2009 29/05

Alaksiej LapickiAльбо як псуе імідж “правільнай дэмакратыі” “няправільная Свабода …” у Беларускай Канстытуцыі …

(Працяг размовы на актуальную тэму, выкладзеную ў артыкуле “Свабода Слова … ў міжнародным і беларускім праўным кантэксьце”…)

У той час, калі постсавецкія краіны “Эўрапейскага партнэрства” распачынаюць свой новы разьбег у агульнаэўпрапейскай прасторы, у Беларусі як і 10-12 год назад назіраецца безпраглядны застой і поўная прадказальная стабільнасьць на грамадзка-палітычным полі …

Аднак, на гэты раз, паспрабуем разглядзець толькі адно, абсалютна праўнае пытаньне і ўбачыць, ці ўсё гэтак добра ў нашым “каралеўстве”, як пра гэта кажуць “высокапастаўленыя” (кім, пры якіх абставінах і на які тэрмін …?) ці правільней было б ужо сказаць “высакосамапамазаныя” асобы краіны …

Дык вось – чаму ў Беларускай Канстытуцыі права на Свабоду думкі, сумленьня … й перакананьняў (іхнае свабоднае аднаасобнае альбо публічнае вызнаньне й выказваньне), выкладзенае ў п.1 арт. 18 Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах (далей МПГіПП) у выглядзе права на свабоду думкі, сумленьня й рэлігіі – зьведзена ў арт. 31 Канстытуцыі ТОЛЬКІ да права на Свабоду рэлігіі (?!) і свабоды вызначэньня стаўленьня да веравызнаньня, свабоднага “выказваньня й распаўсюду перакананьняў”, зьвязаных выключна “з адносінамі да рэлігіі”?!

Чаму вельмі важная і шырокая частка права на Свабоду перакананьняў і свабоднага вызначэньня стаўленьня да іх, не зьвязаных з рэлігійным веравызнаньнем, да якіх могуць быць аднесены, напрыклад, палітычныя ды іншыя перакананьні – апынулася ў арт. 33 Канстытуцыі й згрупавана такім чынам з правам на Свабоду меркаваньняў (!?), якое ў МПГіПП мае несупастаўляльна больш шырокія праўныя абмежаваньні?

У той жа час, чаму Свабода выбару перакананьняў з забаронай прымусу ў гэтае сфэры, прапісаная ў п.2. арт. 18 МПГіПП, таксама як і Свабода на публічнае вызнаньне й выказваньне рознага роду перакананьняў (п.1 арт. 18) – таксама пазбавілася свайго высокага статусу праўнага імпэратыву jus cogens, прапісанага ў арт. 4 і арт.5 МПГіПП?! Ня цяжка ўбачыць, што і гэтае права, пазначанае ў п.2 арт. 18 МПГіПП, апынуўся ў п.2 артыкулу 33 Канстытуцыі, які неахоплены артыкулам 63 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзе прыводзіцца пералік неабмяжоўваемых імпэратыўных нормаў права.

Такім чынам, дык наколькі важнымі зьяўляюцца гэтыя неадпаведнасьці? Ці ёсьць падстава казаць пра іхную неправамернасьць? І ці варта нешта ў сувязі з гэтым зьдзяйсьняць?

Ад самага пачатку варта заўважыць, што сапраўды, у арт. 63 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, у якім прыведзены пералік правоў і свабодаў неабмяжоўваемых нават у пэрыяд надзвычайнага становішча ў краіне – зусім адсутнічае спасылка на артыкул 33 Канстытуцыі. Такім чынам, дадзенае права у беларускай Канстытуцыі губляе свой высокі статус. Але гэткае пашырэньне праўных абмежаваньняў, прысутнае ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, наўпрост супярэчыць арт.5 МПГіПП і ёсьць відавочным парушэньнем міжнароднай нормы (!).

Права на Свабоду думкі, сумленьня й перакананьняў у шырокім кантэксьце ёсьць надзвычай важнай нормаю. Яго абсалютна забаронена кантраляваць ці абмяжоўваць звонку, любым чынам ўмешвацца ў працэс рэалізацыі грамадзянамі іхных прыватных інтэлектуальных і маральных пошукаў, асэнсавана абіраемых для сябе прыярытэтаў! Гэтае права сапраўды немагчыма абмяжоўваць у любым дэмакратычным грамадзтве.

Акрамя таго, права на Свабоду выбару перакананьняў і абсалютная забарона тут хоць нейкага прымусу (п.2. арт. 18 МПГіПП) таксама, як і адзначаемая вышэй Свабода на публічнае вызнаньне й выказваньне рознага роду перакананьняў (п.1 арт. 18 МПГіПП) – ня можа быць пазбаўленым свайго высокага статусу jus cogens, прапісанага ў арт. 4 і арт.5 МПГіПП! Усё, што гэтаму супярэчыць у Канстытуцыі Беларусі ёсьць парушэньнем міжнароднага стандарту права й такім чынам зьяўляецца неправамерным.

Калі карыстацца лёгікай права і тым, што дадзеная рэдакцыя Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь прымалася пасьля легалізацыі на ейнай нацыянальнай тэрыторыі такога важкага наднацыянальнага праўнага дакумэнту як Міжнародны Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГіПП), адзначаныя вышэй сваеасаблівыя “камбінацыі” у Асноўным Законе Беларусі яшчэ больш выклікаюць зьдзіўленьне.

І зусім, абсалютна зразумела, што пасьля разьдзяленьня складовых частак нормы права МПГіПП (арт. 18), у рэдакцыі Беларускай Канстытуцыі усе гэтыя часткі абавязкова павінны былі захаваць свой статус jus cogens. Іншае азначала б наўпростае парушэньне міжнарноднага стандарту й сьвядомае альбо памылковае звужэньне сфэры ўжытку адзначаемых правоў і свабодаў, іхнае неправамерна большае абмежаваньне на тэрыторыі Беларусі, чым дазваляецца абавязковым для выкананьня краінаю агульнапрызнаным стандартам права і адпаведнай міжнароднай дамоваю.

Адсюль вынікае неабходнасьць Канстытуцыйных правак. Калі ж зрабіць іх па нейкіх чыньніках хутка немагчыма, верагодна, неабходна ўнесьці адпаведныя праўныя захады на гэты конт – недвухсэнсоўна заканадаўча пацьвердзіць выкананьне дзяржаваю (усімі ейнымі суб’ектамі) дадзеных немалаважкіх міжнародных стандартаў права ў рэдакцыі МПГіПП з улікам палажэньняў Венскай канвэнцыі аб праве міжнародных дамоваў і адпаведнага спэцыялізаванага нацыянальнага закону.

У любым выпадку, судовая і заканадаўчая ўлады павінны як мінімум публічна выказацца наконт адзначанага пытаньня й прыняць захады для праясьненьня сытуацыі – данесьці да ўсіх зацікаўленых суб’ектаў права ў галіне правоў і свабодаў, якая норма ў дадзеным выпадку павінна выконвацца і як, зь якім статусам адносна абмежаваньняў, гэтая норма павінна ўжывацца. А пакуль існуе неадпаведнасьць верагодныя й казусныя сытуацыі ды наўпростае злоўжываньне ўладаю. У Беларусі яны ўсе, нажаль, ужо дакладна вырашаюцца зусім не на карысьць дэмакратычных правоў і свабодаў грамадзянаў.

Норма права, прапісаная ў законе, павінна адпавядаць крытэрам, прад’яўляемым да самаго закону – быць зразумелай і недвухсэнсоўнай. Калі ж яна (у тым ліку і канстытуцыйная норма) супярэчыць ці не адпавядае абавязковаму для выкананьня дзяржаваю на ўласнай нацыянальнай тэрыторыі агульнапрызнанаму й прапісанаму ў міжнароднай дамове стандарту права (МПГіПП у нашым выпадку) – у нацыянальнай праўнай прасторы Дзяржавы-Ўдзельніцы МПГіПП наўпрост павінен дзейнічаць менавіта дадзены стандарт права альбо адпаведная міжнародная норма.

Калі ж казаць пра зьмест неабходных Канстытуцыйных правак дык, як уяўляецца, аднім далучэньнем у артыкул 63 Канстытуцыі (у якім для шэрагу правоў і свабодаў прадугледжваецца статус jus cogens) артыкулу 33 абыйсьцісь будзе нельга.

Відавочна прыйдзецца альбо далучаць яшчэ адзін асобны артыкул, у які трапілі б нормы, прапісаныя ў п.1 (без права на свабоду рэлігіі) і п.2 артыкулу 18 МПГіПП з адпаведнай карэкціроўкаю арт. 31, арт. 33 і арт.63 Каснтытуцыі Беларусі, альбо скарэктаваць артыкулы Канстытуцыі такім чынам, каб дадзеныя импэратыўныя нормы права з статусам jus cogens (Свабода на публічнае вызнаньне й выказваньне рознага роду перакананьняў, п.1 арт. 18 МПГіПП разам з свабодаю рэлігіі й веравызнаньня, а таксама Свабода выбару перакананьняў і абсалютная забарона хоць нейкага прымусу ў гэтым пытаньні, п.2. арт. 18 МПГіПП) – былі згрупаваныя ў адным артыкуле 31 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У гэтым выпадку агульная колькасьць артыкулаў Канстытуцыі ня зьменіцца, а праўкі закрануць толькі адпаведны зьмест арт. 31 і арт. 33 Канстытуцыі. Што ўяўляецца найбольш прыймальным варыянтам правак.

Каб зьняць усе магчымыя пярэчаньні й зразумець, што ў Канстытуцыі ў любым выпадку неабходна будзе зрабіць адпаведныя праўкі па зьмесьце арт. 31, 33 і, магчыма, арт. 63 – варта яшчэ раз зьвярнуцца да кампэтынцыі Камітэту па правах чалавека ААН і ягоных дакумэнтаў.

Напрыклад, у “Заўвагах агульнага парадку, прынятых Камітэтам па правах чалавека ААН у адпаведнасьці з п.4 арт. 40 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах ад 19 траўня 1989 году”, зробленых ва ўводзінах да дакумэнту CCPR/C/21/Rev.1, прысутнічае наўпростае пацьверджаньне правільнасьці прыведзеных вышэй меркаваньняў.

Так, у гэтым афіцыйным дакумэнце Камітэту па правах чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, які наўпрост адрасаваны дзяржавам-удзельніцам (а значыцца й непасрэдна да Беларусі) з мэтаю “садзеяньня ў далейшым выкарыстаньні імі Пакту”, адносна арт. 18 Міжнароднага Пакту адзначаецца літаральна наступнае:

“… Права на свабоду думкі, сумленьня і рэлігіі (улучае свабоду перакананьняў), прадугледжанае ў пункце 1 артыкулу 18, ёсьць даволі шырокім і глыбокім; яно ахоплівае свабоду думкі па ўсіх пытаньнях, а таксама погляды чалавека і адданасьць рэлігіі альбо перакананьням, вызнаваемым як аднаасобна, гэтак і супольна зь іншымі. Камітэт зьвяртае ўвагу дзяржаваў-удзельніцаў на тое, што свабода думкі і свабода сумленьня абараняюцца ў гэткай жа ступені, як і свабода рэлігіі і перакананьняў. Аб асноватворным характары гэтых свабодаў сьведчыць і той факт, што ў адпаведнасьці з пунктам 2 артыкулу 4 Пакту нават у пэрыяд надзвычайнага становішча не дапускаецца ніякіх адхіленьняў ад гэтае нормы.

Такім чынам, можна зрабіць ЗАКАНАМЕРНУЮ выснову аб тым, што дзейсная Беларуская Канстытуцыя ў гэтай частцы сапраўды неадпавядае палажэньням Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. А права на «свабоду перакананьняў» у шырокім кантэксьце (свабоднае аднаасобнае і публічнае іх вызнаваньне, выказваньне), а таксама права на Свабоду выбару ці вызначэньня ўласных адносінаў да тых ці іншых перакананьняў у палажэньнях Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (арт.33 і арт.63) неправамерна пазбаўляецца статусу jus cogens і ў парушэньне арт. 4 і арт.5 Міжнароднага Пакту атрымлівае цалкам неабгрунтаваныя й недапушчальныя дадатковыя абмежаваньні.

Спрабуючы найбольш выразна артыкуляваць дадзеную неадпаведнасьць і вынікаючую зь яе неправамернасьць, аўтар спрабаваў зьвярнуцца з спэцыяльнай заяваю ў Канстытуцыйны суд Беларусі, а потым і ў Парлямэнт Рэспублікі Беларусь … Але па сутнасьці пастаўленага праўнага пытаньня ніхто не адказаў.

Дадзеных суб’ектаў улады (судовай і заканадаўчай) як ні дзіўна найперш хвалюе ня зьмест праблемы, а працэдура – Канстытуцыйны суд чакае, што яму дадзенае пытаньне задаст хто-небудзь з суб’ектаў заканадаўчае ініцыятывы (з Парлямэнту, з Ураду, “сам” Прэзыдэнт, урэшце рэшт). Вось незразумела толькі, чаму немагчыма самастойна адкрыць Канстытуцыю, МПГіПП і ўбачыць дзадзеныя неадпаведнасьці … !? А Парлямэнт, у сваю чаргу, спасылаецца на тое, што зьмены ў Разьдзел ІІ Канстытуцыі “Асоба, Грамадзтва, Дзяржава”, куды ўваходзяць і пазначаныя вышэй неадпавядаючыя міжнародным стандартам права артыкулы, праводзяцца толькі праз усебеларускі агульнанацыянальны рэфэрэндум. Маўляў, для падобных правак (па сутнасьці – для выпраўленьня недарэчных ці сьвядомых памылак) няма іншай праўнай магчымасьці.

Цікава толькі, што на ім будуць пытаць у “народа”? Выконваць альбо не выконваць Беларусі ўласныя міжнародныя абавязкі й міжнародныя стандарты права ў галіне правоў чалавека?

Усё ж верагодна, менавіта Парлямэнт Беларусі мог бы адпаведна п. 1 арт. 140 Канстытуцыі, хаця б прыняць адпаведны Акт аб тлумачэньнях да адзначаных палалжэньняў Асноўнага Закону Рэспублікі Беларусь, якія уваходзяць у супярэчнасьць з МПГіПП, каб найлепшым чынам патлумачыць іх з пазыцыяў прыярытэтнасьці выкананьня нормаў гэтай фундамэнтальнай міжнароднай дамовы ў галіне грамадзянскіх і палітычных правоў і свабодаў, забясьпечыць адпаведнае аднаабразнае прачытаньне й выкарыстаньне дадзеных нормаў усімі суб’ектамі права ў краіне. Да прыкладу можна прывесьці практыку Камітэту па Правах Чалавека ААН, які ва ўласных пэрыядычных Агульных камэнтарах, скіраваных на тлумачэньне номаў МПГіПП, дабіваецца дасягненьня аднаабразнага разуменьня й выкарыстаньня на нацыянальных праўных тэрыторыях агульнапрызнаных і прынятых да выкананьня Дзяржавамі-Ўдзельніцамі стандартаў права ў галіне грамадзянскіх правоў і свабодаў.

Ня важна якім чынам будзе выпраўлена памылка ды зьвязаныя зь ёй праблемы, галоўнае, каб у выніку адзначаныя нормы права не супярэчылі міжнародным праўным стандартам, а грамадзка-палітычная й судовая практыка не выкарыстоўвала неправамерна дыскрымінацыйныя падыходы да такіх асноватворных дэмакратычных правоў і свабодаў, якія маюць статус неабмяжоўваемых правоў і свабодаў – права на Свабоду думкі, сумленьня … ды Свабоду перакананьняў, іхнае свабоднае аднаасобнае ці публічнае вызнаньне й выказваньне, Свабоднае вызначэньне ўласнага стаўленьня да любых існуючых перакананьняў з забаронаю любога прымусу ў гэтым пытаньні.

***

ЯК БАЧНА, МЭХАНІЗМЫ ЗАКАНАДАЎЧАЕ ІНІЦЫЯТЫВЫ ПАКУЛЬ НЕ СПРАЦОЎВАЮЦЬ. АСАБЛІВА КАЛІ СПРАВА ТЫЧЫЦЦА ГРАМАДЗЯНСКІХ І ПАЛІТЫЧНЫХ ПРАВОЎ І СВАБОДАЎ, ІХНАГА КАРЭКТНАГА АДЛЮСТРАВАНЬНЯ Ў АСНОЎНЫМ ЗАКОНЕ. А ЦІ ЗДОЛЬНАЯ, НАВОГУЛ, АЎТАРЫТАРНАЯ СЫСТЭМА САМАЛІКВІДАВАЦЦА, ТРАНСФАРМАВАЦЦА АЛЬБО ТОЕ Ж САМАЕ – САМАДЭМАКРАТЫЗАВАЦЦА? І ШТО МОЖА БЫЦЬ ТЫМ ДЭМАКРАТЫЗАТАРАМ, ЯКІ ЯЕ ПРЫМУСІЦЬ ЗРАБІЦЬ УСЁ ГЭТАЕ? …

Гэтыя пытаньні могуць быць закранутыя ў наступных матэрыялах па закранаемай тэме.

УСЁЖ галоўнае, пра што хацелася сказаць, гэта тое, што ў праўнае поле Беларусі, аказваецца, Канстытуцыйна ўведзена сыстэмнае неправамернае абмежаваньне імпэратыўных номаў права, непасрэдна зьвязаных з асноўнымі грамадзянскімі і палітычнымі ПРАВАМІ ГРАМАДЗЯНАЎ БЕЛАРУСІ. І гэта сытуацыя сёньня аніякім чынам не выпраўляецца. Замест гэтага “нехта” тут на ўвесь сьвет сьцьвярджае пра паказальна высокі ўзровень права й “дэмакратычнасьці”…!? На фоне мінулых заяваў пра “безпрэцыдэнтна празрыстыя” і “дэмакратычныя” выбары ў ПП НС Рэспублікі Беларусь – гэта выглядае, насамрэч, даволі цынічна й прымітыўна!?

………………………………………………………………………..

А ці прымаюць у супольнасьць “партнэраў” тых, хто не выконвае “партнэрскіх” абавязкаў па міжнародных дамовах? Пытаньне, канешне – абсалютна рытарычнае, але …

Безумоўна, што ў кантэксьце, распачатай праграмы “Эўрапейскага партнэрства” і далейшых пэрспэктываў узаемадзеяньня з аб’яднанай Эўропай, партнэркаю якой выступае сёньня й Беларусь, асабліва ўлічваючы тыя грамадзка-палітычных “рэаліі”, якімі вымушана тут сёньня “дыхаць” грамадзянская супольнасьць, прыведзены факт уяўляецца вельмі паказальным нэгатыўным аспэктам – індыкатарам сапраўднага грамадзка-палітычнага ды праўнага стану ў Беларусі. Гэта – адлюстраваньне рэальнага ўзроўню праўнай і законатворчай культуры ў краіне, разьвіцьця дэмакратыі й выкананьня міжнародных дамоўных абавязкаў у галіне грамадзянскіх і палітычных правоў.

Падобны тормаз – зусім не спрыяе міжнароднаму аўтарытэту краіны, не дапамагае Беларусі набраць нележную вагу ў міжнародных стасунках і ўчасе цяперашніх крызісных складанасьцяў – не згубіць свой, можа ўжо зусім апошні, шанец вырвацца з “кіпцюроў постсавецкага аўтарытарызму” і выйсьці на абсалютна новы праўны, палітычны й сацыяльна-эканамічны пляцдарм, высокія міжнародныя стандарты й адпаведную эўрапейскую якасьць жыцьця.

27.05.2009г.

Аляксей Лапіцкі,

Жодзіна

Матэрыялы, выкарыстаныя для напісаньня артыкулу:

1) Канстытуцыя РБ;

2) Міжнародны Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах;

3) Заўвагі агульнага характару Камітэту па правах чалавека ААН;

4) СВАБОДА СЛОВА … У МІЖНАРОДНЫМ І БЕЛАРУСКІМ ПРАЎНЫМ КАНТЭКСЬЦЕ, Аляксей Лапіцкі, http://by.prava-by.info/archives/1219

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>