам, у парушэньне Канстытуцыі, праз манапалізаваныя СМІ грамадзтву навязваецца адзіная ідэалёгія, прапагандуюцца выгодныя кіруючай “партыі ўлады” інтарэсы ды прыярытэты, перасьледуецца іншадумства.

Алесь ЛЕТА,
Беларускі Праўны Партал,
www.by.praba.by.info

На фота: 1) Юрась Беленькі, 2) Аляксей Лапіцкі

Fota: Alaksiej Łapicki,
Lićviny-INFA

Цэтлікі: , , , , ,

2 thoughts on “Новая дыскрымінацыйная практыка: Юрася Беленькага будуць судзіць за санкцыянаванае шэсьце ў Лошыцу”

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>