09 студзеня 2015 году, напярэдадні міжнароднага Дня Правоў Чалавека*, кіраўнікі 7-мі праваабарончых арганізацыяў Беларусі зьвярнуліся да беларускіх уладаў з адкрытым зваротам.
АДКРЫТЫ ЗВАРОТ
Мы, прадстаўнікі праваабарончых арганізацыяў Беларусі, зыходзячы з зацікаўленасьці ў разьвіцьці беларуска-эўрапейскіх адносінаў і ўмацаваньня ды абароны правоў чалавека ў нашай краіне, заклікаем дзяржаву ўжо ў бліжэйшы час прыняць наступныя меры аднаўленчага характару, якія не патрабуюць унясеньня зьменаў у заканадаўства:
1. Спыніць палітычна матываваныя крымінальныя справы ў дачыненьні да журналіста Аляксандра Алесіна, графіцістаў Максіма Пякарскага, Вадзіма Жаромскага, Вячаслава Касінерава і Яраслава Ульяненкава, палітыка Алеся Міхалевіча, а таксама перагледзець у адкрытым судовым працэсе крымінальную справу ў дачыненьні да Міхаіла Жамчужнага (заснавальніка праваабарончай арганізацыі «Плятформа інавэйшан»). Зьняць судзімасьці для аднаўленьня грамадзянскіх і палітычных правоў у дачыненьні да былых палітвязьняў.
2. Зьняць забарону на ўезд у краіну беларускай праваабаронцы Алене Танкачовай, а таксама гарантаваць бясьпечныя ўмовы вяртаньня ў Беларусь асобаў, якія вымушана пакінулі краіну ў выніку палітычных перасьледаў.
3. Зарэгістраваць Праваабарончы цэнтар “Вясна” ды іншыя некамэрцыйныя арганізацыі, якія зьвярнуліся за рэгістрацыяй.
4. Спыніць перасьлед журналістаў «Белсат» і «Беларускае радыё «Рацыя», іншых журналістаў, матэрыялы якіх зьяўляюцца ў замежных СМІ, і не перашкаджаць ажыцьцяўленьню іхнае прафэсійнае дзейнасьці ў краіне.
5. Увесьці мараторый на выкананьне сьмяротных прысудаў.
На заканадаўчым роўні для паляпшэньня сытуацыі ў галіне правоў чалавека неабходна:
– Адмяніць артыкул 193.1 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, а таксама забарону на дзейнасьць ад імя незарэгістраваных арганізацыяў;
– Пачаць плянамэрную працу па прывядзеньні заканадаўства Рэспублікі Беларусь у сфэры правоў чалавека ў адпаведнасьць зь міжнароднымі стандартамі.
Лічым важным наладзіць дыялёг у гэтае сфэры паміж дзяржаўнымі інстытутамі й праваабарончымі арганізацыямі ды распрацаваць Нацыянальны плян па правах чалавека і грамадзянскай супольнасьці ў цесным узаемадзеяньні дзяржавы й прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці Беларусі.
Алесь Бяляцкі, старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна”;
Алег Гулак, старшыня РПГА «Беларускі Гэльсынскі Камітэт»;
Андрэй Бастунец, старшыня ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»;
Алена Танкачова, старшыня Праўленьня «Цэнтру праўнай трансфармацыі»;
Раіса Міхайлоўская, старшыня «Беларускага дакумэнтацыйнага цэнтру»;
Іна Кулей, старшыня Камітэту дапамогі рэпрэсаваным «Салідарнасьць»;
Тацяна Равяка, прэзыдэнт Беларускага Дому Правоў Чалавека імя Барыса Звозскава.
- P/S
10 сьнежня кожны год ва ўсім сьвеце адзначаецца Дзень правоў чалавека. Менавіта ў гэты дзень у 1948-ым годзе Генэральная Асамблея ААН прыняла Усеагульную дэклярацыю правоў чалавека.
Паводле ФБ і сайту spring96.org,
Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА,
Беларускі Праўны Партал,
www.prava-by.info
Цэтлікі: адкрытыя звароты, дыскрымінацыя, міжнародныя стандарты права правоў чалавека, НДА, незалежныя СМІ, палітычны клімат, перасьлед і абмежаваньні ў правах па палітычных матывах, праваабаронцы, правы чалавека, свабода асацыяцыяў, свабода выказваньня меркаваньняў, свабода мірных сходаў, свабода распаўсюду інфармацыі