2015 01/04

Фактамі, падрыхтаванымі Таварыствам беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ), можна сьмела апэляваць у дыскусіях, калі апанэнт просіць доказаў, што носьбітаў беларускай мовы ў Беларусі прыцясьняюць.

Аргумэнты наконт дыскрымінацыйнага стану беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь (!) падсумаваныя ў межах падрыхтоўкі прапановаў да праэкту нацыянальнага дакладу аб выкананьні Канвэнцыі аб ахове і заахвочваньні разнастайнасьці формаў культурнага самавыяўленьня.

Маніторынг стану дзяржаўнай беларускай мовы ў нашай краіне, праведзены на працягу апошняга году, сьведчыць аб тым, што існаваньне дзяржаўнай беларускай мовы, як асноўнага элемэнту беларускай культуры знаходзіцца пад пагрозай у розных сфэрах ейнага функцыянаваньня. Асаблівую заклапочанасьць выклікае сыстэма адукацыі на ўсіх роўнях, — гаворыцца ў дакумэнце ТБМ.

У адпаведнасьці з дадзенымі Нацыянальнага статыстычнага камітэту, колькасьць навучэнцаў дзённых беларускамоўных сярэдніх навучальных установаў на пачатак 2013/2014 г. складала толькі 15,5 %. Зь іх у сталіцы нашай краіны — Менску — толькі 2,1 %, што недапушчальна.

Колькасьць беларускамоўных школаў у нашай краіне штогод зьмяншаецца, а новых ніхто не адкрывае. Асабліва цяжкая сытуацыя склалася ў сыстэме ВНУ нашай краіны. У некаторых ВНУ маецца толькі адзін прадмет, які выкладаецца па-беларуску. Гэта “Беларуская мова. Прафэсійная лексіка”.

Пры гэтым колькасьць гадзінаў была зьменшаная з 96 да 34, а форма кантролю ведаў пераведзеная з іспыту на залік.

Згодна з афіцыйнымі зьвесткамі, агучанымі Міністрам інфармацыі сп. Ананіч падчас адкрыцьця Міжнароднай кніжнай выставы ў 2015 г., колькасць кніжнай прадукцыі на беларускай мове складае 10% ад агульнай колькасьці.

У галіне заканадаўства беларуская мова — мова трох Статутаў ВКЛ — практычна ігнаруецца. Большасьць розных законаў і пастановаў прымаецца толькі на расейскай мове, не існуе і іхных афіцыйных перакладаў. Напрыклад, у 2014 г. Радай Міністраў прынята 1297 пастановаў, зь іх на беларускай мове — толькі 170, што складае 13%. У 2014 г. з усіх законаў, прынятых Палатай прадстаўнікоў, на дзяржаўнай беларускай мове былі прынятыч толькі 2. Праўленьне Нацыянальнага Банке Рэспублікі Беларусь у 2014 г. прыняло толькі 9 пастановаў на беларускай мове.

Заснавальнікам газэтаў “Минский курьер” і “Вечерний Минск”, якія выходзяць шматтысячнымі накладамі, зь іх частка раздаецца бясплатна, зьяўляецца Мінгарвыканкам. Мовай выданьня была абраная толькі расейская мова, што пярэчыць дзеючай Канстытуцыі й рэфэрэндуму 2005 году.

У краіне адсутнічаюць беларускамоўныя тэлеканалы, і нават не створана паўнавартасная беларускамоўная вэрсія сайту Белтэлерадыёкампаніі.

Паводле novychas.info і Licviny-INFA,
Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА,
Беларускі Праўны Партал,
www.prava-by.info

Цэтлікі: , , ,

One thought on “ТБМ падрыхтавала сьпіс аргумэнтаў наконт дыскрымінацыйнага стану беларускай мовы”

  1. Дзе беларускамоўныя назвы вуліцаў, дзе паўнавартаснае візуальнае й гукавое асяродзьдзе, дзе выхаваўча-адукацыйныя ўстановы, у якіх маглі б натуральным чынам без прыніжэньня ды прыстасаваньня да “афіцыйна-правільнай моўнасьці” выхоўвацца ды навучацца “няправільныя” беларускамоўныя беларусы ў Беларусі (у Жодзіне, напрыклад)?!

    Калі ўзяць галоўны “моўны” лінгвістычны прынцып расейскага акадэміка Карскага, якім ён карыстаўся пры стварэньні калісьці мапы месцазнаходжаньня беларускіх этнічных тэрыторыяў (гэты ж прынцып, дарэчы, толькі на руку сёньня й іншым цяперашнім аматарам “руССкОГО “мира””), дык звужэньне гэаграфічнага кола выкарыстаньня беларускай мовы для іх тоеснае звужэньню сувэрэннай беларускай тэрыторыі, тэрыторыі Рэспублікі Беларусь (!!!).

    І гэта ёсьць глебаю для падобнага ж (быццам бы навуковага) абгрунтаваньня ўзьнікненьня нават тэрытарыяльных дамаганьняў з боку нашых “цудоўных мірных суседзяў”, якім дазволілі аднойчы адчуць сябе ў гасьцях, як у сябе дома, а яны (што, дарэчы, заўсёды ў іхнай традыцыі) адразу ж скарысталі гэта ў сваіх прыватных, далёка не сяброўскіх мэтах ды ўжо амаль сілком мэтанакіравана імкнуцца засадзіць (дакладней ужо запхнуць) даверлівых гаспадароў пад лаву ва ўласнае хаце… ды сказаць пры гэтым, што усё так і павінна быць, бо так заўсёды (як быццам бы) і было… (!).

    Варта ўжо вывучыць гэты просты ўрок ды навучыцца нарэшце паважаць сябе, абараняць уласныя нацыянальныя й дзяржаўныя інтарэсы! Тады і іншыя пачнуць паважаць нас, – не за прадажнасьць і прыстасаванствы (такіх – толькі робяць выгляд, што паважаюць ці нават любяць тыя, хто скарыстоўвае), – а за наяўнасьць яснай ды бязспрэчнай пазыцыі, заснаванай на самапавазе – на безумоўным шанаваньні ўласных продкаў, традыцыяў, культурных і гістарычных каштоўнасьцяў, у тым ліку, ды безумоўна, роднай беларускай мовы, якую трэба вучыць, ведаць і, ня гледзячы ні на што, выкарыстоўваць у сваім штодзённым жыцьці…

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>