Не забірай жыцьцё!
2015 20/05

У адну з суботаў траўня ўжо традыцыйна на вуліцы Вільні выходзіць вялікая колькасьць разнастайных музыкаў, людзей рознага веку ды прафэсыйнай прыналежнасьці, якія граюць на разнастайных музычных інструмэнтах, сьпяваюць, танчуць у тым ліку й разам з гледачамі.

Дзень вулічнай музыкі (ДВМ) аб’ядноўвае ўсіх аматараў музыкі й танцу, плястычнага й харэаграфічнага майстэрства…

Музыка, якая гучыць на вуліцах сталіцы Летувы, ужо сталася одной з адметных візытовак для Вільні, ейнай цудоўнай атмасфэраю, у якую заўсёды радыя акунуцца як жыхары сталіцы, гэтак і шматлікія замежныя турысты.

На сьвята вулічнай музыкі зьбіраюцца прадстаўнікі гарадзкіх уладаў Рыгі, Санкт-Пецярбургу, Менску й Таліну, на свае свабодныя вулічныя імпрэзы прыяжджаюць музыкі й музычныя калектывы з розных краінаў, у тым ліку й зь Беларусі.

Гэтым разам удалося трапіць на выступ беларускага дзіцячага гурта “Пралеска”, які выступіў ля будынку тэатра на галоўным прашпэкце Вільні.

Гэта ўсё цалкам – неабдымны сьвет музыкі й танцу, які немагшчыма ахапіць цалкам, бо сьвята праходзіць увесь дзень з 10-00 да 22-00 у шматлікіх месцах Вільні, а таксама ў 47 іншых гарадах Летувы. Пры гэтым у кожным горадзе й пасёлку маюцца свае асаблівасьці й нюансы, якія толькі надаюць сьвяту дадатковае зачараваньне.

Пасьля 22-00 сьвята працягваецца амаль усю ноч у шматлікіх кавярнях, барах і клюбах.

16 траўня “Дзень вулічнай музыкі” ў Вільні праходзіў у даволі прахалодных умовах. Гэтым і былі выкліканыя асноўныя асаблівасьці ДМВ сёлета. Сыноптыкі, пры гэтым, настойліва абяцалі яшчэ й ападкі. Але атмасфэра сьвята, якую стварылі ўсе ягоныя актыўныя ўдзельнікі й найперш віленчукі, здолела разагнаць сьвінцовыя хмары над Вільняй. І дажджы цалкам абмінулі сьпяваючую й танцуючую сталіцу Летувы, краіны дабразычлівай і шчырай сяброўкі, суседкі Беларусі.

Людзі сваім радасным і аптымістычным настроем літаральна абудзілі тутэйшую прыроду. Выглянула ветлівае вясновае сонейка. А на галоўных вуліцах сталіцы да самага вечара было ўсё гэтак фантастычна цікава, свабодна й радасна.

Сярод вулічных музыкаў можна было сустрэць непрафэсыйных артыстаў розных жанраў, а па ўзросьце тут былі ўсе: і сталы, і малы…

Джазавы парад танцу на прашпэкце Гэдыміну

На гэтак званы джазавы парад танцу, які адбываўся на прашпэкце Гэдыміну, сюды прыехалі музыкі з Італіі й Латвіі. Яны гралі па чарзе й разам ля гатэля “Novotel” для вялікага мноства людзей, якія слухалі ды ў асноўным танчылі.

Пры гэтым, прыйшлося адчуваць нешта надзвычайнае – пад гукі рэтра-джазу й адначасовыя рытмічныя рухі сотняў танцуючых параў адчувалася, як гойдаюцца пад нагамі выкладзеныя пліткаю ходнікі на прашспэкце Гэдыміна (!?)…

Гэта было незвычанае, але вельмі ясна адчувальнае прысутнымі сапраўднае “лякальнае землятрасеньне”, якое выклікала масавая рытміка сотняў адбіваючых такт ног і, верагодна, цудоўным чынам настроеных ва ўнісон гарачых маладых сардэц…

Марш па прашпэкце й працяг танцавальнай імпрэзы ля помніка Гэдыміну

Пасьля завяршальнага супольнага танцу, які быў выкананы ўжо ўсімі разам у агульных шэрагах, удзельнікі імправізаваным маршам з музыкай і танцамі рушылі сьледам за шыкоўным чырвоным амэрыканскім рэтро-аўтамабілем 70-80 гадоў выпуску й такім чынам з канцэртам і танцамі прайшліся па прашпэкце Гэдыміну да адпаведнай плошчы з помнікам, дзе пад гукі аб’яднанага інтэрнацыянальнага джаз-бэнду прадоўжылася гэтая фантастычная танцавальна-музыкальная фіерыя…

Рэфлексіі, супастаўленьні й некаторыя высновы …

Раніцою наступнага дня можна было ўбачыць знаёмых музыкаў ужо ў іншым абліччы. Не знаёмыя людзі раптам сустракаліся й выказвалі адзін аднаму правітаньні, казалі цёплыя словы, абменьваліся думкамі, уражаньнямі калі прыбіралі парэшткі працоўных матэрыялаў пасьля учораньняга сьвята.

Можа гэта ёсьць чыста асабістым уражаньнем, але адчувалася, што людзі паводзілі сябе так, быццам яны ўсе разам былі сябрамі адной каманды суарганізатарамі ці ўдзельнікаў цікавай для ўсіх гарадзкой падзеі, сьведкамі той казачна свабоднай музычнай атмасфэры, якую ўсе разам стваралі ў сваім родным горадзе для сябе, для сваіх дзяцей для гасьцей сталіцы…

Варта асобна адзначыць, што рэгулятыўная й праваахоўная функцыя мясцовай паліцыі падчас усяго сьвяточнага “Дня вулічнай музыкі” была на столькі мінімальнай, што заўважыць паліцэйскага ў форме ў гэты час сярод шматлікіх удзельнікаў сьвята было проста немагчыма. Падчас танцавальна-музычнага рэтра-джаз-параду па прашпэкце Гэдыміна за ўвесь час было заўважана дзьве машыны паліцыі, адна зь іх кароткі час суправаджала мерапрыемства на дастатковым аддаленьні.

Мноства спэцназаўцаў, пераапранутых супрацоўнікаў сілавых установаў, ДАІшнікаў …, машынаў хуткай дапамогі, нейкіх спэцзакаў, машынаў МНС ці пажарнай службы, якія зьяўляюцца звычайным атрыбутам любой мірнай акцыі ці масавага мерапрыемства ў Менску ды іншых гарадах Беларусі тут і ўявіць сабе немагчыма.

Безумоўна, Менску ёсьць чаму павучыцца ў суседняе Вільні…

Ёсьць неабходнасьць у асэнсаваньні чыноўнікамі таго, што адказнасьць грамадзянаў за лёс уланай дзяржавы, дабрабыт і кожны яркі дзень ейнага існаваньня палягае ў сапраўднай свабодзе рэалізацыі права быць грамадзянінам, у той грамадзянскай адказнасьці, якую накладае гэтая свабода, у тым задавальненьні й радасьці, якія прыносіць падобная атмасфэра грамадзянскай ініцыятывы, талерантнасьці ды ўзаемапаразуменьня ўсім людзея – жыхарам краіны ды ейным удзячным гасьцям, шматлікім замежным турыстам.

Тым, хто ў сур’ёз думае пра падвышэньне іміджу беларускай сталіцы й прыцягальнасьці нашай краіны, нават, для рэалізацыі задачаў у галіне турызму (без уліку іншага роду інвэстыцыяў) варта было б прыглядзецца да суседзяў і зрабіць адпаведныя высновы.

Атмасфэра, у якой грамадзянін адчувае сябе свабодна й камфортна, у якой кожны адчувае сябе натуральна і насамрэч адпачывае – заўсёды раскрывае творчую ініцыятыву, становіцца сапраўдным рухавіком і магнітам, найлепшай візытоўкаю для любо краіны. Бо гэтая атмасфэра прыцягвае да сябе кожнага турыста, а разам зь ім і верагоднага вялікага замежнага інвэстара. У такой атмасфэры ўзаемадзеяньна ды ўзаемапавагі, прадказальнай упарадкаванасьці й натуральнай свабоды, раскрываюцца сапраўдныя таленты й праяўляюцца лепшыя якасьці аб’яднаных у адзінае цэлае людзей, грамадзянаў любога свабоднага дэмакратычнага грамадзтва. І гэтае правіла працуе бездакорна для любой краіны й для любога народу…

ФОТА і ВІДЭА сюжэты ў ДАДАТКУ:

Далучаем тут дадатковыя фота-відэа-замалёўкі з #GMD у Вільні.

Відэа: Частка І. Пачатак.

Відэа: Частка II. Працяг.

Відэа: Частка III. Працяг.

Відэа: Частка IV. “Praleska” (Belarus) на #GMD у Вільні.

Паводле назіраньняў відавочцаў,
падрыхтаваў Алесь ЛЕТА

Фотарэпартаж і відэа Аляксея Лапіцкага

Цэтлікі: , , , , , ,

One thought on “Дзень вулічнай музыкі – 2015 у Вільні. Назіраньні й некаторыя высновы (фотарэпартаж, відэа)”

  1. Ales` says:

    Сапраўды, на вуліцах Вільні было шмат людзей, сьпеваў, розных музычных і танцавальных імпрэзаў, былі й маршы па праезнай частцы галоўнага прашпэкту, які ў гэты дзень быў у эпіцэнтры сьвята вулічнай музыкі…

    Але навокал не было аніводнае агароджы, аніводнага паліцыянту…, ужо ня кажучы пра падразьдзяленьні кшталту АМАПу… ды й пра іншыя знаёмыя “атрыбуты” нашых “сьвяточных” ды й ня толькі “парадаў”.

    І ўсё было мірна, свабодна, арганізавана… – так, як і мае быць у цывільнай эўрапейскай краіне, дзе чалавек адчувае й праяўляецца натуральна як асоба, гаспадар і творца свайго лёсу, рэальны грамадзянін уласнай краіны.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>