Праваабаронца Леанід Судаленка падрыхтаваў агляд рашэньняў Камітэту ААН па правах чалавека, зьвязаных з парушэньнем правоў беларусаў на мірныя сходы.
Грамадзянаў перасьледуюць за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях, якія праводзяцца як на вуліцы, гэтак і ў памяшканьнях, забараняюць сходы па прычыне заяўленай тэматыкі, месцаў іх правядзеньня ды адсутнасьці дамоваў на іхнае абслугоўваньне. Вядомыя выпадкі, калі раздачу газэтаў на вуліцы і ўскладаньне вянкоў да магілаў рэпрэсаваных прыраўноўвалі да несанкцыянаваных акцыяў.
Перасьлед за ўдзел у несанкцыянаваных мірных сходах
-
Справа CCPR/C/103/D/1316/2004, “Грыб спр. Беларусі” (1997 г.)
Экс-старшыня Вярхоўнае Рады (Савету) Мечыслаў Грыб быў аштрафаваны за ўдзел у несанкцыянаваным вулічным мітынгу у Менску (справа №1316/2004). У 1997 годзе яму было адмоўлена ў выдачы ліцэнзіі адваката на той падставе, што ён раней прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасьці. Устанавіўшы ў гэтай справе парушэньне права аўтара на мірны сход Камітэт па Правах Чалавека адзначыў, што Беларусь не прадставіла якіх-небудзь тлумачэньняў аб тым, як нявыдача ліцэнзіі адваката аўтару была апраўданая й неабходная для дасягненьня мэтаў, замацаваных у артыкуле 21 Пакту (інтарэсы дзяржаўнай ці грамадзкай бясьпекі, грамадзкага парадку, аховы здароўя й маральнасьці насельніцтва ці абароны правоў і свабодаў іншых асобаў).
-
Справа CCPR/C/111/D/1934/2010, “Базараў спр. Беларусі” (2009 г.)
Грамадзкі актывіст з Віцебску Ігар Базараў у 2009 годзе ў складзе групы з трох чалавек ішоў па ходніках у горадзе, у іх быў бел-чырвона-белы сьцяг. Грамадзяне былі затрыманыя міліцыяй і абвінавачаныя ў парушэньні парадку арганізацыі й правядзеньня масавага мерапрыемства. Пасьля суд прысудзіў аўтару грашовы штраф (справа №1934/2010). У гэтай справе Камітэт па правах чалавека адзначыў, што дзяржава не паспрабавала патлумачыць неабходнасьць атрыманьня дазволу перад правядзеньнем мірнага вулічнага шэсьця, у якім мелі намер прыняць удзел толькі тры чалавекі. Акрамя таго, яна не патлумачыла, якім чынам на практыцы ў дадзеным выпадку перасоўваньне аўтара й двух ягоных знаёмых са сьцягам па ходніках уздоўж пешаходнай вуліцы ў дзённы час магло парушыць правы q свабоды іншых людзей аkmбо паставіць пад пагрозу дзяржаўную бясmпеку ці грамадpкі парадак.
-
Cправа CCPR/C/111/D/1976/2010, “Кузняцоў спр. Беларусі” (2009 г.)
Грамадзкія актывісты з Гомеля Пётар Кузняцоў, Юры Захаранка, Анатоль Паплаўны, Васіль Палякоў і Уладзімер Кацора ў 2009 годзе зладзілі пікет перад будынкам УУС Гомеля (справа №1976/2010). Яны на працягу 30 хвілінаў прастаялі каля будынку з партрэтамі экс-міністра нутраных справаў Юрыя Захаранкі. Па заканчэньні пікетаваньня аўтары перадалі ў УУС ліст, у якім паказалі на павольны рух у расьсьледваньні зьнікненьня сп. Захаранкі й папрасілі ўлады належным чынам расьсьледаваць гэтае злачынства. Пасьля суд прысудзіў ўдзельнікам несанкцыянаванага пікету штрафы і арышт. У гэтае справе Камітэт адзначыў, што беларускія ўлады ня далі ніякага абгрунтаваньня альбо тлумачэньняў на той конт, якім чынам на практыцы дзеяньні аўтараў у дачыненьні да дэманстрацыі партрэтаў зьніклага міністра нутраных справаў і працягласьць расьсьледваньня ў гэтых адносінах зьдзяйсьняюць уціск на інтарэсы дзяржаўнай ці грамадзкай бясmпекі, грамадpкага парадку, аховы здароўя й маральнасьці насельніцтва ці абароны правоў і свабодаў іншых асобаў, як выкладзена ў артыкуле 21 Пакту.
-
Справа CCPR/C/112/D/1999/2010, ” Валянцін Яўзрэзаў, Уладзімер Няпомняшчых, Васіль Палякоў і Валеры Рыбчанка спр. Беларусі” (2009 г.)
У 2009 годзе грамадзкія актывісты з Гомеля Валянцін Яўзрэзаў, Уладзімер Няпомняшчых, Васіль Палякоў і Валерый Рыбчанка знаходзіліся ў складзе групы з 16 чалавек, якая рухалася па цэнтры гораду ў кірунку плошчы Паўстаньня, на якой яны мелі намер правесьці дэманстрацыю з нагоды гадавіны зьнікненьня лідараў апазыцыі Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Удзельнкі групы несьлі здымкі зьніклых палітыкаў і плякаты. Яны былі затрыманыя й абвінавачаныя ў парушэньні парадку арганізацыі й правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Пасьля суд прысудзіў кожнаму зь іх буйныя штрафы (справа №1999/2010). У гэтай справе Камітэт адзначыў, што права на правядзеньне мірных сходаў зьяўляецца асноўным правам чалавека, якое мае надзвычай важнае значэньне для публічнага выказваньня меркаваньняў і перакананьняў і лічыцца неад’емным ў дэмакратычным грамадзтве. Гэтае права прадугледжвае магчымасьць арганізацыі мірнага сходу й дэманстрацыі альбо ўдзелу ў іх у мэтах выказваньня падтрымкі альбо крытыкі па якім-небудзь канкрэтным пытаньні. Недапушчэньне правядзеньня дэманстрацыі аўтарамі, іх наступнае затрыманьне й вынясеньне ім прысуду аб выплаце адміністратыўнага штрафу толькі за праходжаньне ў складзе групы асобаў, якія трымаюць фатаграфіі й плякаты, відавочным чынам зьяўляюцца парушэньнем іхнага права на мірныя сходы.
Забарона мірных сходаў па прычыне іх тэматыкі
-
Справа CCPR/C/105/D/1790/2008, “Гоўша спр. Беларусі” (2006 г.)
Грамадзкія актывісты з Баранавічаў Сяргей Гоўша, Віктар Сырыца і Віктар Мязяк у 2006 годзе прасілі дазволу на правядзеньне мітынгу на тэму “За свабодную, незалежную й квітнеючую Беларусь”. Гарвыканкам адмовіў у дазволе на арганізацыю мітынгу на той падставе, што мітынг на падобную тэму ўжо быў праведзены выканкамам у горадзе (справа №1790/2008). У гэтай справе Камітэт па Правах Чалавека адзначыў, што паколькі ў Беларусі ўстаноўлены парадак правядзеньня масавых мерапрыемстваў, то тут фактычна ўведзены абмежаваньні ў дачыненьні да ажыцьцяўленьня права на свабоду сходаў. Дзяржава не прадставіла, хоць у яе была такая магчымасьць, інфармацыю аб тым, чаму абмежаваньні на права аўтараў на мірны сход былі неабходныя ў інтарэсах дзяржаўнай ці грамадзкай бясьпекі, грамадзкага парадку, аховы здароўя й маральнасьці насельніцтва ці абароны правоў і свабодаў іншых асобаў.
-
Справа CCPR/C/110/D/1864/2009, “Кірсанаў спр. Беларусі” (2008 г.)
Грамадзкі актывіст з Жлобіна Уладзімер Кірсанаў у 2008 годзе прасіў дазволу на правядзеньне пікету для прыцягненьня ўвагі грамадзкасьці да палітыкі дзяржавы, накіраванай супраць апазыцыйных партыяў і спробы ліквідацыі Партыі Камуністаў Беларускай (справа №1864/2009). Мясцовы райвыканкам адмовіў у правядзеньні пікету на той падставе, што рашэньнем Вярхоўнага Суду партыя ня ліквідаваная, а ўсяго толькі на шэсьць месяцаў прыпыненая ейная дзейнасьць. У гэтай справе Камітэт па Правах Чалавека нагадаў, што адмова ў правядзеньні публічнага сходу на падставе ягонай мэты зьяўляецца адным з найбольш сур’ёзных парушэньняў свабоды мірных сходаў. Дзяржава не прадставіла, хоць у яе была такая магчымасьць, інфармацыю аб тым, чаму абмежаваньні на права аўтараў на мірны сход былі неабходныя ў інтарэсах дзяржаўнай ці грамадзкай бясьпекі, грамадзкага парадку, аховы здароўя й маральнасьці насельніцтва ці абароны правоў і свабодаў іншых асобаў.
-
Справа CCPR/C/110/D/1903/2009, “Юбко спр. Беларусі” ( 2007 г.)
Грамадзкая актывістка зь Менску Галіна Юбко ў 2007 годзе ад свайго імя і ад імя іншых жанчынаў, чые мужы, сыны ды іншыя сваякі былі нібыта незаконна асуджаныя, зьвярнулася з заяваю ў гарвыканкам Менску з просьбай аб правядзеньні пікету з мэтай зьвярнуць увагу грамадзкасьці на неабходнасьць таго, каб судовыя ворганы пры разглядзе грамадзянскіх альбо крымінальных справаў выконвалі Канстытуцыю й міжнародныя дамовы (справа №1903/2009). Гарвыканкам адмовіў у правядзеньні пікету на той падставе, што, як было палічана, яго мэта заключалася ў спробе паставіць пад сумнеў законнасьць судовых рашэньняў і, адпаведна, паўплываць на рашэньні судоў па канкрэтных грамадзянскіх і крымінальных справах. У гэтай справе Камітэт па Правах Чалавека адзначыў, што дзяржава не патлумачыла, для якой прычыны трэба абмяжоўваць права аўтара, адмаўляючы ёй у дазволе на правядзеньне пікету – дзеля павагі правоў альбо рэпутацыі іншых асобащ, для абароны нацыянальнай бясьпекі альбо грамадзкага парадку альбо ў інтарэсах аховы здароўя ці маралі насельніцтва.
-
Справа CCPR/C/114/D/1988/2010, “Яўзрэзаў спр. Беларусі” (2007 г.)
У 2007 годзе грамадзкі актывіст з Жлобіна Валянцін Яўзрэзаў зьвярнуўся ў Жлобінскі райвыканкам па дазвол на правядзеньне разам з шэрагам іншых грамадзянаў пікету з мэтай выказаць пратэст супраць пазбаўленьня волі па палітычных матывах былога кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна. Райвыканкам прыняў рашэньне, якое забараняе правядзеньне гэтай маніфэстацыі. Падставай для забароны сталася тое, што заяўленая мэта маніфэстацыі супярэчыла пастанове суду, згодна зь якой вынесены г-ну Казуліну прысуд не быў зьвязаным з ягонымі палітычнымі поглядамі (справа №1988/2010). Камітэт па Правах Чалавека палічыў неапраўданым рашэньне адмовіць аўтару ў праве разам зь іншымі людзьмі правесьці мірны сход, мэту якога яны абралі самі. Камітэт адзначыў, што ў сваіх адказах аўтару нацыянальныя ворганы ўлады не прадэманстравалі, якім чынам пікет, які праводзіцца з тым, каб выказаць пратэст супраць пазбаўленьня волі палітычнага дзеяча й былога кандыдата ў прэзыдэнты, паставіць пад пагрозу дзяржаўную й грамадзкую бясьпеку, грамадзкі парадак, здароўе й маральнасьць насельніцтва ці правы й свабоды іншых асобаў.
Забарона мірных сходаў па прычыне адсутнасьці дамоваў на іхнае абслугоўваньне
-
Справа CCPR/C/109/D/1851/2008, “Сякерка спр. Беларусі” (2007 г.)
Жыхар Гомеля Уладзімір Сякерка сумесна зь іншымі ў 2007 годзе зьвярнуўся ў Гомельскі гарвыканкам з заяўкаю на правядзеньне масавых мерапрыемстваў у розных частках гораду з мэтай выказаць пратэст супраць адмены сацыяльных ільготаў для малазабясьпечаных грамадзянаў (справа №1851/2008). Гарвыканкам забараніў правядзеньне мірных сходаў па прычыне не прадстаўленьня інфармацыі ў дачыненьні да мераў па забесьпячэньні грамадзкага парадку й бясьпекі, мераў, зьвязаных зь мэдычным абслугоўваньнем і ўборкай тэрыторыі падчас мерапрыемства і пасьля яго. У гэтай справе Камітэт па Правах Чалавека нагадаў, што калі дзяржава накладае абмежаваньні, яна павінна кіравацца мэтай садзеяньня ў ажыцьцяўленьні права замест таго, каб імкнуцца залішне альбо непамерна абмежаваць яго. Беларускія ўлады не прадэманстравалі, што ў справе аўтара крытэрыі, устаноўленыя ў артыкуле 21 Пакту, маглі быць дасягнутыя толькі з дапамогаю адмовы ў дазволе на правядзеньне заплянаваных масавых мерапрыемстваў.
-
Справа CCPR/C/111/D/2030/2011, “Палякоў спр. Беларусі” (2008 г.)
У 2008 годзе намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў падаў у гарвыканкам заяву з просьбай аб арганізацыі пікету з мэтай заклікаць грамадзянаў не ўдзельнічаць 28 верасьня 2008 году ў парлямэнскіх выбарах. Гарвыканкам правядзеньне пікету забараніў па прычыне адсутнасьці дамоваў па забеспячэньні грамадзкага парадку й бясьпекі, мераў, зьвязаных зь мэдычным абслугоўваньнем і ўборкай тэрыторыі падчас мерапрыемства й пасьля яго. У гэтай справе Камітэт па Правах Чалавека нагадаў, што абмежаваньні, уведзеныя ў дачыненьні да свабоды аўтара на правядзеньне сходу, грунтаваліся на палажэньнях нутранага заканадаўства і ўключалі цяжкія патрабаваньні аб тым, каб заручыцца трыма асобнымі пісьмовымі абавязальніцтвами з боку трох розных адміністрацыйных ворганаў, што магло зрабіць ілюзорным права аўтара на дэманстрацыю (справа №2030/2011). Між тым Беларусь не высунула ніякіх довадаў на той рахунак, чаму такія патрабаванні неабходныя ў інтарэсах нацыянальнай або грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя або маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабодаў іншых асобаў.
Забарона мірных сходаў па прычыне заяўленых месцаў іх правядзеньня
-
Справы:
– CCPR/C/108/D/1948/2010, “Турчаняк ды інш. спр. Беларусі”, – адвакат Кісьляк (2008 г.)
– CCPR/C/113/D/1949/2010, “Казлоў ды інш. спр. Беларусі”, – адвакат Кісьляк (2009 г.)
У 2008 годзе жыхары Берасьця Дзяніс Турчаняк, Ірына Лаўроўская, Валер Фамінскі, прадстаўленыя адвакатам Раманам Кісьляком, і ў 2009 годзе жыхары Берасьця Павал Казлоў, Валерый Ільяш, Сяргей Пстыга, Марат Брашко (адвакат Раман Кісьляк) падавалі заяўкі ў гарвыканкам аб правядзеньні пікетаў з мэтай прыцягненьня ўвагі грамадзянаў да праблемаў, якія ўзьніклі ў ходзе падрыхтоўкі да ўзьвядзеньня помніка 1000-годзьдзю горада Берасьця ў першым выпадку (справа №1948/2010) і “супраць абыякавасьці чыноўнікаў” у другім (справа №1949/2010). Гарвыканкам адмовіў у дазволе на той падставе, што адзіным афіцыйна дазволеным месцам для правядзеньня масавых мерапрыемстваў у Берасьці зьяўляецца стадыён “Лякаматыў”, у той час як заяўнікі жадалі правесьці пікеты ў цэнтры гораду. У гэтай справе Камітэт па Правах Чалавека адзначыў, што дзяржава не прадэманстравала, якім чынам пікет, які праводзіцца ў цэнтры гораду, непазбежна паставіць пад пагрозу дзяржаўную й грамадзкую бясьпеку, грамадзкі парадак і ахову здароўя альбо маральнасьць насельніцтва альбо ахову правоў і свабодаў іншых асобаў. Камітэт таксама адзначыў, што забарона дэ-факта сходаў у любым грамадзкім месцы ў маштабе ўсяго горада Берася, за выключэньнем стадыёну “Лякаматыў”, неапраўдана абмяжоўвае права на свабоду сходаў.
-
Справа CCPR/C/114/D/1984/2010, “Пугач спр. Беларусі” (2009 г.)
У 2009 годзе грамадзкі актывіст зь Менску Яўген Пугач запытаў дазвол гарвыканкама правесьці мірны пікет з мэтай прыцягнуць увагу грамадзянаў да праблемы бяздомных жывёлаў, заявіць пратэст супраць жорсткага абыходжаньня з жывёламі. Гарвыканкам адмовіўся санкцыянаваць пікет, адзначыўшы, што збор у паказаным месцы перашкодзіў бы рабоце прадпрыемства “Фаўна гораду” і яшчэ двух прадпрыемстваў, разьмешчаных у тым жа раёне (справа №1984/2010). У гэтай справе Камітэт адзначыў, што ўлады не патлумачылі, якім чынам на практыцы пікет, які праводзіцца ў пешаходнай зоне па-за тэрыторыяй адпаведнага дзяржаўнага прадпрыемства, перашкаджаў бы працы названага прадпрыемства, а таксама дарожнаму руху; не патлумачылі яны й якім чынам уведзеныя абмежаваньні правоў аўтара на свабоду мірнага сходу апраўданыя па артыкуле 21 Пакту. Камітэт нагадаў, што як раз дзяржаве й належыць кожны раз прадэманстраваць неабходнасьць устаноўленых абмежаваньняў.
-
Справа CCPR/C/100/D/1354/2005, “Судаленка спр. Беларусі” (2007 г.)
У 2007 годзе кандыдат у дэпутаты Гомельскага абласноq рады (савету) ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Беларусі (апазыцыйнай партыі) на выбарах Леанід Судаленка падаў запыт на дазвол сустрэцца з выбарнікамі на адкрытай плошчы – адным з папулярных месцаў у цэнтры гораду (справа №1992/2010). Гарадзкія ўлады адмовілі яму ў выдачы дазволу на той падставе, што ў горадзе ўстаноўлена іншае месца для правядзеньня любых сходаў. У гэтай справе Камітэт па правах чалавека палічыў, што магчымасьць сустрэчы з выбаршчыкамі зьяўляцца неад’емнай часткаю правоў, замацаваных у артыкуле 25 Пакту, якая ўключае і права быць абраным. Нягледзячы на той факт, што дзяржава можа ўстанаўліваць правілы й парадак правядзеньня палітычных кампаніяў, яны не павінны дыспрапарцыйна абмяжоўваць правы, гарантаваныя Пактам.
-
Справы (En.):
– CCPR/C/115/D/2016/2010, “Судаленка спр. Беларусі” (2010 г.)
– CCPR/C/115/D/2019/2010, “Паплаўны спр. Беларусі” (2010 г.)
У 2010 годзе гомельскія праваабаронцы Леанід Судаленка (справа №2016/2010) і Анатоль Паплаўны (справа №2019/2010) заявілі ў Дзень правоў чалавека 10 сьнежня пікеты на цэнтральнай плошчы гораду, але гарадзкія ўлады ім адмовілі. У гэтае справе Камітэт па Правах Чалавека адзначыў, што Беларусь не прадэманстравала, якім чынам пікеты, якія праводзяцца ў цэнтры гораду, непазьбежна паставяць пад пагрозу дзяржаўную й грамадзкую бясьпеку, грамадзкі парадак і ахову здароўя альбо маральнасьць насельніцтва, альбо ахову правоў і свабодаў іншых асобаў.
Перасьлед за ўдзел у мірных сходах у памяшканьнях
-
Справы:
– CCPR/C/114/D/1902/2009, “Бакур спр. Беларусі” (2007 г.)
– CCPR/C/112/D/1929/2010, “Лазенка спр. Беларусі” (2007 г.)
Грамадзкія актывісты з Бярэсьця Юрый Бакур (справа №1902/2009) і Сяргей Лазенка (справа №1929/2010) у 2007 годзе прымалі ўдзел у адкрытым сходзе палітычнай партыі “Беларускі народны фронт” (БНФ). Сход праходзіў ў офісе партыі. У памяшканьне ўвайшлі супрацоўнікі міліцыі, якія спынілі сход і затрымалі 28 чалавек. Пасьля г-ну Бакур і Лазенку было прад’яўленае абвінавачваньне ў адміністратыўным правапарушэньні – ва ўдзеле ў несанкцыянаваным сходзе, і яны былі пакараныя адміністратыўным штрафам. У гэтай справе Камітэт адзначыў, што дзяржава не прадэманстравала, чаму затрыманьне аўтараў і прызначэньне ім пакараньня ў выглядзе штрафу, нават калі гэта адпавядала патрабаваньням закону, было неабходным у інтарэсах дзяржаўнай ці грамадзкай бясьпекі, грамадзкага парадку, аховы здароўя й маральнасьці насельніцтва ці абароны правоў і свабодаў іншых асобаў. Акрамя таго, дзяржава не абгрунтавала, чаму на правядзеньне сходу ў прыватным памяшканьні, арандаваным палітычнай партыяй, неабходна было атрымаць дазвол.
Перасьлед за распаўсюд інфармацыі
-
Справа CCPR/C/101/D/1604/2007, “Залеская спр. Беларусі” (2006 г.)
Грамадзкая актывістка зь Віцебску Алена Залеская распаўсюджвала ў 2006 годзе на вуліцах горада мінакам газэты “Таварыш” і “Народная Воля”. Яна была абвінавачаная ў парушэньні парадку арганізацыі й правядзеньня масавых мерапрыемстваў і аштрафаваная пасьля судом (справа №1604/2007). Устанавіўшы парушэньне права аўтара на мірны сход, Камітэт па Правах Чалавека адзначыў, што Беларусь не прадставіла якіх-небудзь тлумачэньняў аб тым, для дасягненьня якой мэты, замацаванай у артыкуле 21 Пакту (інтарэсы дзяржаўнай ці грамадзкай бясьпекі, грамадзкага парадку, аховы здароўя й маральнасьці насельніцтва альбо абароны правоў і свабодаў іншых асобаў) аўтар атрымала грашовы штраф за распаўсюд інфармацыі.
Перасьлед за наведваньне магілаў ахвяраў рэпрэсіяў
-
Справы:
– CCPR/C/104/D/1772/2008, “Белязека спр. Беларусі” (2007 -2008г.г.)
– CCPR/C/108/D/1808/2008, “Каваленка спр. Беларусі” (2007 -2008г.г.)
Грамадзкія актывісты зь Віцебску Сяргей Белязека (справа №1772/2008) і Сяргей Каваленка (справа №1808/2008) у 2007 годзе разам з іншымі жыхарамі Віцебску, сваякі якіх былі закатаваныя ў сталінскіх лягерах, прынялі ўдзел у грамадзянскай паніхідзе. Іх абвінавацілі ў парушэньні парадку арганізацыі й правядзеньня масавых мерапрыемстваў, і яны былі аштрафаваныя судом. Устанавіўшы парушэньне права аўтараў на мірны сход, Камітэт па Правах Чалавека адзначыў, што Беларусь не прадставіла якой-небудзь інфармацыі пра тое, якім чынам на практыцы ўшанаваньне памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў ушчамляе выкладзеныя ў артыкуле 21 Пакту інтарэсы дзяржаўнай ці грамадзкай бясьпекі, грамадзкага парадку, аховы здароўя й маральнасьці насельніцтва ці абароны правоў і свабодаў іншых асобаў.
ДАДАТКI (PDF, рас.):
Перасьлед за ўдзел у несанкцыянаваных мірных сходах
- Справа CCPR/C/103/D/1316/2004, “Грыб спр. Беларусі” (1997 г.)
- Справа CCPR/C/111/D/1934/2010, “Базараў спр. Беларусі” (2009 г.)
- Cправа CCPR/C/111/D/1976/2010, “Кузняцоў спр. Беларусі” (2009 г.)
- Справа CCPR/C/112/D/1999/2010, “Валянцін Яўзрэзаў, Уладзімер Няпомняшчых, Васіль Палякоў і Валеры Рыбчанка спр. Беларусі” (2009г.)
Забарона мірных сходаў па прычыне іх тэматыкі
- Справа CCPR/C/105/D/1790/2008, “Гоўша спр. Беларусі” (2006 г.)
- Справа CCPR/C/110/D/1864/2009, “Кірсанаў спр. Беларусі” (2008 г.)
- Справа CCPR/C/110/D/1903/2009, “Юбко спр. Беларусі” ( 2007 г.)
- Справа CCPR/C/114/D/1988/2010, “Яўзрэзаў спр. Беларусі” (2007 г.)
Забарона мірных сходаў па прычыне адсутнасьці дамоваў на іхнае абслугоўваньне
- Справа CCPR/C/109/D/1851/2008, “Сякерка спр. Беларусі” (2007 г.)
- Справа CCPR/C/111/D/2030/2011, “Палякоў спр. Беларусі” (2008 г.)
Забарона мірных сходаў па прычыне заяўленых месцаў іх правядзеньня
- Справы: CCPR/C/108/D/1948/2010, “Турчаняк ды інш. спр. Беларусі” (2008 г.) – адв. Кісьляк – CCPR/C/113/D/1949/2010, “Казлоў ды інш. спр. Беларусі” (2009 г.) – адв. Кісьляк
- Справа CCPR/C/114/D/1984/2010, “Пугач спр. Беларусі” (2009 г.)
- Справа CCPR/C/100/D/1354/2005, “Судаленка спр. Беларусі” (2007 г.)
- Справы (En.): CCPR/C/115/D/2016/2010, “Судаленка спр. Беларусі” (2010 г.)
– CCPR/C/115/D/2019/2010, “Паплаўны спр. Беларусі” (2010 г.)
Перасьлед за ўдзел у мірных сходах у памяшканьнях
- Справы: CCPR/C/114/D/1902/2009, “Бакур спр. Беларусі” (2007 г.) – CCPR/C/112/D/1929/2010, “Лазенка спр. Беларусі” (2007 г.)
Перасьлед за распаўсюд інфармацыі
- Справа CCPR/C/101/D/1604/2007, “Залеская спр. Беларусі” (2006 г.)
Перасьлед за наведваньне магілаў ахвяраў рэпрэсіяў
- Справы: CCPR/C/104/D/1772/2008, “Белязека спр. Беларусі” (2007-08 г.г.) – CCPR/C/108/D/1808/2008, “Каваленка спр. Беларусі” (2007-08 г.г.)
Паводле Леаніда Судаленкі, “Гомельская Вясна”
Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА,
Беларусі Праўны Партал,
www.prava-by.info
Фотаздымак: tyt.by
Цэтлікі: #Belarus, Беларусь, дакумэнты, забарона мірных сходаў, КПЧ ААН, месцы правядзеньня мірных сходаў, мірныя сходы ў памяшканьнях, несанкцыянаваныя мірныя сходы, парушэньні права на мірныя сходы (арт. 21 МПГіПП), Перасьлед за наведваньне магілаў і ўдзел у паніхідах, Перасьлед за распаўсюд інфармацыі, платныя дамовы, рашэньні, справы ў КПЧ за 2004-2010 гг., тэматыка мірных содаў