2009 12/07

Janka Lapicki Жодзінскі гарвыканкам прыняў Рашэньне, якое чыноўнікі не паказваюць зацікаўленым асобам. У чым жа сутнасьць дадзенай “зусім несакрэтнай” пастановы?!

06.07.2009г. з словаў дырэктара Гімназыі №1 Генадзя Коршуна стала вядома, што 23.06.2009г. гарвыканкам прыняў Рашэньне за № 928, згодна зь якім дырэктар павінен закрыць адзіную ў Жодзіне гімназычную беларускамоўную праграму адукацыі для Янкі Лапіцкага, па якой беларускамоўны юнак навучаецца ўжо з 2002 году. З-за неабходнасьці эканоміі сродкаў бацькам прапанавана аддаць сына ў расейскамоўную клясу …

Нягледзячы на дадзенае вуснае паведамленьне аб прынятым рашэньні, бацькам Янкі Лапіцкага, якіх наўпрост датычыцца зьмест гэтага дакумэнту – не дазволілі азнаёміцца зь ягоным тэкстам, а таксама ўласнымі сіламі й сродкамі вырабіць копію з дадзенага рашэньня. Дакумэнт адмовіўся паказваць, як дырэктар Гімназыі №1, Генадзь Коршун, гэтак і кіраўнік справамі Жодзінскага гарвыканкаму, Сяргей Конан.

Варта нагадаць, што Янка Лапіцкі, сын Аляксея Лапіцкага й Сьвятланы Лапіцкай, праваабаронцаў ПЦ “Вясна” у Жодзіне, сябраў ТБМ імя Ф.Скарыны й ПБНФ, апанэнтаў улады на мясцовых і парлямэнскіх выбарах, назіральнікаў – адзін раз ужо вымушаны быў спыняць сваю гімназычную адукацыю ў ЖБГ (СШ №8) амаль на цэлы год і два месяцы ў 2004-05 навучальных гадах.

На той час, перад выбарамі ў ПП НС Рэспублікі Беларусь, на якія Аляксей Лапіцкі высоўваў уласную кандыдатуру ад ПБНФ, Жодзінскі гарвыканкам, кіруемы тады В.Кашэўскім, ужо прымаў падобнае дыскрымінацыйнае рашэньне.
Гэта прывяло да таго, што беларускамоўны вучань быў прымусова пазбаўлены свайго канстытуцыйнага права на гарантаваную дзяржавай бязплатную сярэднюю адукацыю на роднай мове. Акрамя таго, на той час ўлады тэрмінова адмянілі беларускі статус Жодзінскай Беларускай Гімназыі (СШ №8) й перайменавалі яе ў Гімназыю №1 горада Жодзіна.

Аднак юнак з бацькамі працягваў адстойваць сваё Канстытуцыйнае права да канца. Янка адмовіўся ісьці ў прапанаваную яму расейскамоўную клясу ды ўвесь час, да адмены выканкамам свайго дыскрымінацыйнага рашэньня – займаўся самастойна дома з бацькамі.

Дадзеныя абставіны й факты прымушаюць зрабіць адпаведныя несуцяшальныя высновы.
Як паказвае практыка і назіраньні праваабаронцаў, праблемы зь беларускамоўным навучаньнем у Жодзіне ўзьнікаюць перманэнтна, перад выбарчымі кампаніямі (у якіх актыўна ўдзельнічаюць, як Аляксей Лапіцкі, гэтак і Сьвятлана Лапіцкая – бацькі Янкі). І гэтыя праблемы ўзьнікаюць толькі з ініцыятывы мясцовае ўлады.
Такім чынам, у Жодзіне ствараецца сытуацыя нестабільнасьці й няўпэўненасьці для будучыні беларускамоўных вучняў і іхных бацькоў, працягвае аказвацца ўціск на праваабаронцаў і актывістаў грамадзянскай супольнасьці, назіральнікаў і апанэнтаў рэжыму на будучых выбарах.

У выніку адбываецца зусім парадаксальная для нармальнай краіны зьява. Беларускамоўных грамадзянаў і іхных дзяцей, якія зьяўляюцца нозьбітамі дзяржаваўтвараючага народу Беларусі, мэтанакіравана й мэтадычна пазбаўляюць малейшага права на свабродны выбар мовы навучаньня.

Так, сярод прадмету выбару тут зусім адсутнічаюць канкрэтныя беларускамоўныя клясы й праграмы навучаньня, якія мелі б належны дзяржаўны прыярытэт і стабільныя гарантыі. А ў выпадку наяўнасьці патрабаваньняў забясьпечыць гэты выбар, стварыць дадзеныя прыярытэтныя адукацыйныя асяродкі, гарантаваць іхную дзяржаўную падтрымку – ствараюцца штучныя перашкоды на шляху рэалізацыі грамадзянамі ўласнага неад’емнага права – вучыцца па ўласным жаданьні на роднай дзяржаўнай мове ў сваёй роднай дзяржаве Беларусь (!?).

Падобная практыка абструкцыі й перашкодаў усяму беларускаму-беларускамоўнаму з боку кіруючае намэнклятуры ў нацыянальнай, інфармацыйнай і адукацыйнай сфэры …(нават пры наяўнасьці станоўчай спэцыяльнай Праграмы Мінадукацыі Рэспублікі Беларусь) з спасылкамі, то на недахоп сродкаў, то на неадукаванасьць і культурную несьвядомасьць беларускага народу … – ёсьць парушэньнем Канстытуцыйных правоў грамадзянаў і мэтадычным падрывам адпаведнага ладу ў краіне, парушэньнем адлюстраваных у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь міжнародных стандартаў права, абавязковых для Беларусі й гарантуемых дзяржаваю ўласным грамадзянам.

Падобная практыка – ёсьць фактычным адлюстраваньнем наўпростага зламыснага шкодніцтва ў адукацыйна-моўнай, інфармацыйнай і культурніцкай сфэры. Яна падрывае стабільнасьць і нацыянальны суверэнітэт у краіне, дзяржаўную незалежнасьць і станоўчыя дэмакратычныя пэрспэктывы Беларусі ў Аб’яднанай Эўропе.

Няўжо менавіта такім чынам мясцовая ўлада ў Жодзіне ўспрымае й разумее заклік кіраўніка дзяржавы да эканоміі бюджэтных сродкаў учасе “нянашага” эканамічнага крызісу й напярэдадні новых “выбарчых баталіяў” у пэрыяд бліжэйшых 2009-2010 гадоў.

Бо зусім відавочна, што ў нармальным разуменьні прэзыдэнскі заклік ня можа разглядацца як заклік да эканоміі сродкаў неправамернымі сродкамі й коштам парушэньня Канстытуцыйных правоў грамадзянаў, Асноўнага Закону Рэсупублікі Беларусь (!).

Іншага й быць ня можа ў цывілізаванай прававой дзяржаве, да ліку якой так імкнецца апошнім часам адносіць сябе афіцыйны Менск.

Як бы там ні было, але сёньня ў Жодзіне бачым зусім адваротнае. Так, у выніку, на жодзінскім прыкладзе ўлада зноў яскрава, на ўвесь сьвет, дэманструе свае ўласныя перакананьні й стратэгічныя прыярытэты ў нацыянальнай, моўнай і адукацыйнай сфэры, а таксама тое, што яна па старой звычцы мэтадычна прытрымліваецца тактыцы мэтавага ідэалягічнага перасьледу іншадумцаў і апанэнтаў улады, актывістаў грамадзянскай супольнасьці й праваабаронцаў, асабліва напярэдадні ды ўчасе важкіх для яе выбарчых кампаніяў.

Як будзе разьвівацца сытуацыя? Што атрымаецца ў выніку? Ці пацьвердзяцца нашыя сумныя меркаваньні – пакажа час.

А пакуль вядома, што бацькі Янкі Лапіцкага дый сам юнак “вельмі моцна расчараваныя гэткім чарговым, зусім несваечасовым “знакам увагі” з боку Жодзінскага выканкаму й катэгарычна адмаўляюцца прымаць падобны “каштоўны падарунак” ад мясцовае ўлады”.

Яны “гатовыя да канца адстойваць сваё неад’емнае права на свабодны выбар мовы навучаньня …, права для Беларусаў – “людзьмі завацца” на сваёй роднай зямлі, у адзінай, Богам дадзенай ім краіне, у Беларусі”.

Алесь Вольны,
Licviny-INFA,
Жодзіна.

2 thoughts on “ПРАВА НА БЕЛАРУСКАМОЎНУЮ АДУКАЦЫЮ Ў ЖОДЗІНЕ – ЗНОЎ ПАД ПЫТАНЬНЕМ!?”

  1. sutiajnik says:

    Поскольку белорусский язык является у нас государственным, постольку власть ОБЯЗАНА обеспечить право каждому гражданину на получение образования на одном из государственных языков, в данном конкретном случае – белорусском!

  2. Praunik says:

    Мясцовая Жодзінская улада па ўказцы зверху, вобразна кажучы, зноў села голай задніцай на вожыка. Гэта ж дадумацца да таго, каб не даваць магчымасці беларусу атрымаць адукацыю на роднай мове! Дзікунства ў цэнтры Беларусі!
    Міколкаў бацька некалькі дзён таму ў інтэрв’ю аўстрыйскай газеце казаў, што у Беларусі з правамі чалавека – на ўзроўні Еўропы. Верагодна, у Жодзіна “вертыкальшчыкі” бацьку не слухаюць, ягоных рэчаў не чытаюць, як і Кантытуцыю. Прыйдзецца іх неадукаванасць зрабіць вядомай на ўвесь свет. Можа ў бліжэйшы тыдзень адумаюцца. А калі не, то іх чакае суд (на яго спадзеву няма, але адказчыкі сядуць на вожыка глыбей), а потым Камітэт ААН па правах чалавека ўвогуле пакажа саплівасць мясцовай улады, а Еўрапейскі Саюз замест чарговага крэдыту пакажа кукіш … Тут Міколкаў бацька і возьме ў рукі бізун дзеля выхавання жодзінскіх вертыкальшчыкаў, бо трэба будзе паказаць выгляд, што захады прыняў … Я б ім рэкамендаваў лепш хутчэй адмяніць рашэнне наконт гімназіі і хутчэй залізаць раны ад вожыка.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>