
Фокусьнікамі поўніцца зямля беларуская… Іх хапае, аказваецца, і ў “самых правільных і справядлівых у сьвеце” – беларускіх судах…
Сумняваецеся? Дарэмна. Чым далей – тым весялей. Але весялосьць гэтая, чамусьці, патыхае стогадовай падвальнай цвільлю.
Каб ня быць галаслоўнымі прыводзім сьвежыя факты.
Каб не адказваць пад аўдыёзапіс судовага паседжаньня на прынцыповыя пытаньні й прад’яўленыя дакумэнтальныя факты, якіх Жодзінскі суд не заўважыў, Касацыйная калегія судзьядзяў Менскага абласнога суду, у відавочнай супрацы з сваімі малодшымі па рангу калегамі ды, “карыстаючыся паслугамі” гэткай жа “бездакорна працуючай паштовай сувязі”, у чарговы раз паказала жодзінскім праваабаронцам чарговы “фокус”. Заяўнікі не дачакаліся ні адказу на зробленыя заўвагі на пратаколы, ні выкліку на паседжаньне Касацыйнай інстанцыі, а проста адразу атрымалі “пухлую капэрту” судовых вызначэньняў з пячаткамі па выніках быццам бы судовага разгляду іхных скаргаў у Касацыйнай інстанцыі …
Так, Аляксей Лапіцкі і Сьвятлана Лапіцкая, заўянікі па справе аб забароне мірнага сходу (пікетаваньня) у Жодзіне, якія ўвесь час у судовых працэсах дакладна фіксуюць усе абставіны судовых разьбіральніцтваў, прадстаўленыя аргумэнты й довады бакоў, а таксама эфэктыўна робяць заўвагі на пратаколы, – яны дабіваліся ўжо некалькі разоў прызнаньня зробленых заўвагаў і скарыстоўваюць іх у якасьці паўнавартасных працэсуальных дакумэнтаў, – чарговы раз (другі запар) былі пазбаўленыя магчымасьці ўдзельнічаць у паседжаньні Касацыйнай інстанцыі Менскага абласнога суду па пададзеных імі скаргах на неабаснаваныя на іхную думку пастановы Жодзінскага гарадзкога суду ад 17.09.2014 году.
___________
Няўжо ў нас зьявіўся новы від маніпуляцыяў…?! Для адхіленьня працэсуальных асобаў без іхнае на тое згоды ад удзелу ў судовых паседжаньнях і разьбіральніцтвах па заяўленых імі скаргах – заяўнікоў проста належным чынам не апавяшчаюць пра заплянаваны разгляд справы (!).
___________
У любым выпадку жодзінскія праваабаронцы, якія ў мінулым годзе аспрэчвалі забарону пікету з патрабаваньнямі вызваленьня палітвязьня Алеся Бяляцкага, а ў гэтым – забарону пікету ў падтрымку Мікалая Статкевіча ды іншых палітвязьняў, рэгулярна не запрашаюцца на паседжаньні Касацыйнай калегіі судзьдзяў Менскага абласнога суду. Падобным жа чынам, як гэты было раней, яны і на гэты раз атрымалі чарговую “завочную адпіску” ад “надзвычай аўтарытэтнай у праваабарончых колах” судовай інстанцыі.
___________
Сьвятлана Лапіцкая:
– Мы кожны дзень сачылі за поштаю з моманту падачы апошніх дакумэнтаў у Жодзінскі суд – чакалі адказу на зробленыя намі заўвагі па атрыманых з суду пратаколах. Жодзінскі суд вырабляў іх пасьля вынясеньня ўласнага рашэньня больш за 5 месяцаў (!). Пры гытым даў на праверку пратаколаў і падачу заўвагаў па іх толькі 5 дзён. Аляксей пасьпеў усё зрабіць сваечасова – мы падалі і заўвагі на пратаколы, і дадатковую Касацыйную скаргу, прыклалі новыя дакумэнты, якія чарговы раз даказваюць, што прынятыя гарадзкім судом пастановы неабаснаваныя, таму неабходна разглядаць справу з улікам новых абставінаў, каб нарэшце выносіць справядлівае правасуднае рашэньне.
А тут зноў заднім чыслом 22 красавіка раптоўна атрымліваем “спраўдны падарунак” (гл. фота). Капэрта, дарэчы, – з штампамі ад 13-14 красавіка. То бок 8-9 дзён ужо з таго часу мінула (!?). Але я асабіста кожны дзень сачыла за паштовае скрыняй – і там нічога не было.
___________
Аляксей Лапіцкі далей камэнтуе:
– Сапраўды. Але гэтая капэрта – у паштовае скрыні. А дзе ж зноў падзелася тая капэрта, у якой павіна было быць сваечасовае апавяшэньне пра само Касацыйнае паседжаньне? Дзе таксама адказ на зробленыя намі заўвагі на пратаколы, на пададзеныя дадатковыя дакумэнты?
У атрыманай капэрце – шмат паперак… Касацыя адбылася, аказваецца, аж 30 сакавіка (!?). Што там і як разглядалася і ці разглядалася пры такіх абставінах, без нашага ўдзелу, навогул, вядома толькі самім “фокусьнікам”.
Але ўсё гэта ні ў якім разе нельга назваць незалежным і справядлівым судом. За столькі год праваабароны мы ня часта бачылі годны ды прафэсійны судовы разбор. У будынках судоў і ў выканкамах, нажаль, марыянэнткі карумпаванай аўтарытарна-каманднай сытсэмы. Якая гучыць каманда – такім робіцца й вынік. І варыянтаў быць тут практычна ня можа – ні выбару, ні права, ні эфэктыўнае абароны…
Тое, што мы назіраем сёньня ў Жодзіне – спраўдны нагадвае цыркавы нумар.
Як падобная праваахоўная сыстэма можа выкрываць і караць маніпулятараў на тых жа падложных выбарах, напрыклад, калі яна сама робіць падобныя “фокусы” па камандзе зь верху па вэртыкалі?
Сорамна й прыкра за такіх прафэсіняалаў права з самых “правільных” і “справядлівых” у сьвеце – беларускіх судоў.
ФОТА
ДАДАТКІ:
1. Вызначэньне Касацыйнай інстанцыі Менскага абласнога суду ад 30.03.2015г. на рашэньне з прыватным вызначэньнем судзьдзі Тацяны Трапашкі у судзе гораду Жодзіна ад 17.09.2014 году па скарзе Аляксея Лапіцкага і Сьвятланы Лапіцкай на неправамерныя дзеяньні службовых асобаў і забароне пікетаваньня ў падтрымку палітзьняволеных з патрабаваньнямі вызваленьня палітвязьня Мікалая Статкевіча.
2. Абскарджваемае вызначэньне Жодзіскага гарадзкога суду – гл. дакумэнт у дадатку да публікацыі.
3. Абскарджваемае рашэньне Жодзінскага гарадзкога суду – гл. дакумэнт у дадатку да публікацыі.
4. Касацыйная скарга – прыватная асноўная папярэдняя скарга на вызначэньне суду, пададзенай пры адстунасьці пратаколаў… – гл. дакумэнт у дадатку да публікацыі.
Алесь ЛЕТА,
Беларускі Праўны Партал,
паводле licviny.info ды Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Аляксей Лапіцкі
Цэтлікі: Аляксей Лапіцкі, Жодзіна, касацыйныя абскарджваньні, парушэньне права на мірныя сходы і свабоду выказваньня меркаваньняў (арт. 21 і арт. 19 МПГіПП), парушэньне права на справядлівы суд, судзьдзя Тацяна Трапашка, суды, Сьвятлана Лапіцкая
2 thoughts on “ЗАЯЎНІКОЎ ПРОСТА … ПАЗБАВІЛІ ПРАВА УДЗЕЛЬНІЧАЦЬ У КАСАЦЫЙНЫМ РАЗГЛЯДЗЕ СКАРГІ (фота, дакумэнты)”