2014 26/11

Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Міністэрства ўнутраных справаў адмовіла ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць юрысткі і праваабаронцы Тамары Сяргей.

Такое рашэньне было прынятае МУС па выніках праверкі згодна звароту Генэральнай пракуратуры.

Пра гэта юрыстцы стала вядома 23 лістапада зь ліста начальніка Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю й карупцыяй МУС.

Нагадаем, што 23 красавіка 2013 году Генпракуратура вынесла Тамары Сяргей афіцыйнае папярэджаньне аб крымінальнай адказнасьці згодна артыкулу 193-1 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь за арганізацыю дзейнасьці незарэгістраванага грамадзкага аб’яднаньня. А з 22 ліпеня бягучага году супрацоўнікі МУС па даручэньні Генэральнай пракуратуры пачалі праверку наконт узбуджэньня крымінальнай справы супраць юрысткі й сталі апытваць падпісантаў калектыўных зваротаў ў Адміністрацыю Прэзыдэнта – актывістаў Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконьня ў судах і пракуратуры.

Як паведаміла карэспандэнту НЧ Тамара Сяргей, супрацоўнікі МУС адказна паставіліся да даручэньня Генпракуратуры й вельмі дэталёва апытвалі грамадзянаў цягам ад двух да шасьці гадзінаў кожнага.

Юрыстка зьвярнула ўвагу, што па выніках праверкі ёй адмоўлена ў атрыманьні копіі пастановы аб адмове ва ўзбуджэньні крымінальнае справы ды знаёмстве з матэрыяламі справы праверкі. Прычым сваю пазыцыю МУС матываваў тым, што ў адпаведнасьці з пунктам 3 артыкулу 174 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь адсутнічаюць падставы для выдачы копіі пастановы, а знаёмства з матэрыяламі справы праверкі немажлівае таму, што гэтыя матэрыялы маюць “грыф абмежаванага распаўсюджваньня й закранаюць інтарэсы іншых грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, а таксама супрацоўнікаў апэратыўнага падраздзяленьня МВД Рэспублікі Беларусь”.

Камэнтуючы вынікі праверкі, юрыстка падкрэсліла: “Закон я не парушала, а дзейнічала ў межах Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародна-праўных актаў, падпісаных Рэспублікай Беларусь. Таму з законнага пункту гледжаньня я была ўпэўненая ў выніках праверкі. Адзінае, што мяне турбавала — гэта наступствы людской непрыстойнасьці, што, на жаль, даволі распаўсюджана ў нашым грамадзтве. Я ўдзячная таму, што супрацоўнікі МУС, якія мелі дачыненьне да гэтай праверкі, аказаліся на вышыні”.

Адносна дыскрымінацыйнага артыкула 193-1 Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь матэрыялы й публикацыи можна адшукаць на Беларускім Праўным Партале тут, альбо праз пошукавае акенца – гл. у правым верхним куту галоўнай старонкі сайту.

Відэа па тэме – STOP 193-1

Паводле Марат Гаравы,
“Новы Час”,
Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА,
Беларускі Праўны Пратал,
www.by.prava-by.info

На фота – Тамара Сяргей, юрыстка, праваабаронка
Fota й відэа: Alaksiej Łapicki,
Lićviny-INFA & AlVistud

Цэтлікі: , , ,

One thought on “Супраць юрысткі Тамары Сяргей адмовіліся ўзбуджаць крымінальную справу (матэрыялы й відэа па тэме)”

  1. 01.07.2008 на паседжаньні Подкамітэту па Беларусі Парлямэнскай асамблеі Рады Эўропы ў Венэцыянскую камісыю было перададзенае экспэртнае заключэньне аб неканстытуцыйнасьці арт.193-1.

    Нагадаем, што гэты артыкул Крымінальнага кодэксу прадугледжвае адказнасьць за дзейнасьць незарэгістраванай арганізацыі.

    РПГА “Беларускі Гэльсынскі Камітэт” ды іншыя праваабаронцы неаднаразова намагаліся прыцягнуць увагу розных арганізацыяў і грамадзкасьці да факту неканстытуцыйнасьці арт.193-1.

    Праваабаронцы лічаць, што сама па сабе дзейнасьць нефармальных аб’яднаньняў не павінна выклікаць крымінальнае пакараньне, асабліва ў тых выпадках, калі яна не наносіць шкоды грамадзтву й не парушае правы грамадзянаў, і настойваюць на выключэньні артыкулц 193-1 КК з нацыянальнага заканадаўства.

    Пакуль жа праваабаронцы здолелі дамагчыся аднаго: у якасьці пакараньня па дадзеным артыкуле на практыцы не ўжываецца пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі.

    Заключэньне РПГА “Беларускі Гэльсынскі Камітэт”, падрыхтаванае экспертам БГК Гары Паганяўлам яшчэ ў 2007 годзе ўжо разглядалася Канстытуцыйным Судом (КС) краіны. Аднак гэты ворган не прызнаў аргумэнтаў праваабаронцаў важкімі.

    З таго часу сытуацыя ў краіне адносна права грамадзянаў Беларусі на свабоду асацыяцыяў (арт. 22 МПГіПП) не палепшылася

    Для даведкі.
    Сайт КС паведамляе, што звычайна “у рамках Венэцыянскага форуму (кансультатыўнага воргану пры Венэцыянскай камісыі Рады Эўропы) ідзе сталы абмен зьвесткамі й меркаваньнямі па шырокім коле праблемаў, якія зьяўляюцца прадметам разгляду ворганаў канстытуцыйнага кантролю. Судзьдзі Канстытуцыйнага Суду ахвотна адказваюць на запыты сваіх калегаў і з удзячнасьцю прымаюць ад іх аналягічную інфармацыйную дапамогу”.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>