Не забірай жыцьцё!
2015 07/04

Праваабаронца з Баранавічаў Сяргей Гоўша 3-га красавіка накіраваў наглядную скаргу старшыні Берасьцейскага абласнога суду па справе аб забароне пікету да Дня правоў чалавека.

Суд Баранавіцкага раёну й г.Баранавічы ад 27 студзеня ды судовая калегія па грамадзянскіх справах Берасьцейскага абласнога суду ад 19 сакавіка прызналі дзеяньні Баранавіцкага гарвыканкаму законнымі, з чым праваабаронца нязгодны.

Праваабаронца адзначае, што гарадзкі й абласны суды чамусьці “не заўважылі”, што Баранавіцкі гарвыканкам сам парушыў закон аб масавых мерапрыемствах, бо не ўказаў матывы, па якіх пікет быў забаронены. Парушаны быў і тэрмін адказу заяўнікам аб прынятым рашэньні.

Сяргей Гоўша ўказаў, што суды таксама не прынялі да ўвагі ягоныя тлумачэньні аб незаконнасьці патрабаваньняў з боку гарвыканкаму адносна заключэньня дамоў зь міліцыяй па ахове грамадзкага парадку падчас масавых мерапрыемстваў, паколькі гэта супярэчыць Пастанове Савету Міністраў ад 05.03.2012г. №207. У матывіровачнай частцы, адзначае праваабаронца, суды нават не ўзгадалі пра ягоныя доказы таго, што гарадзкая міліцыя афіцыйна адмаўлялася на працягу многіх гадоў заключаць дамовы з заяўнікамі, пакуль не будзе дазвол гарвыканкаму на правядзеньне масавага мерапрыемства.

Абсурднымі, на думку Сяргея Гоўшы, выглядалі тлумачэньні ў судзе прадстаўнікоў Баранавіцкага гарвыканкаму аб тым, што ён у сваёй заяве не ўказаў меры, зьвязаныя з мэдычным абслугоўваньнем і прыборкай тэрыторыі пасьля пікету.

– У нашай заяве было сказана, што да яе прыкладаюцца копіі дамоў з паліклінікай і ЖКГ, і былі прыкладзеныя самі копіі. Таксама ў заяве ў гарвыканкам маюцца абавязальніцтвы заяўнікаў масавага мерапрыемства па арганізацыі й правядзеньні масавага мерапрыемства, аб тым, што яны абавязуюцца забясьпечыць грамадзкі парадак. Але судзьдзі “не заўважылі” і гэтых дакумэнтаў, – пракамэнтаваў Сяргей Гоўша.

Праваабаронца просіць старшыню абласнога суду адмяніць, як неабгрунтаванае ды незаконнае, рашэньне суду Баранавіцкага раёну й г.Баранавічы ды вызначэньне судовай калегіі па грамадзянскіх справах Берасьцейскага абласнога суду, а таксама рашэньне Баранавіцкага гарвыканкаму аб забароне пікету.

Паводле spring96.org

Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА,
Беларускі Праўны Партал,
www.prava-by.info

На фота – Сяргей Гоўша, Баранавічы

Цэтлікі: , , ,

One thought on “Баранавічы: пададзена наглядная скарга па справе аб забароне пікету”

  1. Думаю, кіраўнікі вышэйшых судовых інстанцыяў нават больш залежныя ад “ідэалягічнае вэртыкалі” ўлады. Калегіяльны воган “Касацыйная інстанцыя” – адзіная, якая магла б, пры наяўнасьці хоць грама парэшткаў прафэсійнае годнасьці, прыняць правамернае рашэньне супраць волі “ідэалягічнага адзьдзелу” нейкага, напрыклад, умоўнага “мухасранска”, бо пэрсанальна судзьдзя вышэйшай інстанцыі – хутчэй сам … пераедзе жыць у “мухасранск”, чым прыме чакаемую ад яго правамерную пастанову. Нажаль, але гэта сёньня нашыя рэалі…

    Акрамя таго, як ні дзіўна, перашкоды ў выглядзе патрабаваньняў заключаць платныя дамовы зь міліцыяй, мэдыкамі, камунальнікамі падчас падачы заяўкі ў выканкам на правядзеньне мірнага сходу – штучна прыдуманы матыў для забароны, які фармалізаваны ці быццам бы легалізаваны ў мясцовых падзаконных актах, супярэчных, дарэчы, і Закону, і Канстытуцыі, і патрабаваньням МПГіПП. Незаконнасьць апошніх як раз і трэба настойліва й пасьлядоўна даказваць у судзе, а не спрабаваць рэалізаваць тое, што супярэчыць і нарматыўна-праўнай базе суб’ектаў патрабуемых дамоваў (дзяржаўных установаў), і нормам Канстытуцыі, МПГіПП ды й адпаведных артыкулаў Грамадзянскага Кодэксу Рэспублікі Беларусь адносна сэнсу, лёгікі й правамерных умоваў для заключэньня дамоваў.

    Калі не заўважаць гэтага й перакрочваць праз неправамернасьць такіх невыканальных патрабаваньняў, высоўваемых у якасьці перадумоваў для рэалізацыі гарантаванага канстытуцыйнага права, можна стварыць сытуацыі…, у якіх навогул цяжка ўжо будзе нешта даказваць, бо лёгіка права ў іх проста адсутнічае, а існуе голы інтарэс уладаў “забараняць і кантраляваць” усё навокал, а ў скрайнім выпадку – непрыхавана гандляваць канстытуцыйным правам і грамадзка-палітычнымі свабодамі …

    Хоча раб атрымаць “глыток паветра свабоды” – хай гэты раб адшукае, чым заплаціць за гэтае задавальненьне гаспадару-гандляру-рабаўладальніку!…

    Вось і ўся стратэгія ў сытуацыі фактычнай адмены Канстытуцыйнага права і фактычнай адмены статусу “грамадзяніна краіны”, канстытуцыйных правоў і свабодаў, гарантаваных Асноўным Законам. А сыстэма судоў – наскрозь прасякнутая “антыканстытуцыйнай ідэалягічна-намэнклятурнай карупцыяй” у межах пануючай “вэрыткалі” адзінай аўтарытарна-каманднай улады.

    У такіх справах суды – гэта звычайны прыдатак, давесак да “ідэалягічнае вэртыкалі” і той “карнай сыстэмы”, якая тут заўсёды існавала ды ўмацоўвалася год за годам… Ці тое, ячшэ будзе?!

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>