2008 04/06

Генпракурор РБ Рыгор ВасілевічПраваабаронцы з Жодзіна вымушаныя зьвяртацца ў Генэральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь

У сувязі з адмоваю пракурора Менскай вобласьці Сьнегіра М.В. прымаць меры пракурорскага рэагаваньня па фактах неправамерных дзеяньняў супрацоўнікаў Жодзінкага ГАЎС, якія ўчасе сьвяточных гуляньняў 23.03.2008г. у Жодзіне выхапілі з рук праваабаронцы Аляксея Лапіцкага фотакамэру й, не рэагуючы на настойлівыя патрабаваньні спыніць неправамерныя дзеяньні, спрабавалі спачатку безпадстаўна затрымаць Сьвятлану Лапіцкую і Аляксея Лапіцкага, а потым справакаваць “пад запіс” на відэакамэру ГАЎС падабенства бойкі – у выніку, прымусова выдалілі з прыватнае фотакамэры праваабронцаў каля 50 прыватных фотаздымкаў.

Пракурор горада Жодзіна Літвіненка В.Д., спасылаючыся на паказаньні правапарушальнікаў, якія прыдумал ў якасьці ўласнага апраўданьня вэрсыю аб “дабраахвотным” і нават “ініцыятыўным” прадстаўленьні самім праваабронцам фотакамэры для выдаленьня здымкаў (!?), без апытаньня ўсіх заяўленых сьведкаў і ігнаруючы наяўныя рэчавыя доказы ў выглядзе відэазапісу, зробленага супрацоўнікам ГАЎС, а таксама аўдыёзапісу, зробленага самімі пацярпелымі – адмовіў заяўнікам у належных мерах пракурорскага рэагаваньня і прыцягненьні да адказнасьці супрацоўнікаў Жодзінскага ГАЎС (як тых што ўчынілі правапарушэньне, гэтак і тых, што адмовіліся абараніць пацярпелых учасе парушэньня іхных Канстытуцыйных правоў).

Пракурор Менскай абласной пракуратуры Міхаіл Сьнягір, фактычна прадубляваў адмову Жодзінскай пракуратуры, палічыўшы пры гэтым, што ў якасьці доказу праўдзівасьці сьцьвярджэньняў парушальнікаў аб умяшальніцтве з боку праваабронцаў “у прыватнае жыцьцё” супрацоўнікаў ГАЎС учасе выкананьня апошнімі службовых абавязкаў па падтрыманьні грамадзкага парадку на вуліцах горада (!?) можна лічыць прыкладзены да заявы праваабронцамі фотаздымак аднаго з правапарушальнікаў – начальніка адзьдзелу крымінальнага вышуку Жодзінскага ГАЎС Гайдука А.І.

Пры гэтым, пракуратура адмаўляецца патлумачыць канкрэтна –
якія правы супрацоўнікаў ГАЎС былі парушаныя, у чым палягала парушэньне, і які закон забараняе дзеяньні праваабронцаў? А таксама, што разумее пракурор Менскай вобласьці пад “недатыкальнасьцю прыватнага жыцьця” супрацоўніка ГАЎС, які знаходзіцца пры выкананьні службовых абавязкаў у адкрытым грамадзкім месцы й трапляе ў аб’ектыў фота альбо відэакамэраў грамадзянаў (напрыклад, журналістаў ці праваабаронцаў, у прыватнасьці)?
Тым больш, якія аспэкты гэтага “недатыкальнага прыватнага жыцьця спрацоўніка ГАЎС” парушаюцца ў тым выпадку, калі яго здымаюць на прыватную фотакамэру ўжо папярэдне пацярпелыя ад ягоных неправамерных дзеяньняў грамадзяне, якія спадзяюцца такім чынам прадставіць у праваахоўныя ворганы сьведкавы матэрыял, для выяўленьня асобы парушальніка іхных правоў і прыняцьця да яго належных па законе мераў пракурорскага рэагаваньня!?
Які закон забараняе заяўнікам-пацярпелым гэтыя дзеяньні, асабліва ў сытуацыі неправамернага бязьдзеяньня ў дадзенай сытуацыі прысутных паблізу міліцыянтаў у форме!?

Усе дадзеныя пытаньні праваабронцы вымушаныя пераадрэсаваць сёньня да пракурора Рэспублікі Беларусь Рыгора Васілевіча ў Генэральную пракуратуру.

Ці здольная сёньня сыстэма правааховы гарантаваць належную абарону Канстытуцыйных правоў і свабодаў грамадзянаў Рэспублікі Беларусь?

Але, абсалютна ясна адно, што ва ўмовах безьдзеяньня праваахоўных структураў і як вынік безпакаранасьці высакопастаўленых парушальнікаў альбо “парушальнікаў у пагонах” мы рызыкуем апынуцца ў сытуацыі карпаратыўна-кланавага дыктату і санкцыяванага такім чынам бандытызму.

А гэта, зразумела, ужо наўпрост супярэчыць стратэгічным інтарэсам бясьпекі як самаго грамадзтва, гэтак і крыіны цалкам …

Прадказальны й бясьпечны мір – у грамадзянскае згодзе, якая дасягаецца праз роўнасьць перад законам і павагу грамадзянскіх і палітычных правоў, адказнасьць усіх суб’ектаў права ў краіне за гарантаванае і дакладнае выкананьне Канстытуцыйных і агульнапрызнаных Міжнародных нормаў права на ейнай нацыянальнай тэрыторыі.

Шалі й меч – у руках Фэміды.
А рашэньне – за Васілевічам … (!?)

Алесь Вольны,
Licviny-INFA,
Жодзіна.

Скарга на імя Р.Васілевіча

2 thoughts on “Шалі й меч – у руках Фэміды. А рашэньне – за Васілевічам (!?)”

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>