Не забірай жыцьцё!
2015 27/07

У Бярозе ўпершыню за 18 апошніх гадоў дазволены пікет. Але за яго ў арганізатараў “вымагаюць грошы”!

Ці гэта сапраўды так? Ці ёсьць у нашай краіне станоўчыя прыклады рэалізацыі права на мірныя сходы, іншыя мерапрыемствы, масавыя ў тым ліку? Пра што кажа практычны досьвед арганізатараў?

А спачатку паспрабуем разабрацца з тым, што ж крыецца за “радасным” і амаль сэнсацыйным паведамленьнем пра тое, што Бярозаўскі райвыканкам упершыню за апошнія 18 гадоў “дазволіў” у раённым цэнтры пікет, прымеркаваны да гадавіны прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце?

Аказваецца, што дазвол тут сапраўды атрыманы, але зь вялікім і тлустым АЛЕ…

Бярозаўскі райвыканкам пры гэтым:

  1.  перанёс месца правядзеньня мерапрыемства ад уваходу на Цэнтральны стадыён, што ў цэнтры гораду, на стадыён мікрараёну “Паўночны” – на ўскрайку (перанос матываваны тым, што 27 ліпеня будзе праводзіцца спартовае мерапрыемства на Цэнтральным стадыёне (гульня футбольных камандаў на першынство Бярозаўскага раёну, пачатак у 18.30);
  2. даў дазвол з улікам нязьменнага “патрабаваньня абавязкова заключыцць платныя дамовы зь міліцыяй, мэдыкамі й камунальнікамі..” (!);
  3. паведаміў пра гэта  21 ліпеня, за 5 дзён да пікету (у гэтыя 5 дзён уваходзіць 2 выходныя, таму на ўсе арганізацыйныя справы – заключэньне дамоваў з 3-ма суб’ектамі, непасрэдную падрыхтоўку да акцыі – арганізатарам адведзена ўсяго 3 дні).
  • Такім чынам мяркуецца, што пікет адбудзецца 27 ліпеня на стадыёне мікрараёну “Паўночны” Бярозы з 18:00 да 19:00 з мэтаю адзначэньня 25-х угодкаў прыняцьця 27 ліпеня 1990 году Дэклярацыі пра сувэрэнітэт (незалежнасьць) Беларусі. Крыніцай фінансаваньня масавага мерапрыемства заяўнікі называлі ўласныя сродкі; мяркуемая колькасьць ўдзельнікаў пікету – да 10 чалавек; выкарыстаньне піратэхнічных вырабаў падчас пікету не прадугледжваецца…

Атрымаўшы дазвол з адпаведнай умоваю, заяўнікі тэрмінова пачалі працэдуру заключэньня неабходных дамоваў зь лякарняй, міліцыяй і ўстановаю жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Згодна з рашэньнем райвыканкаму ад 09.02.2010г. “Аб парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў у Бярозаўскім раёне”, заяўнікі павінны складаць дамовы з адпаведнымі службамі толькі пасьля атрыманьня дазволу ад райвыканкаму, а за дзень да самога мерапрыемства павінны прадаставіць дамовы ў райвыканкам.

У выніку ад супрацоўнікаў міліцыі дамову заяўнікі атрымалі.

 

Сваю працу па ахове пікету праваахоўнікі ацанілі у 4 млн. 61 тыс. рублёў (!). На дзесяць пікетоўцаў у пікеце з 18-00 да 19-00 накіроўваецца 10 міліцыянэраў: 5 шэраговых супрацоўнікаў РАУС і 5 з ліку кіруючага складу, якія будуць ахоўваць пікет аж з 16:00 да 19:30 (!).

 

  • Довады заяўнікаў, што ім не патрэбна столькі міліцыі й столькі гадзінаў іхнае працы на ўсёй тэрыторыі стадыёну, калі яны будуць стаяць каля ўваходу на стадыён, плёну не далі. У адказ пачулі яны: мы яшчэ транспарт сюды не ўключылі.

У ЖКГ дамову заяўнікам на рукі не далі, сказалі, што дашлюць, але калі атрымаюць яе праз пошту заяўнікі пікету – невядома…

 

 Праваабароцы ня згодныя з такім “коштам” свабоды сходаў

 

  • Бярозаўскія праваабаронцы падалі скаргу на гэткую неабгрунтавана вялікую суму (ред.: і толькі?), якая выстаўлена за паслугі міліцыі па ахове пікету. Сваю скаргу яны накіравалі начальніку ўпраўленьня нутраных справаў Берасьцейскага аблвыканкаму ды ў Міністэрства нутраных справаў Рэспублікі Беларусь.

У скарзе яны адзначылі, што падчас заяўленага пікету няма патрэбы ў такім вялікім складзе міліцыі: на 10 пікетоўшчыкаў – 10 чалавек міліцыі. Зь іх пяцёра супрацоўнікаў старэйшага й пяцёра сярэдняга складу міліцыі. Паслугі ацэнены ў 4 061 900 рублёў.

Заяўнікам не ўдалося пераканаць намесьніка начальніка адзьдзелу аховы правапарадку Вадзіма Пастаялку, што ім не патрэбны такі вялікі склад аховы, якая акрамя таго будзе абслугоўваць гадзінны пікет напрацягу 3,5 гадзінаў з абсьледваньнем усяго стадыёну, калі пікетоўшчыкі будуць стаяць каля ўваходу на стадыён.

  • У мінулым годзе падчас правядзеньня пікету ў Берасьці пікетоўшчыкі наогул не плацілі міліцыі. А ў Менску мерапрыемства з удзелам некалькіх тысячаў чалавек 25 сакавіка першы раз за апошнія гады ўлады зрабілі платным. Яно абыйшлося арганізатарам у 14,5 мільёнаў рублёў.

Камусьці – заўсёды “зялёнае сьвятло”, а камусьці – бязконцыя перашкоды й забароны! (?)

 

Паказальна, што паралельна з свабодным і бясплатным правядзеньнем камэрцыйных па сваёй эканамічнай сутнасьці мерапрыемстваў канцэртна-відовішчнага зьместу цалкам на расейская мове (напрыклад, накшталт фэстаў Фарбы ці ColorFest), для правядзеньня звычайных (некамэрцыйных ды нявыбарчых мерапрыемстваў) пікетаў, мірных сходаў грамадзянаў…, у тым ліку традыцыйна народных ці беларускамоўных – улады практыкуюць зусім іншыя мясцовыя парадакі, складаныя ды невыканальныя працэдуры.

Падчас падачы заяўкі (альбо яшчэ да моманту падачы заяўкі, як гэта робіцца ў Жодзіне) выканкамы абавязваюць арганізатараў заключаць стратныя для іх дамовы на аказаньне “платных паслугаў” з такімі бюджэтнымі дзяржустановамі, як міліцыя, хуткая дапамога, гарадзкія камунальныя службы! (?) Але, ня ўсе дадзеныя ўстановы заключаюць патрабуемыя ад іх падобныя неправамерныя, вымушаныя ды стратныя для арганізатараў платныя дамовы, якія зьяўляюцца ні чым іншым, як выкупам у дзяржчыноўніка неад’емнага канстытуцыйнага права. Аказваецца, у Беларусі – спрабуюць і ўжо даволі ўдала пачынаюць гандляваць Канcтытуцыйным правам!

У такіх умовах, тыя каму ўсё дазваляецца нават не падазраюць пра існаваньне падобных праблемаў для дыскрымінаваных групаў насельніцтва: палітычна актыўных неасацыяваных грамадзянаў, дэмакратычных партыяў ці грамадзкіх арганізацыяў, беларускамоўнай меншасьці, а таксама праваабаронцаў, якіх улады (як гэта неаднойчы афіцыйна гучала з высокіх трыбунаў улады) адносяць да так званай “пятай калёны”. Тым, у каго няма падобных праблемаў, безумоўна цяжка верыцца ў гэта.

 

Сапраўды, нармальнаму чалавеку цяжка зразумець, чаму адзіны на ўсіх закон для кагосьці ў краіне працуе зусім па-іншаму? І як такое можа быць у дзяржаве, дзе “народ і партыя”, вось  ужо 20 год як “адзіныя”?

 

Хто і з чыйго дазволу падзяліў грамадзянаў Беларусі на “сваіх” і “чужых”?

 

Але ці не таму гэта адбываецца, што ў нас (падабаецца гэта камусьці ці не) існуе аўтарытарная сыстэма ды самы сапраўдны ідэалягічны дыктат, які пануе па-над Асноўным Законам і элемэнтарным здаровым сэнсам?!

 

Бо насуперак Канстытуцыі ў краіне даўно існуе адзіна правільная праўладная ідэалёгія і адпаведная “вэртыкаль улады”, якая ўсімі дасяжнымі ёй сродкамі пазьбягае любой здаровай альтэрнатывы. А для гэтага – уціскае свабоду слова, думкі, асацыяцыяў і сходаў грамадзянаў…, любыя нацыянальныя праявы, а разам з тым дазваляе – ці нават стымулюе – разнастайную іншую “малазначную броўнаўскую актыўнасьць” альбо выключна праўладныя дзеяньні, арганізацыі ды ініцыятвы ў грамадзтве.

  • На практыцы такі намэнклятурна-ідэалягічны дыктат адміністрацыйнымі сродкамі праяўляецца ў сытуацыі пастаяннага ўціску натуральных і неад’емных для кожнага грамадзяніна Канстытуцыйных правоў і свабодаў, у дыскрымінацыі па палітычных, нацыянальных і … моўных прыкметах.

Так і атрымліваецца, што ў Беларусі сёньня ў галіне рэалізацыі канстытуцыйнага права правоў чалавека існуе відавочная няроўнасьць. Камусьці – заўсёды “зялёнае сьвятло”, а камусьці – бязконцыя перашкоды й забароны! (?)

 

Паводле spring96.org і праўнай камунікацыі
Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА,
Беларускі Праўны Партал,
www.prava-by.info

На фота: праваабаронцы – 1) Тамара Шчапёткіна, 2) Сяргей Русецкі (г.Бяроза), 3) Аляксей Лапіцкі (г.Жодзіна)

Фота: Alaksiej Lapicki
Licviny-INFA

Цэтлікі: , , , , , , , , , ,

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>