2016 02/05

Праваабаронца Леанід Судаленка падрыхтаваў агляд рашэньняў Камітэту ААН па правах чалавека, зьвязаных з парушэньнем правоў беларусаў на свабоду аб’яднаньня (асацыяцыі).

 

Грамадзянам адмаўляюць у дзяржаўнай рэгістрацыі аб’яднаньняў (асацыяцыяў) і ліквідуюць аб’яднаньні (асацыяцыі) у судовым парадку. Вядомы выпадкі ўмяшальніцтва дзяржавы ў дзейнасьць існуючых аб’яднаньняў (асацыяцыяў).

 

Адмова ў рэгістрацыі створанай асацыяцыі (аб’яднаньня)

 

 

12 лістапада 2000 году аўтар паведамленьня Барыс Звозскаў і яшчэ 114 заснавальнікаў правялі ўстаноўчы сход грамадзкай арганізацыі па абароне правоў чалавека “Гэльсынкі ХХI” і зьвярнуліся ў Міністэрства юстыцыі для рэгістрацыі створанага аб’яднаньня. Ім было адмоўлена ў рэгістрацыі па наступных прычынах:

1) прадстаўленьне і абарона правоў трэціх асобаў, названыя ў статуце “Гэльсынкі ХХI”, супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і іншым законам;

2) існуюць сумненьні аб правамернасьці прыняцьця рашэньняў аб стварэньні аб’яднаньня, прыняцьці ягонага статуту на ўстаноўчым сходзе, бо ў пратаколе устаноўчага сходу запісаныя 114 чалавек, тады як колькасьць галасаваўшых вар’іруе ад 98 да 109.

Разглядаючы дадзеную справу Камітэт па правах чалавека паказаў, што аўтар паведамленьня і дзяржава разыходзяцца ў меркаваньні аб тым, ці забараняюць законы рэспублікі абарону правоў і свабодаў грамадзянаў, якія не ўваходзяць у склад асобнай арганізацыі. Камітэт адзначыў, што нават калі такія абмежаваньні прадугледжаныя законам, дзяржава не высунула ніякіх аргумэнтаў, чаму для выкананьня ўмоваў артыкула 22 Пакту пры рэгістрацыі аб’яднаньня неабходна было абмежаваць сфэру ягонай дзейнасьці прадстаўленьнем і абаронай правоў толькі сяброў аб’яднаньня. Прымаючы пад увагу наступствы адмовы ў рэгістрацыі – незаконнасьць дзейнасьці незарэгістраванай арганізацыі на тэрыторыі дзяржавы, Камітэт прыйшоў да высновы, што адмова ў рэгістрацыі не адпавядае патрабаваньням артыкула 22 Пакту (справа 1039/2001).

 

  • Справа CCPR/C/100/D/1383/2005 “Кацора спр. Беларусі” (“Грамадзянская альтэрнатыва”, г.Гомель)

 

Уладзімер Кацора зьяўляўся лідарам незарэгістраванага рэгіянальнага грамадзкага аб’яднаньня “Грамадзянская альтэрнатыва” (Леанід Судаленка ды Ігар Нямкевіч ягоныя намесьнікі). 1 сьнежня 2003 году аўтары падалі ў Міністэрства юстыцыі заяву аб рэгістрацыі аб’яднаньня. Іхнае хадайніцтва аб рэгістрацыі было адхіленае, бо мэты дадзенай арганізацыі ўключаюць ўступленьне ў асацыяцыю зь іншымі “мясцовымі й міжнароднымі арганізацыямі”, заяўленыя мэты арганізацыі былі ахарактарызаваныя ў адным месцы Статута як “гуманітарныя”, а далей як “гуманістычныя”, што было палічана супярэчлівым; ў хадайніцтве не ўказваўся канкрэтны пакой названага будынку, які будзе выкарыстоўвацца ў якасьці штаб-кватэры арганізацыі; і адным канкрэтным сябрам арганізацыі былі пазначаныя розныя даты нараджэньня. Камітэт у гэтай справе адзначыў, што дзяржава не высунула якой-небудзь аргумэнт адносна таго, чаму названыя заўвагі зьяўляюцца неабходнымі ў інтарэсах дзяржаўнай ці грамадзкай бясьпекі, грамадзкага парадку, аховы здароўя альбо маральнасьці насельніцтва ці абароны правоў і свабодаў іншых асобаў. Камітэт таксама адзначыў, што адмова ў рэгістрацыі непасрэдна прывяла да незаконнай дзейнасьці незарэгістраванай асацыяцыі й проста выключыла для аўтараў магчымасьць карыстацца сваім правам на свабоду асацыяцыяў (справа №1383/2005).

 

  • Справа CCPR/C/112/D/2153/2012 “Калякін спр. Беларусі” (“За сумленныя выбары”)

 

24 чэрвеня 2011 году Сяргей Калякін зьвярнуўся ў Міністэрства юстыцыі з заяваю аб рэгістрацыі няўрадавага праваабарончага аб’яднаньня “За сумленныя выбары”. Міністэрства юстыцыі адмовіла ў рэгістрацыі на той падставе, што не быў прадстаўлены сьпіс заснавальнікаў аб’яднаньня; пратакол устаноўчага сходу не быў падпісаны старшынём; гарантыйны ліст, у якім пацьвярджалася вылучэньне працоўнага памяшканьня для аб’яднаньня, выклікаў пэўную заклапочанасць. Камітэт па правах чалавека ў гэтай справе адзначыў, што нават калі прычыны для адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі былі прадугледжаныя нацыянальным законам, як вынікае з наяўнага ў яго распараджэньні матэрыялу, дзяржава не паспрабавала вылучыць якога-небудзь доваду, які тлумачыць, чаму яны неабходныя ў інтарэсах нацыянальнай альбо грамадзкай бясьпекі, грамадзкага парадку, аховы здароўя і маральнасьці насельніцтва ці абароны правоў і свабодаў іншых асобаў. У адсутнасьць якіх-небудзь іншых адпаведных тлумачэньняў дзяржавы Камітэт належным чынам ацэньвае аргумэнтацыю аўтара й адзначае, што адмова ў рэгістрацыі непасрэдна прывяла да таго, што функцыянаваньне аб’яднаньня на тэрыторыі дзяржавы стала незаконным, і непасрэдна выключае для аўтара ды меркаваных ахвяраў магчымасьць карыстацца сваёй свабодай асацыяцыяў. Адпаведна, Камітэт прыйшоў да высновы аб тым, што адмова ў рэгістрацыі не адпавядае патрабаваньням пункта 2 артыкула 22 Пакту ў дачыненьні да аўтара і меркаваных ахвяраў. Такім чынам, права аўтара й меркаваных ахвяраў па пункце 1 артыкула 22 Пакту былі парушаныя (справа №2153/2012).

 

  • Справа CCPR/C/112/D/2165/2012 “Пінчук спр. Беларусі” (Праваабарончы Цэнтар “Вясна” і Алесь Бяляцкі, Менск)

 

Натальля Пінчук заявіла, што ейны муж Алесь Бяляцкі зьяўляецца старшынём і адным з заснавальнікаў Праваабарончага Цэнтру “Вясна”, які ў 2003 годзе быў ліквідаваны ў судовым парадку. Пасьля ліквідацыі аб’яднаньня ейны муж тры разы зьвяртаўся за паўторнай рэгістрацыяй, у чым яму кожны раз было адмоўлена. Пасьля пракуратура вынесла яму афіцыйнае папярэджаньне аб верагоднасьці крымінальнага перасьледу за ўдзел у дзейнасьці ад імя незарэгістраванага аб’яднаньня. Пасьля Бяляцкі перасьледваўся ў крымінальным парадку па абвінавачваньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў, якое вынікала з таго факту, што ён трымаў банкаўскі рахунак на сваё імя ад імя аб’яднаньня, паколькі адмова дзяржавы зарэгістраваць аб’яднаньне перашкаджала ў адкрыцьці рахункаў ад імя аб’яднаньня. Пры разглядьзе ягонае справы суд не прыняў да ўвагі доказы таго, што сродкі атрымліваліся й выкарыстоўваліся на законныя мэты аб’яднаньня; што ён быў прызнаны вінаватым і асуджаны да чатырох з паловай гадоў пазбаўленьня волі й да грашовых санкцыяў; і што суды не патлумачылі, чаму гэтыя меры суадносяцца зь ягонай свабодай асацыяцыі. Камітэт заключыў, што апісаныя факты сьведчаць аб парушэньні права мужа аўтаркі на свабоду асацыяцыяў. Такім чынам, Камітэт знайшоў, што ў дадзеным выпадку быў парушаны артыкул 22 Пакту (справа №2165/2012).

 

  • Справа CCPR/C/115/D/2011/2010 “Раманоўскі спр. Беларусі” (Аб’яднаьне беларускіх пэнсыянэраў, Менск)

 

4 чэрвеня 2006 году Уладзімер Раманоўскі прыняў удзел у праведзенай у Менску ўстаноўчай канфэрэнцыі Аб’яднаньня беларускіх пэнсыянэраў, на якой 29 чалавек, у тым ліку аўтар, прадстаўлялі 270 пэнсыянэраў з розных рэгіёнаў Беларусі. У ходзе канфэрэнцыі было прынята рашэньне аб заснаваньні грамадзкага аб’яднаньня пад назвай “Старэйшыны”. Міністэрства юстыцыі адмовіла аўтару ў рэгістрацыі аб’яднаньня на той падставе, што ўстаноўчая канфэрэнцыя была “нелегітымнай”, і, такім чынам, усе ейныя рашэньні, разам з рашэньнем па стварэньні аб’яднаньня ёсьць юрыдычна нікчэмнымі. Акрамя гэтага, міністэрства паведаміла, што адзін з падпісаных і прадстаўленых пратаколаў канфэрэнцыі аформлены не ў выглядзе завершанага дакумэнту, а толькі ягонага праэкту. Камітэт па правах чалавека ў гэтай справе адзначыў, што нават калі прычыны для адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі былі прадугледжаныя нацыянальным законам, як вынікае з наяўнага ў яго распараджэньні матэрыялу, дзяржава не паспрабавала вылучыць якога-небудзь доваду, які тлумачыць, чаму яны неабходныя ў інтарэсах нацыянальнай альбо грамадзкай бясьпекі, грамадзкага парадку, аховы здароўя і маральнасьці насельніцтва ці абароны правоў і свабодаў іншых асобаў. У адсутнасьць якіх-небудзь іншых адпаведных тлумачэньняў дзяржавы Камітэт належным чынам ацэньвае аргумэнтацыю аўтара й адзначае, што адмова ў рэгістрацыі непасрэдна прывяла да таго, што функцыянаваньне аб’яднаньня на тэрыторыі дзяржавы стала незаконным, і непасрэдна выключае для аўтара і меркаваных ахвяраў магчымасьць карыстацца сваёй свабодай асацыяцыяў. Адпаведна, Камітэт прыйшоў да высновы аб тым, што адмова ў рэгістрацыі не адпавядае патрабаваньням пункту 2 артыкула 22 у дачыненьні да аўтара й меркаваных ахвяраў (справа №2011/2010).

 

  • Справа CCPR/C/111/D/1993/2010 “Раіса Міхайлоўская і Алег Воўчак спр. Беларусі” (“Юрыдычная дапамога насельніцтву” – “Праўная абарона грамадзянаў”, Менск)

 

Раіса Міхайлоўская і Алег Воўчак зьяўляюцца двума заснавальнікамі няўрадавай арганізацыі “Юрыдычная дапамога насельніцтву”. Гэтая НДА была зарэгістраваная 10 верасьня 1998 году ў якасьці мясцовай асацыяцыі ў Менску й атрымала дазвол працаваць толькі ў Менску. Заснавальнікі арганізацыі хацелі распаўсюдзіць сфэру сваёй дзейнасьці на ўсю краіну й спрабавалі з гэтай мэтай зарэгістраваць у Міністэрстве юстыцыі новую агульнанацыянальную рэспубліканскую асацыяцыю пад новай назвай “Праўная абарона грамадзянаў”, аднак Міністэрства юстыцыі адхіліла іхную заяўку на рэгістрацыю й патлумачыла, што прапанаваная для рэгістрацыі грамадзкая асацыяцыя ня можа аказваць грамадзянам юрыдычную дапамогу. 2 жніўня 2003 году аўтары атрымалі ліст зь Менскага гарадзкога суду з паведамленьнем аб узбуджэньні справы аб роспуску “Юрыдычнай дапамогі насельніцтву” на падставе пазову ўпраўленьня юстыцыі. Пазоў быў заснаваны на мяркуемых парушэньнях правілаў першапачатковай рэгістрацыі арганізацыі. На думку Камітэту па Правах Чалавека, нават калі абвінавачваньні ў адрас “Юрыдычнай дапамогі насельніцтву” справядлівыя, адмова ў рэгістрацыі “Праўнай абароны грамадзянаў” і роспуск “Юрыдычнай дапамогі насельніцтву” прадстаўляюць сабою неадпаведную рэакцыю дзяржавы на гэтыя абвінавачваньні. Прымаючы пад увагу сур’ёзныя наступствы адмовы ў рэгістрацыі й роспуску адзначанай НДА для ажыцьцяўленьня аўтарамі права на свабоду асацыяцыяў, Камітэт лічыць, што такія дзеяньні не адпавядаюць патрабаваньням пункту 2 артыкула 22 Пакту. У сувязі з гэтым ён прыходзіць да высновы пра тое, што правы аўтара па пункце 1 артыкула 22 былі парушаныя (справа №1993/2010).

 

Умяшальніцтва ў дзейнасьць асацыяцыі (аб’яднаньня)

 

 

Віктар Карняенка зьяўляўся старшынёй Гомельскага абласнога аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы”. 13 жніўня 2001 году ў офісе аб’яднаньня правялі ператрус супрацоўнікі Упраўленьня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі па Гомельскай вобласьці (УКДБ) на падставе ордэра на ператрус, выдадзенага пракурорам Гомельскай вобласьці ў сувязі з крымінальным расьсьледваньнем справы па апаганьваньні будынкаў і прычыненьню стратаў маёмасьці па справе аб палітычных лёзунгах, якія былі напісаныя на будынках у Гомелі. У выніку ператрусу ў аб’яднаньня была канфіскаваная ўся аргтэхніка (8 кампутараў, ксеракс і іншае). Пасьля УКДБ праінфармавала падаткавую інспэкцыю пра тое, што аргтэхніка, якая была атрымана аб’яднаньнем у парадку замежнай бязвыплатнай дапамогі, выкарыстоўвалася не па мэтавым прызначэньні, а менавіта, для маніторынгу парлямэнскіх выбараў 2000 году й прэзыдэнскіх выбараў 2001 году ў Беларусі. Суд Чыгуначнага раёну Гомеля аштрафаваў аўтара на $650, а таксама пастанавіў канфіскаваць усю аргтэхніку аб’яднаньня ў даход дзяржавы. Разглядаючы гэтую справу, Камітэт па правах чалавека адзначыў, што аўтар быў прыцягнуты да адказнасьці, а кампутарнае абсталяваньне было канфіскаваным, аднак дзяржава не высунула якіх бы там ні было аргумэнтаў, ня гледзячы на ​​тое, што ёй была дадзеная магчымасьць зрабіць гэта, адносна таго, чаму неабходна забараняць выкарыстаньне кампуютарнага абсталяваньня “для падрыхтоўкі й правядзеньня выбараў” і караць за гэта. Такім чынам, дзяржава парушыла права аўтара на свабоду асацыяцыі (аб’яднаньня) (справа №1226/2003).

 

Ліквідацыя асацыяцыі (аб’яднаньня)

 

 

Віктар Карняенка зьяўляўся старшынём Гомельскага абласнога аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы”, зарэгістраванага Упраўленьнем юстыцыі Гомельскага абласнога выканаўчага камітэту. 30 красавіка 2003 году Управа юстыцыі правяла праверку статутнай дзейнасьці арганізацыі ды ўзбудзіла справу ў Гомельскім абласным судзе, патрабуючы ліквідацыі “Грамадзянскіх ініцыятываў”, якія абвінавачваліся:

1) у нямэтавым выкарыстаньні абсталяваньня, атрыманага за кошт замежнай бязвыплатнай дапамогі, для вырабу прапагандыскіх матэрыялаў і вядзеньня прапагандыскай дзейнасьці;

2) падрыхтоўцы інфармацыйных бюлетэняў у колькасьцях, што перавышалі нутраны попыт аб’яднаньня;

3) адкрыцьці шэрагу раённых адзьдзяленьняў без абавязковай дзяржаўнай рэгістрацыі;

4) неадпаведнасьці блянкаў аб’яднаньня юрыдычным патрабаваньням;

5) у стварэньні шэрагу незалежных арганізацыйных структураў як “цэнтраў рэсурсаў” для падтрымкі грамадзянскай супольнасьці.

Гомельскі абласны суд задаволіў пазоў аб ліквідацыі аб’яднаньня. Камітэт у гэтай справе адзначыў, што нават калі

“Грамадзянскія ініцыятывы” выкарыстоўвалі кампутарнае абсталяваньне, дзяржава не прадставіла якіх-небудзь аргумэнтаў адносна таго, чаму было б неабходна забараніць ягонае выкарыстаньне “для падрыхтоўкі сходаў, мітынгаў, вулічных шэсьцяў, дэманстрацыяў, пікетаў, страйкаў, вытворчасьці й распаўсюду прапагандыскіх матэрыялаў, а таксама арганізацыі сэмінараў ды іншых формаў прапагандысцкае дзейнасьці”.

Таксама Камітэт ўказаў, што нават калі дакумэнтацыя “Грамадзянскіх ініцыятываў” не цалкам адпавядала патрабаваньням заканадаўства, рэакцыя ўладаў дзяржавы, выказалася ў ліквідацыі аб’яднаньня, была несувымернасьцю. Прымаючы да ведама сур’ёзныя наступствы ліквідацыі “Грамадзянскіх ініцыятываў” для ажыцьцяўленьня права аўтара на свабоду асацыяцыяў, а таксама незаконнасьць дзейнасьці незарэгістраваных аб’яднаньняў у Беларусі, Камітэт заключыў, што ліквідацыя “Грамадзянскіх ініцыятываў” не адпавядае патрабаваньням артыкула 22 Пакту і зьяўляецца несувымернай (справа №1274/2004 году).

 

 

Алесь Бяляцкі зьяўляўся старшынём праваабарончага цэнтру “Вясна”, няўрадавага аб’яднаньня, зарэгістраванага міністэрствам юстыцыі. Аб’яднаньне налічвала больш за 150 чсябраў у Беларусі, а таксама мела чатыры зарэгістраваных раённых і два гарадзкіх адзьдзяленьня. Яго дзейнасьць складалася ў назіраньні за становішчам у галіне правоў чалавека ў Беларусі ды ў падрыхтоўцы альтэрнатыўных дакладаў аб правах чалавека ў Беларусі, якія выкарыстоўваліся й на якія спасылаліся дамоўныя ворганы Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. У 2003 годзе міністэрства юстыцыі правяло праверку статутнай дзейнасьці адзьдзяленьняў “Вясны” й падало пазоў у Вярхоўны суд Беларусі з просьбаю аб ліквідацыі “Вясны” з-за шэрагу меркаваных правапарушэньняў. “Вясна” была абвінавачаная ў наступным: падачы дакумэнтаў з падробленымі подпісамі заснавальнікаў у абгрунтаваньне сваёй заявы аб рэгістрацыі ў 1999 годзе; на момант рэгістрацыі ў Магілёўскім адзьдзяленьні “Вясны” налічвалася толькі восем, а не дзесяць патрэбных заснавальнiкаў; нявыплаце сяброўскіх унёскаў, прадугледжаных статутам “Вясны” й адсутнасьці адзьдзяленьня ў Менску; дзеяньнях у якасьці грамадзкага абаронцы правоў і свабодаў грамадзянаў, якія не зьяўляюцца сябрамі “Вясны”. Вярхоўны суд задаволіў патрабаваньне аб ліквідацыі аб’яднаньня. Камітэт у гэтай справе палічыў, што, нават калі меркаваныя парушэньні “Вясной” выбарчага заканадаўства падпадаюць пад катэгорыю “неаднаразовага грубага парушэньня закону”, дзяржава не высунула якога-небудзь пераканаўчага аргумэнту адносна таго, у якой меры падставы для ліквідацыі “Вясны” сумяшчальныя зь любым з крытэраў, пералічаных у пункце 2 артыкула 22 Пакту. З улікам сур’ёзных наступстваў ліквідацыі “Вясны” для ажыцьцяўленьня права аўтара й ягоных суаўтараў на свабоду асацыяцыяў, а таксама незаконнасьці дзеяньня незарэгістраваных аб’яднаньняў Беларусі Камітэт прыходзіць да высновы аб тым, што ліквідацыя аб’яднаньня зьяўляецца несувымернай мераю й не адпавядае патрабаваньням, прадугледжаным у пункце 2 артыкула 22 Пакту. Правы аўтараў па пункце 1 артыкула 22, такім чынам, былі парушаныя (справа №1296/2004 году).

Леанід Судаленка спэцыяльна для
Беларускага Праўнага Парталу,
www.prava-by.info

Экспэртная дарацоўка дакумэнтальных дадзеных у матэрыяле: Алякей Лапіцкі.

Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА,
www.prava-by.info

 

Цэтлікі: , , , , , , ,

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>