2016 04/07

un_hrc

Жэнэва – Менск – Парыж, 30 чэрвеня 2016 г.

Рада па правах чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў нагадала міжнароднай супольнасьці пра сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі праз сваю новую рэзалюцыю, якая асьвятляе шырокі спэктар парушэньняў правоў чалавека ў краіне.

Працяг мандату Спэцыяльнага дакладчыка ААН – адзінага інструмэнту міжнароднай супольнасьці па маніторынгу захаваньня правоў чалавека ў Беларусі – дазволіла Радзе падкрэсьліць неабходнасьць працягваць назіраньне за дзеяньнямі беларускага ўраду.

“Прынятая рэзалюцыя – важны сыгнал прэзыдэнту Лукашэнку, які знаходзіцца ва ўладзе на працягу апошніх 22 гадоў: нягледзячы на касмэтычныя спробы палепшыць сваю рэпутацыю на міжнародным роўні, краіна застанецца пад міжнародным кантролем да таго часу, пакуль у ёй не прадпрымаецца рэальных мер для захаваньня асноўных правоў сваіх грамадзянаў”, – заявіў прэзыдэнт FIDH Карым Лахіджы.

Рэзалюцыя прынята пераканаўчай большасьцю галасоў: у той час як 15 дзяржаваў падтрымалі яе, усяго 9 прагаласавалі супраць, што дэманструе шырокую міжнародную заклапочанасьць у дачыненьні да сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. У рэзалюцыі згадваецца шэраг сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека, адказнасьць за якія ляжыць на беларускім урадзе, у тым ліку катаваньні, гвалтоўныя зьнікненьні, прымусовая праца, парушэньні свабоды сродкаў масавай інфармацыі, выказваньня меркаваньняў і свабоды асацыяцыяў, адвольныя затрыманьні й перасьлед праваабаронцаў, палітычных апанэнтаў і журналістаў, а таксама беспакаранасьць за парушэньні правоў чалавека. У дакумэнце таксама выказваецца шкадаваньне з нагоды адсутнасьці супрацоўніцтва ўраду з ААН і рэгіянальнымі мэханізмамі ў галіне правоў чалавека.

“Галасаванне па становішчы ў Беларусі было праверкай рашучасьці Рады па правах чалавека ў прасоўваньні прагрэсу на нацыянальным роўні”, – сказаў віцэ-прэзыдэнт FIDH і старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі.

“Мяч цяпер знаходзіцца на баку ўраду Беларусі. Ён павінен выканаць ключавыя рэкамэндацыі, зробленыя Спэцыяльным дакладчыкам ААН па Беларусі на працягу апошніх гадоў, якія зьяўляюцца дакладнай дарожнай мапаю рэформаў у галіне правоў чалавека”, – дадаў ён.
Рада па правах чалавека зьяўляецца галоўным ворганам ААН па заахвочваньні й абароне правоў чалавека. Яна мае магчымасьць прызначаць незалежных экспэртаў (“спэцыяльных дакладчыкаў”), якія адказваюць за маніторынг і справаздачнасьць па становішчы ў галіне правоў чалавека ў краінах ААН. Рада па правах чалавека складаецца з 47 дзяржаваў, якія маюць паўнамоцтвы тэрмінам на тры гады. Беларусь трапіла ў парадак дня Рады пасьля гвалтоўнага падаўленьня пратэстаў, зьвязаных з прэзыдэнскімі выбарамі 2010 году.

 

Заўвага:

- Дзяржавы, якія прагаласавалі за рэзалюцыю: Албанія, Бэльгія, Нямеччына, Латвія, Македонія, Мэксіка, Нідэрлянды, Панама, Парагвай, Партугалія, Славенія, Злучанае Каралеўства, Францыя, Швэйцарыя, Паўднёвая Карэя.

- Дзяржавы, якія прагаласавалі супраць рэзалюцыі: Балівія, Бурундзі, Венесуэла, В’етнам, Індыя, Кітай, Куба, Нігерыя, Расея.

23 краіны ўстрымаліся: Алжыр, Бангладэш, Батсвана, Гана, Грузія, Інданезія, Катар, Кенія, Конга, Кот-д’Івуар, Кыргызстан, Мальдыўскія а-вы, Марока, Манголія, Намібія, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Сальвадор, Сірыя, Таго, Філіпіны, Эквадор, Эфіопія, ПАР.

Даведачная інфармацыя:

Каб прыцягнуць увагу да сыстэматычных парушэнняў правоў чалавека, якія працягваюцца ў Беларусі, а таксама заклікаць сябраў Рады па правах чалавека падтрымаць працяг мандата Спэцыяльнага дакладчыка, у траўні 2016 году FIDH запусьціла кампанію пад назвай “Беларусь: дыктатура каля дзьвярэй Эўрапейскага зьвязу”.

Глядзіце відэа кампаніі.

На сайце кампаніі таксама апублікаваныя дзевяць інтэрвію зь беларускімі актывістамі, якія сьведчаць пра шматлікія парушэньні, у тым ліку: Алена Танкачова (Цэнтар праўнай трансфармацыі), Андрэй Бастунец (Беларуская асацыяцыя журналістаў), Раіса Міхайлоўская (Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар), Валянцін Стэфановіч (Праваабарончы цэнтар “Вясна”), Натальля Манькоўская (Праваабарончы цэнтар “Ідэнтычнасьць”), Іна Кулей (Камітэт абароны рэпрэсаваных “Салідарнасьць”). У кожным інтэрвію коратка асьвятляюцца асобныя аспэкты сыстэматычных парушэньняў правоў грамадзянаў: свабоды СМІ й выказваньня меркаваньняў, акадэмічных свабодаў, свабоды асацыяцыяў, правоў ЛГБТ, права на жыцьцё, практыка прымяненьня сьмяротнага пакараньня, становішча былых палітычных зьняволеных ды інш.

 

Беларускі Праўны Партал,
www.prava-by.info

Цэтлікі: , , , , , , , ,

2 thoughts on “Новая рэзалюцыя ААН нагадвае пра крытычны стан з правамі чалавека ў Беларусі”

  1. Ales` says:

    Сьвяты – сьвятамі, парады – парадамі…, але тым часам мы з вамі знаходзімся ў дастаткова крытычным стане! Памятаць і разумець гэта – ніколі ня будзе залішнім. Асабліва сёньня, калі нам так хочацца “ўсім абняцца” і перад рэальнасьцю зьнешняй імпэрскай пагрозы забыць пра крыўды й нават пра цяперашнія рэаліі. Але цьвярозы розум падказвае – трэба шукаць прыймальнае выйсьце зьмяняючы становішча, у якім нельга казаць ні пра роўныя ўмовы, партнэрскія адносіны грамадзтва й дзяржавы, пра любыя цывільныя дыялёгі, абумоўленыя межамі права й прымальнай усімі бакамі працэдуры.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>