Актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Эдуард Нелюбовіч зьвярнуўся ў Камітэт ААН па правах чалавека з скаргай на забарону чыноўнікамі трох мірных сходаў.
15 сакавіка 2014 году ўлады не дазволілі пікет супраць парушэньня гарвыканкамам правоў і свабодаў грамадзянаў;
7 лістападу – вулічнага шэсьця супраць Расеі ў сувязі з падтрымкай сепаратызму ва Ўкраіне;
22 лютага 2015 году – флэшмобу сьвяткаваньня гадавіны уцёкаў у Расею экс-прэзыдэнта Ўкраіны.
Спачатку актывіст спрабаваў дамагчыся праўды на нацыянальным роўні, “але беларуская Фэміда стала на бок чыноўнікаў”.
“На бок чыноўнікаў стала й Генэральная пракуратура, куды я зьвяртаўся з нагляднымі скаргамі”, – кажа Эдуард Нелюбовіч. – Пасьля таго, як усе ўнутраныя сродкі праўнай абароны былі вычарпаныя, я прыняў рашэньне аб пошуку справядлівасьці на міжнародным роўні, – дадаў ён.
Актывіст просіць камітэт прызнаць факт парушэньня Рэспублікай Беларусь ягоных правоў у адпаведнасьці з артыкулам 19 (свабоднае выказванне ўласнага меркаваньня) і артыкулам 21 (свабода мірных сходаў) Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, а таксама рэкамэндацыяў ААН для ўладаў па прывядзеньні нацыянальнага заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і практыкі ягонага прымяненьня ў адпаведнасьць з міжнароднымі абавязальніцтвамі краіны.
Праваабаронца Леанід Судаленка, які дапамог актывісту зьвярнуцца ў міжнародную інстанцыю адзначае, што па скаргах гомельскіх актывістаў Камітэт ААН па Правах Чалавека ўжо неаднаразова прымаў рашэньні, у якіх канстатаваў факты парушэньня правоў на мірныя сходы й як сьледзтва – на выказваньне меркаваньня.
“На сёньня міжнародныя экспэрты ў Жэнэве
8 разоў
прызнавалі парушэньнямі
права на мірныя сходы
забароны гомельскіх чыноўнікаў,
рэкамэндавалі ўраду Беларусі прывесьці нацыянальнае заканадаўства й практыку ягонага прымяненьня ў адпаведнасьць з сваімі міжнароднымі абавязальніцтвамі,
аднак беларуская ўлада пакуль паўтарае адно – рашэньні ААН носяць рэкамэндацыйны характар”, – заявіў юрыст.
P/S
Нагадаем, што ў пачатку 2015 году КПЧ ААН прыняў да разгляду скаргу Эдуарда Нелюбовіча па фактах забаронаў гомельскімі чыноўнікамі пікетаваньняў у падтрымку палітзьняволенага Алеся Бяляцкага ды ягонага вылучэньня на Нобэлеўскую прэмію, а таксама вулічнага шэсьця ў падтрымку ўкраінскага народу й ягонага імкненьня жыць у Эўразьвязе.
Паводле Гомельская Вясна,
Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА,
Беларускі Праўны Партал,
www.prava-by.info
Фота правабаронцы Леаніда Судаленкі: Аляксей Лапцікі, Lićviny-INFA
Цэтлікі: АГП, актывісты, Гамель, Гомельский горисполком, Гомельскі гарвыканкам, КПЧ ААН, Международный Пакт о гражданских и политических правах, Міжнародны Пакт аб Грамадзянскіх і Палітычных правах, Нелюбович спр. Беларуси, Нелюбовіч спр. Беларусі, ОГП, парушэньне права на мірныя сходы і свабоду выказваньня меркаваньняў (арт. 21 і арт. 19 МПГіПП), праваабаронцы, Эдуард Нелюбович, Эдуард Нелюбовіч