Не забірай жыцьцё!
2016 27/07

«Ня спаць!» — ранішні Менск у бел-чырвона-белых сьцягах! На плошчы Незалежнасьці прайшла акцыя Сьвята Незалежнасьці, якую арганізаваў «Малады Фронт» у гонар гістарычнай даты 27 ліпеня 1990 году, калі Вярхоўным Саветам БССР была прынята Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі.

 

Дата – гістарычная, сапраўды адметная. БЧБ-сьцяг  і герб “Пагоня” – сымболіка першых год свабоднага станаўленьня й разьвіцьця нашай незалежнай краіны ўжо пад сучаснай назваю – Рэспубліка Беларусь.

 

 

Чаму ж столькі ідэалягічнага шалупеньня й адміністрацыйна-каманднай валтузьні дагэтуль вакол гэткай значнай і знамянальнай даты – вакол зьвязаных з станаўленьнем краіны сымбаляў свабоды й незалежнасьці Беларусі – бел-чырвона-белым сьцягам і старажытным беларускім гэрбам “Пагоня”?

 

Каму ёсьць выгода штучна падзяляць беларусаў па прыкмеце постсавецкай ці посткамуністычнай ды старажытнай ці нацыянальна-гістарычнай беларускай сымболікі, якая залатымі літарамі ўпісаная і ў нашую агульную старажытнасьць і ў найноўшую гістарычную сучаснасьць Беларусі?

 

Каму выгодна забараняць тое, да чаго цягнецца душа беларуса, што нельга забараніць? Каму патрэбна ствараць такім чынам лініі падзелу, разьмежаваньня, непаразуменьня ў сучасным беларускім грамадзтве?

 

 

Няўжо натуральная прага быць і праяўляцца беларусам у Беларусі чымьсьці замінае цяперашнім беларускім уладам?

 

Няўжо гэтыя ўлады, у такім выпадку, сапраўды нашыя, беларускія?

Няўжо… – калі ім выгодна дэстабілізацыя ў Беларусі, ейнае аслабленьне ў той час, калі зьнешнія ўмовы дыктуюць літаральна адваротнае – яднаньне на падмурку незалежнасьці й суверэнітэту, міру й свабоды ў нашай краіне?

Няўжо дагэтуль не зразумела, што “беларускія танцы” пад “чужы інструмэнт” – будзь то расейская “балалайка”, ці то які-небудзь іншы замежны “бубен” – да дабра не даводзяць?!

 

Беларусы (Ліцьвіны – старажытная, сярэднявечная назва нашага народу ў ВКЛ) дастаткова цярплівы, але й трывалы  ды ўпарты, з добрай генэтычнай памяцьцю й крэатыўна-інтэлектуальным патэнцыялам народ, які сам здольны разабрацца, што добра для яго, а што кепска, што ягонае, а што штучнае й чужое, што насамрэч можа паяднаць і мабілізаваць сілы, а што аслабляе й дэзарыентуе, разбурае так неабходнае для выжываньня краіны сёньня нацыянальнае адзінства.

 

ПАДЗЕЯ Ў МЕНСКУ, ЯКІХ БРАКУЕ СУЧАСНАЕ БЕЛАРУСІ

Каля 20-30 чалавек (па розных крыніцах) зь бел-чырвона-белымі сьцягамі з 08-30 ранку ў Менску ўтварылі ланцуг, які расьцягнуўся ад плошчы да вуліцы Валадарскага. Актывісты раздалі мінакам каля 400 бел-чырвона-белых стужак.

Сярод удзельнікаў былі Зьміцер Дашкевіч, Павал Вінаградаў, Вольга Мікалайчык, Ніна Багінская, Максім Вінярскі, Леанід Кулакоў, Павал Пракаповіч.

Сустаршыня «Маладога Фронту» Зьміцер Дашкевіч ацаніў акцыю станоўча, сказаў, што і тыя, хто прыйшоў падтрымаць Дзень Незалежнасьці, і тыя, хто праходзіў міма, засьведчылі, што

беларусы падтрымліваюць незалежнасьць Беларусі й бел-чырвона-белы сьцяг.

Але пры гэтым, міліцыянты пільна сачылі за акцыяй, здымалі ўдзельнікаў і амаль на ўсіх склалі пратаколы (затрыманьняў не было), паведамляе Радыё Свабода.

 

ПРАЎНЫЯ АСПЭКТЫ ПРАВЯДЗЕНЬНЯ МІРНЫХ СХОДАЎ, ТЫМ БОЛЬШ СКІРАВАНЫХ “ЗА БЕЛАРУСЬ!”

Варта пры гэтым адзначыць, што абмежаваньні на рэалізацыю права на мірныя сходы (у Беларусі ўжываецца размытая й неадэкватна агульная фармулёўка – “масавыя мерапрыемствы”) дапускаецца толькі ў адпаведнасьці з нормамі Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах (арт. 21) і арт. 23 і арт. 35 дзейснай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

А гэта азначае, што любыя мерапрыемствы, пазначаныя ў арт. 35 беларускай Канстытуцыі як “сходы, мітынгі, вулічныя шэсьці, дэмантрацыі ды пікетаваньні”, тым больш такія мерапрыемствы, якія скіраваныя на шанаваньне гістарычнай спадчыны й дзяржаўнасьці краіны, як мінімум,

не павінны быць прадметам гэткай безпадстаўна пільнай увагі праваахоўных установаў.

Абраная ж сёньня тактыка – забараняць усё, каб не было крыўдна нейкаму трэцяму, зьнешняму боку, які мае на Беларусь свае … інтарэсы, ды каб у такой сытуацыі не было павадна “сапраўды дэструктыўным сілам”, прысутным на тэрыторыі Беларусі – не вытрымлівае крытыкі.

Такая практыка супярэчыць міжнародным і канстытуцыйным норма права й праву беларусаў свабодна жыць, выказвацца й “свабодна дыхаць на поўныя грудзі” у сваім ўласным доме – “людзьмі звацца ва ўласнай краіне”. Бо прынцып “бей сваіх, каб чужынцы баяліся” працуе толькі да пэўнай мяжы – “да пары, да часу”.

Нам ня трэба нікога палохаць, праяўляючы падобную цынічную бязгуздасьць і баязьлівую слабасьць!

Трэба станаваіцца насамрэч моцнымі, а значыцца – адзінымі!

У гэтым – рэальная сіла й пераканаўчы аргумэнт для любой зьнешняй дэстабілізуючай беларускае грамадзтва сілы.

  • Любыя дэструктыўныя антыдзяржаўніцкія захады й зьнешне арыентаваныя сілы, якія скіраваныя на падрыў сувэрэнітэту, павінны адразу ж падпадаюць як раз пад тыя міжнародна-праўныя крытэры абмежаваньня грамадзянскіх свабодаў, якія дазваляюцца пры адпаведных умовах па прыкмеце рэальнай небясьпекі дэстабілізацыі грамадзкага правапарадку й пагрозаў дзяржаўнасьці Беларусі.

Толькі ў такіх, і ніякіх іншых выпадках, неабходных для цывілізаванай і вольнай, дэмакратычнай краіны (арт. 21 і арт. 22 МПГіПП), улады маюць усе праўныя падставы й магчымасьці (без супярэчнасьцяў зь міжнароднымі й канстытуцыйнымі нормамі права) адсочваць, належным чынам кантраляваць і забараняць дзеяньні, публічныя акцыі й мерапрыемствы “падобных антыбеларускіх, антыдзяржаўніцкіх дэструктыўных аргаізацыяў, структураў і груповак” дзеля аховы правапарадку, дзяржаўнай бясьпекі, маральнасьці й здароўя сваіх грамадзянаў, міру й спакою ў дэмакратычным грамадзтве (!).

Менавіта ў такіх выпадках і такія “мерапрыемствы”сходы, мітынгі, вулічныя шэсьці, дэмантрацыі ды пікетаваньні”, гарантаваныя дзяржавай па арт. 35 Канстытуцыі ў нармальных умовах (калі яны зьяўляюцца “мірнымі” – тобок адпавядаюць вызаначаным арт.21 МПГіПП і арт. арт. 23; 35 Канстытуцыі крэтэрам)

могуць быць забароненыя, спыненыя беларускімі ўладамі ды праваахоўнымі ворганамі на цалкам законных падставах – “у інтарэсах нацыянальнай бясьпекі, грамадзкага парадку, абароны маральнасьці, здароўя насельніцтва, правоў і свабодаў іншых асобаў” адпаведна арт.23 Канстытуцыі Беларусі.

Бо згодна з арт. 35 Канстытуцыі іхныя арганізатары ды ўдзельнікі “парушаюць правапарадак і правы іншых грамадзянаў Республікі Беларусь”, а такая дзейнасьць і акцыі – “скіраваныя на падрыў дзяржаўнага сувэрэнітэту й дзяржаўнай цэласнасьці краіны”, нясуць у сабе правакацыйна-дэстабілізуючы пасыл на паслабленьне й разбурэньне дзяржаўнасьці Рэспублікі Беларусь.

ВЫСНОВЫ

У гэтай сувязі можна канстатаваць, што ў інтарэсах сувэрэнітэту й незалежнасьці дзяржавы, Рэспубліка Беларусь, – ейнага народу і ўладаў, усіх дзяржаўніцкі арыентаваных суб’ектаў грамадзтва, аргаізацыяў, асобных грамадзянаў, – неабходным зьяўляецца шанаваньне й дакладнае выкананьне міжнародных стандартаў права адносна мірных сходаў, свабоды слова і асацыяцыяў, у якіх закладзены сапраўды дзяржаўніцкі й праўны падыход да любых мерапрыемстваў, гарантаваных дзяржаваю адпаведна артыкулу 35 Канстытуцыі.

А менавіта – усё, што падтрымлівае й разьвівае дзяржаўныя прыярытэты, яднае ды ўмацоўвае нацыю, што скіроўвае на аздараўленьне й нармалізацыю адносінаў у грамадзтве на падставе шанаваньня спрадвечнай гістарычнай спадчыны Беларусі, павінна безумоўна гарантавацца й падтрымлівацца, абараняцца й разьвівацца на ўсіх дзяржаўных узроўнях.

Алесь Вольны,
Lićviny-INFA

Скарыстаны навасны й фота-матэырял Радыё Свабода, Наша Ніва, ТUT.by

Загалоўнае фота й відэа: Арцём Гарбацэвіч, Ірына Арахоўская (NN)

Цэтлікі: , , , , , , ,

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>