2015 31/03

Моўныя правы ды іхную абарону абмеркавалі ў Менску ўдзельнікі Міжнароднай навукова-практычнай канфэрэнцыі. Яна была арганізаваная Таварыствам беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

На фота – прадстаўнікі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны г. Менск.

З словаў кіраўніка гэтай арганізацыі Алега Трусава, праблема моўных правоў абмяркоўвалася на прыкладах ня толькі Беларусі, але й суседніх краінаў. Таму на мерапрыемства былі запрошаныя й замежныя спэцыялісты.

- Гэтыя спэцыялісты маюць дачыненьне да беларускай мовы. З Украіны, з Расеі, з Польшчы ёсьць прадстаўнік і зь Летувы. Плюс многія даслалі свае тэксты, таму што ня ўсе маглі прыехаць. Нашая мэта – выдаць зборнік гэтых матэрыялаў. У зборніку будзе больш тэкстаў. Улады былі запрошаныя – з розных міністэрстваў і ведамстваў. Ад іх ніякіх адказаў мы не атрымалі. Але й няма ніякага, слава богу, пярэчаньня. Так што, улады – самі па сабе, мы – самі па сабе.

Удзельнікі канфэрэнцыі прынялі рэзалюцыю, у якой адзначылі, што ў некаторых краінах неад’емнае права на карыстаньне роднай моваю парушаецца ды ігнаруецца. Удзельнікі навукова-практычнай канфэрэнцыі падтрымалі намаганьні сусьветнай супольнасьці, выкладзеныя ў Канвэнцыі ЮНЭСКА і накіраваныя на ахову й заахвочваньне разнастайнасьці формаў культурнага самавыяўленьня, у тым ліку й моваў.

* * *

На Міжнароднай навукова-практычнай канфэрэнцыі „Моўныя правы ды іхая абарона”, якую наладзіла ў Менску Таварыства беларускай мовы, выступіла ўдзельніца зь Беластоку, прадстаўніца арганізацыі Аб’яднаньне бацькоў (АБ – БА) Барбара Пякарская.

На фота – ўдзельніца з Беластоку, прадстаўніца арганізацыі

Аб’яднанне бацькоў (АБ – БА) Барбара Пякарская

Яна падрабязна распавяла пра тое, як намаганьнямі жыхароў гораду захоўваецца беларускамоўнае асяродзьдзе.

- У такім вялікімі горадзе, ваяводскім, не зацікаўлены, каб пашыраць беларускасьць. Зацікаўлены былі мы, бацькі, і таму ад 20-ці гадоў працуем у гэтым накірунку. Найперш, ствараючы ўмовы для навучаньня ў садку, потым у пачатковых школах і ліцэі. І за гэтыя 20 гадоў мы, як грамадзкая арганізацыя, якая абапіраецца на працу толькі выключна бацькоў і настаўнікаў, зрабілі вельмі многа.

20 гадоў таму ў Беластоку беларускай мове амаль ніхто не вучыўся. І за гэты час колькасьць тых, хто вывучае беларускую мову ад нуля ўзрасла да 300 вучняў, – распавяла Барбара Пякарская. Хаця агульныя тэндэнцыі й кепскія. Малыя мовы пад моцным ціскам моваў вялікіх. Ангельская, нямецкая, француская могуць спатрэбіцца паўсюдь. А беларуская? Нават у Беларусі цяжка пагаварыць на роднай мове, ня кажучы ўжо пра тое, каб вучыцца на ёй. Але здавацца нельга. І пасьпяховы прыклад Беластоку як раз пераконвае ў гэтым, – кажа Барбара Пякарская.

На фота – удзельнікі Міжнароднай навукова-практычнай канфэрэнцыі

„Моўныя правы ды іхная абарона”

Разьвіцьцё ды абарона беларускай мовы знаходзіцца зараз амаль цалкам у руках грамадзянскай супольнасьці, – лічыць беларускі публіцыст Алесь Чайчыц, які зараз жыве ў Маскве. Выступаючы на міжнароднай навукова-практычнай канфэрэнцыі „Моўныя правы ды іхная абарона”, якая адбылася ў Менску, ён падкрэсьліў, што дзяржава ставіцца абыякава да абароны беларускай мовы. На яе трэба ўвесь час ўзьдзейнічаць, каб дабіцца нейкіх пазытыўных зрухаў у абароне мовы:

- Становішча вельмі дрэннае. Беларуская мова дэ-факта не зьяўляецца дзяржаўнай мовай у Рэспубліцы Беларусь. Ня можа ісьці размова ні пра якое раўнапраўе беларускай мовы ды расейскай мовы, ні пра які поўнавартасны рабочы статус мовы ў Рэспублікі Беларусь. І гэта вельмі дрэнна. Гэта парушэньне моўных правоў, гэта вялікая шкода беларускай мове як элемэнту культурнай спадчыны беларусаў усіх, незалежна ад месца іхнага пражываньня. У такой сытуацыі грмадзянская супольнасьць Беларусі, як унутры краіны, гэтак і за ейнымі межамі, павінна ўзмацніць сваю дзейнасьць па абароне мовы. І дзейнічаць актыўна, сучасна, крэатыўна. Сам лад мысленьня й дзеяньняў беларускіх грамадзкіх дзеячоў павінен зьмяніцца, быць максымальна несавецкім, максымальна прагрэсыўным. Трэба гэтаму вучыцца й рэалізоўваць гэта ў жыцьці, – сказаў Алесь Чайчыц.

На фота – беларускі публіцыст Алесь Чайчыц, Масква (Расея)

Паводле Генадзь Барбарыч, www.racyja.com
ды www.licviny.info
Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА,
Беларускі Праўны Партал,
www.prava-by.info

Фота: Генадь Барбарыч
Дапрацоўка фота:
Аляксей Лапіцкі,
Licviny-INFA

Цэтлікі: , , , , , , ,

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>