2009 11/03
Людзьміла Ульяшына

Людзьміла Ульяшына

Сакратарыят міжнароднае сеткі Дамоў Правоў Чалавеку – Human Rights House Foundation – аб’яўляе аб правядзеньні Міжнароднае Канфэрэнцыі “Выкарыстаньне міжнароднага права ў праваабарончай практыцы“.

Мэтай Канфэрэнцыі ёсьць азнаямленьне з магчымасьцямі прафэсыйнага выкарыстаньня ў праваабарончай практыцы прынцыпу вяршэнства права праз ужываньне нормаў міжнароднага права.

Праграма Канфэрэнцыі складаецца з шэрагу сэсыяў, якія плануецца праводзіць ва Украіне, Беларусі, Летуве й Польшчы на працягу 2009/2010 гадоў.

Сфэра інтарэсаў Канфэрэнцыі вызначаная мэтаю праграмы, якая накіраваная на засваеньне ўдзельнікамі праграмы тэарэтычных асноваў і набыцьцё імі практычных ведаў па ўжываньні нормаў міжнароднага й канстытуцыйнага права як інструмэнтаў судовай абароны індывідуальных правоў і свабодаў, перш за ўсё на прыкладзе артыкулаў 19, 21, 22 і 14 Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Сэсыі будуць уяўляць сабою камбінацыю тэарэтычных і практычных заняткаў, а таксама абмеркаваньняў і дыскусыяў.

Працоўная мова ўсіх паседжаньняў Канфэрэнцыі – расейская.

Сэсыі будуць праходзіць з перыядычнасьцю адна сэсыя ў паўтары-два месяцы. Працягласьць першае сэсыі – 7 дзён; усіх наступных – 3 дні (пятніца, субота, нядзеля).

Паміж сэсыямі ўдзельнікі павінны будуць выканаць значны аб’ём хатняе працы па вывучэньні шэрагу міжнародных канвэнцыяў і дамоваў; па азнаямленьні з пытаньнямі гісторыі й філязофіі правоў чалавеку, прэцэдэнтнымі справамі міжнародных судовых і квазі-судовых ворганаў; а таксама па падрыхтоўцы пісьмовых работ з ужываньнем нормаў міжнароднага й канстытуцыйнага права.

Выкананьне хатніх работ будзе тэставацца падчас кожнае сэсыі, пачынаючы з другой.

Праграма Канфэрэнцыі

Падчас першых пяці сэсыяў удзельнікі азнаёмяцца з асноўнымі прынцыпамі й канцэпцыямі дзеяньня міжнароднага права на міжнародным і нацыянальным узроўнях; атрымаюць веды аб нутраных і міжнародных інструмэнтах і мэханізмах абароны, вынікаючых зь дзейсных нормаў міжнароднага й канстытуцыйнага права; атрымаюць паглыбленую інфармацыю па пытаньнях канстытуцыяналізму й індывідуальных грамадзянскіх і палітычных правах ды свабодах; азнаёмяцца з судовай практыкай міжнародных судоў і квазі-судовых ворганаў. У гэтае частцы курсу, акрамя лекцыяў, будуць праведзеныя сустрэчы з экспэртамі й вядучымі спэцыялістамі з замежных і міжнародных ворганаў і арганізацыяў па правах чалавеку.

Другая палова Канфэрэнцыі прадугледжвае, пры суправаджэньні экспэртаў і кансультантаў, інтэрактыўныя заняткі ў групах па ўжываньні правілаў эфэктыўнай праўнай аргумэнтацыі пры падрыхтоўцы выступаў, артыкулаў і пісьмовых зваротаў, а таксама дыскусыяў па практычным узаемадзеяньні пры зьдзяйсьненьні праўных дзеяньняў у абарону грамадзкіх інтарэсаў.

На першае сэсыі ўдзельнікам Канфэрэнцыі будуць прапанаваныя на выбар тэмы будучых хатніх эсэ, якія яны павінны будуць падрыхтаваць і прадставіць паміж чацьвёртай і пятай сэсыямі. Пры падрыхтоўцы эсэ ўдзельнікі павінны прадэманстраваць засваеньне прыёмаў праўнай аргумэнтацыі. Тэмы эсэ будуць закранаць праблемы, якія адносяцца да тэматыкі Канфэрэнцыі. Пры падрыхтоўцы эсэ вітаецца выкарыстаньне прыкладаў з міжнароднай і нацыянальнай судовай практыкі.

Да сэсыяў, пачынаючы з другой, удзельнікі павінны прадставіць пісьмовыя індывідуальныя работы, а таксама паведамленьні, падрыхтаваныя ў адпаведнасьці з фармальнымі патрабаваньнямі й утрымліваючыя фактычны зьмест пэўных абставінаў ды правільную праўную аргумэнтацыю. Аўтарам паведамленьняў будзе прадстаўленая магчымасьць правесьці абарону ў парадку вуснай прэзентацыі. Пэўныя заданьні для хатняй працы будуць выдавацца на кожнай сэсыі.

Удзел ва ўсіх без выключэньня паседжаньнях Канфэрэнцыі й добрасумленнае выкананьне хатніх заданьняў было неабходнымі перадумовамі для ўдзелу ў вучэбна-азнаямляльнай паездцы ў Стразбур (Рада Эўропы), якая адбылася для выпускнікоў праграмы 2007-2008.
Арганізатары канфэрэнцыі будуць вывучаць магчымасьці для арганізацыі вучэбна-азнаямляльнай паездкі ў Жэнэву (Камітэт ААН па правах чалавеку) і/альбо ў Стразбур (Эўрапейскі Суд па правах чалавеку) у сярэдзіне 2011 года.

Падчас вучэбнай паездкі ўдзельнікі азнаёмяцца зь дзейнасьцю сыстэмаў абароны правоў чалавека ААН і Рады Эўропы й сустрэнуцца з супрацоўнікамі розных ворганаў, дзейсных у рамках гэтых арганізацыяў.

Плянаваныя тэрміны правядзеньня сэсыяў Канфэрэнцыі:

” 3 – 9 траўня 2009 Украіна
” 25 – 27 чэрвеня 2009 Летува
” 21 – 23 жніўня 2009 Летува
” 16 – 18 кастрычніка 2009 Беларусь (магчыма)
” 18 – 20 сьнежня 2009 Летува (магчыма)
” Люты 2010 краіна правядзеньня ўдакладняецца
” Сакавік 2010 краіна правядзеньня ўдакладняецца

Умовы ўдзелу ў працы Канфэрэнцыі

Удзел у працы ўсіх сэсыяў Канфэрэнцыі бясплатны.

Дарожныя выдаткі пакрываюцца ў краіне правядзеньня рэгіянальнымі арганізатарамі сэсыі. Яны ж забясьпечваюць бясплатнае для ўдзельнікаў пражываньне й харчаваньне на час правядзеньня кожнае сэсыі Канфэрэнцыі.

Не будуць пакрывацца выдаткі, зьвязаныя з мэдычным страхаваньнем (у выпадку яго неабходнасьці).

Ад удзельнікаў патрабуецца прысутнасьць на ўсіх без выключэньня сэсыях і выкананьне хатніх заданьняў.

Удзел у працы Канфэрэнцыі прадугледжвае аб’ёмную самастойную працу ўдзельнікаў паміж паседжаньнямі, а менавіта: вывучэньне рэкамэндуемай літаратуры; напісаньне эсэ й індывідуальных паведамленьняў; складаньне тэзаў для выступаў і публіцыстычных матэрыялаў.

Таму просім кандыдатаў дбайна прааналізаваць і ацаніць свае магчымасьці (сямейная сытуацыя, дастатковая колькасьць часу для ўдзелу ў працы Канфэрэнцыі, гатоўнасьць адшукаць час для самастойнае працы паміж сэсыямі, і г. д.) для поўнага ўдзелу ў працы Канфэрэнцыі ад ейнага пачатку й да канца.

Арганізатары пакідаюць за сабою права адмовіць удзельніку ў запрашэньні на наступныя сэсыі, калі ён не выконвае ўмоваў удзелу ў працы Канфэрэнцыі.

Працэдура адбору

Удзельнікі Канфэрэнцыі будуць абраныя сярод заяўленых кандыдатаў у выніку конкурсу, праводзімага адмыслова ўтворанай для гэтага конкурснай камісыяй, на аснове запоўненай заяўкі на ўдзел (фармуляр прыкладаецца), рэзюмэ (максімум 1-2 старонкі паводле прыкладаемага пляну) і рэкамэндацыяў.

Рэкамэндацыі могуць быць:
– ад няўрадавай арганізацыі, у якой працуе, альбо зь якой супрацоўнічае кандыдат;
– ад сябра нацыянальнай, замежнай альбо міжнароднай праваабарончай арганізацыі;
– ад выкладчыка міжнароднага права ў вобласьці правоў чалавека;
– ад спэцыялістаў (экспэрта, кансультанта) па пытаньнях правоў чалавека;
– ад выпускнікоў першай Міжнароднай Канфэрэнцыі “Выкарыстаньне міжнароднага права ў праваабарончай практыцы” (2006-2008 г.г.).

Усе дакумэнты павінны быць запоўненыя цалкам і напісаныя на расейскае мове. Дакумэнты, запоўненыя ня цалкам, разглядацца ня будуць.

Калі ласка, пастаўцеся да афармленьня гэтых дакумэнтаў уважліва, дбайна запоўніце ЎСЕ раздзелы прапанаваных фармуляраў.

Скрайні тэрмін падачы дакумэнтаў 31 сакавіка 2009 г.
Конкурсная камісыя ня будзе мець магчымасьці разгледзець дакумэнты, дасланыя пазьней за гэты тэрмін.

Усе кандыдаты будуць апавешчаныя аб рашэньні конкурснай камісыі да 20 красавіка 2009 г.
Дакумэнты могуць быць высланыя электроннай поштаю па адрэсе: internationallawinadvocacy@gmail.com

У выпадку калі ў Вас ёсць дадатковыя пытаньні, просім зьвяртацца па вышэй пазначанай адрэсе электроннай пошты.

З павагай,
Людзьміла Ульяшына,
кіраўнік праграмы Канфэрэнцыі

(Паведамленьне, рас.)

Дадаткі:
1) Заява на удзел/Заявка на участие (*.doc, рас.)
2) Рэзюмэ/Резюме (*.doc, рас.)

Старонка праграмы: http://humanrightshouse.org/Articles/10271.html

Цэтлікі: ,

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>