Не забірай жыцьцё!
2015 09/06

Лідэр Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі зьвярнуўся да пракурора Менску з заявай аб прыцягненьні да адказнасьці намесьніка старшыні Менгарвыканкаму І.Карпенкі.

Палітык лічыць, што чыноўнік перавысіў свае службовыя паўнамоцтвы, самастойна прыняўшы рашэньне аб аплаце паслугаў за ахову дазволеных Менгарвыканкамам мерапрыемстваў, прысьвечаных Дню памяці продкаў “Дзяды”. Адказным за іхнае правядзеньне зьяўляўся менавіта Юрась Беленькі.

У сваёй скарзе ў пракуратуру Беленькі паведамляе наступнае:

“На спэцыяльным паседжаньні ў Менгарвыканкаме з удзелам заяўнікаў мерапрыемства, работнікаў міліцыі ды Менгарвыканкаму, якое адбылося 27.10.2014г., падымалася тэма аплаты паслугаў. Намесьнік упраўленьня Менгарвыканкаму Уральскі Ю.М., заявіў тады, што “мы гэтае пытаньне разгледзім”.

Аднак, як высьветлілася потым, падчас адміністратыўных працэсаў па арт.23.34 КоАП, якія праводзіліся ў дачыненьні да мяне за неаплату паслугаў у Першамайскім і Ленінскім судах Менску, рашэньняў аб аплаце паслугаў Менгарвыканкамам, як гэта патрабуць нормы Закону Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” і “Рэглямэнту Менгарвыканкаму…” не прыймалася і, адпаведна, не існуе нумара й даты такіх рашэньняў.

Такім чынам ёсьць прыкметы перавышэньня службовых паўнамоцтваў намесьнікам старшыні Менгарвыканкаму Карпенкам І.В., які, ў адсутнасьць рашэньняў Менгарвыканкаму, самастойна прыняў рашэньі аб аплаце паслугаў”.

Юрась Беленькі просіць прыняць меры пракурорскага рэагаваньня ў сувязі з незаконнымі дзеяньнямі намесьніка старшыні Менгарвыканкаму Карпенкі й прыцягнуць яго да адказнасьці.

Нагадаем, што менавіта з-за гэтага парушэньня парадку правядзеньня мерапрыемства — мітынгу ў Курапацкім лесе й шэсьця на Дзяды 2-га лістападу, а таксама ў Лошыцах, агульная сума штрафаў Беленькаму па выніках трох судоў склала 11 мільёнаў 250 тысячаў рублёў.

Паводле spring96.org
Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА,
Беларускі Праўны Пратал,
www.prava-by.info

Цэтлікі: ,

One thought on “Юрась Беленькі скардзіцца ў пракуратуру на чыноўніка Менгарвыканкаму”

  1. Ales` says:

    І зноў да актуальнае тэмы…

    Як можа структура выканаўчае ўлады прымушаць грамадзянаў плаціць дзяржаўным установам міліцыі … за выкананьне імі уласных службовых абавязкаў па абароне канстытуцыйнага права тых жа грамадзянаў, калі гэтае права ды ягоная ахова – гарантаваныя дзяржаваю, і гэтыя гарантыі ясна прапісаныя ў Асноўным Законе?!

    Ці то грамадзяне другога гатунку, калі яны не ў БээРэСэМе ці “белай русі”?
    Ці то іх навогул пазбавілі (негалосна) грамадзянскага статусу па палітычнай прыкмеце?! …

    Ні вышэйшыя судовыя ўстановы, ні пракуратура не жадаюць зважаць на відавочныя парушэньні ў гэтае сфэры, бо ў цяперашяй сыстэме ўзаемадачыненьняў яны не зьяўляюцца самастойнымі прафэсыйнымі суб’ектамі, а падпарадкаваныя “адзінаправільнай” ды манапалізаваўшай усю ўладу палітычнай “партыі кіруючай намэнклятуры”, – адзінай ідэалягічнай, антыканстытуцыйнай па сутнасьці, – “вэртыкалі ўлады”. У інтарэсах жа апошняй – дэзактывізацыя, дэнацыяналізацыя й поўнае падпарадкаваньне грамадзтва, зь якога можна было б ляпіць усё, што заўгодна.

    Дадзеным аспэктам і зьявам яшчэ прыйдзецца даваць сур’ёзную экспэртную ацэнку, у тым ліку й праўную.

    А пакуль палітыкаў прымушаюць плаціць функцыянэрам за магчымасьць рэалізаваць неад’емнае права ды выказаць уласную думку. І … – плаціць немалыя грошы, плаціць за права бьць грамадзянінам, “чалавекам звацца” у сваім уласным доме, у сваёй краіне…

    Беларусы ў Беларусі – што “насельніцтва” у “забраным краі” – не грамадзяне ў сваёй краіне, а рабы на чужыне!(?)

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>