2009 25/03

24.03.2009 у Жодзіне, напярэдадні сьвяткаваньня 25.03.2009г. ДНЯ ВОЛІ ў Менску заўважна актывізаваўся “адзьдзел палітычнага перасьледу” Жодзінскага ГАЎС!?

На момант рэпартажу не удалося дакладна ўстанавіць асобу міліцыянта, які двойчы (а палове на 11-ю дня і а 19-00 ўвечары) намагаўся ўвайсьці на мінулую штаб-кватэру ПЦ “Вясна” у Жодзіне, дзе раней (да моманту адмены рэгістрацыі) знаходзіліся юрыдычныя адрэсы гарадзкіх арганізацыяў ПБНФ, БНФ “Адраджэньня” і ТБМ імя Ф.Скарыны.

Як пракамэнтаваў дадзеныя абставіны праваабаронца й лідар ПБНФ у Жодзіне, Аляксей Лапіцкі, ён (у дачыненьні да сябе асабіста) пакуль аніякай неправамернай актыўнасьці спэцслужбаў не заўважаў. Але спробы аказаць адпаведны палітычна матываваны ўціск на актывістаў грамадзянскай супольнасьці напярэдадні адметнае для незалежнасьці Беларусі даты, 25 сакавіка 2009г., сапраўды назіраюцца. І ў гэтым, нажаль, заўважаныя не баевікі нейкіх радыкальных антыбеларускіх груповак, якім БЕЛАРУСКІ ДЗЕНЬ ВОЛІ, што костка ў горле, але супрацоўнікі Жодзінскага ГАЎС (!?).

Варта ўзгадаць, што 23.03.2009г. мінуў роўна год з апошняга затрыманьня й адміністратыўнага пакараньня на 7 сутак удзельнікаў акцыі памяці з ускладаньнем кветак да абэліску “Гэроі жывуць вечна” (А.Камароўскага, Ю.Сілкіна, Ю.Жылко, П.Красоўскага). 25-га таксама споўніцца год з моманту затрыманьня ў Менску й майго сына, Алеся Лапіцкага, які з групаю моладзі быў гвалтоўна захоплены менскім АМАПАМ на месцы выкананьня сваіх журналіскіх абавязкаў і потым асуджаны на 7 сутак турэмнага зьняволеньня з адбываньнем арышту на Акрэсьціна.

Варта заўважыць, што ў дзеяньнях міліцыянтаў (у рэгіёнах па ўсёй Беларусі) напярэдадні падобных мірных і сьвяточных масавых акцыяў ці значных для кожнага агульнанацыянальных грамадзкіх кампаніяў заўсёды прысутнічае правакацыйна-прывінтыўны авантурызм. І гэта аніякім чынам ня можа лічыцца правамернымі дзеяньнямі, а таксама абсалютна не служыць мэтам падвышэньня грамадзянскае бясьпекі (якія дэкляруюцца ў якасьці афіцыйнага абгрунтаванья падобнага праўнага бязьмежжа ў дачыненьні да патэнцыйных удзельнікаў масавых мірных сходаў у Беларусі).

“Наадварот, у паветра сьвяточнае ўзьнёсласьці й патрыятызму штучна й па загадзе напампоўваецца смурод паліцэйска-дыктатарскай істэрыі. Невукі ў фуражках па вясьне прачынаюцца й зноў пачынаюць гуляцца ў “вайнушку”. І гуляюцца яны, ведаеце, з сапраўдным размахам – за бюджэтныя сродкі. На падобныя “важкія для грамадзтва манэўры” не шкада ні сродкаў, ні нэрваў, ні афіцэрскае годнасьці (канешне, калі апошняя яшэ недзе ў кагосьці й захавалася).”

“Праваахоўнікі” (абаронцы грамадзтва ад бандытызму, экстрэмізму й тэрарызму …) – проста, “абліваючыся потам адказнасьці за радзіму”, рэалізуюць супраць мірных грамадзянаў (апанэнтаў дзейснага рэжыму) самыя “сьмелыя пляны” пад такімі кодавымі назвамі, як “Арсэнал”, “Перахоп” … (у якой лячэбніцы іх толькі выдумляюць?)

Яны дзейнічаюць па загадзе, мэтаскіравана й па канкрэтных, вызначаных для “разпрацоўкі” асобах, таму – здольныя на любыя неправамерныя дзеяньні (відавочныя падлогі й правакацыі) дзеля выкананьня пастаўленай мэты: запалохаць, затрымаць, любымі спосабамі нэйтралізаваць альбо зьменшыць прысутнасьць актывістаў зь рэгіёнаў на масавых мерапрыемствах у Менску.

І гэтаму маюцца дакумэнтаваныя доказы. Ёсьць заявы ў пракуратуру, фотафакты й г. д. пра тое, як “служкі закону” і “правапарадку” па інспіраваных (“нейкім вар’яцкім асабістым адзьдзелам”) падложна-ананімных заявах – праводзілі апэрацыю па затрыманьні актывістаў (іх, нават, выносілі “за рукі й за ногі” з спыненай на выезьдзе з гораду “маршруткі”). І ў прыведзеным у якасьці прыкладу, абсалютна дзікунскім выпадку, усё рабілася толькі для адной мэты – каб затрымаць, не дазволіць выехаць у Менск для ўдзелу ў Чарнобыльскім Шляху лідараў і актывістаў ПЦ “Вясна” ці ПБНФ з Жодзіна … … …

Стала вядома, што ў Жодзінскім ГАЎС нядаўна адбыліся пэўныя кадравыя зьмены. Гэтую ўстанову ўзначаліў былы намесьнік Барысаўкага ГАЎС, Андрэй Чыкін. Верагодна, апошняя зьмена кіраўніцтва Жодзінскага ГАЎС пры ажыўленьні палітычна матываванай актыўнасьці міліцыянтаў у Жодзіне можа аказацца недвухсэнсоўнай прыкметаю чарговых верагодных ускладненьняў адносінаў “праваахоўнікаў у пагонах” з законам. А актывістам грамадзянскай супольнасьці й праваабронцам можа яўна прыбавіцца турботаў …

І, калі ўжо гэтага не абмінуць, хай бы замест апошніх з “патэнцыйнымі парушальнікамі ў пагонах” праводзілі прафіляктычныя размовы “вартавыя законнасьці й парадку” з Жодзінскай пракуратуры. Але, як паказвае практыка, гэтага можна проста – не дачакацца …

Таму, грамадзкасьці трэба быць гатовай зьвяртацца непасрэдна да правасудзьдзя (яно ў нас у Жодзіне часам – прачынаецца) і распачынаць мэтадычную праграму праўнай асьветы для ліквідацыі адпаведнага праўнага невуцтва й нігілізму …


Алесь Вольны,
Licviny-INFA,
Жодзіна

Цэтлікі: ,

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>