Не забірай жыцьцё!
2008 31/05

На шляху да свабоды …ПРАВААБАРОНЦЫ ЛІЧАЦЬ СКАСАВАНЬНЕ КРЫМІНАЛЬНАЙ АДКАЗНАСЬЦІ ЗА ДЗЕЙНАСЬЦЬ НЕЗАРЭГІСТРАВАНЫХ АРГАНІЗАЦЫЯЎ ПРЫАРЫТЭТНАЙ ЗАДАЧАЙ

29-30 траўня ў Доме правоў чалавека ў Вільні адбылася канфэрэнцыя
“193-1: Бягучае становішча і шляхі пераадоленьня наступстваў”. Сустрэча, арганізаваная Асамблеяй няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі, была прысьвечаная праблеме крымінальнай адказнасьці за дзейнасьць незарэгістраваных грамадзкіх аб’яднаньняў. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі праваабарончых і іншых няўрадавых арганізацыяў Беларусі й замежжа, юрысты.

Мэтай канфэрэнцыі была выпрацоўка ўзгодненых падыходаў беларускіх праваабаронцаў ды іншых няўрадавых арганізацыяў па пытаньні скасаваньня крымінальнай адказнасьці за дзейнасьць незарэгістраваных грамадзкіх аб’яднаньняў, палітычных партыяў, рэлігійных арганізацыяў і фондаў. Удзельнікі дасьледвалі практыку выкарыстаньня артыкула 193-1 Крымінальнага кодэксу, абмяняліся поглядамі, датычнымі магчымых дзеяньняў дзеля скасаваньня гэтага артыкулу, абмеркавалі пляны супольных дзеяньняў у дадзеным кірунку

Адзначалася, што нэгатыўны ўплыў артыкула 193-1 не вычэрпаваецца наяўнымі крымінальнымі справамі й выкарыстаньнем яго ў якасьці сродка палітычных рэпрэсыяў. Драматычным зьяўляецца фактар застрашэньня: пагроза прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці за дзейнасьць незарэгістраваных арганізацыяў не дазваляе разьвівацца грамадзянскай супольнасьці й зьяўляецца сродкам ізаляцыі няўрадавых арганізацыяў ад грамадзтва.

“Менавіта дэкрыміналізацыя дзейнасьці няўрадавых арганізацыяў праз адмену артыкула 193-1 Крымінальнага кодэксу будзе зьяўляцца галоўным паказьнікам выпраўленьня сытуацыі з свабодай асацыяцыяў у Рэспубліцы Беларусь” – заявіў удзельнік сустрэчы, юрыст Юрый Чавусаў, – “Мы ўсе пагадзіліся, што толькі такі прынцыповы крок можа быць расцэнены як сьведчаньне імкненьня беларускага ўраду да выпраўленьня сытуацыі з правамі чалавека. Без гэтага кроку аніякія іншыя паслабленьні ў сфэры рэгуляваньня грамадзянскай супольнасьці ня будуць зьяўляцца эфэктыўнымі й не наблізяць Беларусь да нармалізацыі стасункаў дзяржавы й няўрадавых арганізацыяў, чаго вымагаюць 12 умоваў Эўразьвязу”.

Як адзначаюць арганізатары канфэрэнцыі, яе галоўным вынікам стала агульная згода ў ацэнцы значнасьці праблемы: крымінальная адказнасьць за дзейнасьць незарэгістраваных арганізацыяў зьяўляецца прыярытэтным пытаньнем у дзейнасьці правабарончых арганізацыяў. Скасаваньне артыкула 193-1 зьяўляецца прынцыповай умовай у справе выпраўленьня становішча з правамі чалавека ў Беларусі. Арганізацыі, прадстаўленыя на мерапрыемстве, пазначылі гэтую задачу ў якасьці прыярытэтнай у сваёй далейшай дзейнасьці і дамовіліся правесьці шэраг кансультацыяў дзеля апрацоўкі прапановаў удзельнікаў канфэрэнцыі ды іх рэалізацыі.

З матэрыялаў разсылкі Асамблеі НДА Беларусі.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>