Салігорскія прадстаўнікі Беларускага Гэльсынскага камітэту завяршаюць працу над дакладам аб дыскрымінацыі беларускамоўных грамадзянаў у рэгіёне.
Вынікі грамадзкага маніторынгу будуць накіраваныя ў ворганы ўлады мясцовага й нацыянальнага роўняў, у тым ліку кіраўніку краіны.
Каардынатарам праэкту выступае вядомы салігорскі праваабаронца Леанід Мархотка.
– Праца над дакладам была распачатая амаль год назад. Першая стадыя маніторынгу – вывучэньне адпаведнай праўнай базы – была скончаная яшчэ ў мінулым годзе. У гэтым годзе пры падтрымцы салігорскай арганізацыі “Таварыства беларускай мовы” мы завершылі, так бы мовіць, палявыя працы. Абыйшлі вызначаныя ўстановы гораду, сабралі факталягічны матэрыял, – тлумачыць праваабаронца. – Цяпер праца ўвайшла ў фінальную стадыю. Гэта сыстэматызацыя сабранага матэрыялу, аналіз атрыманых дадзеных і выпрацоўка рэкамэндацыяў уладам па зьмяненьні сытуацыі. Не хацелася б загадваць, але плянуем у бліжэйшыя тыдні перадаць усім зацікаўленым бакам гатовы даклад.
Прадстаўнікі БГК заяўляюць, што даклад будзе прадстаўлены для азнаямленьня ў Адміністрацыю Прэзыдэнта, абедзьвюм палатам Нацыянальнага Сходу, профільным міністэрствам, старшыням Мінскага аблвыканкаму ды абласной Радзе дэпутатаў, старшыням Салігорскага райвыканкаму й мясцоваай Рады дэпутатаў. Ужо традыцыйна даклад атрымаюць грамадзкія арганізацыі й бібліятэкі раёну. Таксама кожны жадаючы зможа азнаёміцца з вынікамі маніторынгу на афіцыйным сайце БГК.
Паводле licviny.info,
Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА,
Беларускі Праўны Партал,
www.prava-by.info
На фота – Прадстаўнік БГК з Солігорску Леанід Мархотка
Дапрацоўка фота: Alaksiej Łapicki, Lićviny-INFA