Не забірай жыцьцё!
2015 05/05

AANЖыхар Віцебску Пятро Бэрлінаў зьвярнуўся зь індывідуальнай скаргаю ў Камітэт па правах чалавека ААН, бо ён быў, на яго думку, незаконна і несправядліва падвергнуты кароткатэрміноваму пазбаўленьню волі.

Нагодай для такога суворага пакараньня паслужыў выпадковы ўдзел Пятра ў групавым фатаграфаваньні на адной з вуліцаў гораду. Судзьдзя суду Чыгуначнага раёну Віцебску Алена Цыганкова ўсьлед за маёрам міліцыі Аляксандрам Рыбаковым палічыла фатаграфаваньне масавым мерапрыемствам, прызнала Бярлінава вінаватым і падвергла адміністрацыйнага арышту на трое сутак з утрыманьнем яго ў ізалятары часовага ўтрыманьня.

У сваёй скарзе Бэрлінаў прыводзіць довады таго, што ён стаў ахвяраю дзеяньняў з боку дзяржаўных ворганаў і арганізацыяў. Так, Пятро паведамляе пра тое, што касацыйная й наглядныя судовыя інстанцыі, куды ён зьвяртаўся са скаргамі на рашэньне судзьдзі Цыганковай, разгледзелі скаргі не на ягоную карысьць. Паводле меркаваньня заяўніка, судзьдзя Цыганкова была прадузятай. Яна адназначна прыняла бок абвінавачваньня й ня стала высьвятляць усе акалічнасьці, фактычны бок справы, ня стала знаходзіць аб’ектыўныя дадзеныя яго невінаватасьці й недатычнасьці.

На думку Бярлінава, судовае рашэньне суду першай інстанцыі не зьяўлялася справядлівым. Усе ўдзельнікі фотасэсіі былі пакараныя штрафамі. А ён за тое ж самае правапарушэньне, што і астатнія (удзел у пікетаваньні), быў падвергнуты адміністратыўнаму арышту. Бо гэты від пакараньня расцэньваецца грамадзтвам і дзяржавай як найбольш карны, г.зн. ужываецца толькі ў скрайніх, асаблівых выпадках пры адміністратыўнай судавытворчасьці.

«Адміністратыўны арышт успрыняты мною як пакараньне, не прапарцыйнае ўчыненаму дзеяньню. Бо калі мае паводзіны расцэньваць як удзел у пікеце, то маімі ўчынкамі не былі парушаныя правы іншых асобаў. Да таго ж я не рабіў замах на бясьпеку, грамадзкі парадак і маральнасьць насельніцтва, якія ахоўваюцца дзяржавай. Прынамсі, мне не ставілася ў віну гэта судом
», – сьцьвярджае Бэрлінаў.

Пацярпелы мяркуе, што з боку дзяржавы грубым чынам было парушанае ягонае права на справядлівы, бесстароньні й незалежны суд. І выказвае шкадаваньне, што касацыйная ды наглядныя судовыя інстанцыі не ўлічылі ўсе ягоныя довады й рэабілітуючыя акалічнасьці.

Пятро Бэрлінаў, пакрыўджаны беларускай дзяржаваю грамадзянін, просіць Камітэт па правах чалавека прызнаць ягоную скаргу прыймальнай для разгляду па сутнасьці. Ён настойвае на тым, каб Рэспубліка Беларусь была прызнаная парушальнікам Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, ліквідавала ўсе зробленыя парушэньні й аднавіла яго грамадзянскія правы, а таксама пакрыла яму маральную шкоду ў выглядзе грашовай кампэнсацыі.

Нагадаем, што фотасэсія “з птушкамі й клеткамі”, калі ўдзельнікі паўтарылі малюнак невядомага мастака на сьцяне віцебскага будынку, дагэтуль не забылася жыхарамі Віцебску. Многія былі абураныя тым, што за фотаздымкі на фоне графіці, выкладзеныя ў інтэрнэце, удзельнікаў фотасэсіі пакаралі як правапарушальнікаў.

Праваабаронца Валеры Місьнікаў, які пабываў на судах над журналістамі ды актывістамі, таксама лічыць несправядлівым абвінавачаньне ўдзельнікаў фотасэсіі ў несанкцыянаваным пікетаваньні. З гэтай нагоды ён зьвярнуўся ў гарадскую пракуратуру з заявай пра тое, што маёр міліцыі Аляксандар Рыбакоў і судзьдзі Чыгуначнага райсуду Віцебску Алена Цыганкова і Дзяніс Губанаў, асудзіўшы журналістаў і актывістаў, парушылі законы краіны і Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Аднак, звароты праваабаронцы ў гарадзкую, абсласную й генэральную пракуратуры таксама не далі чаканага выніку.

Паводле vitebskspring.org і spring96.org,
Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА,
Беларускі Праўны Партал,
www.prava-by.info

Цэтлікі: , , , ,

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>