Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў і Цэнтар прававой трансфармацыі падрыхтавалі гадавы агляд “Свабода асацыяцыяў і праўны стан некамэрцыйных арганізацыяў у Беларусі” за 2015 год.
У дакумэнце аналізуецца разьвіцьцё заканадаўства ў сфэры некамэрцыйнага права ў мінулым годзе, акрэсьленыя асноўныя абмежаваньні, зь якімі сутыкаюцца некамэрцыйныя арганізацыі (НКА), прадстаўленыя статыстыка па рэгістрацыі новых НКА і агляд практыкі адмоваў у рэгістрацыі.
- У 2015 годзе асноўныя заканадаўчыя зьмены, якія закранаюць інтарэсы НКА, тычыліся прававога рэгуляваньня атрыманьня замежнага фінансаваньня. Пры гэтым аўтары агляду падкрэсліваюць, што ў цэлым засталіся бязь зьменаў усе ранейшыя прававыя абмежаваньні й правапрымяняльная практыка па ўсіх аспэктах стварэньня й дзейнасьці НКА.
Дэкрэт прэзыдэнта №5 ад 31 жніўня 2015 году “Аб замежнай бязвыплатнай дапамозе”, які набывае моц 4 сакавіка 2016 году, у цэлым пакінуў ранейшы парадак атрыманьня замежных ахвяраваньняў, які вымагае іх абавязковай папярэдняй рэгістрацыі, захавалася і крымінальная адказнасьць за парушэньне гэтага парадку. Летась адбылося зьмяненьне прававога рэгуляваньня ды іншага віду замежнага фінансаваньня — міжнароднай тэхнічнай дапамогі. У гэтай частцы працэдура таксама засталася ранейшай, хоць і былі зьнятыя некаторыя бюракратычныя бар’еры. У Беларусі створаны Цэнтар міжнароднай тэхнічнай дапамогі Эўрапейскага Зьвязу, а таксама прадугледжанае стварэньне Каардынацыйнага савету пры камісіі па пытаньнях міжнароднага тэхнічнага супрацоўніцтва з удзелам прадстаўнікоў дзяржаўных ворганаў, донараў міжнароднай тэхнічнай дапамогі, няўрадавага сэктару. Рэформа падатковага заканадаўства пакінула ў сіле выбарачны падыход, калі Падатковы кодэкс называе пайменна тыя НКА, ахвяраваньні для якіх выключаюцца для беларускіх донараў зь іх падаткаабкладальнай базы (пералік такіх НКА у кодэксе быў пашыраны нязначна).
- Агляд адзначае, што прыняцьцё гэтых заканадаўчых новаўвядзеньняў адбылося без сапраўднага абмеркаваньня з зацікаўленымі суб’ектамі: працэс камунікацыі дзяржаўных ворганаў і заканадаўцаў з арганізацыямі грамадзянскай супольнасьці па пытаньнях рэфармаваньня заканадаўства, што закранае іхную дзейнасьць, часьцей за ўсё адбываецца ў аднабаковым фармаце, прапановы зацікаўленых НКА разглядаюцца фармальна й ня ўлічваюцца ў поўнай меры.
Парадак дзяржаўнай рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў, партыяў, фондаў застаецца складаным і пакідае прастору для адвольнай адмовы ў рэгістрацыі любой новастворанай арганізацыі на малазначных падставах. Ворганы юстыцыі адмаўлялі ў рэгістрацыі шэрагу грамадзкіх аб’яднаньняў, якія цягам 2015 году падавалі дакумэнты для рэгістрацыі.
Захоўваецца забарона на дзейнасьць НКА безь дзяржаўнай рэгістрацыі, за якую прадугледжаная крымінальная адказнасьць па артыкуле 193-1 Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае пакараньне да двух гадоў пазбаўленьня волі. Нягледзячы на адсутнасьць новых крымінальных справаў па гэтым артыкуле, сама наяўнасьць забароны і пагроза пакараньня істотна абмяжоўвае свабоду асацыяцыяў і магчымасьці для дзейнасьці арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці.
ДАДАТКІ:
- Агляд “Свабода асацыяцыяў і праўны стан некамэрцыйных арганізацыяў у Беларусі” за 2015 год (PDF, анг.)
- Обзор “Свобода ассоциаций и правовое состояние некомерческих организаций в Беларуси” за 2015 год (PDF, рас.)
Паводле “Асамблея НДА”
Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА,
Беларускі Праўны Партал,
www.prava-by.info
Цэтлікі: “Свабода асацыяцыяў і праўны стан некамэрцыйных арганізацыяў у Беларусі”, Lawtrend, агляды, Асамблея дэмакратычных НДА Беларусі, дакумэнты, праўны маніторынг, свабода асацыяцыяў - арт. 22 МПГіПП
“Таптаньне на месцы” альбо … Свабода асацыяцыяў, як і іншыя канстытуцыйныя правы й свабоды, – нам толькі сьніцца.
Ідэолягі ў выканкамах (а гэта – “колер” цяперашняе ўлады), якія нават кіруюць судамі, перакананыя ў тым, што адзначаныя ў Асноўным Законе дзяржавы Беларусь палажэньні – толькі далёкая й верагодная, дэкляраваная “будучыня”, а не законная, вызначаючая “канстытуцыйны лад краіны” і ейны “праўны стан”, сапраўднасьць. (!?)
І з гэтага трэба, так вынікае, сыходзіць, каб зразумець хто намі кіруе, і дзе мы сёньня насамрэч ёсьць…
– Усе гэтыя канстатацыі ня маюць нічога агульнага з рэальнасьцю – усе гэтыя вашыя дэмакратычныя свабоды й г.д., адзначаемыя ў Канстытуцыі – гэта далёкая мэта (верагодна, як камнізм для іххх калісьці?), а не рэальнасьць.
– Дык калі ў нас Канстытуцыя – гэта “дакумэнт з будучыні” (!), які ж у нас сёньня “канстытуцыйны лад”? Які ў дзяржаве закон – Асноўны?! А можа ў разуменьні ідэолягаў Беларусь зусім не дзяржава з уласнай Канстытуцыяй, а грамадзяне Беларусі – “недаграмадзяне” і ахоўваць іх тут таму й няма каму?! Бо ў іх жа няма, як вынікае, канстытуцыйных правоў і свабодаў у рэальнасьці – яны толькі задэкляраваныя ў беларускай Канстытуцыі. Таму і ахоўваць тут няма што й каго …
Канешне ж, ім з кабінэтаў, дзе ўсё вырашаецца за нас (нават на быццам бы “выбарах”), безумоўна, “лепей бачна”! Толькі ў такім выпадку – яны асноўныя злосныя і наўмысныя парушальнікі Асноўнага Закону, а таксама -і асноўная небясьпека для “канстытуцыйнага ладу” нашай краіны як незалежнай дзяржавы.
Сапраўды, з такім мысьленьнем – толькі ў калгасе “Чырвоны лапаць” – гусей пасьвіць ды бульбу перабіраць, а не “дзяржаўнай ідэалёгіяй” займацца!
Такія – у першыя ж хвіліны любой акупацыі першымі ж падпішуцца пад любым “правільным дакумэнтам” і здадуць Беларусь оптам ці ў розьніцу ў якасьці васала… Бо ні Радзімы ў іх няма, ні сваёй незалежнай эўрапейскай дзяржавы, ні Асноўнага Закону гэтай дзяржавы…
(Вельмі асацыятыўнае… прабеларускія “асацыяцыі” і ня толькі)