2014 27/11

Праваабарончы цэнтар “Вясна” публікуе неафіцыйны пераклад рашэньня Камітэту па правах чалавека ААН па справе кіраўніка арганізацыі і віцэ-прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека Алеся Бяляцкага.

Разгледзеўшы індывідуальнае паведамленьне па справе Алеся Бяляцкага, Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў, што прысуд праваабаронцы да працяглага тэрміну пазбаўленьня волі за дзеяньні, зьвязаныя з атрыманьнем і расходаваньнем сродкаў на фінансаваньне дзейнасьці арганізацыі, якую ён узначальвае, быў прамым сьледствам парушэньня свабоды асацыяцыяў, і прыцягненьне яго да крымінальнай адказнасьці расцаніў як парушэньне гэтага права, гарантаванага артыкулам 22 Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Таксама Камітэт прызнаў, што дзяржава Беларусь парушыла правы Алеся Бяляцкага на свабоду і асабістую недатыкальнасьць і на справядлівае судовае разьбіральніцтва, гарантаваныя адпаведна артыкуламі 9 і 14 МПГПП. У рашэньні Камітэту ўказана, што Алесь Бяляцкі мае права на належныя сродкі праўнай абароны, а менавіта: перагляд заявы “Вясны” аб дзяржаўнай рэгістрацыі, зьняцьцё судзімасьці, адэкватную кампэнсацыю, улучаючы пакрыцьцё выплатаў, зробленых паводле судовых рашэньняў. Акрамя таго, Камітэт пастанавіў, што дзяржава павінна перагледзець сваё нутранае заканадаўства аб асацыяцыях і прывесці яго ў адпаведнасьць з артыкулам 22 Пакту.

(Фота Сяргея Грыца)

Алесь Бяляцкі разглядае гэтае рашэньне Камітэту ААН як асабістую сатысфакцыю. “Гэтае рашэньне КПЧ ААН я ўспрыняў як асабістае задавальненьне, таму што яно даказвае маю невінаватасьць, тое, пра што я сьцьвярджаў усе гэтыя гады – перад зьняволеньнем падчас суду, падчас зьняволеньня. Камітэт па правах чалавека ААН – найвышэйшая міжнародная інстанцыя на сёньняшні дзень датычна беларускага грамадзтва, і ў Камітэт уваходзяць юрысты з розных краінаў, таму іхная ацэнка ўспрымаецца як аб’ектыўная й важкая. Таму, канешьне, я задаволены тым, што сапраўды мая пазыцыя не зьяўляецца няслушнай і што міжнародная грамадзкасьць расцаніла гэты прысуд як несправядлівы. Такім чынам, я адчуваю сябе вельмі ўпэўнена”.

Тут жа праваабаронца падкрэсьлівае, што рашэньне аўтарытэтнай міжнароднай інстанцыі разглядае найперш як маральную падмогу:

“Канешне, рашэньні КПЧ ААН не выконваюцца беларускімі ўладамі, таму прыносяць, хутчэй, маральнае задавальненьне, зьяўляюцца маральным вызначэньнем. Бо наўрад ці трэба чакаць, што атрымаецца дамагчыся адмены прысуду беларускіх судоў, зыходзячы з гэтага рашэньня, у сёньняшняй сытуацыі, калі беларускія суды залежаць ад выканаўчай улады. У той жа час рашэньне КПЧ падкрэслівае палітычную матывацыю гэтага прысуду беларускіх судоў, што гэта не аб’ектыўны, не справядлівы прысуд, а выкліканы палітычнымі матывамі”.

Рашэньне Камітэту ААН па справе Алеся Бяляцкага ўжо займела міжнародны рэзананс і ў гэтай сувязі праваабаронца зьвязвае зь ім пэўныя надзеі:

“Што б там ні казалі беларускія ўлады ці як бы ні рабілі выгляд, што іх гэтае рашэньне не датычыцца, такія рэчы моцна б’юць па аўтарытэту “незалежнага” беларускага суду. І пры наступных разглядах падобных палітычных справаў, прынамсі хацелася б думаць, што беларускія ўлады будуць дзейнічаць больш узважліва й больш абачліва ды не перасьледваць праваабаронцаў, грамадзкіх актывістаў за нашую дзейнасьць. І другі момант – па падобных артыкулах былі асуджаныя праваабаронцы ў іншых краінах, ня толькі постсавецкіх. Падобныя прысуды мы бачылі ў Азэрбайджане, Іране, у Расеі яны таксама намячаюцца. І гэтае рашэньне сапраўды можа паслужыць абгрунтаваньнем для абароны праваабаронцаў і грамадзкіх актывістаў, якія могуць аказацца ў падобных сытуацыях у іншых краінах. Прынамсі, гэта дакладны пасыл з боку Камітэту па правах чалавека ААН пра тое, што падобныя прысуды ня маюць ніякіх пэрспэктываў быць апраўданымі й прынятымі за законныя з боку шырокай міжнароднай супольнасьці, якая ўключае ня толькі эўрапейскія краіны, а фактычна прадстаўляе ўвесь сьвет. Таму, магчыма, іншыя дзяржавы будуць больш лічыцца з пагрозаю непрызнаньня такіх палітычных прысудаў. Будзем спадзявацца, што гэта абмяжуе свавольле ўладаў аўтарытарных краінаў”.

Нагадаем, Алесь Бяляцкі быў арыштаваны 4 жніўня 2011 году на падставе абвінавачваньня ва “ўхіленьні ад выплаты падаткаў у буйным памеры” і прысуджаны 24 лістападу 2011 году да чатырох з паловай гадоў пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі ўзмоцненага рэжыму. Пасьля амаль трох гадоў пазбаўленьня волі праваабронца быў вызвалены 21 чэрвеня 2014 году, у першы дзень дзеяньня закону аб амністыі, у якой яму адмаўлялі цягам двух гадоў запар з нагоды “шматлікіх парушэньняў рэжыму зьняволеньня”. Усе гады зьняволеньня краіны Эўрапейскага Зьвязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі патрабавалі ад уладаў Беларусі безумоўнага вызваленьня вязьня сумленьня. Працоўная група па адвольных затрыманьнях Рады па правах чалавека ААН у жніўні 2012 году прыняла рашэньне па справе Алеся Бяляцкага, прызнаўшы яго зьняволеньне адвольным.

Дадаем першыя фота Алеся Бялякага пасьля вызваленьня, а таксама фотаздымкі корпусу Жодзінскай турмы, у якім знаходзіўся праваабаронца да пераводу 17 лютага 2012г. у Бабруйскую калёнію ўзмоцненага рэжыму. Па сьведчаньні самога вязьня сумленьня ўмовы ўтрыманьня ў Жодзінскай турме падаліся яму больш жорсткімі, а пэрыяд, праведзены там, цяжэйшым за наступны, у Бабруйскай калёніі.

(Fota: A.Łapicki, Lićviny-INFA)



Брэх сабак за агароджай і адзінокія фігуркі людзей па гэты бок – на такой прывіднай, але ўсё ж такі свабодзе.
Корпус “Цітанік”, як яго называюць сядзельцы, у якім у Жодзінскай турме №8 да этапу ў Бабруйскую калёнію знаходзіўся ў зьняволеньні Алесь Бяляцкі. Праваабаронца распавядае, што каб трапіць з аднаго корпусу ў іншы, яго праводзілі праз доўгія падземныя пераходы з мноствам цяжкіх жалезных дзьвярэй (узгадваючы Жодзінскую турму, ён казаў, што “ніколі не забудзе лязгат цяжкіх турэмных дзьвярэй” і нават называў іхную колькасьць у самых доўгіх падзямельных пераходах – каля 30). Верагодна, такім спосабам у Жодзінскай турме №8 асуджаных пад зямлёю пераводзяць з аднаго корпусу ў другі заўсёды…

Жодзінская турма №8 – пачатак доўгага шляху зьняволеньня праваабронцы Алеся Бяляцкага.

17 лютага 2012 году перавод зьняволенага з Жодзінскай Турмы №8: Відэа – ТУТ

ДАДАТКІ:

Паводле spring96.org, Lićviny-INFA і AlVistud,
Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА,
Беларускі Праўны Партал,
www.by.prava-by.info

На фота А.Лапіцкага:
1) Галоўнае фота – Алесь Бяляцкі да арышту ў 2010г.,
2) Алесь Бяляцкі на сваёй першай прэсавай канфэрэнцыі пасьля вызваленьня на новым офісе ПЦ “Вясна” і даведка аб ягонай амністыі й вызваленьні 21.06.2014г.;
3) Турма №8, Жодзіна, у якой праваабаронца пачынаў адбываць прысуджаны яму тэрмін (2011-2012 г.г.)
На фота С.Грыца: Алесь Бяляцкі на свабодзе.

Цэтлікі: , , , , , ,

2 thoughts on “Алесь Бяляцкі: “Рашэньне Камітэту па правах чалавека ААН успрыняў як асабістую сатысфакцыю” (фота і тэкст дакумэнту, рас.)”

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>