2015 15/07

Цікава, ці мог бы досьвед Польшчы быць карысным для Беларусі? Ці заслугоўвае сытуацыя ў суседняй эўрапейскай краіне, якая з 1989 году правяла сыстэмныя трансфармацыі й рэформы, а з 1 траўня 2004 году зьяўляецца сябрам Эўразьвязу, быць аб’ектам увагі альбо служыць паказальным прыкладам для нашай краіны?

У чым польскія дасягненьні, праблемы альбо недахопы маглі б дапамагчы зарыентавацца беларусам? Што ў першую чаргу можа спрыяць станоўчым трансфармацыям у грамадзтве ды мадэрнізацыі эканомікі постсавецкай краіны, каб паставіць яе на рэйкі пасьпяховага разьвіцьця, сапраўднага эўрапейскага ладу й годнае пэрспэктывы?

БЕЛАРУСКІ АСОБНЫ ШЛЯХ

Беларусь, якая па ацэнках экспэртаў у галіне эканомікі мела для рэформаў найлепшыя стартавыя ўмовы ў параўнаньні з усімі постсавецкімі краінамі ў 1991 годзе пасьля атрыманьня імі незалежнасьці, вырашыла шукаць свой уласны запаволены ці «абачлівы» шлях і на ім, трапіўшы пад «нафта-газавы расейскі наркоз», дагэтуль знаходзіцца ў нейкім «постсавецка-рэанімацыйным анабіёзе»…

Нашая краіна, нажаль, так і не зварухнулася ў бок пабудовы дэмакратычных інстытуцыяў ды эфэктыўнай сыстэмы кіраваньня дзяржаваю. Рэспубліка Беларусь за час незалежнасьці не дасягнула неабходных стандартаў ні ў галіне дэмакратычных трансфармацыяў, ні ў сфэры сацыяльна-эканамічнага разьвіцья. Дэкляраваная й назіраемая дагэтуль «беларуская стабільнасьць» пабудаваная тут на цэнтралізаванай адміністрацыйна-каманднай іерархіі ўлады – на страхе й жорсткім кантроле над грамадзтвам, на сыстэматычных парушэньнях агульнапрызнаных правоў і свабодаў грамадзянаў, на паліцэйскім дыктаце й турмах, у якіх дагэтуль знаходзяцца палітзьняволеныя, у тым ліку былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі на выбарах 2010 году Мікола Статкевіч

 

Усё гэта зусім не спрыяе прывабнасьці Беларусі для так неабходных эканоміцы краіны стратэгічных інвэстараў, у тым ліку, ва ўмовах хранічнага недахопу рэсурсаў і жорсткай канкурэнцыі на зьнешніх плацёжаздольных рынках збыту, фінансавай нестабільнасьці.

А ва ўмовах новых гэапалітычных рэаліяў, рызыкаў і пагрозаў сёньня гэтыя праблемы толькі абвастаюцца. Усё гэта ўскладняе вырашэньне стратэгічных задачаў разьвіцьця Беларусі, умацаваньня краіны як незалежнай дзяржавы, павелічэньня якасьці жыцьця й дабрабыту для ейных грамадзянаў.

  • Практычнае скарыстаньне каштоўнага досьведу трансфармацыяў эўрапейскіх суседзяў, прыцягненьне стратэгічных інвэстыцыяў у эканамічны сэктар для мадэрнізацыю эканомікі, выйсьце на новую якасьць тавараў, плацёжаздольныя рынкі, атрыманьне зьнешніх субсыдыяў пад канкрэтныя праграмы цывілізацыйнага разьвіцьця краіны … – гэта тое, што для Беларусі ёсьць скрайне неабходным і актуальным на сучасным кардынальна новым па сваёй складанасцьі й небясьпеках гістрачыным этапе.

 

ПОЛЬСКІ ДОСЬВЕД

Пры падтрымцы «Прэс-Клюбу Беларусі» зьявілася магчымасьць задаць пытаньні вядомым у Польшчы палітыкам, экспэртам ды аналітыкам: дэпутату й галаве Камісіі па зьнешніх пытаньнях Сейму Польшчы Робэрту Тышкевічу, экспэрту й публіцысту Лукашу Ясіне, аналітыку Войцэху Кананчуку.

Пытаньне

  • Што за апошнія 10 год зьмянілася ў Польшчы ў кантэксьце дэмакратычных трансфармацыяў сыстэмы, якія распачаліся з 1989 году? Якія праблемы нутранага разьвіцьця сёньня вырашаюцца найбольш пасьпяхова, а якія застаюцца актуальнымі?
  • Які пазытыўны прыклад у сувязі з гэтым эўрапейская суседка магла б прадэманстраваць сёньня Беларусі, каб дапамагчы ёй хутчэй пазбавіцца постсавецкіх стэрыятыпаў ды пачаць асэнсавана рухацца шляхам плянамерных дэмакратычных трансфармацыяў і эканамічных рэформаў?

Што думаюць на гэты конт польскія экспэрты, аналітыкі, дзейсныя ва ўладзе палітыкі?

 

Тое, што на пытаньне адказвалі безумоўна дасьведчаныя асобы, прыхільнікі розных палітычных поглядаў, у тым ліку прадстаўнікі ўлады, дазволіла атрымаць пэўны спэктар думак і меркаваньняў па адзначаным аб’ёмным пытаньні, а разам зь ім дастаткова ўзважаную аб’ектыўную інфармацыю.

 

Робэрт Тышкевіч (відэа)

– галава Камісіі па зьнешніх сувязях польскага Сейму, дэпутатам Сейму Польшчы ад партыі «Грамадзянская Плятформа»)

 

ГЛЯДЗІ ВІДЭА (4,5 хвіл.) – ТУТ

 

Лукаш Ясіна

– экспэрт і публіцыст, галоўны рэдактар newsweek.pl, шэф ўсходнеэўрапейскага адзьдзелу інтэрнэт-часопісу Kultura Liberalna, адзіны ў Польшчы, хто прадказаў паразу прэзыдэнту Камароўскаму на прэзыдэнцкіх выбарах у той час, калі ягоны рэйтынг перавышаў 70%.

 

 

  • Станоўчы прыклад і недахопы (плюсы й мінусы)

– Гэта няпроста казаць пра Польшчу толькі ў кантэксьце дзесяці гадоў рэформаў, якія яна праводзіла пасьля ўступленьня ў Эўразьвяз. Каб ахапіць усе польскія рэформы трэба разглядаць іх у кантэксьце апошніх дваццаці пяці гадоў, – заўважыў Лукаш.

– Прыняцьцё Польшчы ў Эўрапейскі Зьвяз прынесла: адкрытыя межы, магчымасьць свабоднага перамяшчэньня палякаў пасьля аб’яднаньня, субсыдыі ЭЗ і зьменшыла беспрацоўе.

Іншымі важнымі рэформамі ёсьць: стварэньне мясцовага самакіраваньня, судовая рэформа, рэформа заканадаўства. Яны былі зробленыя раней.*

  • P/S * – пачынаючы з 1989 да 2004 году Польшча мэтанакіравана праводзіла трансфармацыі ўласнай постсавецкай сыстэмы для дасягненьня неабходных агульнаэўрапейскіх цывілізацыйных стандартаў неабходных для наралізацыі функцыянаваньня дзяржавы ды магчымасьці далучэньня да Эўрапейскага Зьвязу.

Як перакананы польскі экспэрт, ва ўсіх гэтых адносінах Польшча паказвае станоўчы прыклад для Беларусі. Таму што, па вялікім рахунку, справа не ў адной эканоміцы, але перш за ўсё – у нармальным функцыянаваньні дзяржавы.

– Польшча дакладна можа служыць прыкладам для Беларусі ў правядзеньні рэформы грамадзянскай супольнасьці, законадаўства й пабудове дэмакратычнага грамадзтва. Польшча ў цяперашні час – гэта пятая эканоміка Эўрапейскага Зьвязу.

– Але ў гэтым усім, паміж іншым, ёсьць і свае недахопы, – мяркуе Лукаш. – Уваход у Зьвяз азначыў згоду на адкрыцьцё польскай эканомікі. Адкрыцьцё Беларускай эканімікі Захаду прадугледжвае згоду на куплю заходнімі кампаніямі значнай часткі ейнай гаспадаркі, ліквідацыю сацыяльных ільготаў. І іншага шляху не існуе, – перакананы польскі экспэрт.

Войцэх Кананчук

– аналітык Цэнтру Дасьледваньня Усходняй Эўропы у Варшаве

 

  • Пазытыўны прыклад польскіх рэформаў для сучаснае Беларусі

Войцэх адказаў досыць каротка. Акцэнтуючы ўвагу на апошняй частцы пытаньня, ён засяродзіў сваю ўвагу менавіта на тым, які пазытыўны прыклад Польшча магла б прадэманстраваць сучаснае Беларусі.

- Тут самае галоўнае гэта прыклад даволі пасьпяховай палітычнай і эканамічнай трансфармацыі. Польшчы ўдалося зьмяніць сыстэму, а гэта тое, чаго не хапае Беларусі. Польшча сёньня й Польшча ў 1990 годзе гэта проста дзьве розныя краіны. Зараз Польшча гэта 6-тая эканоміка Эўрапейскага Зьвязу, – падкрэсьліў польскі аналітык.

На момант інтэрвію ён ня меў дастатковых дадзеных для аналізу, каб дакладна адзначыць, якое месца польская эканоміка займала каля 10 гадоў таму назад. Але дапусьціў, што гэта было прыкладна 8-е месца ў Эўрапейскім Зьвязе.

Некаторыя крыніцы, да якіх мы зьвярталіся, каб удакладніць гэтую лічбу ў далейшым паказалі, што ў 2005 годзе па паказчыках ВУП Польшча займала ў ЭЗ усяго толькі 11-ае месца.

  • І гэта толькі павялічвае ейныя цяперашнія дасягненьні й заслугі. Краіна, ня гледзячы на сусьветныя эканамічныя крызы 2008 ды 2011 гадоў, у гэтых складаных умовах здолела правесьці эфэктыўныя сыстэмныя трансфармацыі й рэформы, мэтанакіравана дынамічна разьвіваецца, мае гарантаваныя эўрапейскія субсыдыі пад канкрэтныя праекты й праграмы, рост стратэгічных зьнешніх інвэстыцыяў і разам з тым – абсалютна прагматычныя, ясныя й выканальныя пляны й пэрспэктывы.

Эканамічная канкрэтыка ў лічбах і фактах …: “Больш плюсаў чым мінусаў”

У кантэксьце нашых пытаньняў і прадстаўленых адказаў ад польскіх экспэртаў пра эканамічныя зьмены за час знаходжаньня Польшчы ў Эўразьвязе цікавым было яшчэ раз зьвярнуцца да канкрэтыкі лічбаў.

Публікацыя «Больш плюсаў, чым мінусаў» Марыі Садоўскай на стронках вядучага эканамічнага выданьня «Беларусы й рынак» – прыводзіць паказчыкі па эканоміцы Польшчы ў дынаміцы за 9 гадоў – з 2003 па 2012 г.г.

Гэтыя дадзеныя ідэальна дапаўняюць высновы нашых польскіх экспэртаў. У сувязі з гэтым можна толькі дадаткова падкрэсьліць, што польская эканоміка ў апошні час ёсьць самай дынамічна разьвіваемай у Эўрапейскім Зьвязе пасьля эканомікі Нямеччыны.

З 2004 году Польшча атрымала 82,2 млрд. EUR на выраўноўваньне развіцьця рэгіёнаў (coherence). На гэтыя сродкі было рэалізавана амаль 172 тыс. праектаў. Каля 30% дапамогі ЭЗ – 25,4 млрд. EUR – пайшло на развіцьцё транспарту. Дзякуючы гэтым сродкам было пабудавана 15,5 тыс. км дарог і 2,1 тыс. км чыгуначнага палатна. Экспарт Польшчы ў Эўразьвязе штогод рос у сярэднім на 13,5%. У 2014-2020 гг. Польшча атрымае яшчэ 73 млрд. EUR з бюджэту на выраўноўваньне развіцьця рэгіёнаў.

Рэзюмэ й высновы

  • Польшча – Эўразьвяз

Такім чынам, суседка Беларусі за апошнія 10 год перасунулася з 11-га да 6-5 (па розных ацэнках) месца па аб’ёму ВУП у Эўрапейскім Зьвязе й  абыйшла па гэтых паказчыках эканоміку Нідэрляндаў.

Польшча  атрымала значныя эўрапейскія субсыдыі зь бюджэту Эўразьвязу на падтрыманьне праграмаў мадэрнізацыі эканомікі, разьвіцьё аб’ектаў лягістычна-транспартнай інфраструктуры, на шматлікія іншыя праграмы й праекты ў межах сыстэмных трансфармацыяў і разьвіцьця краіны.

Краіна зрабіла велізарны цывілізацыйны скок і з дапамогаю грунтоўнай падтрымкі як сябра Эўразьвязу ўпэўнена рэалізуе нацыянальныя праграмы інавацыйнага й тэхналягічнага пераўзбраеньня сваёй гаспадаркі.

Другі бюджэт Эўразьвязу, які зараз будзе ажыцьцяўляца да 2020 году, акцэнтавана скіраваны на інавацыйныя, тэхналягічныя праекты й праграмы.

  • Польшча пасьля правядзеньня рынкавых эканамічных рэформаў і дэмакратычных сыстэмных трансфармацыяў (рэформаў мясцовага самакіраваньня, судовай сыстэмы, заканадаўства…) прапануе сёньня сваім грамадзянам зусім іншы ўзровень камфорту, дабрабыту, правоў, агульнапрызнаных грамадзянскіх і сацыяльна-эканамічных свабодаў, шырокія магчымасьці для прадпрымальніцкай і грамадзянскай ініцыятывы.

 

Можна зрабіць выснову, што глыбінны рэсурс людзкой неабыякавасьці й прагі да лепшага здолеў раскрыцца й праявіўся падчас пасьпяховых сыстэмных і эканамічных рэформаў.

Гэта надало дадатковую паступальную дынаміку польскай эканоміцы й грамадзтву, гарантавала асноўныя правы й свабоды грамадзянам ды, ня гледзячы на наяўнасьць нявырашаных дагэтуль праблемаў вялікай эміграцыі ды недахопу высокааплатных працоўных месцаў, складанасьцяў ва ўладкаваньні на працу для значнай часткі маладых спэцыялістаў, росту падзелу паміж мінімальнымі й максымальнымі даходамі ў грамадзтве, – прынесла Польшчы адчувальную зьнешнюю падтрымку Эўрапейскага Зьвязу, а разам з тым – устойлівасьць пазытыўных пераменаў ды найлепшыя пэрспэктывы.

Паводле Lićviny-INFA
Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА,
Беларускі Праўны Партал,
www.prava-by.info

Фота, відэа: Аляксей Лапіцкі

Цэтлікі: , , , , ,

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>