2015 29/07

Падчас фэсту Фарбы, які праводзіўся ў Жодзіне 24 ліпеня 2015 году, у пятніцу, праваабаронцу Аляксею Лапіцкаму ўдалося паразмаўляць з арганізатарам і высьветліць у яго важныя абставіны правядзеньня падобных мерапрыемстваў у розных гарадах Беларусі, паведамляюць Lićviny-INFA.

Чаму ж вучыць досьвед “каляровых фэстаў” у Жодзіне?

Важна пры гэтым заўважыць, што ўжо больш за 10 год грамадзянскія актывісты й праваабаронцы не атрымліваюць дазволаў на мірныя сходы грамадзянаў (пікетаваньні) у Жодзіне, якія яны імкнуцца правесьці з мэтаю інфармаваньня грамадзянаў і выказваньня сваіх меркаваньняў наконт сытуацыі ў краіне, датычнай правоў і свабодаў грамадзянаў, наяўнасьці палітвязьняў у Беларусі, у прыватнасьці (у свой час) Алеся Бяляцкага, а цяпер – былога кандыдата ў Прэзыдэнты Беларусі Мікалая Статкевіча ды яшчэ 5 іншых.

Пры сыстэматычнай забароне дадзеных мерапрыемстваў, гарантаваных арт. 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, кіраўніцтва выканкаму заўсёды спасылаецца на палажэньні ўласных мясцовых пастановаў “Аб парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў у горадзе Жодзіна”…

З спасылкаю на гэтыя дакумэнты ды адпаведныя трактоўкі Закону “Аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў у Рэспубліцы Беларусь” ад арганізатараў нешматлікіх пікетаў (да 10 чал.) гарадзкія ўлады патрабуюць заключэньня камэрцыйных дамоваў зь міліцыяй, мэдыкамі ды камунальнікамі ды прадстаўленьня іх у выканкам разам з заяўкаю на правядзеньне мерапрыемства.

Але дадзеныя бюджэтныя дзяржустановы, якія адпаведна ўласных статутаў абавязаныя выконваць свае функцыі бясплатна – альбо адмаўляюцца ад такіх дамоваў (міліцыя, ЖКГ – гл. дакумэнты, далучаныя да публікацыі), альбо неправамерна навязваюць удзел брыгадаў хуткай дапамогі зь мэдыкамі там, дзе гэта зусім непатрэбна, а таксама прапануюць заключаць дамовы па камэрцыйных расцэнках (кіраўніцтва Гарадзкой Лякарні – гл. дакумэнты, далучаныя да публікацыі).

У выніку дзеяньнямі выканаўчага камітэту (і ў некаторай ступені дадзеных гаспадарчых суб’ектаў, якія ня ведаюць сваіх абавязкаў і ня могуць акрэсьлена й бесстароньне заявіць пра немагчымасьць выкананьня патрабаваньняў выканкаму ў судзе), а таксама бязьдзеяньнем жодзінскіх судзьдзяў, якія быццам не разумеюць праблемы й ня бачуць парушэньня спэцыялізаванага Закону, нормаў Канстытуцыі й Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах – у Жодзіне сыстэматычна парушаюцца правы й свабоды жодзінцаў, грамадзянаў Беларусі.

Дыскрымінацыйны стан, у які цяжка верыцца, але ў якім рэальна існуе беларускае грамадзянская супольнасьць

Штучна й мэтанакіравана ствараемыя перашкоды рэалізацыі канстытуцыйнага права не заўважюцца беларускімі судамі ды асноўным канстытуцыйным кантрольным ворганам – Канстытуцыйным Судом.

  • Такім чынам, існуе дыскрымінацыйны стан, у якім любая грамадзянская ініцыятыва па рэалізацыі неад’емнага канстытуцыйнага права, якая тычыцца правоў чалавека й палітычных пытаньняў – забараняецца фактычна па ідэалягічных падставах і з перавышэньнем уладных паўнамоцтваў.

Аляксей Лапіцкі штогод спрабуе паказаць у судзе неправамернасьць такіх дзеяньняў уладаў і такога становішча. Ягоныя звароты ў міліцыю Менаблвыканкаму (гл. адказ намесьніка начальніка УУС сп.Астрэйкі ў матэрыяле на BLP) пацьвердзіў невыканальнасьць такіх патрабаваньняў.

Бо з словаў намесьніка начальніка міліцыі Менаблвыканкаму ясна вынікае, што “міліцыя не заключае такія платныя дамовы з грамадзянамі й выконвае свае абавязкі пасьля дазволу акцыяў мясцовымі ўладамі”.

  • Спробы жодзінскіх праваабаронцаў атрымаць ад выканкаму дакумэнтальныя прыклады рэалізацыі патрабуемага ад іх парадку падачы заявак і заключэньня платных дамоваў зь міліцыяй, мэдыкамі, камунальнікамі, іншымі суб’ектамі (найперш ад БРСМ) – далі нулявы вынік.

СТАНОЎЧАЯ ПРАКТЫКА, АКАЗВАЕЦЦА, ЁСЬЦЬ! НАВОШТА Ж ЯЕ ДОЎГІ ЧАС СТАРАННА ХАВАЛІ?

Аказваецца, у Жодзіне праводзяцца мерапрыемствы без аніякіх перашкодаў ды ў межах канстытуцыйных нормаў – цалкам правамерна без аніякай дыскрымінацыі, без прымусу да заключэньня некіх платных, камэрцыйных дамоваў зь бюджэтнымі ўстановамі …

У сувязі з прыводзімымі ніжэй сьведчаньнямі ад арганізатара фэстаў Фарбы ў розных гарадах Беларусі, у тым ліку ў Жодзіне, таксама ясна чарговы раз даказвае праўдзівасьць пазыцыі жодзінскіх праваабаронцаў.

Нагадаем, фэст Фарбы праводзіўся ў Жодзіне цэлы дзень 24.07.2015 да 21-00 вечара менавіта на той спэцыяльна прадугледжанай для правядзеньня розных масавых мерапрыемстваў адкрытай канцэртна-сцэнічнай пляцоўцы ля Парка Культуры, на якой заўсёды замаўляюцца забараняемыя выканкамам пікетаваньні праваабаронцаў (!).

Навокал не было бачна ні міліцыі, ні машынаў хуткай дапамогі. А камунальным службам гораду не давялося б нешта прыбіраць, бо арганізатары, як яны самі выказаліся яшчэ падчас фэсту, правялі “маленькі суботнік” сіламі ягоных удзельнікаў. У выніку яны прыбралі ў цалафанавы пакет раскіданыя пасьля атракцыёну па ўсёй пляцоўцы абрыўкі паперы (гл. фота).


У сувязі з адзначанымі абставінамі й праблемамі дыскрымінуемых групаў грамадзянаў у Жодзіне цікавым быў адказ арганізатара фэсту Фарбы ў Жодзіне Пятра Дакукі, які ён даў праваабаронцу Аляксею Лапіцкаму на ягоную просьбу распавесьці пра працэдуру арганізаці ды правядзеньня падобных фэстаў.

Прадпрымальнік патлумачыў, што “працэдура афармленьня мерапрыемства – вельмі простая”. – Фэст праводзіцца бясплатна акрамя папкорну й фарбы. Пры гэтым, мы нікому нічога не плацім.

Адказ арганізатара фэстаў Пятра Дакукі

- За 15 дзён да дня плянуемага любога фэсту пішацца заява на імя старшыні выканкаму таго гораду, дзе мяркуецца правядзеньне. Выканкам яе разглядае й дае адказ, можна праводзіць альбо не. Таксама мы прадстаўляем праграму, якія будзем праводзіць конкурсы. Выканкам гэта ўзгадняе зь міліцыяй, хуткай дапамогаю …, таксама прадстаўляе электрычнасьць (каб можна было падключыць апаратару). Калі яны гэта ўзгадняюць і даюць дазвол усё праходзіць абсалютна бясплатна.

Мы нікому нічога ня плацім, – патлумачыў арганізатар фэсту Фарбы ў Жодзіне.

Прадпрымальнік, які ўжо 6 месяцаў праводзіць падобныя фэсты ў Беларусі й мае адпаведны станоўчы досьвед іхнага правядзеньня ў Барысаве, Воршы й Жодзіне, адзначыў, што “крыху іншым ёсьць парадак падачы заяўкі на правядзеньне фэтстаў, якія плянуецца праводзіць пасьля 11 вечара.”

 

Там заяўку трэба падаваць аж за месяц, пры гэтым патрабуецца цалкам праграма, што і як ты будзеш праводзіць, хто будзе выступаць, якія песьні будуць сьпявацца… І дадаткова зьдзяйсьняецца адпаведнае ўзгадненьне месца правядзеньня, калі гэта не прыватная тэрыторыя, а ў межах гораду, - адзначыў ён.

Пятро патлумачыў, што міліцыя ахоўвае заўсёды бясплатна. – Платна яна можа ахоўваць нешта прыватнае.

- Нам нельга толькі парушаць аўтарскае права на брэнд “Colorfest”… А ў іншым – гэта зусім не эсклюзыўная аўтарская ідэая. – Гэта ёсьць даўняя індыйская традыцыя, – патлумачыў арганізатар рэгіянальных фэстаў Фарбы ў Беларусі.

ФОТАРЭПАРТАЖ

kad

Паводле інфармацыі ад праваабаронцаў Жодзіна
Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА
Lićviny-INFA

Фота: Аляксей Лапіцкі

Цэтлікі: , , , , , , , , , , ,

One thought on “Сьведчаньні дыскрымінацыйнай практыкі знойдзены ў Жодзіне (фота, аўдыё)”

  1. Каштоўныя сьведчаньні й факты, якім пры абароне права на мірныя сходы ў судах проста цаны няма…

    А некаторыя безпрынцыпныя грамадзянскія дзеячы й пылітыкі (ня кажучы пра тых, каго пад пагрозаю адміністратыўных мераў пакараньня прымушаюць гэта зрабіць пасьля правядзеньня мерапрыемства …) ужо пачынаюць патрошку “плаціць за дазвол на рэалізацыю ўласнага Канстытуцыйнага права” (!) і такімі сваімі дзеяньнямі толькі ўскладняюць дыскрымінацыю, прызвычайваюць уладу да падобнай абсалютна неправамернай практыкі “плацяжоў-пабораў” за пікеты, мітынгі, шэсьці…

    А потым яны ж і скардзяцца, што шмат ім налічылі…!

    “Апэтыт прыходзіць падчас ежы”!

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>