2015 24/03

Адміністрацыя Чыгуначнага раёну Віцебску зноў адмовіла сябрам Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ ў правядзеньні пікету.

Імпрэза, прымеркаваная да Дня Волі, мусіла адбыцца 25 сакавіка. Заява была пададзена ад імя Яна й Аляксандра Дзяржаўцавых, Пятра Сарапені, Алега Емяльянава й Аляксея Леаненкава.

Напярэдадні сьвята кожны з заяўнікаў атрымаў цалкам ідэнтычны адказ, падпісаны намесьніцай кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёну Натальляй Ляпёшкінай: “…заява разгледжаная”, “…дагаворы, прадугледжаныя пунктам 3 рашэньня Віцебскага гарадзкога выканаўчага камітэту ад 10 ліпеня 2009 году №881 “Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску”, Вамі не прадстаўленыя, забараняю правядзеньне масавага мерапрыемства – пікету 25 сакавіка 2015 году з 15:00 да 16:00 у парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў у раёне сцэнічнай пляцоўкі”.

Пасьля прыняцьця вышэй згаданага рашэньня Віцебскага гарвыканкаму №881 апазыцыйным актывістам так ні разу і не было дазволена правядзеньне хоць якога-небудзь мерапрыемства. Гэткім чынам, на працягу амаль шасьці гадоў гарадзкія ўлады беспакарана парушаюць канстытуцыйныя правы грамадзянаў, якім артыкулам 35 Найвышэйшага закону краіны гарантаванае права на выказваньне іхнай грамадзянскай ды палітычнай пазыцыі, у тым ліку празь пікеты і іншыя дазволеныя законам акцыі. Артыкул 35 гарантуе “свабоду сходаў, мітынгаў, вулічных шэсьцяў, дэманстрацыяў і пікетаваньня, якія не парушаюць правапарадак і правы іншых грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, (гэтае права) гарантуецца дзяржавай. Парадак правядзеньня названых мерапрыемстваў вызначаецца законам”.

Заўважце, парадак вызначаецца “законам”, а не рашэньнем “гарвыканкаму”, які, як вядома кожнаму школьніку, законаў не прымае.

Гэтае рашэньне складзенае гэткім чынам, што выканаць яго ў поўным аб’ёме не ўяўляецца магчымым. Як кажа Ян Дзяржаўцаў, нават праз суд грамадзкія актывісты ні разу ня здолелі змусіць галоўнага ўрача “Віцебскай гарадзкой цэнтральнай паліклінікі” хаця б раз заключыць зь імі дамову на абслугоўваньне мерапрыемства, бо ў законе адсутнічае адпаведная норма ўплыву на службовую асобу.

І гэтым разам галоўны ўрач Станіслаў Цітовіч адмовіў чальцам КХП-БНФ у заключэньні дамовы, спаслаўшыся на тое, што ў “…сапраўдны перыяд назіраецца высокая абарачальнасьць насельніцтва…” (даслоўна) і заключэньне дамовы “не ўяўляецца магчымым”, бо загадзя сплянаваць дзейнасьць брыгад на прызначаны для мерапрыемства час, як ён мяркуе, немагчыма.

Намесьнік начальніка УУС Віцебскага аблвыканкаму А. Міхайлаў у пошуках прычынаў для адмовы пайшоў іншым шляхам. Ён спаслаўся на адсутнасьць рашэньня адміністрацыі Чыгуначнага раёну, якое б дазваляла правядзеньне пікету заяўнікам. Маўляў, будзе дазвол райвыканкаму – мы адразу ж пад казырок, на месцы правядзеньня пікету будзем раней за вас. Але ж казуістычнасьць справы заключаецца ў тым, што без дамовы з УУС райвыканкам дазволу на правядзеньне акцыі ня дасьць. Вось і паспрабуйце адшукаць у гэтай справе крайняга.

Адзінай арганізацыяй, якая без праблемаў заключае з апазыцыйнымі палітыкамі дамовы на абслугоўваньне, зьяўляецца “Зелянгас”. Мо’ таму, што чым бліжэй чалавек да прыроды, тым менш у ім хлусьні і бруду, тым больш ён разумее, што ні ўласна чалавечую прыроду, ні прыроду ў больш шырокім сэнсе гэтага слова не падманеш. Усё астатняе ад лукавага.

Паводле vitebskspring.org

Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА,
Беларускі Праўны Партал,
www.prava-by.info

Цэтлікі: , , ,

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>