Не забірай жыцьцё!
2018 12/12

AndrusMiadzviedieu_Daprac_li-lpck_kolr_ap

Кожная дзяржава мусіць абараняць сваю незалежнасць і тэрытарыяльную суцэльнасць. На жаль, у сучасным свеце не заўжды такая абарона ажыццяўляецца выключна дыпламатычнымі сродкамі.

Дастаткова часта, у тым ліку і ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне, дзяржавам даводзіцца
карыстацца сілавымі, вайсковымі, спосабамі абароны сваёй незалежнасці і суцэльнасці. А гэта мае пад сабой наяўнасць у складзе дзяржаўнага механізму баяздольнага і эфектыўнага для абароны канкрэтнай краіны войска.

Апошнія гучныя падзеі ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь прыцягнулі ўвагу грамадскасці да пытання становішча з праходжаннем грамадзянамі Беларусі тэрміновай вайсковай службы ва Узброеных Сілах ды іншых вайсковых фармаваннях нашай краіны. Але за жахлівымі падрабязнасцямі небаявой гібелі вайскоўцаў у нібыта навучальных падраздзяленнях Узброеных Сілаў, якія актыўна абмяркоўваліся, чамусьці згубілася сутнасць тэрміновай вайсковай службы як абмежаванне пэўных правоў чалавека. Гэтая з’ява ў беларускай грамадскай прасторы амаль не
абмяркоўвалася з пункту гледжаньня з пункту гледжання абароны падставовых правоў чалавека, гонару і годнасці людзей, якія заклікаюцца дзяржавай для праходжання такой службы.

Наколькі патрэбна нашай краіне такая форма ўдзелу грамадзянаў у ейнай абароне, як тэрміновая служба?

Ці з’яўляецца абгрунтаваным, мэтазгодным і сувымерным такое абмежаванне асноўных, у тым ліку, натуральных правоў чалавека?

Нарэшце, ці здолее выканаць ускладзеныя на яго грамадствам функцыі войска, дзе маюцца тыя праблемы, што адкрыліся ў выніку грамадскага рэзанансу з таго ж выпадку смерці шэрагоўца Аляксандра Коржыча ў Аб’яднаным навучальным цэнтры Узброеных Сілаў?

Паводле артыкула 57 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь “абарона Рэспублікі Беларусь – абавязак і свяшчэнны доўг грамадзяніна Рэспублікі Беларусь”. І такое палажэнне маецца не толькі ў нашай краіне, але і шмат у якіх краінах, якія насамрэч шануюць правы чалавека і дакладна выконваюць патрабаванні адпаведных міжнародных прававых актаў. Гэта цалкам лагічна і зразумела. Грамадзяне павінны абараняць тую дзяржаву, у якой яны жывуць.

Увогуле, у беларускім сегменце інтэрнэту дастаткова цяжка знайсці якія-кольвек абгрунтаваныя спрэчкі з нагоды патрэбы захавання і выкарыстання тэрміновай вайсковай службы, асабліва з пункту гледжання правоў чалавека.

Даволі актыўная дыскусія на гэтую тэму ўжо не першы год вядзецца ў расейскіх мэдыях і на тамтэйшых дыскусійных рэсурсах. У тым ліку, там разглядаецца гэтая з’ява і з гледзішча правоў чалавека. Зрэшты, сістэма вайсковай службы ў Беларусі і ў Расеі не мае істотных адрозненняў.

Адрозненне складае практыка выкарыстання ўладамі Расеі свайго войска, у тым ліку тае яго часткі, якая фармуецца за кошт вайскоўцаў тэрміновай службы, як у агрэсіўных захопніцкіх войнах, гэтак і супраць уласных грамадзянаў для вырашэння нутраных канфліктаў. А гэта дае расейцам пэўны досвед выпрабавання таго ці іншага тыпу войска ў баявых дзеяннях.

Прыхільнікі прызыўнога войску даводзяць, што яно значна больш эфектыўнае за прафесійнае альбо найманае войска для вядзення абарончай вайны. І сапраўды, грамадзяне, якіх незалежна ад аніякіх сацыяльных, маёмасных, моўных, расавых ці іншых асаблівасцяў дзяржава заклікае на
сваю абарону проста паводле абавязку, напэўна, мусяць больш самааддана менавіта абараняць гэтую дзяржаву.

Выкарыстаць іх у агрэсіўных войнах, а таксама для вырашэння нейкіх нутраных канфліктаў  больш складана, чым тых, хто наняўся на вайсковую службу за грошы. Апошнія мусяць заўжды выконваць загад тых, хто іх наняў і выплочвае ім матэрыяльную ўзнагароду (то бок – уладаў краіны).

Гэта асноўны і досыць важны аргумэнт прыхільнікаў прызыўнога войску, якія выступаюць за захаванне ў нашай краіне тэрміновай вайсковай службы. Акрамя таго, як пераканаліся тыя ж расейцы падчас баявых дзеянняў у Чачні, ва Украіне ды іншых месцах па-за межамі сваёй краіны, вайскоўцы-кантрактнікі ахвотна служаць паводле кантрактаў пакуль іх служба праходзіць у мірны час у месцах сталай дыслакацыі вайсковых частак.

Калі ж рызыка для жыцця павялічваецца накіраваннем у раёны рэальных баявых дзеянняў, многія кантрактнікі адмаўляюцца ад працягу кантрактаў пры іх сканчэнні альбо іншым чынам імкнуцца пазбегнуць удзелу ў рызыкоўных вайсковых кампаніях.

Хаця, дзеля спавядлівасці варта адзначыць, што ў выніу скіраванай мілітарыскай прапаганды, многія ў Расеі наадварот з псэўдапатрыятычных пачуццяў дабраахвотна ідуць на захопніцкую вайну, падпісваючы вайсковыя кантракты, каб нібыта садзейнічаць узвелічэнню іхнай краіны, выратаванню носьбітаў расейскай мовы па-за ейнымі межамі ад нейкага нібыта ўціску і г. д.

Акрамя таго, значным аргументам на карысць прызыўнога войска з’яўляецца тое, што пры наяўнасці ўсеагульнай вайсковай павіннасці любая вайна для любога грамадзяніна можа стацца прычынай ягонай смерці альбо смерці ягоных блізкіх. Гэта падвышае адказнасць людзей за захаванне міру.

Такім чынам, варта пагадзіцца, што ўсенародная абарона сваёй краіны – справа лагічная і патрэбная.

Але з гледзішча правоў чалавека ўзнікае дылема – ці не парушае прымус служыць у войску права чалавека на асабістую свабоду, права чалавека на непрыцягненне да прымусовай працы ды шэраг іншых?

Прыхільнікі тэрміновай вайсковай службы на гэта адказваюць, што парушэнняў няма, бо такі абявязак толькі абмяжоўвае такія правы, а пры жыцці ў грамадстве многія нават натуральныя правы чалавека даводзіцца абмяжоўваць на карысць існавання гэтага грамадства. І служба па абароне краіны – справа менавіта з такога шэрагу. І дзеля яе дапушчальныя пэўныя абмежаванні правоў чалавека.

У прыватнасці, у той жа Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь артыкулам 23 прадугледжана, што
“абмежаванне правоў і свабодаў асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асобаў”.

Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека ў артыкуле 29 гаворыць пра тое, што кожны чалавек мае абавязкі перад грамадствам, у якім толькі і магчымае свабоднае і поўнае развіццё ягонай асобы.

То бок, магчыма прыняць усеагульны абавязак па абароне краіны, як менавіта такі абавязак перад грамадствам, пра які вядзецца ў гэтым артыкуле. Мэты абароны дзяржаўнай бяспекі дазваляюць абмяжоўваць правы людзей і ў артыкулах 8 і 12 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Здавалася б, існуючы ў Беларусі прынцып абароны краіны праз прызыў у войска і практыка праходжання тэрміновай вайсковай службы з усімі гэтымі аргумэнтамі не павінны выклікаць нейкіх сумневаў у сваёй рацыі.

Але ж, як можна ўбачыць з апісаных у пачатку артыкула сітуацыяў, што выклікалі грамадскі рэзананс у нашай краіне, ажыццяўленне гэтай самай усеагульнай вайсковай павіннасці ў той форме, як гэта адбываецца ў нас цяпер, мае шэраг відавочных праблемаў. І цяжка зразумець, чаму тыя кейсы, якія выніклі летась са справаў загінулых вайскоўцаў тэрміновай службы, якія
выкрылі глыбінныя праблемы ў войску, не сталі прадметам актыўнага абмеркавання праваабаронцаў і адпаведнай грамадскай кампаніі па адмене тэрміновай службы як такой.

І вось тут дарэчна паглядзець больш аб’ектыўна на сітуацыю з тэрміновай вайсковай службай з пазыцыі правоў чалавека.

Усё ж, асноўнай мэтай існавання любой дзяржавы ёсць менавіта чалавек. І ягонае якаснае жыццё забяспечваецца найперш захаваннем ягоных чалавечых правоў. Усе іншыя мэты існавання дзяржаваў мусяць быць падпарадкаваныя найперш мэце забеспячэння годнага існавання чалавека ў дзяржаве. І тут павінен дзейнічаць прынцып сувымернасці – не празмернасці абмежаванняў нейкіх правоў, дастатковасці іх для дасягнення мэты, якая такімі абмежаваннямі пераследуецца.

Датычна сітуацыі з вайсковай службай, найперш варта звярнуцца да Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.

Гэты міжнародны праўны акт акрэслівае цэлы шэраг грунтоўных правоў чалавека, якія праз  выкарыстане тэрміновай вайсковай службы папросту папіраюцца.

Найперш, вядома ж, варта акрэсліць артыкул 13, дзе гаворыца пра тое, што кожны чалавек мае права свабодна перасоўвацца і абіраць сабе месца жыхарства ў межах кожнай дзяржавы.

З гэтым артыкулам Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека перагукаецца пункт 2 артыкула 8 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах: ніхто не павінен утрымлівацца ў паняволеным стане, а таксама артыкул 30 нацыянальнай Канстытуцыі:

“Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права свабодна перамяшчацца і выбіраць месца жыхарства ў межах Рэспублікі Беларусь, пакідаць яе і бесперашкодна вяртацца назад”

ды артыкул 25

“Абмежаванне або пазбаўленне асабістай свабоды магчыма ў выпадках і парадку, устаноўленых законам”.

Тая форма выканання абавязку па абароне краіны, якая сёння выкарыстоўваецца ў Рэспубліцы Беларусь падчас праходжання тэрміновай вайсковай службы – ні што іншае, як пазбаўленне маладых людзей асабістай свабоды, утрыманне іх у паняволеным стане толькі за тое, што яны адносна здаровымі дажылі да 18 гадоў.

Мужчын, якіх прызываюць у войска, змяшчаюць у закрытую абмежаваную тэрыторыю, якая часцяком яшчэ і абнесеная плотам з калючым дротам, мае суворы прапускны рэжым і адмысловым чынам узмоцнена ахоўваецца нават тады, калі там адсутнічае нейкая таемная вайсковая тэхніка, а ўсяго толькі знаходзіцца асабовы склад (як у войску называюць супольнасць людзей, што праходзяць службу).

Выхад жаўнера тэрміновай службы за межы гэтай тэрыторыі, нават у неслужбовы час, без дазволу ягоных вайсковых начальнікаў не дапускаецца.

Вайсковец тэрміновай службы не можа распараджацца нават часам, які не заняты падрыхтоўкай да ўзброенай абароны краіны альбо іншым выкананнем непасрэдна вайсковых абавязкаў – нарады ў варце альбо іншых вайсковых патрэбаў і д. п.

Харчаванне, гігіенічныя неабходнасьці, патрэбы культурнага і адукацыйнага кшталту могуць быць задаволеныя толькі ў той час і такім чынам, які вызначаны камандаваннем вайсковай часткі.

Часцяком жаўнераў пазбаўляюць магчымасці карыстацца сувяззю са сваякамі і блізкімі.
Жаўнерам тэрміновай службы забаронена нават у вольны ад заняткаў па баявой, тактычнай, агнявой ды іншай спэцыяльнай вайсковай падрыхтоўкі час паводле свайго жадання спаць ды нават проста класціся і больш таго – сядаць на ложкі, можна карыстацца толькі зэдлікамі альбо крэсламі ў адмыслова адведзеным для чытання ці побыту пакоі. І ўсё гэта ў мірны час.

Ці ж з’яўляюцца такія абмежаванні права на асабістую свабоду сапраўды абумоўленымі неабходнасцю абароны краіны?

Ці маюць падобныя формы арганізацыі выканання абавязку па абароне краіны ўвогуле нешта агульнае з абаронай краіны?

Варта ўлічваць, што нароўні з тэрміновай вайсковай службай у нашай краіне выкарыстоўваецца і служба ва Узброеных Сілах ды іншых ваенізаваных фармаваннях паводле кантракту. Прычым, абодва гэтыя віды службы аднолькава з’яўляюцца выкананнем прадугледжанага артыкулам 57 Канстытуцыі абавязку і свяшчэннага доўгу па абароне Рэспублікі Беларусь.

Але, вайскоўцы, якія праходзяць службу паводле кантракту, вольна распараджаюцца пазаслужбовым часам, жывуць найчасцей там, дзе ім дазваляюць іхныя фінансавыя ды іншыя магчымасці – у кватэрах па-за вайсковымі часткамі, добраўпарадкаваных інтэрнатах, могуць паводле свайго разумення і патрэбаў у неслужбовы час прымаць гігіенічныя працэдуры, харчавацца, наведваць установы культуры, забаўляльныя ўстановы, адначасова атрымліваць адукацыю.

Тое самае можна сказаць і пра афіцэраў і прапаршчыкаў, служба якіх таксама з’яўляецца выкананнем абавязку па абароне краіны, паводле артыкула 57 Канстытуцыі, але праходзіць з
захаваннем іхных правоў у значна большай ступені.

У гэтай сувязі варта падлучыць да дзеяння артыкул 2 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, дзе сказана, што кожны чалавек мусіць валодаць усімі правамі і ўсімі свабодамі, абвешчанымі ў гэтай Дэкларацыі, без любога адрознення, як у дачыненні расы, колеру скуры, полу, мовы, рэлігіі, палітычных альбо іншых перакананняў, нацыянальнага альбо сацыяльнага паходжання, маёмаснага, саслоўнага ці іншага стану.

Простымі словамі гэта завецца – права на недыскрымінацыю.

Яно ж акрэслена і ў артыкуле 2 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і ў
артыкуле 2 Міжнароднага пакту аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах, а артыкул 22 Канстытуцыі Беларусі сцвярджае, што

“ўсе роўныя перад законам і маюць права без усялякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў”.

Але, як бачым, сярод тых, хто выконвае свой грамадзянскі абавязак па абароне краіны, ёсць тыя, хто абмежаваны ў сваіх грамадзянскіх, сацыяльных, культурных ды эканамічных правах значна болей, чым іншыя.

І на чым гэта грунтуецца, якой мэтазгоднасцю і якімі мэтамі апраўдваецца – не зусім зразумела. Акрамя таго, варта заўважыць, што Канстытуцыяй прадугледжана, што абарона Рэспублікі Беларусь – гэта абавязак толькі грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Атрымліваецца, што грамадзянкі нашай дзяржавы такога абавязку не маюць? А ў гэтым ужо ўтрымліваюцца прыкметы дыскрымінацыі і паводле полавай прыналежнасці.

Варта разгледзець тэрміновую вайсковую службу і з гледзішча выкарыстання прымусовай працы.

У артыкуле 8 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах згадана, што тэрмінам «прымусовая ці абавязковая праца» ў гэтым пункце не ахопліваецца якая б там ні была служба вайсковага характару.

Але ў той жа час, у міжнародных праўных актах, датычных правоў чалавека, гарантуецца, што за роўную працу мусіць налічвацца роўная аплата. І як у гэтай сувязі выглядае значнае адрозненне ў аплаце вайсковай службы жаўнера тэрміновай службы і жаўнера ў такім жа званні і на такой жа пасадзе кантрактнай службы – папросту незразумела.

Наўпростае парушэнне патрабаванняў міжнародных праўных актаў, падпісаных і ратыфікаваных Рэспублікай Беларусь тут відавочнае і зноў жа не грунтуецца на нейкіх пільных неабходнасцях асноўнай дэкларуемай мэты – абараняць краіну.

Некаму можа падацца, што акцэнтаванне ўвагі на захаванні дзяржавай правоў чалавека падчас выканання грамадзянамі свайго вайсковага абавязку, не вартае такога пільнага разгляду.

У беларускім грамадстве, асабліва ў старэйшага пакалення, яшчэ даволі моцны пра тое, што войска павінна неяк пераламіць характар маладзёна, каб зрабіць яго больш “мужчынскім” праз стварэнне так званых “тягот и лишений” (нягодаў і пазбаленьняў), каб падрыхтаваць яго пераносіць іх у выпадку вайны.

Менавіта гэтым і тлумачыцца тое, што маладзён, якога прымусова паклікалі выконваць
абавязак па абароне краіны ў мірны час, пазбаўляецца асноўных падставовых правоў чалавека, а часам, як паказвае досвед, і самага асноўнага права – права на жыццё.

Але ж тыя цяжкасці і пазбаўленні, якія штучна ствараюцца падчас праходжання тэрміновай вайсковай службы, не маюць нічога агульнага з тым, што можа ўзнікнуць (а можа і не ўзнікнуць) падчас рэальнай вайны. Гэтае штучнае абцяжарванне, штучнае прыніжэнне якасці жыцця вайскоўца тэрміновай службы, як нам прадстаўляецца, – усяго толькі несувымернае і непрапарцыйнае для дасягнення мэты абмежаванне правоў чалавека.

І вось менавіта апошняя акалічнасць прымушае ўзнімаць гэтую тэму. Тое, што нават у навучальных падраздзяленнях Узброеных Сілаў маладзёны гінуць, скончваюць жыццё самагубствам, уцякаюць з частак і потым прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці, папросту абавязвае ініцыяваць дыскусію наконт перагляду падыходаў да спосабаў выканання грамадзянамі
абавязку па абароне краіны з прыцягненнем да яе прынцыпаў правоў чалавека.

Відавочным робіцца тое, што існая сістэма тэрміновай службы са значным абмежаваннем, а насамрэч, наўпроставым пазбаўленнем асноўных правоў чалавека тых, каго паклікалі на тэрміновую вайсковую службу, не спрыяе не толькі выкананню асноўнай задачы дзяржавы – стварэнню годных і прыстойных умоваў існавання сваіх грамадзянаў, але і шкодзіць выкананню такой функцыі дзяржавы, як абарона самой сябе – сваёй незалежнасці і тэрытарыяльнай суцэльнасці.

Зламаныя, пазбаўленыя маральнага стрыжня, гатовыя да самагубстваў праз прыніжэньне чалавечай годнасці з-за празмернага і непрапарцыйнага абмежавання асноўных правоў чалавека жаўнеры наўрад ці будуць карыснымі ў справе абароны краіны ў выпадку рэальнай агрэсіі супраць яе.

Такі чынам можна зрабіць выснову, што дзяржаве варта пазбавіць войска функцыяў зняволення маладзёнаў.

Асноўная дэкларуемая мэта цяперашняй тэрміновай службы – навучыць мужчынскае насельніцтва краіны ваяваць на выпадак вайсковай агрэсіі супраць Беларусі, каб у выпадку такой агрэсіі можна было своечасова папаўняць шэрагі войска навучанымі ваярамі.

Але для выканання гэтае мэты, на наш погляд, зусім не абавязкова пазбаўляць людзей іхных правоў на асабістую свабоду, на свабоду перасоўванняў, на свабоду выбару месца жыхарства, на свабоду выбару працы і належную ўзнагароду за яе, зганяючы іх тысячамі ў дрэнна
прыстасаваныя для годнага існавання чалавечай асобы памяшканні і тэрыторыі.

Навучыць беларускіх мужчынаў кіраваць сучаснай вайсковай тэхнікай на ўзроўні малодшых вайсковых адмыслоўцаў цалкам магчыма пры ажыццяўленні праграмаў прафесійна- эхнічнай, сярэдне-спэцыяльнай, найвышэйшай адукацыі, улучыўшы вайсковую падрыхтоўку ў навучальны працэс.

Для іншых можна праводзіць вайсковыя зборы некалькі разоў на некалькі гадоў на непрацяглы пэрыяд. Але такім чынам, каб маладзён, які засвойвае пэўную тэхніку і ўзбраенне, у службовы час абавязаны быў быць у адпаведнай частцы, куды яго накіроўвае вайсковае кіраўніцтва, і выконваць пэўныя патрабаванні камандавання, а сваім пазаслужбовым часам мог бы распараджацца ў адпаведнасці з дэклараванымі міжнароднымі прававымі актамі і нацыянальнай Канстытуцыяй правамі.

Сталае ж знаходжанне ў вайсковых частках для падтрымання тэхнікі і вайсковай інфраструктуры ў належным боегатовым стане, для нясення баявых дзяжурстваў па ахове наземных і паветраных межаў краіны ды ў іншых вайсковых сферах, дзе патрабуецца бесперапыннае нясенне службы ў мірны час, павінна быць місіяй тых, хто абраў сабе вайсковую справу ў якасці асноўнай прафесіі з адпаведнай аплатай ды іншымі выгодамі.

Андрусь МЯДЗВЕДЗЕЎ,

удзельнік адукацыйнага праекту BISH

Фота – з старонкі ФБ аўтара

Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА,
Беларускі Праўны Партал,
www.prava-by.info

Цэтлікі: , , , , , , , , , , , , , , , , , , , , ,

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>